Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННАЯ ПЕЧ,
від электрычнай печы, у якой у якасці крыніцы цяпла выкарыстоўваецца нізкатэмпературная (104К) плазма, што атрымліваецца з дапамогай плазматрона. У П.п. выплаўляюць сталь. пераплаўляюць каляровыя і інш. металы, сплавы, вырошчваюць метал. монакрышталі, перапрацоўваюць чыстыя рэчывы.
Плазменная печ з керамічным тыглем для плаўкі металу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПЕЧ,
печ для апрацоўкі металу пад вакуумам. Бываюць награвальныя (для тэрмічнай апрацоўкі сталі) і плавільныя (для вытв-сці хім. актыўных і тугаплаўкіх металаў, высакаякасных сталяў, інш. сплаваў). Найб. пашыраны дугавыя і індукцыйныя вакуумныя печы. Для выплаўкі асабліва якасных сплаваў прымяняюць электронна-прамянёвыя печы і плазменна-дугавыя печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́ЕРНАЯ ПЕЧ,
печ, абсталяваная канвеерам (стужачным, люлечным, ланцуговым, скрабалкавым), які перамяшчае вырабы ў працэсе награвання ад загрузачнай адтуліны да выгрузачнай. Выкарыстоўваецца для награвання і тэрмічнай апрацоўкі металу. сушкі ліцейных форм, афарбоўкі вырабаў, абпальвання эмалі (пры вырабе посуду, карпусоў халадзільнікаў), у кандытарскай вытв-сці і інш. Абаграваюцца газам, вадкім палівам і эл. награвальнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНАЯ ПЕЧ,
печ, рабочая прастора якой мае форму камеры. Прызначана для награвання або тэрмічнай апрацоўкі метал. загатовак і дэталей, шкляных вырабаў, абпальвання керамічных і эмаліраваных вырабаў і інш. Працуе з перыяд. загрузкай вырабаў і аднолькавай т-рай ва ўсіх пунктах рабочай прасторы. Будуецца ў выглядзе каўпаковай печы, награвальнага калодзежа, печы з высоўным подам і інш. Выкарыстоўвае вадкае, цвёрдае і газападобнае паліва, эл. нагрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГРАВА́ЛЬНАЯ ПЕЧ,
печ для награвання загатовак, вырабаў ці матэрыялаў звычайна перад апрацоўкай ціскам (пракаткай, коўкай, штампоўкай і інш.). У адрозненне ад плавільнай печы ў Н.п. вырабы награюць да т-ры, ніжэйшай за т-ру плаўлення. Бываюць награвальныя полымныя печы і электрычныя печы (у т. л.высокачастотныя печы), печы перыядычнага (вярчавальныя печы, камерныя печы) і неперарыўнага (метадычныя Н.п.) дзеяння. Выкарыстоўваюцца ў металургіі, машынабудаванні, вытв-сці будматэрыялаў і інш.