ПАПЕ́РНЯ,

вадасховішча ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Заполле. Створана на р. Зальвянка ў 1950 для энергет. мэт (працавала ГЭС Паперня). Пл. 1,8 км², даўж. 4,2 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 2 млн. м³, даўж. берагавой лініі 12,1 км. Катлавіна рэчышчавага тыпу. Берагі парослыя лесам, правы высокі, бліжэй да плаціны паніжаецца і пераходзіць у забалочаную раўніну, левы ў вярхоўі нізінны, забалочаны, на астатнім працягу павышаецца. Ваганні ўзроўню на працягу года да 0,3 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, адпачынку.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЗА́,

у мусульман абавязковы пост на працягу месяца рамазан, адно з 5 прадпісанняў ісламу. Заключаецца ў поўным устрыманні ад ежы, пітва, шлюбнай блізкасці і курэння ў светлы час сутак; з наступленнем цемнаты забароны здымаюцца. Ад У. вызваляюцца хворыя, цяжарныя і кормячыя жанчыны, дзеці, састарэлыя, усе, хто не можа выконваць яго па аб’ектыўных прычынах (воіны у час ваен. дзеянняў, людзі, што знаходзяцца ў дарозе, і г.д.). Вернікі, якія вызваляліся ад У. або яго парушылі, павінны пасціцца пасля сканчэння месяца рамазан на працягу страчаных дзён.

т. 16, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛАН,

рака ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Арэса (бас. р. Прыпяць). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 278 км². У верхнім цячэнні наз. Казённая канава. Пачынаецца за 4 км на ПнЗ ад в. Зялёная Дуброва, вусце за 1,6 км на ПнУ ад в. Баравікі. Цячэ па паўд.-зах. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна на вял. працягу невыразная, у сярэднім цячэнні, каля в. Солан, трапецападобная. Пойма ў верхнім цячэнні адсутнічае, у сярэднім і ніжнім цячэнні двухбаковая, шыр. 200—500 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 19,6 м каналізаванае, астатняе звілістае, шыр. 5—10 м.

т. 15, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІСА́,

рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 64 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца на ўсх. схілах Мінскага ўзвышша за 1,5 км на ПдУ ад в. Слабада Смалявіцкага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Юшкевічы Барысаўскага р-на. Даліна ў ніжнім цячэнні звілістая, на астатнім працягу прамая, трапецападобная, шыр. 0,8—2 км. Пойма ад в. Трубянок Смалявіцкага р-на да вусця двухбаковая, шыр. 0,2—0,4 км. Рэчышча ад вытоку да в. Яловіца Смалявіцкага р-на каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе. Прымае сцёк з шэрагу меліярацыйных каналаў. На рацэ Смалявіцкае і Жодзінскае вадасховішчы.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́РВАЧ,

рака ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., Мядзельскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1105 км². Выцякае з воз. Сэрвач (Докшыцкі р-н), упадае ў Вілейскае вадасх. на ПдУ ад в. Людвінова Вілейскага р-на. Цячэ па ўсх. ч. Нарачана-Вілейскай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. 1,5—2,5 км, месцамі звужаецца да 0,6—1 км. Пойма двухбаковая, слабаперасечаная, у верхнім цячэнні забалочаная, тарфяністая, на астатнім працягу сухая, пясчаная. Рэчышча моцназвілістае, у сярэднім цячэнні на працягу 1,8 км каналізаванае, моцна зарастае ў верхнім; шыр. 2—5 м, у сярэднім і ніжнім 15—25 м, месцамі да 35—40 м. Найвыш. ўзровень разводдзя ў пач. крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,3—1,5 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 5 сут. Сярэднегадавы расход у вусці 7,6 м³/с. Пры ўпадзенні р. Наква ў Сэрвач г.п. Крывічы, каля в. Людвінова створана сажалка. У нізоўях ракі зона адпачынку Вілейка.

т. 15, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-БЕРМЕ́ХА (Río Bermejo),

1) рака на Пн Аргенціны, правы прыток р. Парагвай. Даўж. каля 1,6 тыс. км, пл. басейна 133 тыс. км². Вытокі ў Балівіі, на ўсх. схілах Цэнтр. Андаў, цячэ па іх перадгор’ях (каля 100 км), далей — па раўніне Гран-Чака, дзе падзяляецца на рукавы. У сярэднім цячэнні на працягу амаль 400 км цячэ ў рэчышчы свайго былога прытока Тэўка. Летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады 340 м³/с. Суднаходная для невял. суднаў да г. Прэсідэнсія-Рока.

2) Рака на З Аргенціны ў бас. Рыо-Салада—Чадылеўву. Даўж. каля 700 км. Пачынаецца на ўсх. схілах Андаў, па выхадзе ў перадгор’і перасыхае амаль на ўсім працягу.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ША,

рака ў Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Ольса (бас. р. Дняпро). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 354 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Рагі Клічаўскага р-на, вусце за 700 м на Пд ад в. Ваевічы Клічаўскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, на вял. працягу праз лясныя масівы. Даліна слабавыразная, у ніжнім цячэнні зліваецца з далінай р. Ольса, шыр. ад 500 м да 1 км. Пойма перарывістая, чаргуецца па берагах, месцамі забалочаная. Рэчышча ад вытоку на працягу 7,5 км каналізаванае, ніжэй свабодна меандруе, моцназвілістае, шыр. 5—7 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАСТА́Ў,

працэс утварэння на паверхні вадаёма і вадасцёка нерухомага ледзянога покрыва. Таксама перыяд, на працягу якога назіраецца нерухомае ледзяное покрыва на рацэ, вадаёме. Гл. Лядовы рэжым.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫША́НКА, Міша,

рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 930 км². Пачынаецца на паўд. схілах Навагрудскага ўзв. каля в. Буйнявічы Баранавіцкага р-на, цячэ па Баранавіцкай раўніне. Асн. прытокі: Малатоўка (справа), Мутвіца (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 500—800 м. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 16 км каналізаванае, на астатнім працягу моцназвілістае, шыр. 10—12 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 40 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,9 м³/с. Створаны 3 сажалкі. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎКА, Бярэжвіца,

рака ў Беларусі, у Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 721 км². Пачынаецца з воз. Падлужнае, цячэ праз г. Глыбокае ў межах Свянцянскіх градаў, далей па Полацкай нізіне. Упадае ў Дзісну за 4 км ніжэй ад г.п. Шаркаўшчына. Асн. прытокі: Аржаніца і Маргва (злева), Дабрылаўка і Стуканаўка (справа).

Даліна да ўпадзення Маргвы трапецападобная, на астатнім працягу вузкая, шыр. 500—3000 м. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 50—500 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 1 км у верхнім цячэнні і 1,5 км каля в. Юльянова Шаркаўшчынскага р-на.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)