АБУ́-САФА́,

нафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі і Бахрэйне, адно з буйнейшых у свеце. У акваторыі Персідскага зал., за 50 км на ПнУ ад порта Рас-Танура. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1963, распрацоўваецца з 1966. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 561 млн. т. Прадукцыйныя залежы на глыб. 2 км. Шчыльн. нафты 876 кг/м³. Свідравіны фантануючыя. Падводны нафтаправод у порт Рас-Танура.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАДЖАРЫ́,

газакандэнсатна-нафтавае радовішча ў Іране, за 130 км ад г. Абадан, адно з буйнейшых у свеце. У межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна. Адкрыта ў 1938, распрацоўваецца з 1945. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1283 млн. т, газу 263 млрд. м³. Нафтаносны паверх на глыб. 1240 м, газанафтавы — 1400 м. Шчыльн. нафты 850 кг/м. Дзесяткі фантануючых свідравін. Нафтаправоды ў порт Бендэр-Махшэхр і Абадан.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТКАВІЦКІ ТОРФАБРЫКЕ́ТНЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў 1982 ў п. Чырвонае Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. на базе торфапрадпрыемства «Чырвонае» (1971). Спецыялізуецца на выпуску торфабрыкету. З 1996 разам з ВА «Беларусьнафта» вырабляе сарбенты для утылізацыі разліваў нафты на вадзе і зямлі. Сыравінная база — радовішча торфу Булеў Мох у Салігорскім і Жыткавіцкім р-нах. Пачатковыя прамысл. запасы торфу 46 800 тыс. т, на 1.1.1997—2800 тыс. т.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́МБІНА (Pembina),

газанафтавае радовішча ў Канадзе, у межах Заходне-Канадскага нафтагазаноснага басейна. Нафтавыя паклады адкрыты ў 1953, эксплуатуюцца з 1954; газавыя — адпаведна ў 1957 і з 1960. Пл. 2100 км². Паклады на глыб. 0,9—1,9 км, асноўныя ў пясчаніках карбону, юры, мелу. Пачатковыя запасы нафты 240 млн. т, газу — 44 млрд. м³. Шчыльн. нафты 0,82—0,87 г/см³. Выяўлена 150 пакладаў. Цэнтр — г. Эдмантан.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ДХА-БЕЙ (Prudhoe Bay),

буйное газанафтавае радовішча ў ЗША (штат Аляска). Размешчана ў зал. Прадха Бофарта м. Уваходзіць у Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1968, распрацоўваецца з 1977. Пачатковыя прамысл. запасы нафты з кандэнсатам 1,3 млрд. т, газу 730 млрд. м³. Пл. 607 км². 12 пакладаў у адкладах ад каменнавугальнага да палеагенавага ўзросту на глыб. 0,75—3,2 км. Нафта метана-нафтэнавая, шчыльн. 844—913 кг/м³. У газе 44% метану.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНО́КСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у межах Усходняй Венесуэлы, дзяржавы Трынідад і Табага (востраў Трынідад і яго атлантычны шэльф), акваторыі заліва Парыя. Плошча 223 тысяч км². Пошук нафты з 1866, распрацоўка з 1909.

Пачатковыя прамысловыя запасы 3049,3 млн. т нафты і 1675,2 млрд. м³ газу. Прадукцыйныя гарызонты на глыбіні ад 85 да 5100 м. Шчыльнасць нафтаў 766—1044 кг/м³. У паўночнай частцы басейна — газавыя і газакандэнсатныя радовішчы. Асноўныя цэнтры перапрацоўкі: Пуэрта-ла-Крус, Эль-Паліта (Венесуэла), Пуэнт-а-П’ер (Трынідад і Табага).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬДЗЕ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,

пачатковыя школы, якія ствараліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 13—14 ст. купецкімі гільдыямі. Выкладанне роднай мовы і арыфметыкі ў іх было пастаўлена значна лепш, чым у царкоўных. У школах павышанага тыпу выкладаліся таксама граматыка, геаметрыя і элементы рыторыкі. Гільдзейскія школы былі платныя, вучыліся ў іх звычайна дзеці заможных бацькоў. Каталіцкая царква ставілася да гільдзейскай школы варожа, паколькі іх стварэнне лічыла парушэннем манаполіі царквы ў школьнай справе. З заняпадам гільдый у 15—16 ст. гільдзейскія школы перайшлі ў падначаленне гар. кіраванняў.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЗЕЛЬ (ад польск. węzeł вузел),

манаграма, пачатковыя літары тытула, імя і прозвішча адной або некалькіх асоб, якія звычайна пераплятаюцца паміж сабою і ўтвараюць своеасаблівы ўзор, малюнак. Мог быць упрыгожаны вянком, каронаю і інш. Вензель манархаў выкарыстоўваўся як геральдычны сімвал на грашовых знаках і інш. (напр., вензель вял. князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста — SA; Стафана Баторыя — SR; Яна II Казіміра Вазы — JKR). Выкарыстоўваецца і як фірменная марка.

В.​С.​Пазднякоў.

Вензелі каралёў польскіх і вялікіх князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста (1), Стафана Баторыя (2), Яна II Казіміра Вазы (3), Станіслава Аўгуста Панятоўскага (4).

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЦКІЯ ШКО́ЛЫ,

пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі ў канцы 16—18 ст. на Беларусі, Украіне і ў Літве. Адыгралі значную ролю ў развіцці асветы. Былі адкрыты ў Вільні (каля 1584), Магілёве (1590), Брэсце (1591), Мінску (1612), Пінску, Слуцку, Кіеве, Луцку і інш. гарадах. Мелі свой статут, які вызначаў змест і арганізацыю навучання. Вывучаліся царк.-слав., грэч., руская (беларуская), лац., польская мовы, творы ант. мысліцеляў, майстэрства вершаскладання, музыка, арыфметыка, астраномія і інш. Брацкія школы мелі архівы і б-кі. Многія іх настаўнікі былі аўтарамі падручнікаў (С.Зізаній, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), палемічных твораў (Л.Карповіч, С.Косаў і інш.).

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́ЙСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

размешчаны ў Зах. Афрыцы, займае акваторыю Гвінейскага зал., раён дэльты р. Нігер у Нігерыі і Камеруне, узбярэжжа Кот-д’Івуар, Ганы, Тога і Беніна. Пл. 230 тыс. км². Здабыча нафты з 1957 на сушы і з 1965 на шэльфе. Асн. нафтагазаносныя гарызонты прымеркаваны да апт-сенаманскіх і палеаген-міяцэнавых адкладаў. Пачатковыя запасы нафты 3550 млн. т і 1380 млрд. м³ газу (1982). Глыб. залягання прадукцыйных пластоў ад 1200—2000 м на сушы да 2500—3000 м на шэльфе. Каля 300 радовішчаў нафты і газу; галоўныя — Бому, Іма-Рывер, Окан, Мерэн (Нігерыя), Эмерод (Койга), Малонга (Ангола).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)