археалагічная культура канца бронзавага — пач. жалезнага веку (11—7 ст. да н.э.) на тэр. Кабардзіна-Балкарыі, Чэчні, Інгушэціі, Паўн. Асеціі. Назва ад могільніка каля аула Кабан (Паўн. Асеція). Вывучаны гал. чынам могільнікі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным выглядзе. Пахаванні ямныя, абкладзеныя і перакрытыя каменнымі плітамі. Пахавальны інвентар — бронзавыя паясы, спіральныя ручныя і нажныя бранзалеты, кінжалы, баявыя сякеры, вял. шпількі, бронзавыя і сердалікавыя пацеркі. Кераміка з геам. арнаментам і налепамі. Металургія К.к. — адна з найб. развітых на тэр. Каўказа, некат. бронзавыя прадметы інкруставаныя жалезам. Гал. занятак насельніцтва — авечкагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён сярэдзіны бронзавага веку (15—12 ст. да н.э.), якія жылі ў вярхоўях Днястра, Паўд. Буга, Стыра, Гарыні (тэр.зах. Украіны і паўд. Беларусі). Назва ад могільніка каля с. Камарова Івана-Франкоўскай вобл. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на селішчах у зямлянках, карысталася крамянёвымі прыладамі працы і зброяй, керамічным ляпным посудам, бронзавымі і залатымі ўпрыгожаннямі. Нябожчыкаў хавалі ў каменных скрынях або спальвалі. Пахаванні ў групавых магілах, часам у курганах. К.к. ўваходзіць у зону тшцінецка-камароўскай этнакультурнай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛТАВА-МАЯ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура паўкачавых народаў, што жылі ў 8—9 ст. у бас.р. Дон і Прыазоўі. Назва ад Салтаўскага могільніка каля с. Верхняе Салтава (Харкаўская вобл., Украіна) і Маяцкага гарадзішча каля ўпадзення р. Ціхая Сасна ў р. Дон (Варонежская вобл., Расія). Вядома больш за 200 помнікаў культуры: рэшткі качэўяў, пасёлкаў, замкаў, гарадоў (Саркел, Таматарха, Фанагорыя), могільнікаў. Мае 2 варыянты: лесастэпавы — аланскі (гл.Аланы) і стэпавы — балгарскі (гл.Балгарыя Волжска-Камская). Для 1-га характэрны земляробчыя тыпы паселішчаў і катакомбавы абрад пахавання; для 2-га — качэўі і ямныя пахаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІШЧО́ВА,
курганны могільнік дрыгавічоў 11—12 ст. каля в. Свішчова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Захавалася 20 насыпаў выш. 0,2—1,6 м, дыям. 4—8 м, іх аснова абкладзена камянямі. Даследаваны 23 курганы. У некат. насыпах шчыльная вымастка з камянёў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Пахаванні пераважна адзіночныя, ёсць парныя. Знойдзены ганчарныя гаршкі, метал. часткі драўлянага посуду, нажы, падкова, цуглі, прасліца з ружовага сланцу, тачыльныя брускі, метал. пярсцёнкі, спражкі, шкляныя залачоныя пацеркі і бронзавыя, упрыгожаныя зерню (дрыгавіцкага тыпу), скроневыя кольцы з такіх пацерак, паўтараабаротныя і з S-падобным завітком і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́МЕНЬ,
комплекс археал. помнікаў (10 паселішчаў эпохі неаліту і бронзавага веку) каля в. Струмень Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Выявіў у 1927 К.М.Палікарповіч. Паселішчы 1 і 6—7 даследавалі І.І.Арцёменка ў 1976 і А.Г.Калечыц у 1975—80. Знойдзены крамянёвыя пласціны, праколкі на канцах пласцін, адшчэпы, нуклеусы, разцы, скрабкі, сякеры, цёслы, наканечнікі стрэл, адходы крамянёвай вытв-сці, запасы сыравіны, фрагменты ляпнога посуду і інш. Выяўлены рэшткі 9 жытлаў, 68 гасп. ям, 54 агнішчы, 3 пахаванні. Помнікі адносяцца да верхнедняпроўскай, сярэднедняпроўскай і сосніцкай культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСЬМО́НЫ,
курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в.Эсьмоны Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. 44 насыпы выш. 0,8—1,5 м, дыям. 4—8 м, вяршыні асобных абкладзены камянямі. Абследавалі ў 1889—90 М.П.Авенарыус, у 1969 Л.В.Аляксееў і Я.Р.Рыер. Даследавана 5 насыпаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпах, на гарызонце, у ямах, у дамавінах-церамах. Пахаванні адзіночныя і парныя, у выцягнутым і сядзячым становішчах. Пахавальны інвентар: гліняны посуд, бронзавыя і пасярэбраныя скроневыя кольцы, бронзавыя і шкляныя пацеркі, у т. л. т.зв. дрыгавіцкія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́ЎБЮРЫ,
брытанскі хендж; найбуйнейшае рытуальнае збудаванне ў Еўропе. Знаходзіцца каля г. Марлбара. Пл. каля 11,5 га, абкружана ровам і насыпам з 4 сіметрычнымі выхадамі. Уздоўж унутр. краю рова пастаўлены пліты з пясчаніку, у цэнтры — 2 кальцы з камянёў (дыяметр 91,4). Унутры кольцаў камянёвыя кладкі, адна з іх нагадвае літару «v». Каля паўд. ўваходу пачынаецца алея менгіраў (2 паралельныя рады камянёў), якая цягнецца да рытуальнай пабудовы на Овертан-Хіле. На тэр. Э. выяўлены паселішча, пахаванні, фрагменты керамікі неаліту і бронзавага веку. Помнікі складаюць адзіны арх. комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАПАДО́БНЫХ А́МФАР КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура познанеалітычных плямён, якія ў 3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.цэнтр. і ўсх. Германіі, Польшчы, Чэхіі, на ПнУ Румыніі, у лесастэпавай частцы Правабярэжнай Украіны, на З Беларусі. Падзялялася на групы і варыянты. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і паляваннем. Паселішчы размяшчаліся на берагах рэк. Жытлы пераважна наземныя, слупавой канструкцыі, часам шматкамерныя з каменнымі або глінянымі агнішчамі; месцамі сустракаюцца паўзямлянкі. Побач з жытламі ствараліся гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў неглыбокіх ямах, абкладзеных каменнымі плітамі або валунамі, часам няпоўнае трупаспаленне. Пахавальны інвентар прадстаўлены каменнымі і касцянымі прыладамі працы, керамікай, упрыгожаннямі. Месцамі над пахаваннямі насыпалі курганы. Былі пахаваннііндывід. і групавыя, часам у іх знаходзяць рэшткі жывёл. Сустракаюцца і асобныя рытуальныя пахаванні жывёл. Для керамікі характэрны амфары з шарападобным корпусам (адсюль назва культуры) і верт. венчыкам, разнастайныя гаршкі, кубкі, міскі, арнаментаваныя пераважна ў верхняй частцы адбіткамі лінейнага штампа, шнура, насечкамі, наколкамі. Сярод прылад працы і зброі — крамянёвыя сякеры-кліны і долаты, касцяныя нажы і долаты, верацёнападобныя наканечнікі стрэл. Для ўпрыгожанняў характэрны бурштынавыя вырабы, аздобы з косці і гліны. На тэр. Беларусі носьбіты гэтай культуры праніклі на познім этапе яе развіцця. Найб. вядомыя помнікі — могільнікі Краснасельскі і Малыя Ёдкавічы (Ваўкавыскі і Бераставіцкі р-ны Гродзенскай вобл.).
Літ.:
Свешников И.К. Культура шаровидных амфор. М., 1983;
Чарняўскі М.М. Культура шарападобных амфар // Археалогія Беларусі. Мн., 1997. Т. 1.
М.М.Чарняўскі.
Да арт.Шарападобных амфар культура. Пасудзіна з могільніка Малыя Ёдкавічы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРФАЛАМЕ́ЕВА Тамара Барысаўна (н. 24.6.1944, в. Малое Сцяпанава Касалапаўскага р-на, Рэспубліка Марый Эл),
бел. этнамузыколаг. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1970). З 1981 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гісторыю, тэорыю і эстэтыку бел.муз. фальклору, яго сістэмную тыпалогію і арэальныя стылявыя характарыстыкі, палеагеаграфію і этнамуз. дыялекталогію. У сферы практычнай фалькларыстыкі выступае па пытаннях экалогіі традыц. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЙНЕБУРГ (Heuneburg),
гарадзішча познагальштацкага і раннелатэнскага часу (6—5 ст. да н. э.) на мысе Гойнебург левага берага верхняга Дуная каля г. Рыдлінген (Германія). Вылучана 5 асн.буд. фаз. У пач. 2-й фазы (6 ст. да н. э.) частка гарадзішча перабудавана ў грэч. стылі, на каменным падмурку пабудавана з цэглы-сырцу сцяна выш. 4 м (упершыню ў парэччы Дуная) з вежападобнымі бастыёнамі. З грэч.г. Масалія сюды прывозілі амфары для віна і чорнафігурную кераміку. Магчыма, Гойнебург быў замкам мясц. уладароў, бо непадалёку ад яго выяўлены княжацкія пахаванні (курган Гохміхеле і інш.).