«НАРО́ДНАЕ АДЗІ́НСТВА»,

блок паліт. партый у Чылі ў 1960—70-я г. Створаны ў 1969 прадстаўнікамі камуніст., сацыяліст., радыкальнай і некалькіх дробных партый. Пасля перамогі на выбарах 1970 сфарміравала ўрад краіны, кіраўнік «Н.а.» С.​Альендэ Госенс быў выбраны прэзідэнтам. Урад «Н.а.» нацыяналізаваў гарнарудныя прадпрыемствы, якія належалі замежнаму капіталу, усталяваў дзярж. кантроль над буйнымі банкамі, ажыццявіў агр. рэформу. Але шэраг папулісцкіх рэформ (неабгрунтаванае павышэнне заробкаў, пенсій і сац. ільгот) прывёў да росту інфляцыі і дэзарганізацыі эканомікі. У выніку ваен. перавароту 11.9.1973 урад «Н.а.» быў скінуты, Альендэ Госенс забіты, да ўлады прыйшоў ген. А.​Піначэт Угартэ.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА (Ларыса Архіпаўна) (28.1.1918, г. Макееўка Данецкай вобл., Украіна — 19.1.1981),

украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1960). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1940), з 1951 выкладала ў ёй (з перапынкамі; з 1978 праф.). У 1939—70 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. Валодала моцным голасам, яркі.м драм. талентам. Першая выканаўца гал. партый у многіх операх укр. кампазітараў, у т. л. Уля Громава («Маладая гвардыя» Ю.​Мейтуса). Сярод партый; Юнона («Энеіда» М.​Лысенкі), Саламія («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча) Графіня («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1939). Здымалася ў кіно.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССМЕ́РТНАВА (Наталля Ігараўна) (н. 19 7.1941, Масква),

руская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1961). У 1961—88 у Вял. т-ры. Першая выканальніца партый Лейлі («Лейлі і Меджнун» С.​Баласаняна), Шырын («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Фрыгіі («Спартак» А.​Хачатурана), Анастасіі, Джульеты («Іван Грозны», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева). Сярод інш. партый: Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Рыта («Залаты век» Дз.​Шастаковіча). Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1965), прэміі Ганны Паўлавай (Парыж, 1970). Дзярж. прэмія СССР 1977. Ленінская прэмія 1986.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІС-ГА́РА ((Žylis-Gára) Тэрэса) (н. 23.1.1930, Вільня),

польская спявачка (сапрана). Вучылася ў Вышэйшай муз. школе ў Лодзі (1952—57). З 1957 у Оперным т-ры ў Кракаве. З 1960 у ФРГ: салістка оперных т-раў у гарадах Обергаўзен, Дортмунд, Дзюсельдорф. Выступае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру, вял. муз. культурай, акцёрскім майстэрствам. Адна з лепшых сучасных выканальніц партый у операх В.​А.​Моцарта. Сярод інш. партый: Дэздэмона, Леанора, Віялета («Атэла», «Трубадур», «Травіята» Дж.​Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Ліза («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Мае вял. камерны рэпертуар.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МАН ((Lehmann) Лотэ) (27.2.1888, г. Перлеберг, Германія — 26.8.1976),

нямецкая спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася ў Берлінскай вышэйшай школе музыкі. З 1910 салістка Гамбургскай, з 1914 — Венскай дзярж. опер. У 1924—38 у т-ры «Ковент-Гардэн» у Лондане. З 1930 выступала ў ЗША як оперная (у 1934—45 у т-ры «Метраполітэн-опера») і камерная спявачка. Адна з буйнейшых выканальніц гал. партый у операх Р.​Вагнера («Золата Рэйна», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер») і Р.​Штрауса («Арабела», прысвечана Л.; «Арыядна на Наксосе», «Жанчына без ценю», «Інтэрмецца», «Кавалер ружы»). З інш. партый: Ганна («Віндзорскія свавольніцы» О.​Нікалаі), Леанора («Фідэліо» Л.​Бетховена). З 1951 выкладала.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХТА́РАЎ (Хусейн Мухтаравіч) (н. 18.7.1938, с. Шарцюбе Джамбулскай вобл., Казахстан),

кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. Кіргізіі (1973). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). З 1964 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Манас Канурбай, Чынкота («Манас», «Айчурэк» У.​Уласава, А.​Малдыбаева, У.​Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Філіп II, Аманасра і Рамфіс («Дон Карлас», «Аіда» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта і «Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Першы выканаўца партый Важака («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава, 1965) і Васкова («Досвіткі тут ціхія» К.​Малчанава, 1973).

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЙС ((Price) Леанціна) (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),

амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.​Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯВЫ́Я ДРУЖЫ́НЫ,

узброеныя атрады рабочых, студэнтаў, мяшчан пры арг-цыях бальшавікоў, меншавікоў, эсэраў, Бунда і інш. партый у рэвалюцыю 1905—07 у Расіі. Упершыню з’явіліся як арг-цыі самаабароны ў Пецярбургу пасля Дзевятага студзеня 1905. Дзейнічалі больш як у 300 гарадах і населеных пунктах, налічвалі каля 75 тыс. чал. Мелі свае статуты; дружыннікі вывучалі ваен. справу, тактыку вулічнага бою. У перыяд узбр. выступленняў мелі месца сумесныя дзеянні дружын розных партый. На Беларусі баявыя дружыны існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Бабруйску і інш., патрулявалі вуліцы, ахоўвалі дэманстрацыі, мітынгі і інш.; эсэраўскія баявыя дружыны займаліся арганізацыяй і правядзеннем тэрарыст. актаў. Вопыт арганізацыі і дзейнасці баявых дружын выкарыстаны бальшавікамі ў 1917 пры стварэнні Чырвонай гвардыі.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ВА (Ніна Іванаўна) (н. 3.5.1947, г. Магілёў),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972). З 1972 салістка Дзярж. нар. аркестра Беларусі, з 1977 — Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам цёплага хвалюючага тэмбру. Яе выкананне адметнае эмацыянальнай напоўненасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод партый у нац. операх: Клава («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Ірына («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Насця («Новая зямля» Ю.​Семянякі), Паола («Джардана Бруна» С.​Картэса), Любава («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі); сярод інш. партый — Ліза, Таццяна, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Купава («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Лізавета («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні) і інш.

А.​А.​Саламаха.

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ТАР (ад лац. conservator ахавальнік),

1) прыхільнік кансерватыўных поглядаў, праціўнік прагрэсу і пераўтварэнняў (у паліт. жыцці, л-ры і мастацтве, навуцы).

2) Член кансерватыўных партый у Вялікабрытаніі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах (гл. Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі).

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)