наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 8—24 лют.; частка стратэг. наступлення сав. войск у Еўропе ў студз.—сак. 1945 у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана ў ходзе завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Мела на мэце: разгром процістаячай групоўкі праціўніка, выхад на рубеж р. Нейсе і захоп зручнага плацдарма для далейшага наступлення. У паласе наступлення абараняліся ням. 4-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.палк. Ф.Шорнер), корпус 9-й арм. групы армій «Вісла». Гал. ўдар сав. войскі наносілі з двух плацдармаў на Одэры — на Пн і на Пд ад Брэслаў (Вроцлаў). З левага фланга наносіўся трэці ўдар з плацдарма на ПдЗ ад Опельна (Аполе). У першы дзень наступлення 8 лют.сав. войскі прарвалі абарону праціўніка ў цэнтры і на правым флангу; на левым флангу дзейнічалі менш паспяхова і 10 лют. перайшлі да абароны. Гал. сілы разграмілі падыходзячыя рэзервы праціўніка і да 15 лют. паглыбіліся ў яго абарону на 60—100 км, занялі шэраг гарадоў Ніжняй Сілезіі, акружылі буйныя ням. гарнізоны, якія пазней былі ліквідаваны. Да 24 лют. войскі фронту выйшлі на р. Нейсе на адну лінію з войскамі 1-га Бел. фронту і занялі выгаднае аператыўна-стратэг. становішча для далейшага наступлення на Берлінскім напрамку. Верхнесілезская (Опельнская) групоўка ням.-фаш. войск, што супрацьстаяла фронту, ліквідавана ў ходзе Верхнесілезскай аперацыі 1945.
аб’яднанне гурткоў «Народнай волі» Беларусі і Літвы ў 1881—84. Створана па ініцыятыве выканкома «Народнай волі» пад кіраўніцтвам Віленскай цэнтр. групы. У сферу дзейнасці арг-цыі паводле «Статута Віленскай цэнтральнай групы» ўвайшлі Віленская, Віцебская, Гродзенская, Ковенская, Магілёўская і Мінская губ. Ставілася мэта «пашырыць рэвалюцыйную арганізацыю на свой раён і давесці яе да такой ступені сілы, каб у момант перавароту гэтая мясцовасць пайшла за партыяй». У арг-цыю ўвайшлі нарадавольскія гурткі Вільні, Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Рагачова, Оршы, Беластока і інш. гарадоў краю. Былі арганізаваны новыя рабочыя гурткі, у Мінску і Магілёве наладжаны выраб фальшывых дакументаў, у Віцебску створана вял.б-ка нелегальнай л-ры, падрыхтавана да работы падп. друкарня. Наладжаны кантакты з замежным цэнтрам, ваен. арг-цыяй «Народнай волі», Польска-літоўскай сац.-рэв. партыяй, партыяй «Пралетарыят». Пасля арышту ў ліп. 1882 амаль усяго складу выканкома «Народнай волі» адносіны арг-цыі з цэнтрам былі разбураны. На гэтым этапе сярод нарадавольцаў краю стала папулярнай ідэя фарміравання груповак па нац. прыкмеце. Да сярэдзіны 1883 уплыў Віленскай цэнтр. групы і міжгуртковыя сувязі аслабелі. Кансалідуючай сілай выступала «Маладая партыя Народнай волі» (апазіцыйная плынь), члены якой лічылі неабходным засяродзіцца на прапагандзе сярод рабочых, адстойвалі прынцып федэрацыі і большай аўтаномнасці мясц. груп. Вясной 1884 па краі пракацілася хваля рэпрэсій, сувязі паміж гурткамі перапыніліся, паступова аб’яднанне нарадавольцаў краю перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Я́НКА КУПА́ЛА»,
першая на Беларусі аднатомная персанальная энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена ў 1986 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Асвятляе асн. перыяды жыцця і творчасці Я.Купалы. Ва ўступным нарысе раскрываецца духоўны і творчы воблік паэта, сац.-гіст. ўмовы станаўлення яго таленту. У арт. пра творы паэта апрача іх зместу, тэматычнай і сюжэтнай накіраванасці, аналізу выяўл. сродкаў, даецца інфармацыя пра першую іх публікацыю, пераклады. Частку матэрыялаў складаюць артыкулы пра творчасць Я.Купалы — лірыку, драматургію, публіцыстыку, крытыку і інш. паасобныя жанры, вобразы, найб. пашыраныя ў яго паэзіі, творчы метад паэта, грамадска-паліт., гіст., філас., эстэт. погляды, сувязь Я.Купалы з л-рамі інш. народаў, літ.-знаўчыя тэрміны, звязаныя з творчасцю паэта. Уключаны артыкулы пра мясціны, дзе ён жыў, працаваў, вучыўся, пабываў; пра перыяд. выданні, якія друкавалі яго творы або матэрыялы пра яго; пра мастакоў, скульптараў, кампазітараў, артыстаў, дзярж. і грамадскіх дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, крытыкаў, літ.-знаўцаў, якія ў сваёй творчасці звярталіся да вобраза паэта, яго твораў або з якімі ён быў асабіста знаёмы; пра сваякоў і знаёмых Я.Купалы. У выданні апублікавана шмат новых ці мала вядомых чытачу дакументаў і матэрыялаў пра жыццёвы і творчы шлях Я.Купалы, факсіміле рукапісаў яго твораў, шмат ілюстрацый, фотаздымкаў і інш. У кнізе змешчаны кароткі летапіс жыцця і творчасці Я.Купалы, бібліяграфія з галіны купалазнаўства, імянны паказальнік і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс.чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБІ́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1959 Выклікана незадаволенасцю кубінцаў дыктатурай прэзідэнта ген. Ф.Батыстыі-Сальдывара, які забараніў амаль усе паліт. партыі, у знешняй палітыцы арыентаваўся на ЗША, а таксама засіллем іншаземцаў (пераважна грамадзян ЗША, якім на Кубе належала большасць прадпрыемстваў і аб’ектаў турызму). Падрыхтавана дзейнасцю Ф.Кастра Рус і інш. З мэтай узняць нар. паўстанне і скінуць Батысту 26.7.1953 група радыкальна настроеных апазіцыянераў на чале з Кастра (165 чал.) арганізавала штурм вайск. казарм Манкада (г. Сант’яга-дэ-Куба), аднак пацярпела паражэнне; Кастра і яго паплечнікі былі зняволены. Пасля амністыі Кастра ў 1955 эмігрыраваў у Мексіку, дзе заснаваў «Рух 26 ліпеня» і разам з братам Раулем і аргенцінцам Э.Геварам дэ ла Сернам стварыў узбр. групу. 2.12.1956 гэтая група высадзілася з яхты «Гранма» на У Кубы і з боем прарвалася ў горы Сьера-Маэстра, дзе пачалося фарміраванне паўстанцкай арміі, 13.3.1957 узбр. атрад студэнтаў намагаўся захапіць прэзідэнцкі палац у Гаване. У кастр. 1958 створаны «Аб’яднаны нацыянальны рабочы фронт», у ліст. паўстанцкая армія спусцілася з гор і пачала рух на сталіцу. 1.1.1959 яна заняла гарады Санта-Клара і Сант’яга. Батыста пакінуў краіну. 2.1.1959 паўстанцы ўступілі ў сталіцу. Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканад. улады (замест распушчанага парламента), прыпынена дзейнасць канстытуцыі 1940. 16.2.1959 створаны ўрад на чале з Кастра, які пачаў агр. рэформу, нацыяналізацыю замежнай маёмасці і інш. пераўтварэнні.
Літ.:
Зуйков Г.Н. Социально-экономические предпосылки Кубинской революции. М., 1980;
Гриневич Э.А. Куба: путь к победе революции. М., 1975;
Монтанер К.А. Накануне краха: Фидель Кастро и Кубинская революция: Пер. с исп. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1974,
«рэвалюцыя гваздзікоў», ваенны пераварот, які заклаў асновы для стварэння сучаснага грамадска-паліт. ладу Партугаліі. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва сац.-эканам. і паліт. наступствамі дыктатуры А.Салазара (прэм’ер-міністр да 1968), якія не пераадолеў і ўрад яго пераемніка М.Каэтану: 20—30% гадавая інфляцыя, беднасць, агр. перанаселенасць, непісьменнасць каля 40% дарослых, выдаткаванне 40—50% дзярж. бюджэту на ўзбр. сілы і калан. войны ў Афрыцы—Анголе (з 1961), Гвінеі-Бісау (з 1963) і Мазамбіку (з 1964), самавольства ўлад, цэнзура і інш.Падрыхтавана Рухам капітанаў (з сак. 1974 Рух узброеных сіл; РУС). 25.4.1974 часці РУС занялі гарады Порту і Лісабон. У цэнтры Лісабона яны акружылі казармы Нац. гвардыі, дзе схаваліся Каэтану і яго міністры. У канцы дня яны здаліся і перадалі ўладу ген. А. ды Спіналу (з 15 мая прэзідэнт Партугаліі), які ўзначаліў Ваен. савет (7 чал.) і Савет нац. выратавання (СНВ). 25—26 крас. супраціўляліся толькі работнікі службы бяспекі. У першыя дні рэвалюцыі амнісціраваны паліт. вязні, ліквідаваны паліцэйскія органы ранейшай улады. У ходзе паліт. барацьбы, у т. л. няўдалых путчаў прыхільнікаў Спіналы, прэзідэнтам краіны 30 вер. стаў ген. Ф. да Кошта Гомеш. З мая 1974 да вер. 1975 змяніліся 6 часовых урадаў; у лют. 1975 абвешчана, што Партугалія зрабіла «сацыяліст. выбар», былі нацыяналізаваны банкі, палавіна прам-сці. На дэмакр. выбарах ва Устаноўчы сход 25.4.1975 перамаглі Партуг.сацыяліст. партыя і Нар.-дэмакр. партыя, у ліп. праведзена агр. рэформа. З ліп. 1974 Партугалія спыніла і сваю калан. палітыку ў Афрыцы.
Літ.:
Цоппи В.А. Португальская революция: пути и пробл. М., 1979;
Суханов В.И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЎНЫ ЗБОР РУ́СКІХ ЛЕ́ТАПІСАЎ»
(«Полное собрание русских летописей», ПСРЛ),
шматтомнае выданне помнікаў летапісання ўсх. славян. Выдаваўся з 1841 Археаграфічнай камісіяй у Пецярбургу, з 1922 АНСССР. Да 1921 выдадзена 24 т., усяго выйшла 38 тамоў. Тэксты публікуюцца на мове арыгінала; змяшчаюцца не толькі асобныя летапісныя помнікі, але і іх рэдакцыі з розначытаннямі па інш. спісах і з палеаграфічна-тэксталагічным каментарыем. Беларускія і бел.-літ. летапісы і хронікі змешчаны ў 17-м (1907), 32-м (1975) і 35-м (1980) тамах. У 17-м т. апубл. летапісныя помнікі паводле 20 спісаў, у т. л.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвала Вітаўту», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніка Быхаўца, змешчаны і інш.гіст.-літ. матэрыялы, звязаныя з гэтымі творамі сваім паходжаннем. У 32-м т. змешчаны Хроніка Быхаўца і творы, якія раней не друкаваліся ў гэтым выданні: «Хроніка літоўская і жамойцкая», Баркулабаўскі летапіс і Віцебскі летапіс. У 35-м т. надрукаваны агульнадзярж. бел.-літ. летапісы і хронікі 15—16 ст. паводле 12 спісаў, Валынскі кароткі летапіс, упершыню ўведзена ў шырокі навук. ўжытак Магілёўская хроніка. У 38-м т. (1989) упершыню ў гэтай серыі надрукаваны Радзівілаўскі летапіс. У некат. інш. тамах змешчаны помнікі стараж.-рус. летапісання, якія непасрэдна датычаць гісторыі бел. народа: Аўрамкі летапіс (т. 16, 1889), Іпацьеўскі летапіс (т. 2, 1962), Лаўрэнцьеўскі летапіс (т. 1, 1962) і інш. На аснове матэрыялаў, змешчаных у розных тамах ПСРЛ, падрыхтавана асобнае выданне летапісных помнікаў у перакладзе на сучасную бел. мову — «Беларускія летапісы і хронікі» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
стадыя станаўлення матэрыяльнай асновы індустр. вытв-сці, на якой адбылася замена мануфактуры фабрыкай; характарызуецца выкарыстаннем машын. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. ў выніку прамысл. перавароту.
У прам-сці Беларусі першыя машыны (паравыя рухавікі) з’явіліся на суконных прадпрыемствах у мястэчках Хомск Кобрынскага і Косава Слонімскага паветаў. У 1840-я г. яны выкарыстоўваліся ўжо ў суконнай, вінакурнай, мукамольнай і цукр. вытв-сцях. З канца 1850-х г. на Беларусі пачаўся тэхн. пераварот, які ў адрозненне ад Зах. Еўропы і рас. губерняў ажыццяўляўся не ў лёгкай, а ў жалезаапрацоўчай і вінакурнай прам-сці. Напр., у металургіі крычны спосаб атрымання жалеза заменены пудлінгавым (у домнах). Пудлінгавыя печы ўзведзены на Старынкаўскім чыгуналіцейным і Барысаўшчынскім металургічным з-дах (на іх вырабляліся паравыя машыны), на Налібоцкім металургічным камбінаце. Прамысл. рэвалюцыя адбывалася і ў інш. галінах (харч., дрэваапр., хімічнай). Завяршылася яна ў канцы 1890-х г.; аб’ём фабрычнай прадукцыі да гэтага часу павялічыўся ў 37 разоў.
З моманту ўзнікнення М.в. прайшла шэраг этапаў развіцця. Напр., у 2-й пал. 19 ст. ў прам-сці пачаўся пераход ад пары да электрычнасці, што прывяло да павышэння ўзроўню механізацыі, карэнных змен М.в. ў традыц. галінах (апрацоўчая прам-сць) і яе развіцця ў галінах з бесперапыннымі тэхнал. працэсамі (металургія, хімія). Новая ступень у развіцці М.в. звязана з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, якая ў сваю чаргу была падрыхтавана якаснымі зменамі ў самой М.в. (выкарыстанне новых прылад працы, машын-аўтаматаў, пераход да 4-звеннай сістэмы машын). Гал. кірункам навук.-тэхн. прагрэсу і павышэння прадукцыйнасці працы сучаснай М.в. з’яўляецца выкарыстанне аўтаматычных ліній і вытв-сцей, ЭВМ, камп’ютэраў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Гл. таксама Аўтаматызацыя, Аўтаматызацыя вытворчасці, Матэрыяльна-тэхнічная база.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ (СБМ),
маладзёжная арг-цыя на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі і ў Германіі ў Вял.Айч. вайну. Створаны 22.6.1943 па ініцыятыве герм. улад на ўзор саюза гітлераўскай моладзі (Гітлер-югенд) паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Дзейнічаў пад кантролем аддзела моладзі Ген. камісарыята Беларусь і спецслужбаў. Вышэйшы орган СБМ — Кіруючы штаб на чале з М.Ганько (мужчыны) і Н.Абрамавай (жанчыны). Штаб знаходзіўся ў Мінску, з ліп. 1944 — у Берліне; падпарадкоўваўся Бел.цэнтр. радзе. Друкаваныя органы: час.«Жыве Беларусь!», газ. «Юнацкі покліч». Гал. мэтай саюза была падрыхтоўка новай генерацыі беларусаў у духу герм. нацыянал-сацыялізму. СБМ павінен быў аб’ядноўваць бел. моладзь ва ўзросце 10—20 гадоў, яго дзейнасць будавалася на жорсткім прынцыпе фюрэрства. За чэрв. 1943 — ліп. 1944 на акупіраванай тэр. Беларусі падрыхтавана каля 1500 функцыянераў малодшага, сярэдняга і вышэйшага звяна СБМ. На 1.7.1944 адзінкі СБМ былі створаны ў 16 акругах і больш як 60 паветах, у іх налічвалася больш за 12,6 тыс.чал., з якіх 3,5 тыс. былі аб’яднаны ў рабочую групу СБМ «Германія» і працавалі на ваен. прадпрыемствах Трэцяга рэйха. Члены саюза прыцягваліся да ваен.-буд. і гасп. работ на акупіраванай тэр. Беларусі. Пад уплывам перамог Чырв. Арміі, прапагандысцкай і арганізац. дзейнасці сав. падполля многія радавыя члены і некат. кіраўнікі СБМ пераходзілі на бок партызан. Частка актыўных членаў (каля 3 тыс.чал.) пакінула Беларусь разам з адступаючай герм. арміяй. Дзейнасць СБМ працягвалася да вясны 1945 на тэр. Германіі. За ўдзел у СБМ пасля вайны судзілі як за здраду Радзіме, садзейнічанне акупантам і інш.
Літ.:
Каваленя А.А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі, 1941—1944: Вытокі. Структура. Дзейнасць. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ ТЭА́ТР РАДЗІВІ́ЛА,
прыдворная тэатр. трупа кн. Г.Ф.Радзівіла ў г. Слуцк Мінскай вобл. ў 1751—60. У т-ры ставіліся оперы (на італьян. і ням. мовах), балеты і драм. спектаклі. Балетная трупа падрыхтавана ў Слуцкай балетнай школе. Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі (пераважна немцы, чэхі, аўстрыйцы). У драм. спектаклях прымалі ўдзел таксама кадэты, педагогі і музыканты кадэцкага корпуса (у 1752 капельмайстар Ф.Вітман выступіў у ролі «багацея», у 1753 «шпрахмістар» Вебер — у ролі Візіра), прафес. акцёры (Мараўскі, Ажэльскі) і інш. Рэгулярнай з’явай былі пастаноўкі «нямецкіх» камедый. У масавых сцэнах удзельнічалі салдаты гарнізона (у параднай форме, са зброяй яны служылі «ўпрыгожаннем» залы, стоячы навыцяжку каля ложаў у час спектакляў). Спецыяльна для т-ра былі напісаны драмы на ням. мове, сцэнарый якіх прадугледжваў выхад на сцэну групы салдат (штурм крэпасцей, фехтаванне, баталіі, сцэны пакарання смерцю і інш.). Адбываліся паказы т-ра ценяў і марыянетак, якія спалучаліся з паказамі камедый дэль артэ і «турэцкіх камедый».
Драўляны будынак т-ра (паводле інвентара 1765) размяшчаўся на тэр. Старога горада. На гал. яго фасадзе мелася галерэя з размаляванай балюстрадай. Сцены глядзельнай залы былі аздоблены люстэркамі, лавы партэра, абапал якога размяшчаліся ложы, абцягнутыя чырвоным і блакітным сукном, столь была абабітая палатном і размаляваная. Асвятлялі залу 9 шкляных люстраў. Ад партала ўглыб сцэны (паралельна рампе) было замацавана (на рухомых рамах) 36 намаляваных на палатне кулісных перасоўных дэкарацый. У закуліснай частцы меліся 2 артыстычныя пакоі. З боку вуліцы т-р фланкіравалі 2 жылыя флігелі для акцёраў. Будынкі т-раў не зберагліся.
Літ.:
Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1;
Яго ж. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.