ПАЎНО́ЧНА-АТЛАНТЫ́ЧНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
цёплае паверхневае цячэнне ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна, працяг Гальфстрыма. Пачынаецца каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі і накіравана на ПнУ — у Нарвежскае мора. Каля 60° паўн. ш. разгаліноўваецца на Ірмінгера цячэнне і Нарвежскае цячэнне. Т-ра вады ад 7 да 15 °C. Скорасць на Пд 0,9—1,8 км/гадз на ПнУ да 0,4—0,7 км/гадз. Расход вады мяняецца ў залежнасці ад інтэнсіўнасці Гальфстрыма. Ваганні расходу вады і цеплавога стану П.-А.ц. ўплываюць на надвор’е і клімат Зах. і Паўн. Еўропы.
т. 12, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША У Зах. Афрыцы. Цягнецца паралельна ўзбярэжжу Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал. ад вытокаў рэк Нігер, Сенегал, Гамбія на З да ніжняга цячэння Нігера на У. Складаецца з гор і пласкагор’яў, якія з’яўляюцца выступамі Афрыканскай платформы. Выш. ад 300—500 м на У да 500—1000 м на З (г. Бінтымані, 1948 м). Паўд. паветраныя схілы больш стромкія, моцна расчлянёныя шматлікімі рэкамі, укрытыя гал. ч. вільготнымі вечназялёнымі лясамі; на больш засушлівых паўн. схілах пераважаюць лістападныя саванныя лясы і высакатраўныя саванны.
т. 12, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Паўночна-Заходні ваенна-прамысловы камітэт 2/547
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РСДРП 8/340
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі» 7/409
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-СІБІ́РСКАЯ НІЗІ́НА, Таймырская нізіна. На Пн Усх. Сібіры. Цягнецца паміж нізоўямі рэк Енісей і Алянёк на 1400 км. Шыр. з Пн на Пд 600 км. Пераважае паката-ўзгоркаваты рэльеф (выш. да 300 м). Складзена з марскіх і ледавіковых адкладаў, якія падсцілаюцца пясчанікамі і гліністымі сланцамі. Шматгадовая мерзлата. Шмат азёр (буйное Таймыр), у т. л. тэрмакарставых; балоты. Працякаюць рэкі Пясіна, Таймыра, Хета і Катуй, якія даюць пачатак Хатанзе, Папігай, Анабар. Клімат субарктычны кантынент. з халоднай зімой (7—8 мес) і кароткім халаднаватым летам. Сярэдняя т-ра студз. -30 °C на З і да -35—37 °C на У, т-ра ліп. 6—10 °C. Ападкаў 300 мм за год. У паўн. ч. пераважае лішайнікавая тундра, у паўд. ч. — хмызняковая, змяняецца лесатундрай і лістоўнічным рэдкалессем. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю.
т. 12, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Паўночна-Афрыканскія аперацыі 1940—43 4/279; 8/337
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Канадская платформа,
старажытная платформа (кратон) у Паўн. Амерыцы. Першапачаткова (да кайназою) уключала і в-аў Грэнландыя. Платформу акаймоўваюць складкавыя збудаванні каледанід Усх. і Паўн. Грэнландыі, Ньюфаўндленда і Паўн. Апалачаў, герцынід Канадскага Арктычнага архіпелага і Паўд. Апалачаў, мезазойска-кайназойскага пояса Кардыльер. Б.ч. плошчы П.-А.П. займае Канадскі шчыт. Фундамент шчыта (за выключэннем Грэнвілскага пояса) утвораны пародамі дакембрыю. кансалідаваны ў гудзонскую тэктона-магматычную эпоху (1700 млн. г. назад). Фарміраванне фундамента ўсёй платформы завяршылася ў познім кембрыі. На ПнУ і ў межах Канадскага шчыта фундамент выходзіць на паверхню, на астатняй ч. ўкрыты асадкавым чахлом пліт, які пераважна складзены з палеазойскіх адкладаў (пліта Мідкантынента і інш.).
У мезазоі апускалася толькі пліта Вялікіх раўнін, дзе намнажаліся прыбярэжна-марскія і кантынентальныя асадкі. У пач. кайназою на платформе ўсталяваўся кантынентальны рэжым. Будова пліт ускладнена сінеклізамі і антэклізамі. З сінеклізамі звязаны багатыя радовішчы солей, вугалю, нафты і газу. Дакембрый Канадскага шчыта ўключае буйныя радовішчы жалезных, сульфідных, медных, нікелевых, уранавых руд, золата і каляровых металаў.
т. 12, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ КРАЙ,
афіцыйная назва ў 19 — пач. 20 ст. тэр. Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай (з 1842), Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Да 1840 гэтыя губерні падзяляліся на 2 групы — зах., ці беларускія (Віцебская, Магілёўская, Мінская), і паўн.-зах., ці літоўскія (Віленская, Гродзенская, Ковенская). 18.7.1840 Мікалай I выдаў указ, каб літоўскія і беларускія губ. «называлі ў далейшым кожную асобна». Аднак у справаводстве гэтыя 6 губерняў часта наз. П.-З.к. (у адрозненне ад Паўд.-Зах. краю — Кіеўскага ген.-губернатарства). У публіцыстыцы тэрмін «П.-З.к.» пачаў шырока ўжывацца пасля паўстання 1863—64. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.-З.к. называўся Паўн.-Зах. вобласцю. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 назва «П.-З.к.» перастала ўжывацца. На яго тэр. ўтвораны БССР, Літ. Рэспубліка, зах. частка краю (Заходняя Беларусь) адышла да Польшчы.
Літ.:
Рубинштейн С.Ф. Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г. Вильна, 1894;
Weeks T. Nation and State in late imperial Russia. Illinoys, 1996.
М.А.Сакалова.
т. 12, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’езд Паўночна-Заходняга Саюза РСДРП (другі) 4/554; 5/320
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)