ВАРАО́З (Varroosis), вараатоз (Varroatosis),

эктапаразітная хвароба пчол і пячатнага расплоду. Выклікаецца кляшчом Varroa jacobsoni. Трапляецца ў многіх краінах Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Беларусі. Пры масавым пашырэнні прыводзіць да вял. эканам. страт.

Крыніца інвазіі — хворыя сем’і, раі і зрэзаны трутневы расплод. Пашырэнню хваробы садзейнічаюць перамяшчэнне пчальнікоў, купля і продаж пчол. Клешч праходзіць поўны цыкл развіцця на кукалках пчол на працягу 8—9 сут і пашкоджвае дарослых насякомых. Пры вараозе назіраецца гібель недаразвітых кукалак пчол, нараджэнне нежыццяздольных трутняў і пчол з рознымі пачварнасцямі. Скарачаецца тэрмін жыцця матак, пашкоджаныя сем’і адстаюць у развіцці. Вясной і восенню хварэе пераважна пчаліны расплод, а ўлетку — трутневы.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАВА́Я Галіна Аляксандраўна (н. 7.2.1941, г. Барысаглебск, Расія),

бел. скульптар. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1968), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. У аснове філас. канцэпцыі твораў Гаравой — асэнсаванне гіст. працэсаў і з’яў сучаснасці. Сярод твораў: манум. кампазіцыя «Маці» (1976, р.п. Глуша Бабруйскага р-на), помнік воінам-кавалерыстам (1981, в. Горная Хоцімскага р-на; арх. Ю.​Мамлін); паркавая скульптура «Голуб» (1988); станковыя работы «Беларусь партызанская», «Касманаўты» (абедзве 1975), «Несцерка і Паўлінка» (1985), «Дзекабрысты» (1986), «Нараджэнне» (1990), «Сляпыя» і «Аплакванне» (1993), «Патэн» і «Каханне» (1994), «Акт-1» (1995), «Акт-2» (1996) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ДЗІЧ Мікалай Іванавіч (13.2.1784, г. Палтава, Украіна — 15.2.1833),

расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Харкаўскі калегіум (1800), вучыўся ў Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1800 — 02). Чл.-кар. Пецябр. АН з 1826. Уваходзіў у т-ва «Бяседа аматараў рускага слова», зблізіўся з Вольным таварыствам аматараў расійскай славеснасці; падтрымліваў сувязі з дзекабрыстамі. Вольналюбівыя матывы ў вершах «Інтэрнат» (1804), «Перуанец да іспанца» (1805). Аўтар аповесці «Морыц, альбо Ахвяра помсты» (1802), паэмы «Нараджэнне Гамера» (1817), ідыліі «Рыбакі» (1822) і інш. У 1829 апублікаваў поўны пераклад «Іліяды» Гамера, над якім працаваў больш за 20 гадоў. Перакладаў таксама творы Ф.​Шылера, Вальтэра, У.​Шэкспіра.

Тв.:

Стихотворения. Поэмы. М., 1984.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНО́ЎСКІ Анатоль Васілевіч (н. 9.5.1937, г. Мінск),

бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1966 выкладчык, з 1993 праф. Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творам уласцівы эмацыянальнасць, лірычнасць, каларыстычная насычанасць. З паэт. пранікнёнасцю перадае прыгажосць бел. краявідаў: «Беларускі матыў» (1968), «Воблакі плывуць над зямлёй роднай» (1977), «Мазырскі край» (1980), «Вясна на Прыпяці» і «Зямля мая залатых бяроз» (1981). Сярод інш. твораў: «Маці. 1941 год» (1972), «Партрэт Капыловіча Пятра Мікалаевіча» (1980), «Купалле» (1982), «Гнёзды» і «Дарога дзяцінства» (абодва 1993), «Мелодыі восені» і «Нараджэнне вясны» (1995).

А.В.Бараноўскі. Гнёзды. 1993.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАНАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,

нараджэнне мёртвага плода, смерць якога надышла пасля 28 тыдняў цяжарнасці жанчыны ці пры родах. Пры М. плод даўж. 35 см і больш, масай 1000 г і больш; пасля нараджэння не зрабіў ніводнага ўздыху. Плод з меншай масай і даўж. лічыцца познім выкідышам (гл. Аборт). Адрозніваюць М.: антэнатальную (гібель плода да родаў), інтранатальную (гібель у час родаў) і постнатальную (у народжанага плода ёсць сэрцабіццё, аднак адсутнічае дыханне, і ён гіне). Асн. прычыны М.: унутрывантробная гіпаксія плода, прыроджаныя заганы развіцця, інфекц. хваробы і інш. Як стат. паказчык М. — суадносіны колькасці мёртванароджаных да 1000 народжаных (на Беларусі 8—10%).

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСА́ЎСКАС (Krasauskas) Стасіс Альгірда (1.6.1929, г. Каўнас, Літва — 10.2.1977),

літоўскі графік. Нар. маст. Літвы (1977). Скончыў Маст. ін-т Літвы (Вільнюс, 1958), з 1961 выкладаў у ім. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы ў тэхніках лінагравюры, манатыпіі, дрэварыту. Творы вызначаюцца метафарычнасцю, сімвалічнасцю і асацыятыўнасцю вобразаў, экспрэсіўнасцю кампазіцый, напружанасцю штрыха і тонавых кантрастаў: станковыя гравюры «Юнацтва» (1961), «Маці» (1964), «Жанчына» (1972), цыклы «Акно» (1968), «Нараджэнне жанчыны» (1973), «Вечна жывыя» (1975), ілюстрацыі да твораў Ю.​Марцінкявічуса («Кроў і попел», 1960), Э.​Межэлайціса («Чалавек», 1962), У.​Шэкспіра («Санеты», 1967) і інш. Дзярж. прэмія Літвы 1965. Дзярж. прэмія СССР 1976.

Літ.:

Корсакайте И.К. Стасис Красаускас. М., 1988.

В.​Я.​Буйвал.

С.Красаўкас. Ілюстрацыя да зборніка вершаў «Чалавек» Э.​Межэлайціса. 1962.

т. 8, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЛЬ (Roussel) Альбер Шарль Поль Мары (5.4.1869, г. Туркуэн, Францыя — 23.8.1937),

французскі кампазітар, педагог. Скончыў «Схола канторум» (1898, у 1902—14 выкладаў у ёй, з 1913 праф.), вучыўся ў В. д’Эндзі. Раннія творы вытрыманы ў імпрэсіяністычных традыцыях, пазней адзін з буйн. прадстаўнікоў неакласіцызму ў франц. музыцы. Значнае месца ў яго творах заняла ант. тэматыка. Адным з першых выкарыстаў у еўрап. музыцы кіт., інд. і інш. лады. Сярод твораў: оперы, у т. л. опера-казка «Нараджэнне ліры» (1924), опера-балет «Падмаваці» (паст. 1923); балеты, у т. л. «Баляванне павука» (1913), «Вакх і Арыядна» (1930); сімфоніі, камерна-інстр. творы і інш. З 1935 прэзідэнт Нар. муз. федэрацыі. Сярод вучняў Э.Саці, Б.Марціну і інш.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ЛЯДЗЬ НЯВО́ЛЬНАЯ,

у ВКЛ у 14—16 ст. найб. бяспраўная катэгорыя залежнага і эксплуатуемага сельскага насельніцтва, якая звычайна не мела зямлі і сродкаў вытв-сці, жыла ў дварах феадалаў, утрымлівалася імі і была іх поўнай уласнасцю. Асн. прычынамі няволі былі нараджэнне ад бацькоў — Ч.н., шлюбы вольных з нявольнымі, самапродаж у вечную няволю, некат. крымінальныя злачынствы і палон. Ч.н. выконвала гал. ч. разнастайныя с.-г. работы, часам адм.-гасп. абавязкі (цівуны, рыкунні). Пад уздзеяннем сац.-эканам. фактараў у 16 ст. Ч.н. паступова трансфармавалася ў прыгонных сялян. У ходзе правядзення валочнай памеры ў дзярж. і прыватных маёнтках Ч.н., як правіла, была надзелена невял. зямельнымі ўчасткамі і такім чынам ператварылася ў агароднікаў.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 17, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ,

нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.

Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл. Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.

Р.​У.​Дэрфліо.

Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.
Да арт. Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ФІТ (Griffith) Дэйвід Уорк (22.1.1875, г. Ла-Грэйндж, штат Кентукі, ЗША — 23.7.1948),

амерыканскі кінарэжысёр. У кіно з 1907. Працаваў на кінастудыях «Эдысан» і «Баёграф» у Нью-Йорку. Ставіў драмы, камедыі, экранізацыі літ. твораў. З 1914 у Галівудзе. У 1919 разам з Ч.​Чапліным, М.​Пікфард і Д.​Фэрбенксам засн. кінакампанію «Юнайтэд артыстс». У 1908—31 зняў некалькі соцень пераважна кароткаметражных стужак, а таксама першы ў свеце поўнаметражны фільм. Выкарыстоўваў такія выразныя сродкі кіно, як буйны план, паралельны мантаж, панарама, адкрыў шырокія магчымасці здымачнай камеры ў стварэнні экраннага вобраза. Распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскай ігры ў кіно. Сярод фільмаў: «Нараджэнне нацыі» (1915), «Нецярпімасць» (1916), «Сэрца свету» (1918), «Зламаныя парасткі» (1919), «Сіроткі буры» (1921), «Схватка» (1931). Спец. прэмія «Оскар» 1935.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)