ЭЛЕКТРАЁМІСТАСЦЬ,
фізічная велічыня, якая характарызуе здольнасць правадніка (сістэмы праваднікоў) назапашваць і ўтрымліваць зарад электрычны.
Э. адасобленага правадніка залежыць ад яго формы, памераў, дыэлектрычнай пранікальнасці асяроддзя і роўная C = Q/φ, дзе Q і φ — зарад і патэнцыял правадніка адносна бясконца аддаленага пункта. Узаемная Э. двух праваднікоў роўная адносінам эл. зараду, які пераносіцца з аднаго правадніка на другі, да змены рознасці іх эл. патэнцыялаў, што пры гэтым узнікае. У прыватнасці, Э. кандэнсатара электрычнага C = Q/(φ1−φ2), дзе Q — зарад кандэнсатара, а φ1 і φ2 — патэнцыялы яго абкладак. Э. ізаляванай сферы ў вакууме, патэнцыял якой
, вызначаецца яе радыусам R: C = 4πε0R, дзе ε0 — электрычная пастаянная. Э. вымяраецца маставымі вымяральнымі прыладамі (фарадметрамі), звычайна метадам параўнання невядомай Э. з эталоннай. Адзінка Э. ў сістэме СІ — фарад.
т. 18, кн. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ДЫ ПАРАЎНА́ННЯ,
гальванічныя электроды для вымярэння электродных патэнцыялаў. Звычайна вымяраюць рознасць патэнцыялаў паміж дадзеным электродам і выбраным Э.п., які мае вядомы патэнцыял адносна ўмоўна прынятага за нуль патэнцыялу нармальнага вадароднага электрода. У якасці Э.п. выбіраюць электроды, патэнцыялы якіх характарызуюцца стабільнасцю і ўзнаўляльнасцю.
т. 18, кн. 1, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРУПО́ЛЬ (ад лац. quadrum чатырохвугольнік + полюс),
сістэма з 4 эл. зарадаў, якая складаецца з 2 блізка размешчаных дыполяў, эл. моманты якіх роўныя па модулі і процілеглыя па арыентацыі. Патэнцыял К. на вял. адлегласцях r змяняецца як 1/r3. Пры змене значэння зарадаў ці адлегласці паміж імі К. выпрамяняе эл.-магн. хвалі.
т. 8, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯЛАСКО́П (ад патэнцыял + ...скоп),
запамінальная электроннапрамянёвая трубка. Запісвае і захоўвае на мішэні інфармацыю, якая паступае на яе ў выглядзе эл. сігналаў, з мэтай далейшага ўзнаўлення на люмінесцэнтным экране. Выкарыстоўваўся для назірання аднаразовых ці рэдкіх (у часе) сігналаў у асцылографах, радыёлакацыйных станцыях, прыладах вываду інфармацыі ЭВМ і інш. Замяняецца больш дасканалымі прыладамі, напр. ПЗС-матрыцамі.
т. 12, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАСО́НА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
дыферэнцыяльнае ўраўненне віду Δu = f, дзе Δ — Лапласа аператар; адно з асн. ураўненняў тэорыі патэнцыялу. Вывучалася С.Д.Пуасонам (1812).
У трохмернай прасторы П.ў. задавальняе патэнцыял u(x, y, z), створаны зарадам са шчыльнасцю p(x, y, z) = f/4π Пры гэтым функцыя размеркавання f павінна задавальняць пэўныя патрабаванні, напр., умову неперарыўнасці частковых вытворных. Калі f = 0, то П.ў. пераўтвараецца ў Лапласа ўраўненне.
т. 13, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́ЎНЕВАЯ ПАВЕ́РХНЯ ў геадэзіі,
паверхня, ва ўсіх пунктах якой патэнцыял сілы цяжару мае аднолькавую велічыню. Напрамак нармалі да У.п. супадае з напрамкам сілы цяжару (з лініяй адвеса), напр., вадкасць у раўнавазе. Адна з У.п. гравітацыйнага поля Зямлі, якая супадае з сярэднім узроўнем вады Сусв. акіяна, наз. геоідам і прымаецца за матэм. паверхню Зямлі (узровень мора), ад якога адлічваюць вышыні пунктаў зямной паверхні. Форма У.п. складаная і залежыць ад унутр. будовы Зямлі.
т. 16, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬС НЕРВО́ВЫ,
хваля ўзбуджэння, якая распаўсюджваецца па нервовым валакне. У аснове І.н. ляжаць электрахім. рэакцыі. Узнікае пры раздражненні рэцэптараў, нерв. валакна ці цела нерв. клеткі (нейрона).
Забяспечвае перадачу інфармацыі ад перыферычных чуллівых нерв. канчаткаў да нерв. цэнтраў унутры ц. н. с. і ад яе да выканаўчых органаў — шкілетнай мускулатуры, гладкіх мышцаў унутр. органаў, сасудаў, залоз знешняй і ўнутр. сакрэцыі. Распаўсюджваецца са скорасцю ад 0,5 да 120 м/сек. Галоўнае праяўленне І.н. патэнцыял дзеяння.
т. 7, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + мілітарызацыя),
аднаўленне ваен. магутнасці, ваен.-эканам. патэнцыялу дзяржавы (ч. яе тэр.) пасля дэмілітарызацыі. Напр., Германія анулявала ваен. артыкулы Версальскага мірнага дагавора 1919, аднавіла ваен. магутнасць і распачала падрыхтоўку да рэваншу. Пасля 2-й сусв. вайны Р. найб. характэрна для дзяржаў, якія ў адпаведнасці з міжнар. дагаворамі ў 2-й пал. 1940-х г. былі дэмілітарызаваны, потым аднавілі свой ваен.-эканам. і тэхн. патэнцыял (напр., ФРГ, Італія, Румынія і інш.).
т. 14, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА РАЗМЕРКАВА́ННЕ, размеркаванне Фермі,
функцыя размеркавання па ўзроўнях энергіі тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж імі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу (гл. Фермі-газ), які падпарадкоўваецца Фермі—Дзірака статыстыцы.
Паводле Ф.—Дз.р. сярэдняя колькасць ni = 1/(e(Ei−μ)/kT + 1), дзе i — набор квантавых лікаў, што характарызуюць стан часціцы, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра газу, μ — хімічны патэнцыял. Гл. таксама Бозе—Эйнштэйна размеркаванне.
т. 16, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫЯ КА́РТЫ,
паменшанае адлюстраванне ландшафтаў геаграфічных рознага рангу, іх структуры і размяшчэння. Адрозніваюць Л.к. агульнанавуковыя (размяшчэнне відаў ландшафтаў і асобных прыродных комплексаў), ацэначныя (ацэнка ландшафтаў па відах дзейнасці чалавека), прагнозныя (будучы стан ландшафту). На буйнамаштабных картах паказваюць фацыі, на сярэднемаштабных — урочышчы і мясцовасці, на дробнамаштабных — тыпалагічныя комплексы ландшафтаў (тыпы, роды, віды). На прыкладных Л.к. ацэньваецца патэнцыял прыдатнасці прыродных комплексаў для гасп. выкарыстання, неабходнасць іх аховы (інж.-геагр., ландшафтна-меліярацыйныя, медыка-геагр. і інш.). На Беларусі складзена сярэднемаштабная Л.к. (1984).
В.С.Аношка.
т. 9, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)