ТАНТА́Л,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Фрыгіі ці Лідыі, вядомы сваім багаццем. Угнявіў алімп. багоў тым, што выдаваў іх тайны і, каб праверыць іх усёведанне, пачаставаў іх мясам свайго сына Пелопса, якога сам і забіў. За свае злачынствы Т. пакараны ў падземным царстве вечнымі пакутамі: стоячы па горла ў вадзе, ён не можа напіцца і сарваць плады з блізкіх галін дрэў. Выраз «танталавы пакуты» азначае пакуты ад усведамлення блізкасці недасягальнай мэты. Міф пра Т. апрацаваны Сафоклам.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́НТЫЯ ТО́ПІ (сапр. Рамчандра Пандуранг; каля 1814—18.4.1859),

адзін з кіраўнікоў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. Паплечнік і военачальнік Нана Сахіба — князя, правы якога як вярх. правіцеля маратхаў (гл. Маратхскія княствы) англічане не прызнавалі. Калі вясной 1857 Нана Сахіб далучыўся да антыбрыт. паўстання, Т.Т. ўзначаліў абарону г. Канпур. Пасля падзення ў ліп. 1857 Канпура ён сумесна з Лакшмі-Баі і інш. кіраўнікамі разгарнуў супраць англічан партыз. вайну. Восенню 1858 спрабаваў прарвацца ў Дэкан, але выдадзены здраднікам і пакараны смерцю.

т. 15, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙДА,

герой укр. і бел. нар. песень-балад. Увасабляе ўяўленне народа пра мужнасць, адданасць радзіме, рыцарскую годнасць. За адмаўленне ажаніцца з турэцкай царэўнай павешаны за рабро на гак. Помсцячы за ганебнае для рыцара пакаранне, Байда забівае турэцкага цара, царыцу і царэўну.

Прататыпам Байды некаторыя даследчыкі лічаць чаркаскага і канеўскага старосту Дз.​Вішнявецкага, які ў час вайны з туркамі трапіў у палон і быў такім чынам пакараны смерцю. Бел. варыянт балады пра Байду вядомы па кн. А.​Рыпінскага «Беларусь» (Парыж, 1840).

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XVI (Louis; 23.8.1754, г. Версаль, Францыя —21.1.1793),

кароль Францыі [1774—92]. З дынастыі Бурбонаў. Унук Людовіка XV [1715—74]. Правіў ва ўмовах вострага эканам. і сац.-паліт. крызісу. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 вымушана супрацоўнічаў з Устаноўчым сходам і Заканадаўчым сходам. У 1791 няўдала спрабаваў уцячы за мяжу. Скінуты з прастола ў выніку нар. паўстання 10.8.1792. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе (тайныя зносіны з урадамі краін антыфранц. кааліцыі, выдача ім ваен. планаў Францыі ў 1792) і паводле прыгавору суда Канвента пакараны смерцю (гільяцінаваны).

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Я ЦЮ́ДАР (Mary Tudor), Марыя I (18.2.1516, Лондан — 17.11.1558),

англійская каралева [1553—58], Дачка Генрыха VIII (гл. Генрых, англ. каралі) і Кацярыны Арагонскай. На прастоле пасля смерці Эдуарда VI. Аднавіла каталіцызм (1554), жорстка праследавала прыхільнікаў Рэфармацыі, шмат якія з іх былі пакараны смерцю (адсюль яе мянушка Марыя Крывавая). Зблізілася з папствам і каталіцкай Іспаніяй. З 1554 жонка наследніка ісп. прастола Філіпа (з 1556 кароль Філіп II). У саюзе з Іспаніяй вяла вайну супраць Францыі (1557—59), якая скончылася стратай Англіяй апошняга порта на кантыненце — Кале.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЦЫ́С, Наркіс,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі юнак-прыгажун, сын беатыйскага рачнога бога Кефіса і німфы Лірыёпы. Паводле пашыранага міфа, Н. не прыняў кахання німфы Эха, за што быў пакараны Афрадытай: закахаўся ва ўласнае адлюстраванне ў вадзе і памёр ад непадзеленага кахання. Ператвораны багамі ў аднайм. кветку. Вобраз Н. ўвасоблены ў скульптурах Паліклета Старэйшага і Б.Чэліні, карцінах Я.Тынтарэта і М.Караваджа, п’есах П.Кальдэрона дэ ла Баркі і Ж.Ж.Русо, операх Д.Скарлаці, К.В.Глюка і Ж.Маснэ, інш. творах мастацтва і л-ры. У пераносным сэнсе Н. — самаўлюбёны чалавек.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КУШАЎ Леанід Нічыпаравіч (2.4.1916, в. Ракушава Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 1944),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыятычнага падполля на Магілёўшчыне ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Краснадарскае артыл.мінамётнае вучылішча (1937). P 1934 у Чырв. Арміі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Магілёва, паранены трапіў у палон, уцёк, на радзіме ў кастр. 1941 стварыў падп. групу. P студз. 1942 адзін з кіраўнікоў Круглянскага патрыятычнага падполля. 26.12.1943 арыштаваны гітлераўцамі і пасля катаванняў пакараны смерцю.

Л.​В.​Аржаева.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́ЭНСЕ (Struensee) Іаган Фрэдэрык (5.8.1737, г. Гале, Германія — 28.4.1772),

дацкі дзярж. дзеяч. Граф (з 1771). З 1768 урач, фактычны дарадца псіхічна хворага дацкага караля Крысціяна VII. Пасля адстаўкі ў 1770 міністра замежных спраў Даніі сканцэнтраваў у сваіх руках дзярж. ўладу. У 1771 тайны кабінет-міністр. Правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму (роўнасць усіх перад судом, верацярпімасць, свабода друку, скасаваны катаванні і цялесныя пакаранні і інш.). У ноч на 17.1.1772 у выніку палацавага перавароту арыштаваны. Пакараны смерцю, а яго рэформы скасаваны.

т. 15, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАН ЯН (390—338 да н.э.),

старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў легісцкай школы (фацзя). З 361 да н.э. служыў саветнікам цыньскага правіцеля Сяо Гуна. У 359—348 да н.э. правёў рэформы, паводле якіх умацавана цэнтр. ўлада, узаконена права прыватнай уласнасці на зямлю, уведзена сістэма кругавой парукі ў вёсках, арыстакратыя пазбаўлена права атрымліваць у спадчыну адм. пасады і ўладанні. Рэформы выклікалі незадаволенасць арыстакратыі і Ш.Я. пакараны смерцю. Пасля аб’яднання Кітая царствам Цынь (221 да н.э.) пераўтварэнні Ш.Я. былі пашыраны на ўсю дзяржаву.

т. 17, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ, Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155),

італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай у выніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)