прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл.вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл.фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл.Кенатрон), газаразрадныя (гл.Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт.Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.
Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.
У.М.Сацута.
Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДУЛІ ПРУ́ГКАСЦІ,
велічыні, якія характарызуюць пругкія ўласцівасці (пругкасць) цвёрдых цел. Вызначаюць каэф. залежнасці паміж дэфармацыяй і прыкладзенымі мех. напружаннямі. Пры малых дэфармацыях, калі справядлівы Гука закон, гэтая залежнасць лінейная, а М.п. з’яўляюцца каэф. прапарцыянальнасці. Пры расцяжэнні-сцісканні нармальнаму напружанню адпавядае модуль падоўжанай пругкасці E (Юнга модуль), роўны адносінам нармальнага напружання σ да адноснага падаўжэння ε :
.
Напружанаму стану чыстага зруху адпавядае модуль зрухуG, роўны адносінам датычнага напружання τ да вугла зруху γ :
; вызначае здольнасць матэрыялу супраціўляцца зменам формы пры захаванні аб’ёму. Модуль аб’ёмнага сціскання (аб’ёмны М.п.) — адносіны ўсебаковага нармальнага напружання σ да адноснага аб’ёмнага сціскання Δ :
; характарызуе здольнасць матэрыялу супраціўляцца зменам яго аб’ёму, які не суправаджаецца зменамі формы. Пругкія ўласцівасці цвёрдых цел характарызуе і каэфіцыент Пуасона γ, роўны адносінам адноснага папярочнага сціскання сячэння ε′ (пры аднабаковым расцяжэнні) да адноснага падоўжнага падаўжэння ε :
. Для аднароднага ізатропнага цела М.п. аднолькавы па ўсіх напрамках, для анізатропнага — пастаянныя E, G, γ, маюць розныя значэнні ў розных напрамках. Значэнні М.п. залежаць ад хім. саставу матэрыялаў, іх апрацоўкі, т-ры. М.п. выкарыстоўваюцца пры разліках на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і інш.
Літ.:
Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. Ч. 1—2. 3 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЗЕФСАНА ЭФЕ́КТ,
працяканне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакт Джозефсана). Прадказаны Б.Джозефсанам (1962); эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі П.Андэрсанам і Дж.Роўэлам у 1963 пры вывучэнні вольт-ампернай характарыстыкі джозефсанаўскіх кантактаў.
Уласцівасці Дж.э.: электроны праводнасці праходзяць праз дыэлектрык з-за тунэльнага эфекту і, калі ток праз кантакт меншы за пэўнае значэнне, падзення напружання на кантакце няма (стацыянарны Дж.э.), а калі перавышае — узнікае падзенне напружання і кантакт выпрамяняе эл.-магн. хвалі (нестацыянарны Дж.э.). На аснове Дж.э. распрацаваны звышправодныя інтэрферометры, маламагутныя генератары, хуткадзейныя элементы ЭВМ, параметрычныя пераўтваральнікі, адчувальныя дэтэктары, узмацняльнікі і інш.
Да арт.Джозефсана эфект: а — тунэляванне звышправодных пар; б — элемент Джозефсана; 1 — электронная пара; 2 — звышправаднік; 3 — дыэлектрык (слой вокіслу); 4 — падложка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРА́ТЫ ЭЛЕКТРАЭНЕ́РГІІ,
частка электраэнергіі, якая траціцца ў элементах электрычнай сеткі на каронны разрад у ЛЭП, награванне токаправодных частак, намагнічванне і награванне асяродкаў трансфарматараў, статараў і ротараў эл. машын, а таксама паглынаецца ў дыэлектрыках кабеляў і кандэнсатараў.
Найбольшыя страты на карону, якая ўзнікае вакол правадоў ЛЭП у выніку кароннага разраду (гл.Электрычныя разрады ў газах). Асабліва значныя С.э. на ЛЭП пераменнага току вял. працягласці, звыш- і ультравысокага напружання. Зніжаюць іх павелічэннем дыяметра правадоў і адлегласці паміж імі. На ЛЭП звышвысокага (330 кВ і вышэй) напружання выкарыстоўваюць расчэпленыя правады — пучкі з некалькіх правадоў з адлегласцю паміж імі да 60 см. Правады ў пучках кожнай фазы ўтрымліваюцца ізаляцыйнымі распоркамі. З улікам С.э. робіцца выбар канструкцыі і разлік параметраў ЛЭП, эл.-тэхн. абсталявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,
прылада для вымярэння эл. велічынь (напружання, сілы току, магутнасці і інш.), дзеянне якой заснавана на ўзаемадзеянні магн. палёў рухомай і нерухомай шпуль з токамі. Выкарыстоўваюцца ў якасці пераносных вальтметраў, амперметраў, ватметраў пераменнага току (могуць працаваць і на пастаянным току).
Сярод электравымяральных прылад пераменнага току Э.п. найб. дакладныя (прыведзеная хібнасць не вышэй доляў працэнта). Частату, вуглы зруху фаз, ёмістасць, індуктыўнасць вымяраюць электрадынамічнымі лагометрамі, у якіх адхіленне рухомай часткі вызначаецца суадносінамі токаў у яе шпулях. Асн. недахопы Э.п. — вял. ўласнае спажыванне магутнасці, адчувальнасць да перагрузак і вонкавых магн. палёў. Межы вымярэння Э.п. павялічваюць нерухомымі шпулямі, рэзістарамі, трансфарматарамі напружання і току Разнавіднасць Э.п. — ферадынамічныя прылады.
У.М.Сацута.
Схема электрадынамічнай прылады: 1 і 2 — нерухомая і рухомая шпулі; 3 — вось; 4 — спружына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬТ-АМПЕ́Р,
адзінка поўнай магутнасціэл. ланцуга пераменнага току пры вымярэнні эфектыўных значэнняў сілы току ў амперах і напружання ў вольтах. Абазначаецца В∙А. Адзінка рэактыўнай магутнасці — вар (вольт-ампер рэактыўны; гл. таксама Ват).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗІ́СТАР (англ. resistor ад лац. resisto супраціўляюся),
структурны элемент электрычнага ланцуга, прызначаны ў асн. аказваць пэўнае амічнае супраціўленне працяканню эл. току. Адрозніваюцца па значэнні супраціўлення, дапушчальных адхіленнях ад намінальнага значэння, рассейвальнай магутнасці.
У залежнасці ад матэрыялу токаправоднай часткі падзяляюцца на метал., вугляродныя. вадкасныя і паўправадніковыя. Бываюць пастаянныя (з фіксаваным супраціўленнем) і пераменныя, супраціўленне якіх мяняецца мех. перамяшчэннем паўзунка (напр., рэастаты) ці інш. спосабам. Існуюць Р., супраціўленне якіх залежыць ад напружання (варыстары), т-ры (тэрмарэзістары), асветленасці (фотарэзістары), а таксама дэфармацыі (тэнзадатчыкі). Выкарыстоўваюцца для рэгулявання сілы току і напружання ў радыёэлектроннай і інш. апаратуры, вымярэння т-ры, сілы святла і інш., а таксама як награвальныя элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬС ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
кароткачасовае адхіленне эл.напружання або току ад некаторага пастаяннага значэння. У залежнасці ад характару імпульсных змен напружання (току) адрозніваюць відэаімпульсы (адрэзкі эл. ваганняў зададзенай формы з адрознай ад нуля пастаяннай складальнай) і радыёімпульсы (адрэзкі гарманічных ваганняў).
Відэаімпульсы бываюць прамавугольнай, каўпакападобнай, трохвугольнай (пікападобнай) і інш. формы. Характарызуюцца працягласцю і амплітудай. Рэальныя прамавугольныя І.э. маюць участкі хуткага нарастання і спаду вагання (наз. адпаведна фронтам і зрэзам імпульсу), участак параўнальна павольнай змены напружання або току (вяршыня імпульсу), выкіды прамой і адваротнай палярнасці. Выкарыстоўваюцца ў электрасувязі, тэлебачанні, імпульснай тэхніцы. Радыёімпульсы звычайна атрымліваюць імпульснай мадуляцыяй гарманічнага нясучага вагання відэаімпульсамі выбранай формы. Могуць мець дадатковую да гарманічнай унутрыімпульсную мадуляцыю нясучага вагання па частаце, перыядзе або пачатковай фазе. Радыёімпульсы выкарыстоўваюць пераважна ў радыётэхн. сістэмах, звязаных з выпрамяненнем і прыёмам радыёхваль (у радыёлакацыі, радыёсувязі, радыёкіраванні і інш.). З адзінкавых І.э. фарміруюць іх паслядоўнасці (пераважна перыядычныя) і пачкі (адносна невял. групы). Адносіны перыяду паўтарэння імпульсаў у паслядоўнасці або пакеце (пачцы) да працягласці імпульсу наз. перарывістасцю (шчыліннасцю).
Літ.:
Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;
Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Імпульсы электрычныя: а — відэаімпульсы (1 — прамавугольны, 2 — каўпакападобны, 3 — трохвугольны); б — радыёімпульс прамавугольны; в — рэальны прамавугольны відэаімпульс; г — перыядычная паслядоўнасць прамавугольных відэаімпульсаў; ti — працягласць, Ai — амплітуда, τф — фронт, τз — зрэз імпульсу; Tп — перыяд паўтарэння імпульсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТАСТРО́Н,
аднакаскадны генератар рэлаксацыйных ваганняў. Стварае імпульсы эл.напружання, якія мяняюцца па лінейным законе (лінейна нарастаюць ці лінейна спадаюць). Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы, аўтаматыцы і тэлемеханіцы для дакладнай затрымкі імпульсаў у часе, вызначэння часавага інтэрвалу паміж імпульсамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКЕ́ТНЫ ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІК,
электрычны выключальнік, які служыць для адначасовага ручнога пераключэння некалькіх ланцугоў нізкага напружання. Складаецца з групы кантактаў і механізма, што перамяшчае кантакты і фіксуе іх у пэўным становішчы. Выпускаецца на сілу току да 400 А, напружанне да 660 В.