2 міжнародныя дагаворы ў галіне абароны правоў чалавека, ухваленыя Генеральнай Асамблеяй ААН 16.12.1966.
Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах складаецца з 53 арт., многія з якіх паўтараюць Усеагульную дэкларацыю аб правах чалавека 1948. У дадатак да Дэкларацыі Пакт абвяшчае правы кожнага грамадзяніна прымаць удзел у вядзенні дзярж. спраў: права галасаваць і быць выбраным на выбарах, забеспячэнне свабоднага волевыяўлення выбаршчыкаў, права допуску на ўмовах роўнасці да дзярж. службы. Пакт аб сацыяльных і культурных правах мае 31 арт., з якіх большасць прысвечана нац. і этн. меншасцям. Устанаўляе права на працу і пералічвае меры, якія павінна прымаць дзяржава, каб забяспечыць справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, абвяшчае правы чалавека на сац. забеспячэнне, адукацыю, удзел у прафсаюзах, правы на ахову сям’і, пэўны жыццёвы ўзровень, мед. дапамогу.
Гэтыя дагаворы звязваюць свабоду паводзін дзяржавы ў сферы нац. заканадаўства, аднак не вызначаюць, як дзяржава павінна выконваць свае абавязацельствы па ахове правоў чалавека. Такія з’явы, як генацыд, апартэід, расізм, не ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю дзяржавы і кваліфікуюцца як міжнародныя злачынствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ТЛЕР ((Butler) Нікалас М’юрэй) (2.4.1862, г. Элізабет, ЗША — 7.12.1947),
амерыканскі дзярж. дзеяч, педагог, пацыфіст. Скончыў Калумбійскі каледж. Д-р філасофіі (1884), праф. (1890). У 1902—45 прэзідэнт Калумбійскага каледжа. Быў саветнікам прэзідэнта ЗША Т.Рузвельта. Адстойваў неабходнасць абмежавання ўзбраення і стварэння міжнар. суда. З 1925 прэзідэнт Фонду міжнар. міру. Падтрымаў пакт Келага—Брыяна (1928), які асуджаў вайну як сродак нац. палітыкі. Нобелеўская прэмія міру 1931 (разам з Дж.Адамс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАГА ДАГАВО́РУ (The Central Treaty Organization; СЕНТО),
ваенна-палітычная арганізацыя на Б. і Сярэднім Усходзе ў 1955—79, да сак. 1959 наз.Арг-цыя Дагавору Блізкага Усходу. Дагавор аб яе стварэнні падпісаны ў 1955 у Багдадзе (Багдадскі пакт). Уваходзілі Ірак (выйшаў у 1958), Іран, Пакістан, Турцыя і Вялікабрытанія, у 1959 далучыліся ЗША. Пасля выхаду з СЕНТО Ірана і Пакістана (1979) па ініцыятыве Турцыі арг-цыя спыніла сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВА́ЛЯ—МУСАЛІ́НІ ПАГАДНЕ́ННІ 1935, Рымскі пакт. Падпісаны 7.1.1935 у Рыме міністрам замежных спраў Францыі П.Лавалем і фаш. дыктатарам Італіі Б.Мусаліні. Ініцыіраваны франц. урадам, каб скіраваць экспансію Італіі з Балканаў і бас. Дуная ў бок Афрыкі. Прадугледжвалі ўступку Італіі часткі франц.калан. уладанняў у Афрыцы (114 тыс.км² каля паўд. мяжы Лівіі, каля 800 км² на мяжы Італьян. Эрытрэі, в-аў Думейра), перадачу ёй 20% акцый чыг. Джыбуці—Адыс-Абеба, згоду Францыі на эканам. перавагу Італіі ў Эфіопіі (у сакрэтным парадку і ваен. ўварванне), спыненне Італіяй антыфранц. дзейнасці ў Тунісе і інш. Садзейнічалі падрыхтоўцы італа-эфіопскай вайны 1935—36. Дэнансаваны Італіяй у снеж. 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1925,
міжнародная канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Польшчы, Францыі і Чэхаславакіі, якая адбылася 5—16.10.1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) у развіццё гарантыйных палажэнняў Версальскага мірнага дагавора 1919 і Даўэса плана. На канферэнцыі былі парафіраваны 9 дакументаў, у т. л. Рэйнскі гарантыйны пакт (гл.Дакарнскія дагаворы 1925). У сакрэтным парадку канферэнцыя мела і антысав. накіраванасць (спроба схіліць Германію да канфрантацыі з СССР). Садзейнічала ўзмацненню знешнепаліт. пазіцый Германіі, аслабленых пасля 1-й сусв. вайны.
Кр.: Локарнская конференция 1925 г.: Док. М., 1959.
Літ.:
Климовский Д.С. Германия и Польша в локарнской системе европейских отношений: Из истории зарождения второй мировой войны. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОСЬ БЕРЛІ́Н—РЫМ»,
ваенна-палітычны саюз фашысцкіх Германіі і Італіі, які склаўся ў 1936. Аформлены 25.10.1936 падпісаным у Берліне італагерм. пратаколам аб супрацоўніцтве. Бакі дамовіліся аб размежаванні сфер эканам. экспансіі на Балканах і ў Дунайскім басейне і скаардынавалі свае дзеянні ў вайне супраць Ісп. рэспублікі; Германія афіцыйна прызнала захоп Італіяй Эфіопіі. Збліжэнню абедзвюх фаш. дзяржаў папярэднічалі прыхільная пазіцыя Германіі ў час італьян. агрэсіі супраць Эфіопіі (гл.Італа-эфіопская вайна 1935—36) і сумесная германа-італьян. інтэрвенцыя ў Іспаніі (гл. ў арт.Іспанская рэвалюцыя 1931—39). У выніку пагадненняў «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт» напярэдадні 2-й сусв. вайны аформіўся блок агрэсіўных дзяржаў (гл.«Трохвугольнік Берлін—Рым—Токіо»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939,
тайныя перагаворы паміж Вялікабрытаніяй і фаш. Германіяй у чэрв.—жніўні 1939. Адбываліся ў Лондане і Берліне адначасова з англа-франка-савецкімі перагаворамі (гл.Маскоўскія перагаворы 1939). Ініцыятар — Вялікабрытанія, якая імкнулася перанацэліць герм. агрэсію на У, у т. л. супраць СССР. Англ. прапановы: абедзве краіны заключаць пакт аб ненападзенні, Вялікабрытанія захавае свае калоніі, а Германія будзе пануючай краінай ва Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе і атрымае доступ да рэсурсаў калан. Афрыкі. Вялікабрытанія абяцала адмовіцца ад сваіх гарантый Польшчы і інш.усх.-еўрап. краінам, садзейнічаць ануляванню франка-сав. дагавора пра ўзаемадапамогу (ад 2.5.1935) і гарантый Францыі дзяржавам Паўд.-Усх. Еўропы, спыніць Маскоўскія перагаворы. Герм. бок фактычна адмовіўся абмяркоўваць брыт. прапановы і перагаворы скончыліся безвынікова.
Літ.:
История Второй мировой войны 1939—1945. М., 1974. Т. 2. С. 147—150.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939аб заключэнні дагавора пра ўзаемадапамогу. Адбыліся ў Маскве 12—25.8.1939 паміж ваен. дэлегацыямі
(місіямі) СССР (кіраўнікі дэлегацыі нарком абароны К.Я.Варашылаў і нач. Генштаба РСЧА Б.М.Шапашнікаў),
Вялікабрытаніі (адм. Р.Дракс) і Францыі (ген. Ж.Думенк) ва ўмовах пагрозы развязвання 2-й сусв. вайны нацысцкай Германіяй. Ініцыіраваны сав. урадам пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі (сак. 1939), папярэднія кансультацыі бакоў праходзілі ў крас.—ліп. 1939. Да лета 1939 брыт. ўрад адмаўляўся заключыць прапанаваны Сав. Саюзам Траісты пакт аб узаемадапамозе, гарантаваць у выпадку герм. агрэсіі бяспеку прыбалт. дзяржаў, якія межавалі з СССР, не прымаў інш.сав. праекты; франц. ўрад у асн. пагадзіўся з сав. прапановамі. У чэрв.—жн. Вялікабрытанія адначасова вяла тайныя перагаворы з Германіяй (гл.Лонданскія перагаворы 1939). У канцы ліп. 1939 брыт. і франц. ўрады пагадзіліся на перагаворы ў Маскве сваіх ваен. прадстаўнікоў (прыбылі 11 жн.) для выпрацоўкі канкрэтных захадаў па ўзаемадзеянні ўзбр. сіл бакоў. На перагаворах ключавым было пытанне аб праходжанні сав. войск для ўдзелу ў адбіцці магчымай герм. агрэсіі праз тэр. саюзных Вялікабрытаніі і Францыі Польшчы і Румыніі, бо СССР не меў агульнай мяжы з Германіяй. Брыт. і франц. ўрадам не ўдалося атрымаць згоду польск. і рум. ўрадаў на пропуск сав. войск. 21 жн. Думенк атрымаў радыёграму Э.Даладзье аб прызнанні Францыяй права на праходжанне войск СССР праз Польшчу, аб чым ён 22 жн. паведаміў Варашылаву. Сав. ўрад з-за адсутнасці рэакцыі Вялікабрытаніі і Польшчы палічыў франц. адказ малазначным, 23 жн. прыняў прапанову Германіі і заключыў з ёй дагавор аб ненападзе (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Узаемныя падазронасць і недавер бакоў перагаворнага працэсу завялі М.п. ў тупік (апошняя сустрэча трох дэлегацый адбылася 25 жн.), што ў значнай меры садзейнічала развязванню Германіяй другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Ширер У. Англо-французские переговоры с Советским Союзом летом 1939 г. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р МІЖНАРО́ДНЫ,
пагадненне паміж дзяржавамі або іншымі суб’ектамі міжнар. права, якое вызначае іх узаемныя правы і абавязкі ў паліт., эканам. ці іншых адносінах; асн. крыніца міжнароднага права. Бываюць двухбаковыя і шматбаковыя, міжурадавыя і міжведамасныя. Паводле зместу — паліт. (аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, аб ненападзе, нейтралітэце, і інш.), эканам. (гандл., аб аказанні эканам. і тэхн. дапамогі, аб пазыках, крэдытах і да т.п.) і дагаворы па спец. пытаннях (у галіне сувязі, транспарту, аховы здароўя, адукацыі, навукі і культуры, прававой дапамогі і інш.). Найменні і формы дагавора міжнароднага разнастайныя: дагавор, пагадненне, канвенцыя, пакт, пратакол, статут і інш. Заключаецца на пэўны тэрмін або бестэрмінова. Калі пасля сканчэння тэрміну дагавор па згодзе бакоў не прадоўжаны, ён спыняецца. Спыненне дагавора міжнароднага можа адбыцца і да сканчэння тэрміну — па згодзе бакоў, шляхам дэнансацыі і, як выключэнне — шляхам аднабаковага анулявання ў выпадку істотнага парушэння дагавора міжнароднага другім бокам ці карэннай змены становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МАЛА́Я,
палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац.пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.