СЯКЕ́РАЎШЧЫНА,
радовішча глін у Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля вёсак Сякераўшчына, Скавародзіна і Янкава. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Складаецца з 3 участкаў: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвага. Гліны чырвона-бурыя, шакаладныя, стужачныя, тлустыя, шчыльныя, з праслойкамі і лінзамі пяску, пластычныя, дысперсныя, гідраслюдзіста-каалінітавага і гідраслюдзіста-мантмарыланітавага складу. Разведаныя запасы — 10,3 млн. м³. перспектыўныя — 6,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,6—14 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі, торф) 0,2—7,1 м. Гліны прыдатныя для вытв-сці цэглы і дрэнажных труб.
А.П.Шчураў.
т. 15, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)