РО́ТШЫЛЬДЫ (Rothschild),

сямейная фінансавая група яўр. паходжання, якая дзейнічае ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША. Яе заснавальнік — Маер Амшэль Р. (1744—1812), які ўзбагаціўся на ваен. пастаўках, фін. спекуляцыях і ў 1766 стварыў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія) уласны банк. Яго справу пераняў старэйшы сын Амшэль Маер Р. (1733—1855), іншыя 4 сыны стварылі самаст. банкі ў Лондане, Парыжы, Вене і Неапалі (апошнія 2 пазней спынілі існаванне). З часоў Венскага кангрэса 1814—15 сям’я Р. давала пазыкі дзяржавам Еўропы, фінансавала буд-ва першых еўрап. чыгунак, асабліва ў Аўстрыі і Францыі, Суэцкага канала. У 1901 спыніў дзейнасць франкфурцкі банк Р. У пач. 20 ст. дзейнасць Р. канцэнтравалася ў Парыжы (Гі дэ Р.) і Лондане; іх фін. актыўнасць пашырылася на Азію. У 2-ю сусв. вайну некалькі прадстаўнікоў Р. пакінулі Еўропу і перанеслі сваю дзейнасць пераважна ў ЗША. У 1960-я г. група пранікла ў нафтавую прам-сць і каляровую металургію. Пасля нацыяналізацыі ў 1982 «Банк дэ Ротшыльд» у Парыжы [засн. ў 1817 Якавам Р. (1792—1868)], працягваюць дзейнічаць толькі іх банкі ў Лондане [«Н.​М.​Ротшыльд энд санс», засн. Натанам Р. (1777—1836)] і Швейцарыі.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д Д’АНЖЭ́ ((David d’Angers) Пьер Жан) (12.3.1788, г. Анжэ, Францыя — 5.1.1856),

французскі скульптар і медальер. З 1808 вучыўся ў Ж.Л.Давіда і Ф.​Л.​Ралана ў Парыжы, у 1811—16 — у Франц. акадэміі ў Рыме. Пад уздзеяннем А.Кановы ў творчасці ранняга перыяду адчуваецца ўплыў класіцызму, потым — рамантызму. Бронзавыя медалі (больш за 500, у т. л. «Напалеон», «Беранжэ», «Паганіні», «Жорж Санд», «Адам Міцкевіч», «А.​Чартарыйскі») і партрэтныя бюсты («І.​В.​Гётэ», 1831) адметныя ўнутр. усхваляванасцю і яскравай індывідуальнасцю вобразаў; чаканнасць формаў спалучаецца з жывапіснай лепкай дэталей. Аўтар манум. скульптуры: статуя Л. дэ Кандэ ў Версалі (1816—27), рэльефы франтона Пантэона ў Парыжы (1830—37) і інш.

П.Ж.Давід Д’анжэ. Медальён «Напалеон Банапарт» 1838. Фрагмент.

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГА́ЛЬ ((Pigalle) Жан Батыст) (26.1.1714, Парыж — 21.8.1785),

французскі скульптар. Вучыўся (з 1722) у Р.​Ле Ларэна і Ж.​Б.​Лемуана. Працаваў у стылі, пераходным ад ракако да класіцызму. У творчасці спалучаў грамадз. пафас з імкненнем да вострай, часам натуралістычнай праўдзівасці. Аўтар статуй і скульпт. груп на міфалагічныя і алегарычныя тэмы «Меркурый завязвае сандалю» (1774), «Хлопчык з клеткай» (1749) і інш.; бюста калекцыянера Т.​Э.​Дэфрыша і яго слугі негра Поля (каля 1760), надмагілля маршала Марыца Саксонскага (1753—76), грабніцы графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы (1771—76), статуі Вальтэра (1776) і інш. Сярод яго вучняў Ж.А.Гудон і Ф.І.Шубін.

Ж.Б.Пігаль. Грабніца графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы. 1771—76.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З СПРАВЯДЛІ́ВЫХ»,

тайная паліт. арг-цыя ў эміграцыі перыяду ранняга ням. рабочага руху. Засн. ў 1836—37 у Парыжы. Ідэалогія — утапічны сацыялізм, пераважна ідэі В.​Вейтлінга (гал. тэарэтык саюза). Супрацоўнічаў з франц. тайнымі т-вамі: у 1839 у Парыжы ўдзельнічаў у паўстанні бланкістаў (гл. Л.​А.​Бланкі). Пасля яго паражэння цэнтр саюза перамясціўся ў Швейцарыю, потым у Лондан, інтэрнацыяналізаваўся, пад уплывам К.​Маркса і Ф.​Энгельса члены арг-цыі адышлі ад рэв.-змоўніцкіх поглядаў і засвоілі марксісцкае вучэнне. У 1847 Маркс і Энгельс уступілі ў арг-цыю і рэарганізавалі яе ў Саюз камуністаў.

Літ.:

Союз коммунистов, 1836—1849: Сб. док. М., 1977;

Павленко Г.В. Вильгельм Вейтлинг. М., 1985.

т. 14, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЭ́ЛЬ ((Bourdelle) Эміль Антуан) (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),

французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.​Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.​Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.​Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.​Радэна (1909), А.​Франса (1919) і інш.

Літ.:

Бурдель: Альбом. М., 1979.

Э.А.Бурдэль. Геракл, які страляе з лука. 1909.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛО́РМ (Delorme, de 1′Orme) Філібер (паміж 1510—15, г. Ліён, Францыя — 8.1.1570), французскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры эпохі Адраджэння. У 1533—36 у Рыме вывучаў ант. архітэктуру. З 1541 архітэктар караля. Работам уласціва спалучэнне ордэрных і гатычных элементаў: замак у Анэ 1543—55 (захаваўся часткова), грабніца Францыска I у царкве Сен-Дэні (Парыж, 1547), працы ў замках Фантэнбло (1548—54), Венсан (1558), Ле Мюэт (1550), шматлікія пабудовы ў Парыжы. Аўтар праекта замка Цюільры ў Парыжы (разбураны ў 1871). Увёў франц. калону (з дэкарыраванымі паясамі), «аркі Дэлорма» (драўляныя формы для перакрыцця вял. праёмаў). Аўтар тэарэт. прац «Новыя вынаходніцтвы для добрага ўмацавання гарадоў пры малых затратах» (1561), «Першы том архітэктуры Філібера Дэлорма» (1567), якія паспрыялі ўзнікненню класіцыстычнай плыні ў франц. архітэктуры.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Антон Іосіфавіч) (21.7.1860 ці 1861, Вільня або маёнтак Ярылаўка Гродзенскай губ. — 12.9.1933),

графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1882—85) і ў Парыжы ў Акадэміі Жульена. Працаваў у Варшаве, Кракаве, Парыжы. Рабіў малюнкі часопісаў, ілюстрацыі да літ. твораў. Адлюстроўваў жыццё бел. народа (серыя літаграфій «Белавежская пушча»), складанасць і трагізм лёсу мастакоў («Няскончаная справа», 1894), рэв. рух 1905—07. Сярод жывапісных твораў цыкл алегарычных кампазіцый «Песня аб жыцці» (каля 1896—97), «Двор Ягелонскай бібліятэкі ў Кракаве» (1921) і інш. Аўтар партрэтаў дзеячаў культуры (Э.​Ажэшкі, В.​Базнанскай, С.​Віткевіча, С.​Выспянскага, М.​Канапніцкай, Г.​Сянкевіча і інш.).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

А.Каменскі. Беларусачка. З серыі «Белавежская пушча». 1910.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ ((Millet) Жан Франсуа) (4.10.1814, Грушы, каля г. Шэрбур, Францыя — 20.1.1875),

французскі жывапісец і графік. У 1837—38 вучыўся ў Парыжы ў П.​Дэлароша. Працаваў у Парыжы, Шэрбуры, Барбізоне. У 1840-я г. пісаў тонкія па настроі партрэты, міфалагічныя кампазіцыі, галантныя сцэны ў духу Ф.Бушэ. У канцы 1840-х г. зблізіўся з мастакамі барбізонскай школы і звярнуўся да выяўлення паўсядзённага сял. жыцця на фоне пейзажу. Яго творам уласцівы ўрачыстая лапідарнасць манум. кампазіцыі, багаты валёрамі зямлісты каларыт: «Зборшчыцы каласоў» (1857), «Анжэлюс» (1859), «Жанчына стрыжэ авечку» (1860), «Пасадка бульбы» (1861—62), «Чалавек з матыкай» (1863), «Вялікая пастушка» (1863—64). Пасля 1860 звярнуўся да пейзажа («Царква ў Грэвілі», 1871—74). Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, пастэляў.

Літ.:

Ж.-Ф. Милле: [Альбом]. М.; Л., 1962.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЮВІ́ ДЭ ШАВА́Н ((Puvis de Chavannes) П’ер) (14.12.1824, г. Ліён, Францыя — 24.10.1898),

французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў А.​Шэфера і Т.​Куцюра. Зазнаў уплывы Ж.​А.​Энгра, Т.​Шасерыо, італьян. Ранняга Адраджэння. Распрацаваў своеасаблівы варыянт сімвалізму, заснаваны на сінтэзе маст. прыёмаў Ранняга Адраджэння і класіцызму. Работам характэрны ўрачысты лінейны рытм, абагульненыя, умоўна трактаваныя фігуры, аб’яднаныя ў статычныя ўраўнаважаныя групы, тонка стылізаваныя пейзажныя фоны, што нагадваюць ідылічныя ўяўленні пра «залаты век» чалавецтва. Колеравая гама пабудавана на спалучэнні прыглушаных жамчужных тонаў. Сярод твораў: манум. пано «Мір», «Вайна», «Праца», «Адпачынак» (усе 1861—63), «Свяшчэнны гай» (1884), размалёўкі «Жыццё Святой Жэнеўевы» ў Пантэоне (1874—98), «Навукі і Мастацтвы» ў Сарбоне (1887—89) у Парыжы і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

П.Пюві дэ Шаван. Свяшчэнны гай. 1884.

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРЫЕ́С ((Vendryes) Жазеф) (13.1.1875, Парыж — 30.1.1960),

французскі мовазнавец. Праф. Сарбоны (1907). Чл. Акадэміі надпісаў і л-ры (у Парыжы), 7 еўрап. акадэмій. Распрацоўваў праблемы агульнага і індаеўрап. мовазнаўства; прыхільнік т.зв. сацыялагічнай школы ў мовазнаўстве («Мова», 1921). Даследаваў класічныя і кельцкія мовы.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)