КАРПАЛО́ГІЯ (ад грэч. karpos плод + ...логія),

раздзел марфалогіі раслін, які вывучае плады і насенне, іх марфагенез, будову, фізіял. працэсы, метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу і інш. Займаецца стварэннем генет. класіфікацыі, складаннем вызначальнікаў пладоў і насення раслін, якія засмечваюць насенны матэрыял. Насенне культ. раслін вывучае таксама насенняводства.

т. 8, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕ́НІІ (грэч. xenia гасціннасць ад xenos госць, чужы),

уплыў пылку вышэйшых кветкавых раслін на адзнакі эднасперму расліны, што апыляецца. Залежыць ад падвойнага апладнення. У выніку насенне або плады адрозніваюцца ад інш. насення ці пладоў той жа расліны афарбоўкай, велічынёй, формай (напр., наяўнасць зерня рознай афарбоўкі ў адным катаху кукурузы).

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧЫ́ЧНЫ АЛЕЙ,

раслінны тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем з насення гарчыцы. Вадкасць ад светла-жоўтага да светла-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -15 °C. Устойлівы да акіслення, не прагаркае пры працяглым захоўванні, паўвысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў хлебапякарнай, кандытарскай і кансервавай вытв-сці. Гл. таксама Алеі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКА́ВА-АЛЕ́Й,

алей з насення какавы. Жаўтаватае, прыемнага паху рэчыва. Шчыльн. (пры 40 °C) 920,6 кг/м³. Т-ра плаўлення 30—34 °C. Лік амылення 192—196, ёдны лік 32—38. Выкарыстоўваюць як аснову для лек. свечак, мазей, крэмаў, губной памады; у кандытарскай прам-сці — для вырабу шакаладу і парашку какавы.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТЫВА́ЦЫЯ (ад позналац. cultivo апрацоўваю),

рыхленне (без пераварочвання) апрацаванай глебы з падразаннем пустазелля. У выніку К. паляпшаецца паветраны і водны рэжым глебы, узмацняецца дзейнасць глебавых мікраарганізмаў, забяспечваюцца лепшыя ўмовы для прарастання насення культ. раслін, іх росту і развіцця. Праводзіцца прычапнымі і навяснымі культыватарамі з рабочымі органамі розных тыпаў. Бывае суцэльнай і міжрадковай.

Л.​В.​Круглоў.

т. 9, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты невысыхальны алей з мякаці пладоў алейнай пальмы. Чырвона-аранжавае цвёрдае рэчыва, шчыльн. 921—925 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання 31—41 °C. Мае значную колькасць пальміцінавай кіслаты і караціноідаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу маргарыну, мыла, свечак, як кампанент змазачных матэрыялаў. З насення алейнай пальмы атрымліваюць пальмаядровы алей — харч. прадукт.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЛАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты алей з насення аднагадовай расліны перылы базілікавай. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вадкасць ад светла-жоўтага да цёмна-жоўтага колеру, шчыльн. 931 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання каля -30 °C. Высыхальны алей. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пакостаў, алкідных смол, алейных лакаў (заменнік ільнянога алею, высыхае хутчэй).

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫСПЕ́РМ (ад перы... + сперма),

назапашаная пажыўная тканка насення раслін, якая ўжываецца зародкам пры прарастанні. У адрозненне ад эндасперму развіваецца з нуцэлуса і мае клеткі з падвоеным (дыплоідным) наборам храмасом. Характэрны для шэрагу кветкавых раслін (напр., гваздзіковыя, лебядовыя, марэнавыя). Наяўнасць П., як і эндасперму, лічыцца прымітыўнай адзнакай, бо зародак у большай ступені залежыць ад навакольных тканак.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БАЛЬТАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

адзін з відаў мікраўгнаенняў, водарастваральныя солі кобальту. Кобальт як мікраэлемент садзейнічае фіксацыі атм. азоту, паскарае рост і павышае прадукцыйнасць с.-г. культур (бабовых, лёну, цукр. буракоў, ячменю і інш.). Найб. пашыраны CoSO4∙7H2O (гептагідрат сульфату кобальту ці кобальтавы купарвас) і CoCl2∙6H2O (гексагідрат дыхларыду кобальту). Выкарыстоўваюць на дзярнова-падзолістых і тарфяных глебах, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкромкі.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАЦЬБА́,

выбіранне насення (або пладоў) з каласоў, мяцёлак, кошыкаў, струкоў, галовак, катахоў раслін; заключная аперацыя ўборкі збожжавых і інш. с.-г. культур. Бывае адзінарнай і падвойнай (пры адна- і двухразовым прапусканні масы ўраджаю праз малацільнае ўстройства). Праводзяць камбайнамі і малатарнямі (у полі ці на таку) разам з ачысткай і звычайна сумяшчаюць з сартаваннем, а пры прамым (аднафазным) камбайнаванні — са жнівом.

т. 10, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)