ПАЖА́Р,

некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.

Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.

Літ.:

Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;

Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ. М., 1990.

М.​В.​Гарахавік, С.​А.​Лосік, А.​В.​Урублеўскі.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джон Бойнтан) (13.9.1894, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.8.1984),

англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т. Дэбютаваў як эсэіст і крытык (кнігі «Постаці сучаснай літаратуры», 1924; «Англійскія камічныя характары», 1925, і інш.). Вядомасць прынёс раман «Добрыя сябры» (1929) аб прыгодах вандроўнай трупы. Аўтар сац.-псіхал. («Вуліца Анёла», 1930; «Яны бадзяюцца па горадзе», 1936) і антыфаш. («Зацямненне ў Грэтлі», 1942) раманаў. У раманах «Трое ў новых касцюмах» (1945), «Чараўнікі» (1954), «Сэр Майкл і сэр Джордж» (1964), дылогіі «Стваральнікі вобразаў» (1968) і «Лонданскі тупік» (1969) пасляваен. рэчаіснасць. У п’есах «Ракітавы гай» (1933), «Час і сям’я Конвей» (1937), «Містэр Кетл і місіс Мун» (1955), «Шкляная клетка» (1958) і інш. маральна-філас. праблемы. Драмы пабудаваны на парадоксе, насычаны гумарам і сатырай. Як празаік зазнаў уплыў Ч.​Дзікенса, як драматург — А.​Чэхава. Аўтар аўтабіягр. кн. «За высокай сцяной» (1982), апавяданняў, кінасцэнарыяў, тэле- і радыёп’ес, літ.-крытычных прац, у т. л. «Англійскі гумар» (1976). На бел. сцэне паводле п’ес П. пастаўлены спектаклі «Небяспечны паварот» (1940, Дзярж. рус. драм. т-р), «Ён прыйшоў» (1946, Бел. т-р імя Я.​Купалы).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1987;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990;

Гендель и гангстеры: Рассказы. М., 1983;

Заметки на полях: Худож. публицистика. М., 1988;

Затемнение в Грэтли: Повести, рассказы, пьесы. М., 1988.

Літ.:

Бабенко В.Г. Драматургия современной Англии. М., 1981;

Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТСДА́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,

сустрэча кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі [старшыня СНК СССР І.В.Сталін, прэзідэнт ЗША Г.Трумэн, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У.Чэрчыль (28 ліп. яго замяніў новы прэм’ер-міністр К.​Р.​Этлі)], якая адбылася 17.7—2.8.1945 у г. Патсдам. Мэта — вырашыць гал. міжнар. праблемы, што ўзніклі ў сувязі з разгромам гітлераўскай Германіі. Канферэнцыя разглядала пытанні пасляваен. мірнага ўрэгулявання ў Еўропе і ў тым ліку парадак падрыхтоўкі мірных дагавораў з пераможанымі краінамі. З гэтай мэтай быў створаны пастаянны орган — Савет міністраў замежных спраў у складзе прадстаўнікоў краін — пастаянных чл. Савета Бяспекі ААН (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая). Гал. месца ў рабоце канферэнцыі заняло герм. пытанне. Германія разглядалася як адзінае эканам. і паліт. цэлае. У адносінах да яе дзяржавы-пераможцы вырашылі праводзіць у перыяд акупацыі ўзгодненую палітыку, сутнасць якой была ў дэмілітарызацыі, дэнацыфікацыі і дэмакратызацыі краіны. Канферэнцыя пастанавіла ліквідаваць герм. манапал. аб’яднанні як небяспечны ачаг мілітарызму і перавесці ўсю прам-сць Германіі на мірныя рэйкі. На канферэнцыі канчаткова ўзгоднена сістэма чатырохбаковай акупацыі Германіі; вырашана, што рэпарацыйныя прэтэнзіі кожная дзяржава задаволіць шляхам канфіскацый у сваіх зонах акупацыі (ЗША і Вялікабрытанія перадавалі СССР 25% канфіскаванага ў іх зонах прамысл. абсталявання). Герм. флот краіны-пераможцы падзялілі паміж сабой пароўну. П.к. вырашыла важныя тэр. пытанні: аб перадачы СССР г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з прылеглымі раёнамі, а Польшчы — яе карэнных зямель на У ад рэк Одэр (Одра) і Нейсе (Ныса), б.ч. былой Усх. Прусіі і тэр. б. вольнага г. Данцыг (Гданьск). Ням. насельніцтва з Польшчы, Чэхаславакіі і Венгрыі высялялася ў Германію. Прынята рашэнне пра арышт і аддачу пад суд гал. ваен. злачынцаў (гл. Нюрнбергскі працэс). Сав. дэлегацыя пацвердзіла гатоўнасць СССР уступіць у вайну супраць Японіі. 26 ліп. ЗША, Вялікабрытанія і Кітай падпісалі Патсдамскую дэкларацыю 1945 аб асн. паліт. прынцыпах капітуляцыі Японіі. Вынікі П.к. мелі вял. значэнне для пасляваен. мірнага ўрэгулявання.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1979. Т. 10. С. 475-185;

Тегеран—Ялта—Потсдам: Сб. док. 3 изд. М., 1971;

История дипломатии. 2 изд. М., 1975. Т. 4. С. 664—691.

І.​А.​Літвіноўскі.

Да арт. Патсдамская канферэнцыя 1945. І.​В.​Сталін, Г.​Трумэн і У.​Чэрчыль у перапынку паміж пасяджэннямі Патсдам. Ліпень 1945.

т. 12, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)