КАДЖАЯ́Н (Акоп Карапетавіч) (13.12.1883, г. Ахалцыхе, Грузія — 24.4.1959),

армянскі графік і жывапісец. Нар. мастак Арменіі (1935). Вучыўся ў Мюнхене ў студыі А.Ажбе (1903—05) і АМ (1905—07). К.-графік зазнаў уплывы сярэдневяковай арм. мініяцюры, аб’яднання «Свет мастацтва», У.Фаворскага. Творам уласцівы багатая фантазія, пачуццё стылю (акварэль «Давід Сасунскі», 1922; іл. да «Анталогіі паэзіі Арменіі», 1936; «Армянскіх народных казак», 1955, і інш.). Жывапісныя творы: «Вуліца ў Тэбрызе» (1922), «Расстрэл камуністаў у Татэве» (1930), «Нараджэнне Давіда Сасунскага» (1947), «У сяле Гарні» (1957) і інш.

А.​Каджаян. Расстрэл камуністаў у Тацтэве. 1930.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВАШ ((Darvas) Іожэф) (8.2.1912, г. Орашхаза, Венгрыя — 3.12.1973),

венгерскі пісьменнік. Належаў да дэмакр. плыні літ.-грамадскага руху «народных пісьменнікаў». У раманах «Чорны хлеб» (1934), «Ад хрышчэння да св. Сільвестра» (1935) адлюстраваў сац. барацьбу венг. сялянства. У гіст. рамане пра палкаводца Янаша Хуньядзі «Пераможца турак» (1938) падкрэсліў ролю народа ў супраціўленні іншаземным захопнікам.

Раман «У верасні ён выйшаў у дарогу» (1940) і п’еса «Бездань» (1941) пра ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, драма «Неба ў куродыме» (1959) і раман «П’яны дождж» (1963; бел. пер. К.​Кірэенкі, 1975) пра адказнасць чалавека за будучае сваёй краіны. Прэмія імя Кошута 1956 і 1960.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Герасім Сцяпанавіч) (1749, г. Яраслаўль, Расія — 27.7.1817),

першы расійскі індолаг. У 1785—97 жыў у Мадрасе і Калькуце. Заснавальнік першага інд. т-ра еўрап. тыпу (1795—96). У 1801 выдаў у Лондане граматыку мовы хіндустані, у 1805 у Пецярбургу — кн. «Непрадузяты змест сістэм Усходняй Індыі брамгенаў, свяшчэнных абрадаў і іх народных звычаяў», якая змяшчала звесткі пра культуру, эканоміку, геаграфію Індыі, яе касты і інш. Шэраг рукапісаў (бенгальская граматыка, па інд. арыфметыцы і інш.) не выдадзены і частка іх страчана. Першы з рус. навукоўцаў, які вывучыў асновы санскрыту і адной з дравідскіх моў.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БРЫЧ (Іна Ігараўна) (н. 15.9.1934, г. Пенза, Расія),

бел. музыказнавец. Скончыла Бел. кансерваторыю (1957), у 1959—60 выкладала ў ёй. У 1955—57 выкладчык Мінскага муз. вучылішча. З 1962 лектар-музыказнавец Бел. філармоніі. Вядзе лекцыйна-прапагандысцкую работу, даследуе творчасць бел. кампазітараў, у прыватнасці хар. музыку, выступае як муз. крытык.

Тв.:

Харавая творчасць беларускіх кампазітараў 20-х гг. // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3;

Уладзімір Алоўнікаў. Мн., 1970;

Ігар Лучанок, Кім Цесакоў. Мн., 1973;

Пути развития хорового творчества белорусских композиторов;

От обработок народных песен до кантат и ораторий // Музыкальная культура Белорусской ССР. М., 1977.

А.​Я.​Ракава.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙТО́ВІЧ (Ніна Трафімаўна) (10.7.1913, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 4.3.1976),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1976). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1937), працавала ў ім. У 1956—76 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследаванні ў галіне дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы. Аўтар манаграфій «Ненаціскны вакалізм народных гаворак Беларусі» (1968), «Баркалабаўскі летапіс» (1977), сааўтар акад. прац. «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69). За ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі Дзярж. прэмія СССР 1971.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн.. 1977. Т. 2. С. 129—133.

І.​К.​Германовіч.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́КІН (Гаўрыіл Якімавіч) (Іаакімавіч; 6.4.1812, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 21.5.1885),

рускі харавы дырыжор, педагог. Сын прыгоннага. З 1822 спяваў і вучыўся ў капэле графа Дз.М. Шарамецева, адпушчаны ім на волю. З 1830 выкладчык спеваў, у 1850—72 кіраўнік капэлы, з 1874 узначальваў мужчынскі хор С.​Дз.​Шарамецева. Адначасова ў 1848—59 выкладаў у навуч. установах Пецярбурга. З М.Балакіравым заснаваў Бясплатную муз. школу, яе першы дырэктар і выкладчык (1862—68). Аўтар хар. твораў і пералажэнняў для хору, дапаможнікаў «Кароткая метода спеваў» (1878) і «Кіраўніцтва да навучання спевам у народных школах» (б.г.), «Аўтабіяграфічных запісак» (выд. 1886).

Літ.:

Горяйнов Ю.С. Г.Я. Ломакин. М., 1984.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ»,

штодзённая грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1917 на рус. мове, з 1918 у Маскве. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Расіі, міжнар. падзеі.

Першы нумар выдадзены 28.2(13.3). 1917 у Петраградзе пад назваю «Известия Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 1(14).8.1917 наз. «Известия Центрального Исполнительного комитета и Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 12.3.1918 выдаецца ў Маскве пад назваю «Известия Всероссийского Центрального Исполнительного комитета Советов крестьянских, рабочих, солдатских и казачьих депутатов», з 26.1.1938 — «Известия Советов депутатов трудящихся СССР», з 8.10.1977 — «Известия Советов народных депутатов СССР». З 1985 — сучасная назва. Штотыднёвы дадатак «Неделя» (1960—1-я пал. 1995 і з 1997).

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЗЛЯКО́Ў (Аляксей Фёдаравіч) (28.3.1778, г. Далматава Курганскай вобл., Расія — 7.8.1830),

рускі паэт, крытык, перакладчык, педагог. Адзін з заснавальнікаў прафес. крытыкі ў Расіі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1799), з 1802 выкладаў у ім (з 1804 праф., з 1817 дэкан). Паэзія М. спалучала грамадзянскасць з цікавасцю да нар. творчасці. У 1805—10 стварыў цыкл народных песень («Сярод даліны роўнае...», «Не ліпачка кучаравая...», «Чарнабровы, чарнавокі...» і інш.). Як крытык і тэарэтык л-ры быў блізкі да класіцызму, але выступаў супраць яго аўтарытэтаў. Аўтар лекцый і артыкулаў па эстэтыцы. Перакладаў грэч. і рым. паэтаў.

Тв.:

Стихотворения. Л., 1958;

Песни и романсы А.​Мерзлякова. М., 1988.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Мікалай Пятровіч) (23.11.1892 — 15.1.1942),

рускі літаратуразнавец і фалькларыст. Даследаваў рус. і ўкр. казкі. У аснову «Паказальніка казачных сюжэтаў» (1929) паклаў паказальнік казачных тыпаў фін. вучонага А.Аарнэ. Пазней адмовіўся ад фармаліст. метадаў даследавання фальклору і выступіў з крытыкай канцэпцыі фін. школы. У працах «Фальклор і літаратура» (1936), «Фальклор у паэзіі Някрасава» (1936), «Творы Пушкіна ў фальклоры» (1937) і інш. разглядаў узаемадзеянне л-ры і фальклору. Яго паказальнік казачных сюжэтаў выкарыстаў Л.​Бараг у паказальніку «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» (1978).

Літ.:

Астахова А.М. Н.​П.​Андреев в история советской фольклористики 20—30-х годов // Очерки истории русской этнографии, фольклористики и антропологии. М., Вып. 5.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 17.2.1955, в. Балотчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак, графік. Чл. Бел. акадэміі выяўл. мастацтва (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе пераважна ў галіне станковай і кніжнай графікі. Выкарыстоўвае складаныя графічныя тэхнікі. Сярод станковых твораў: серыі афортаў «Будаўніцтва чалавека» (1987—88), «Птушкаловы» (1987—89); «Дзяды», «Pieta (Чарнобыльская)» (1995—96), афорты «Сейбіт», «Белы і чорны анёлы», «Рука-пісьмо» (усе 1991) і інш. Аформіў зб. вершаў Я.​Коласа «Родныя вобразы», выканаў іл. да кніг «Вянок беларускіх народных песень» (1988), «Палата кнігапісная» М.​Нікалаева, «Янка і Ружа» і «Ці вернецца князь Кук?» У.​Ягоўдзіка (усе 1993).

Л.​Ф.​Салавей.

У.Вішнеўскі. Pieta (Чарнобыльская). 1996.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)