БЛЮ́ХЕР ((Blücher) Гебхард Леберэхт фон Вальштат) (Wahlstatt; 16.12.1742, г. Ростак, Германія — 12.9.1819),

прускі ваен. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1813), князь Вальштацкі (1814). Пачаў службу ў швед. арміі (1758). У час Сямігадовай вайны 1756—63 трапіў у прускі палон, стаў прускім афіцэрам (1760). Камандаваў кав. корпусам у вайну 1-й кааліцыі супраць рэсп. Францыі 1793—94, прускім авангардам у Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806, прускімі войскамі ў Памераніі (1807—11), рус.-прускай Сілезскай арміяй (1813) і інш. Асабліва вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 і каля Ватэрлоо (1815). За свае ваен. поспехі празваны «маршал Уперад».

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЧЫСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,

князь ізяслаўскі (заслаўскі) і віцебскі. Сын полацкага кн. Васількі Рагвалодавіча. У 1158 атрымаў у княжанне Ізяслаў ад полацкага кн. Рагвалода Барысавіча. У 1159 з братам Валодшам узяты ў палон менскімі князямі Глебавічамі і зняволены ў Менску, адкуль яго вызваліў Рагвалод Барысавіч. У 1162 з інш. полацкімі князямі ваяваў за Слуцк супраць дарагабужскага кн. Уладзіміра Мсціславіча. У 1180, калі быў князем віцебскім, разам з кіеўскім кн. Святаславам Усеваладавічам і чарнігаўскімі князямі ваяваў супраць смаленскіх князёў Расціславічаў. Упамінаецца ў «Слове аб палку Ігаравым».

Г.​В.​Штыхаў.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́Г СВЯТАСЛА́ВІЧ (сярэдзіна 11 ст. — 1.8.1115),

князь уладзіміра-валынскі [1073—76], тмутараканскі [1083—94], чарнігаўскі [1094—96], ноўгарад-северскі [1097—1115]. Сын Святаслава Яраславіча. У 1076 разам з Уладзімірам Манамахам здзейсніў паход у Чэхію. У 1078, пасля няўдалай спробы замацавацца ў Чарнігаве, уцёк у Тмутаракань. Трапіў у палон да хазараў (1079), 4 гады прабыў у Канстанцінопалі і на в-ве Родас. У 1094 заняў Чарнігаў, але вымушаны быў аддаць яго брату Давыду (1096). Паводле рашэння Любецкага з’езда 1097 атрымаў ва ўдзел Ноўгарад-Северскі. Удзельнічаў у Віцячоўскім 1100 і Залотчаўскім 1101 княжацкіх з’ездах, у паходах на полаўцаў (1107 і 1113).

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́НДЗІЧ (Алека) (сапр. Чоліч Мілуцін; 13.4.1896, паводле інш. звестак 12.8.1897, с. Грабавец, Харватыя — 8.7.1920),

адзін з камандзіраў Чырв. Арміі ў грамадз. вайну ў Расіі. Харват. Удзельнік 1-й сусв. вайны (быў у аўстра-венг. арміі), у 1916 трапіў у рас. палон. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну ваяваў на камандных пасадах у кавалерыі (у т. л. памочнік пры камандуючым 1-й Коннай арміяй С.​М.​Будзённым) пераважна на тэр. Украіны. Загінуў у баі каля г. Роўна.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д РАСЦІСЛА́ВІЧ (1140 — 23.4.1197),

князь наўгародскі, таржоцкі, віцебскі, вышгарадскі, смаленскі. Сын кіеўскага кн. Расціслава Мсціславіча. Княжыў у Ноўгарадзе ў 1154—55, Таржку ў 1158—60, Віцебску ў 1165—67. У 1167 вытрымаў аблогу менскага кн. Валадара Глебавіча і захапіў у палон шмат яго дружыннікаў. У 1168 княжыў у Вышгарадзе, у 1180—97 — у Смаленску, ваяваў з Полацкам. У 1180 дапамагаў кн. Глебу Рагвалодавічу абараняць Друцк. У 1195 ва ўладаннях Давыда Расціславіча адбылася бітва кааліцыі чарнігаўскіх князёў і палачан з кааліцыяй смаленскіх князёў.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЕ́НКА (Ілья Кірэевіч) (28.8.1916, в. Сабалёўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1988),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Бранскім, Зах., Бел., 2-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення яфрэйтар К. вызначыўся ў 1945 у баях ва Усх. Прусіі: 23 студз. на чале групы разведчыкаў вызначыў у варожым тыле размяшчэнне агнявых кропак і жывой сілы праціўніка; 29 студз. разведаў шляхі падыходу да нас. пункта Бішафсбург; 8 сак. выявіў рух на шашы варожай пяхоты і аўтамашын, ліквідаваў іх, часткова ўзяў у палон.

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ I (Charles; 19.11.1600, г. Данфермлін, Шатландыя — 30.1.1649),

кароль Англіі [1625—49]. Сын Якава I (раней шатл. кароль Якаў VI). Намагаўся прымірыць англіканцаў з каталіцкай царквой. Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады (у 1629—40 правіў без парламента), што стала адной з гал. прычын рэвалюцыі 1640—53 (у час яе адбылося Ірландскае паўстанне 1641—52). Рознагалоссі К. I з Доўгім парламентам (1640—53) прывялі да грамадз. войнаў 1642—46 і 1647—49, у якіх каралеўская армія пацярпела паражэнне, а К. І узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК IX (Louis) Святы

(25.4. 1214, г. Пуасі, Францыя — 25.8.1270),

кароль Францыі [1226—70]. 3 дынастыі Капетынгаў. Правёў шэраг рэформ па цэнтралізацыі дзярж. улады, заснаваў у Парыжы асобую суд. палату (т.зв. парламент), якая стала вышэйшай у дзяржаве апеляцыйнай інстанцыяй і атрымала важныя адм. функцыі. Пачаў чаканіць паўнавартасную залатую і сярэбраную манеты. У 1248 узначаліў 7-ы крыжовы паход, але ў 1250 трапіў у егіп. палон (вызвалены за вялізны выкуп). У 1259 уступіў Англіі прав. Гіень. Узначаліў 8-ы крыжовы паход (у Туніс), у час якога памёр. Кананізаваны каталіцкай царквой у 1297.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДСКІ БОЙ 1943.

Адбыўся паміж партызанскім атрадам «Камсамол» (камандзір П.​С.​Вараб’ёў) 1-й Мінскай партыз. брыгады і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у в. Ляды Смалявіцкага р-на 28 лют. ў Вял. Айч. вайну. Узяты ў палон нач. каравула лядскага гарнізона згадзіўся правесці партызан у вёску. У ноч на 28 лют. адна група партызан нейтралізавала вартавых і акружыла каравульнае памяшканне, другая бясшумна пранікла ў казарму і авалодала зброяй праціўніка. Праз паўгадзіны супраціўленне ворага было зламана. Партызаны захапілі шмат зброі і боепрыпасаў.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЫ́КА (Іван Васілевіч) (1894, в. Гатава Мінскага р-на — 1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. Скончыў нар. вучылішча. Працаваў на ліцейным заводзе, служыў мараком на Балт. флоце. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Зах. фронце, дзе трапіў у палон да немцаў. У час ням. акупацыі 1918 удзельнічаў у падп. баявой арг-цыі. У час польск. акупацыі са студз. 1920 узначаліў спец. падрыўны партыз. атрад на радзіме, які пусціў пад адхон 3 варожыя эшалоны на ўчастках чыг. Міханавічы—Рудзенск і Замір’е—Пагарэльцы. Загінуў у баі.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)