змена спадчынных уласцівасцей клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генет. матэрыялам у пракарыётаў. Натуральная Т. адкрыта і вывучана ў бактэрый (напр., Т. непатагенных бактэрый у патагенныя), але магчыма і ў клетках вышэйшых арганізмаў. Кампетэнтныя клеткі, здольныя ўключаць чужародную ДНК, сінтэзуюць асобны бялок. Пасля пранікнення ў клетку фрагмента ДНК донара адна з яе нітак распадаецца, а другая ўключаецца ў храмасому рэцыпіента за кошт рэкамбінацыі з гамалагічным участкам. Т. выкарыстоўваецца для генет. аналізу бактэрый, у якіх невядомыя інш. формы абмену генет. матэрыялам (кан’югацыі, трансдукцыі) і эксперыментах па генет. інжынерыі. Адкрыццё і вывучэнне Т. з’явіліся доказам таго, што ДНК — матэрыяльны носьбіт спадчыннасці.
Літ.:
Прозоров АА Генетическая трансформация и трансфекция. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУРА́Н»,
савецкі крылаты арбітальны карабель шматразовага выкарыстання. Адзіны беспілотны палёт з пасадкай у аўтаматычным рэжыме здзейснены 15.11.1988. Прызначаны для вывядзення на арбіту складаных касм. аб’ектаў і іх абслугоўвання, дастаўкі на Зямлю прадукцыі касм. вытв-сцяў і выканання грузапасажырскіх перавозак па маршруце Зямля — космас — Зямля.
Сканструяваны па самалётнай схеме тыпу «бясхвостка» з нізкаразмешчаным крылом падвойнай стрэлападобнасці. У насавым адсеку знаходзіцца герметычная кабіна для экіпажа (2—4 чал.) і пасажыраў (да 6 чал.), агрэгаты дыстанцыйнага кіравання і паліўныя бакі. Агульная стартавая маса да 105 т, даўж. 36,4 м, выш. 16,5 м, размах крыла каля 24 м, грузападымальнасць да 30 т. Старт карабля выконваецца з дапамогай ракеты-носьбіта «Энергія», спуск і пасадка — па «самалётным» рэжыме. Гл.«Спэйс Шатл».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,
сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя змены фіз. уласцівасцяў (каэф. адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл.Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВО́ДУ-ВЫ́ВАДУ ПРЫЛА́ДЫў ЭВМ,
клас тэхн. сродкаў для ўводу даных у ЭВМ, а таксама для іх вываду з ЭВМ у зручнай для карыстальніка форме.
Прылады ўводу інфармацыі: клавіятура з літарна-лічбавымі, функцыянальнымі, службовымі, прэфікснымі і інш. клавішамі, каардынатныя (маніпулятарныя) прылады тыпу «мыш», «джойсцік», «трэкбол», «светлавое пяро» і інш., графічныя планшэты, дыгітайзеры, інтэлектуальныя дошкі (выконваюць функцыі класнай дошкі, паверхня якой уяўляе сабой рэзістыўную матрыцу), сенсарныя экраны (па дотыку пальца, алоўка ці інш. да пэўнага пункта экрана ажыццяўляецца выбар элемента даных, пункта меню, каманды і інш.), сканеры, прылады магн., эл., аптычнага счытвання інфармацыі, маўленчага (галасавога) уводу і інш.Прылады вываду інфармацыі: на цвёрды носьбіт (напр., графапабудавальнікі, прынтэры), візуальнага адлюстравання (дысплеі, маніторы з электронна-прамянёвымі, вадкакрышталічнымі і інш. экранамі), праектары, сінтэзатары вуснай мовы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],
нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10−10с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).
Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ+, Σ°, Σ−), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ВАў мовазнаўстве, частка слова, носьбіт яго лексічнага значэння. У склад асновы ўваходзяць корань і афіксы словаўтварэння («сад — пера-сад-к-а — сад-ов-ы»). Адрозніваюць 2 тыпы асновы: невытворную (простую), фармальна роўную кораню («горад», «кніг-а»), і вытворную (складаную), у якой ёсць корань і афіксы словаўтварэння («стал-іц-а», «за-столь-н-ы»).
Асновы лічыцца вытворнай, калі існуе простая з тым самым коранем («стал-ов-ы — стол») ці складаная з інш. афіксацыяй («ёл-к-а — ель-нік — ял-ов-ы»). Суадносная складаная аснова наз. звязанай. Страта сувязі з простай або звязанай асновай вядзе да апрошчання («заўтра» з «за-утра», «рубель» з «руб-ель»). У вытворнай аснове выдзяляюць утваральную. Простая ўтваральная аснова з’яўляецца першаснай, утвораная ад першаснай — другасная, наступная — аснова трэцяй ступені і гэтак далей («дарог-а — дарожн-ы — падарожн-ы — падарожніча-ць — спадарожнічаць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЮ АКСІ́Д, гліназём,
хімічнае злучэнне алюмінію з кіслародам, Al2O3. Існуе ў крышт. мадыфікацыях, з якіх устойлівыя α-форма (tпл 2053 °C) і γ-форма (вышэй за 900 °C неабарачальна ператвараецца ў α-форму), і ў аморфным стане (гл.Алюмагель). У прыродзе α-Al2O3 — мінерал карунд і яго афарбаваныя разнавіднасці рубін, сапфір і інш. У вадзе нерастваральны, амфатэрны. α-форма хімічна больш актыўная, гіграскапічная. Атрымліваюць: α-Al2O3 перапрацоўкай баксітаў, штучны карунд (алунд) плаўкай баксітаў з вугалем, монакрышталі зоннай плаўкай; γ-Al2O3 награваннем гідраксіду ці соляў алюмінію да 600—900 °C. Выкарыстоўваюць: α-Al2O3 у вытв-сці алюмінію; алунд у эл.-тэхн. кераміцы, вогнетрывалых матэрыялах для металургічных і эл. печаў; карунд — абразіўны матэрыял; монакрышталі — рабочыя целы для лазераў, апорныя камяні дакладных і гадзіннікавых механізмаў, ювелірныя камяні; ніткападобныя крышталі — для арміравання металаў (Al, Ag); γ-Al2O3 — адсарбент у храматаграфіі, каталізатар, носьбіт каталізатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАНЬслова,
галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАКАПІ́РАВАННЕ,
атрыманне копій дакументаў на тэрмаадчувальных матэрыялах, якія пад уздзеяннем цяпла (інфрачырвонага выпрамянення) мяняюць свой стан. Копіі вырабляюць у тэрмакапіравальных апаратах з графічных і тэкставых арыгіналаў, выкананых тушшу, чорным алоўкам, надрукаваных на пішучай машынцы або друкарскім спосабам.
Пры прамым Т. светлыя ўчасткі арыгінала (прабелы) адбіваюць большую частку інфрачырвоных прамянёў, якімі абпраменьваецца арыгінал, а цёмныя ўчасткі (элементы відарыса) паглынаюць прамяні і награваюцца. Цяпло нагрэтых элементаў выклікае ў прыкладзенай да арыгінала тэрмаадчувальнай паперы хім. рэакцыю, у выніку якой папера цямнее ў месцах, адпаведных відарысу (утвараецца кантрастнае цёмнае рэчыва). Пры ўскосным Т. адчувальны слой тэрмапластычнай плёнкі (ці тэрмакапіравальнай паперы) пад уздзеяннем цяпла расплаўляецца і пераносіцца на носьбіт копіі. Т. вызначаецца хуткасцю (працягласць капіравання каля 5 с) і прастатой працэсу; недахопы — недастатковыя выразнасць і працягласць захоўвання копій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕПІ́СКАП (грэч. epickopos літар. наглядальнік),
1) вышэйшы духоўны сан у праваслаўнай, каталіцкай, англіканскай і стараж.-ўсх. цэрквах. Кіраўнік царк.-адм.тэр. адзінкі — епархіі ці яго памочнік (вікарый у праваслаўі, суфраган у каталіцызме). Е. — кіраўнікі вялікіх епархій ці акругоў акруг* з некалькіх епархій могуць мець ганаровыя тытулы: архіепіскап, мітрапаліт, экзарх, патрыярх і інш. Паводле царк. дагматыкі Е. — носьбіт таінства свяшчэнства, толькі ён можа выконваць хіратонію (пасвячэнне) дыяканаў і святароў. Палажэнне аб Е. вызначаецца ў кожнай царкве адпаведнымі канонамі. Е. мае спец. знакі епіскапскай годнасці і асаблівае адзенне. У яго тытул звычайна ўваходзіць назва горада, дзе знаходзіцца кафедра. Пасвячаюць у Е. пажыццёва, пазбаўляюць сану ў выключных выпадках. У шэрагу пратэстанцкіх аб’яднанняў, напр. лютэранстве, пяцідзесятнікаў і інш., некаторыя вышэйшыя асобы таксама наз. Е., але ў іх гэта пасада не мае сакральнага сэнсу.
2) У Стараж. Грэцыі паліт. агент, якога Афіны пасылалі ў саюзныя дзяржавы для нагляду за выкананнем імі саюзных дагавораў.