СЛУ́ЦКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1767,

саюз пратэстанцкай (кальвінісцкай і лютэранскай) і правасл. шляхты ВКЛ, арганізаваны для ўраўнавання яе ў паліт. правах з каталіцкай шляхтай. Фактычна арганізавана Рас. імперыяй для ўмяшання ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Абвешчана ў сак. 1767 у Слуцку, дзе была абрана яе рада з 33 чал. (амаль усе пратэстанты), у т. л. правасл. магілёўскі епіскап Георгій Каніскі, і маршалак — ген.-маёр Я.​Грабоўскі (кальвініст). Акт С.к. падпісалі 248 чал. Канфедэрацыю ўзяла пад сваю «імператарскую пратэкцыю» Кацярына II. Канфедэраты разам з часцямі рас. арміі рушылі на Мінск, Вільню, Варшаву. Надзвычайны сойм у Варшаве ў 1767—68 зацвердзіў «вечны трактат» з Расіяй, абвясціў правасл. і пратэстанцкай шляхце роўныя правы з каталіцкай шляхтай.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ.

Адбыўся 9—15.1.1924 у Мінску. Прысутнічала 236 дэлегатаў з рашаючым і 90 з дарадчым голасам. Парадак дня: аб міжнар. і ўнутр. становішчы СССР (В.​А.​Багуцкі), зацвярджэнні Канстытуцыі СССР (А.​Х.​Гетнер), раянаванні Беларусі і рэарганізацыі сав. апарату; справаздачы ўрада БССР (А.​Р.​Чарвякоў), аб выкананні дзярж. і мясц. бюджэту за 1923 і зацвярджэнне на 1924 (С.​Я.​Талунціс); даклады Наркамата земляробства БССР аб плане землеўпарадкавальных работ на 1924 і аб с.-г. крэдыце (А.​С.​Славінскі, Н.​Л.​Аксючыц), Наркамасветы БССР (У.​М.​Ігнатоўскі, А.​В.​Баліцкі); выбары чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР і дэлегатаў на II Усесаюзны і VI Надзвычайны Ўсебел. з’езды Саветаў; бягучыя справы. З’езд ухваліў дзейнасць СНК БССР, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК БССР аб уступленні Бел. ССР у Саюз ССР, ухваліў праект Канстытуцыі СССР і даручыў ЦВК прывесці ў адпаведнасць Канстытуцыю БССР з Канстытуцыяй СССР. Вітаў рашэнне працоўных Гомельскай, Віцебскай і Смаленскай губ. уключыць у склад БССР раёны гэтых губерняў з большасцю бел. насельніцтва. Зацвердзіў бюджэт рэспублікі на 1923—24, разгледзеў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі, ветэрынарыі, землеўпарадкавання, меліярацыі, лясной гаспадаркі. Прыняў рашэнне аб плане ўвядзення ўсеаг. навучання (на працягу 10 гадоў) і ліквідацыі непісьменнасці насельніцтва Беларусі. Паслаў прывітанні ЦК РКП(б) і У.​І.​Леніну. З’езд прадоўжыў паўнамоцтвы ЦВК, выбранага на Чацвёртым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, да склікання VI Надзвычайнага Усебел. з’езда Саветаў, выбраў 4 чал. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР (адно месца пакінуў Віцебскай губ.), 19 дэлегатаў з рашаючым і 6 з дарадчым голасам на II Усесаюзны і 115 з рашаючым і 115 з дарадчым голасам на VI Надзвычайны Усебел. з’езды Саветаў.

Літ.:

Съезды Советов Союза ССР, союзных и автономных советских социалистических республик: Сб. док. Т. 5. М., 1964.

С.​П.​Самуэль.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШЭ́ВІЧ Генадзь Георгіевіч (12.9.1934, Мінск — 8.10.1993),

бел. парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1963), Мінскую ВПШ (1977). Працаваў дыктарам на Бел. рэсп. радыё, інж.-тэхнолагам, нач. тэхн. бюро, нам. заг. аддзела тэхн. кантролю на з-дзе імя Кастр. рэвалюцыі. З 1967 на парт. і сав. рабоце: сакратар Маладзечанскага, 1-ы сакратар Мінскага гаркомаў КПБ, старшыня Мінскага гарвыканкома. З 1983 2-і сакратар ЦК КПБ. У 1987—91 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспубліцы. З 1993 пасол па асобых даручэннях Мін-ва замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Чл. ЦК і Бюро ЦК КПБ у 1983—87, чл. ЦК КПСС у 1986—91. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80, 1985—90, Вярх. Савета СССР у 1979—89.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПО́ЛЬСКАЯ (Topolska, сапр. Пяховяк, Piechowiak) Марыя Барбара (н. 21.5.1938, в. Кажмінак Велікапольскага ваяв., Польшча), польскі гісторык. Д-р габілітаваны (1984). Скончыла ун-т імя А.​Міцкевіча ў Познані (1960). У 1973—76 ад’юнкт у Вышэйшай пед. школе пры ун-це ў Познані. З 1978 у Аддзяленні па вывучэнні замежнай Палоніі ў Познані (з 1992 Аддзяленне па вывучэнні нацыянальнасцей Польскай АН). З 1997 надзвычайны прафесар Ін-та гісторыі Вышэйшай пед. школы ў Зялёна-Гуры. Вывучае гісторыю культуры літ. і бел. зямель 15—20 ст., гісторыю Вял. Польшчы, праблемы этнічнай гісторыі, культуру польск. эміграцыі. Аўтар кн. «Шклоўскі маёнтак ва ўсходняй Беларусі ў XVII i XVIII ст.» (1969), «Чытач і кніга ў Вялікім княстве Літоўскім у эпоху Рэнесансу і барока» (1984) і інш.

т. 15, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЫКО́Ў Цярэнцій Фаміч (13.3.1907, хутар Любкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 25.10.1964),

савецкі, парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат, ген.-палкоўнік (1944). З 1931 на камсам., парт. і сав. рабоце ў Ленінградзе. У 1938—42 2-гі сакратар Ленінградскага абкома ВКП(б). У Вял. Айч. вайну чл. ваеннага савета Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага, 1-га Далёкаўсх. франтоў, Прыморскай групы войск. Пасля вайны чл. Ваен. савета, нам. камандуючага войскамі Прыморскай ваен. акругі. У 1948—51 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у КНДР. У 1959—61 у Венгрыі. У 1951—59 на парт. рабоце: 1-ы сакратар Наўгародскага абкома, Прыморскага крайкома КПСС. Потым у органах парт.-дзярж. кантролю. Чл. ЦК КПСС у 1956—61. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—50, 1954—62.

Ц.Ф.Штыкоў.

т. 17, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дванаццаты Усебеларускі з’езд Саветаў (Надзвычайны) 3/166; 4/163; 5/325

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЁНАЎ Аляксандр Нічыпаравіч (н. 9.10.1924, в. Кунтараўка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

дзярж. і парт. дзеяч БССР. Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1957). З 1944 на камсамольскай рабоце ў Арэнбургскай, Баранавіцкай і Гродзенскай абл. З 1953 сакратар, 2-і, 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З 1957 сакратар ЦК ВЛКСМ. З 1959 нам. старшыні К-та дзярж. бяспекі пры СМ БССР, у 1960—65 міністр унутр. спраў БССР. З 1965 1-ы сакратар Віцебскага абкома КПБ. З 1971 2-і сакратар ЦК КПБ. З 1978 Старшыня СМ БССР. У 1983—85 Надзвычайны і Паўнамоцны пасол СССР у ПНР. У 1985—89 старшыня Дзярж. к-та СССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Дэп. ВС БССР 1955—67, 1971—83, ВС СССР 1966—84, 1986—90, чл. Прэзідыума ВС БССР 1975—83.

А.Н.Аксёнаў.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБУНО́Ў Уладзімір Архіпавіч (н. 16.3.1939, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі.

Акад. Нац. АН Беларусі (1986, чл.-кар. 1980), д-р тэхн. навук (1975), праф. (1977). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1961). З 1966 у Мінскім радыётэхн. ін-це, адначасова ў 1987—89 акад.-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. З 1994 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія. Навук. працы ў галіне ўзаемадзеяння зараджаных часціц і аптычнага выпрамянення з цвёрдым целам. Распрацаваў тэхнал. асновы стварэння паўправадніковых і гібрыдных інтэгральных схем. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Окисление металлов и полупроводников в низкотемпературной кислородной плазме (разам з В.​П.​Пархуцікам) // Обзоры по электронной технике. Сер. Микроэлектроника. 1978. Вып. 1;

Формирование силицидов импульсной термообработкой пленочных структур (у сааўт.) // Зарубежная электронная техника. 1985. № 8.

У.А.Лабуноў.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, рэўком,

часовы надзвычайны орган сав. улады ў Расіі і інш. сав. рэспубліках у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 (пераважна ў 1918—20). Рэсп., губ., пав., валасныя і сельскія рэўкомы ствараліся ў раёнах, адкуль былі выгнаны белагвардзейцы і інтэрвенты, у прыфрантавой паласе, а пры неабходнасці (пагроза антыбальшавіцкіх паўстанняў і інш.) і ў некат. тылавых раёнах. Р.к. вызваленых раёнаў і прыфрантавой паласы засяроджвалі ў сваіх руках усю паўнату ўлады. Пасля ўмацавання бальшавіцкай улады яны падрыхтоўвалі выбары ў Саветы і перадавалі ўладу выбраным выканкомам і рэсп. ЦВК. Р.к. тылавых раёнаў звычайна дзейнічалі адначасова з выканкомамі Саветаў і займаліся толькі пытаннямі абароны і падтрымання «рэв. парадку». У 1920—25 рэўкомы яшчэ захоўваліся ў Сібіры, на Д.​Усходзе і ў асобных раёнах Сярэдняй Азіі.

Літ.:

Петриков П.Т. Ревкомы Белоруссии. Мн., 1975.

т. 13, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМ ВАН ДОНГ (Pham Van Dông; 1.6.1906, прав. Куангнам, В’етнам — 29.4.2000),

дзяржаўны дзеяч В’етнама. Вучыўся ў Ханойскім ун-це. З 1925 чл. Т-ва рэв. моладзі В’етнама, з 1929 чл. яго ЦК. У 1929 арыштаваны франц. ўладамі, у 1930 у турме далучыўся да Камуніст. партыі Індакітая (КПІК, з 1951 — Партыя працоўных В’етнама, ППВ; з 1976 — Камуніст. партыя В’етнама, КПВ). У 1941—45 удзельнічаў ва ўзбр. антыяп. барацьбе. З 1945 міністр фінансаў Час. ўрада Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), з 1946 надзвычайны прадстаўнік КПІК у Паўд. В’етнаме. З 1951 чл. Палітбюро ЦК ППВ—КПВ. У 1949—54 нам. прэм’ер-міністра, у 1955—61 міністр замежных спраў ДРВ. З 1956 прэм’ер-міністр ДРВ, пасля аб’яднання краіны (1976) — Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам. У 1986 падаў у адстаўку з усіх партыйных, у 1987 — дзярж. пасад.

т. 16, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)