АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ПАСТАЯ́ННЫЯ,

універсальныя параметры, якія характарызуюць арбіты, масы, памеры, форму, арыентацыю і рух касмічных целаў. Вызначаюцца са шматлікіх астр. назіранняў, некаторыя — тэарэтычна.

Сістэма астранамічных пастаянных уключае: 2 вызначальныя (гаўсава гравітацыйная пастаянная k = 0,017202009895, скорасць святла ў вакууме c = 299792458 м/с), 9 асноўных (напр., гравітацыйная пастаянная Ньютана-Кавендыша G = 6,6720∙10​−11 м³/кгс, экватарыяльны радыус Зямлі ae = 6378140 м і інш.), шэраг вытворных пастаянных (напр., астранамічная адзінка A = 1,49597870∙10​11 м, пастаянная аберацыі x = 20,49552 і інш.), а таксама масы і экватарыяльныя радыусы вял. планет і Сонца. Астранамічныя пастаянныя выкарыстоўваюцца пры рашэнні задач дынамікі Сонечнай сістэмы, дастасавальных задач геадэзіі, картаграфіі, касманаўтыкі, навігацыі, вылічэнні эфемерыд, апрацоўцы астр. назіранняў у адзінай сістэме каардынат.

В.​К.​Абалакін.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЗЛІ ЗАКО́Н,

закон, які звязвае частату спектральных ліній характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення хім. элемента з яго атамным нумарам. Эксперыментальна ўстаноўлены Г.Мозлі (1913).

Паводле М.з. квадратны корань з частаты ν спектральнай лініі характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення з’яўляецца лінейнай функцыяй атамнага нумара Z хім. элемента: ν / R = ( Z Sn ) / n , дзе RРыдберга пастаянная, Snпастаянная экраніравання, nгал. квантавы лік (гл. Квантавыя лікі). Адыграў важную ролю ў разуменні фіз. сутнасці атамнага нумара і станаўленні перыядычнага закону хім. элементаў.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНЛА́НДСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н,

пастаянная вобласць павышанага атм. ціску над Грэнландыяй. Абумоўлена пераважна нізкай т-рай і значнай вышынёй ледавіковага шчыта вострава. Аналаг Грэнландскага антыцыклону Антарктычны антыцыклон.

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРКАЛУ́МНІЙ (ад лац. inter паміж + columna калона, слуп),

пралёт паміж калонамі, што стаяць побач. Пашыраны ў ордэрнай архітэктуры. Велічыня І. (пастаянная для кожнай дадзенай каланады) залежыць ад маштабаў пабудовы, характару і ордэра каланады, а таксама ад памеру і матэрыялу калон і архітрава.

Інтэркалумній.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАМА́Я,

сукупнасць пунктаў прамой, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенага пункта гэтай прамой. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць x > a (ці x < a), дзе aпастаянная. Калі сам пункт x = a (мяжа П.) належыць да П., то П. лічыцца замкнутай (ці промнем).

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́НДА (франц. commande),

1) вусны загад камандзіра (начальніка) ў кароткай форме, вызначанай воінскімі статутамі.

2) Часовая ці пастаянная вайсковая арганізацыя ад 3 чал. і больш для выканання пэўных абавязкаў па службе ці якіх-н. работ.

3) Падраздзяленне баявой часці (службы) у ВМФ.

4) Спартыўны калектыў.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ЎСПРЫІ́МЛІВАСЦЬ,

велічыня, якая характарызуе палярызацыю дыэлектрыка пад уздзеяннем эл. поля. Колькасна Д.ў. — безразмерны каэф. прапарцыянальнасці x у формуле p = ε0 x E , дзе ε0 — электрычная пастаянная, E — напружанасць эл. поля, pпалярызаванасць дыэлектрыка. Звязана з дыэлектрычнай пранікальнасцю суадносінамі: ε = x + 1 і мае з ёй аднолькавыя ўласцівасці.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́ТНЫЯ ФО́НДЫ,

частка вытворчых фондаў прадпрыемства, якая цалкам расходуецца ў вытв. цыкле і цалкам пераносіць сваю вартасць на новы прадукт. Матэрыяльна-рэчыўную аснову абаротных фондаў складаюць прадметы працы (матэрыялы, сыравіна і інш.), што знаходзяцца на складах у выглядзе вытворчых запасаў і незавершанай вытв-сці. У рыначнай эканоміцы абаротныя фонды — пастаянная частка абаротнага капіталу.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАЛАГІ́ЧНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ Сусвету,

нестацыянарнасць Сусвету, якая выяўляецца ў яго расшырэнні. Характарызуецца тым, што адлегласць паміж кожнымі двума яго пунктамі (скопішчамі Галактык) павялічваецца паводле пэўнага закону. Прыводзіць да эфекту «разбягання» галактык са скарасцямі, якія павялічваюцца з павелічэннем адлегласцей да галактык, што ўстаноўлена па наяўнасці чырвонага зрушэння ліній у іх спектрах (гл. Хабла пастаянная).

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХАВА́ННЯ ПРЫ́НЦЫПЫ,

клас навуковых прынцыпаў, якія адлюстроўваюць пастаянства (захаванне) фундаментальных уласцівасцей і суадносін прыроды. У фіз. тэорыях З.п. фармулююцца як захаваныя законы і прынцыпы інварыянтнасці. Сярод З.п. можна вылучыць агульныя (напр., законы захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу) і прыватныя (напр., законы захавання ізатапічнага спіну, дзіўнасці, цотнасці). Наяўнасць універсальных фіз. пастаянных (напр., гравітацыйная пастаянная, Планка пастаянная, скорасць святла ў вакууме і інш.) можна разглядаць як праяўленне своеасаблівага тыпу З.п. Пры даследаванні складаных, у т. л. біял. сістэм, важнае значэнне набывае паняцце структуры; у гэтым выпадку З.п. маюць форму структурных прынцыпаў, звязаных з уласцівасцямі сіметрыі. У фізіцы гэта выяўляецца як незалежнасць (інварыянтнасць) фіз. з’яў ад пэўных прасторава-часавых або інш. ператварэнняў (гл. Людэрса—Паўлі тэарэма, Нётэр тэарэма), у біялогіі — як адзінства захавання і змянення, звязанае з тоеснасцю і адрозненнем асобных аб’ектаў. З.п. рэгламентуюць працэсы ўзаемных ператварэнняў матэрыяльных аб’ектаў і выяўляюць прычынныя сувязі прыроды.

А.​І.​Балсун.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)