навучальныя ўстановы, якія ствараліся прыхільнікамі кальвінізму. На Беларусі існавалі ў 16—19 ст. У 1570-х г. — пач. 17 ст. існавалі ў Вільні, Віцебску, Глыбокім, Заслаўі, Магілёве, Мінску, Навагрудку, Оршы, Свіслачы, Смаргоні, Шклове і інш. Мелі розны ўзровень: ад ніжэйшых (пачатковыя, 6 гадоў навучання) да 5-класных вучылішчаў (10 гадоў навучання), якія давалі адукацыю, дастатковую каб паступіць ва ун-т; лепшыя выхаванцы атрымлівалі стыпендыі ва ун-тах Англіі і Германіі. Асаблівая ўвага аддавалася рэліг. навучанню і выхаванню, фіз. выхаванню; акрамя багаслоўя вывучаліся старагрэч., лац., бел., польская мовы, рыторыка, гісторыя, матэматыка, логіка і інш. У К.ш. выкарыстоўваліся элементы класна-ўрочнай сістэмы, гуманіст. падыходы ў арганізацыі навучання, ставілася мэта сфарміраваць у навучэнцаў крытычнае мысленне. Пасля паражэння Рэфармацыі ў сярэдзіне 17 ст. пратэстанцкія школы скарачаліся. К.ш. ў Слуцку (з 1617) толькі ў 1868 перайшла ў разрад урадавых навуч. устаноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАГАГІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці развіцця чалавека ў працэсе навучання і выхавання, распрацоўвае псіхал. асновы гэтага працэсу. Як самастойная галіна ведаў пачала складвацца ў сярэдзіне 19 ст., а інтэнсіўна развівацца з 1880-х г. Тэрмін прапанаваў П.Ф.Капцераў у 1874. У структуру П.п. ўваходзяць: псіхалогія выхавання (вывучае змест матывацыйнай сферы асобы дзіцяці, яе накіраванасць, каштоўнасныя арыентацыі, маральныя ўстаноўкі, адрозненні ў самасвядомасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў розных умовах і інш.); псіхалогія навучання (даследуе развіццё пазнавальнай дзейнасці асобы ва ўмовах сістэматычнага навучання); псіхалогія настаўніка (вывучае псіхал. аспекты фарміравання прафес.пед. дзейнасці і тыя асаблівасці асобы, якія спрыяюць або перашкаджаюць гэтай дзейнасці). Вынікі псіхолага-пед. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры канструяванні зместу і метадаў адукацыі, стварэнні вучэбных дапаможнікаў, распрацоўцы сродкаў дыягностыкі і карэкцыі псіхічнага развіцця асобы. Гл. таксама Псіхалогія.
Літ.:
Стоунс Э. Психопедагогика: Пер. с англ.М., 1984;
Менчинская Н.А. Проблемы учения и умственного развития школьника. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАФРЭНАПЕДАГО́ГІКА (ад аліга... + грэч. phrēn розум + педагогіка),
раздзел дэфекталогіі, які вывучае праблемы выхавання, навучання і шляхі карэкцыі недахопаў развіцця разумова адсталых дзяцей (гл.Алігафрэнія), а таксама пытанні іх сац. рэабілітацыі. Цесна звязана з псіхіятрыяй, педагогікай, мед. навукамі (педыятрыяй, неўралогіяй, псіхапаталогіяй і інш.). На Беларусі пытанні алігафрэнапедагогікі распрацоўваюць дэфектолагі Бел.пед. ун-та, Нац. ін-та адукацыі і інш. Распрацавана канцэпцыя навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з адхіленнямі ў разумовым і фіз. развіцці (Т.Л.Ляшчынская, У.А.Шынкарэнка і інш.). Працуюць спец. школы ў Гродне, Мінску, Полацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т ЖУРНАЛІ́СТЫКІімя С.М.Кірава (КІЖ). Існаваў у 1932—40 у Мінску як навуч. ўстанова для падрыхтоўкі кадраў для раённых, абл. і рэсп. газет. Засн. на базе газетнага аддз.Камуністычнага універсітэта Беларусі. У 1935 прысвоена імя Кірава. Прымаліся асобы, якія мелі стаж работы не меншы як 3 гады і 2 гады кіруючай парт. і грамадскай работы. Тэрмін навучання 3 гады. Пры КІЖы працавалі 1-гадовая вячэрняя школа журналістаў камсамольска-маладзёжных газет і сектар завочнага навучання. Рэарганізаваны ў Бел.ін-т журналістыкі (існаваў да 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ,
працэдурна-арыентаваная мова праграмавання высокага ўзроўню. Распрацавана ў 1969—71 швейц. вучоным Н.Віртам для мэт навучання праграмаванню і названа імем Б.Паскаля.
Характэрныя асаблівасці: шырокая наменклатура базавых тыпаў даных, строгая тыпізацыя даных і пераменных, магчымасць выбару адной з некалькіх паслядоўнасцей (галін) аператараў па вылічаным нумары галіны і інш. Вызначаецца адноснай прастатой і высокай эфектыўнасцю рэалізацыі большасці навук.-тэхн. задач выліч. характару, сістэм кіравання базамі даных і экспертных сістэм. Выкарыстоўваецца як мова праграмавання персанальных ЭВМ, а таксама для навучання праграмаванню, складання транслятараў і інш. праграм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЫЛІЯ́Н (Марк Фабій) (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),
старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял.пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж. Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш.Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АГРАПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у 1930—33. Меў фізіка-матэм. і хіміка-біял. аддзяленні. Тэрмін навучання 2 гады. Рэарганізаваны ў Гомельскі пед.ін-т (гл.Гомельскі універсітэт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т ІНФАРМА́ТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРО́НІКІ.
Засн. ў 1964 як Мінскі радыётэхн. ін-т на базе радыётэхн. ф-та БПІ, з 1993 сучасная назва. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: камп’ютэрнага праектавання; інфарм. тэхналогій і кіравання; радыётэхнікі і электронікі; камп’ютэрных сістэм і сетак, тэлекамунікацый; эканамічны; вячэрняга навучання; завочнага навучання; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі; перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1964, дактарантура з 1988. Мае 36 лабараторый, спецыялізаванае канструктарска-тэхнал. бюро з доследнай вытворчасцю, рэдакцыйна-выдавецкі аддзел.
Заняткі ў лабараторыі шматканальных сістэм перадачы інфармацыі Беларускага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКО́ЛЬНАЯ ПЕДАГО́ГІКА,
галіна педагогікі, якая вывучае заканамернасці развіцця, выхавання і элементарных формаў навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Цесна звязана з практыкай выхавання дзяцей, а таксама з гісторыяй педагогікі, агульнай педагогікай, дзіцячай псіхалогіяй, узроставай анатоміяй і фізіялогіяй, педыятрыяй, эстэтыкай, этыкай, методыкамі дашкольнага выхавання. Асноўныя задачы Д.п.: улік асаблівасцей псіхічнага развіцця дзіцяці ў працэсе выхавання і навучання, распрацоўка зместу, формаў і метадаў работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту, адукацыі дашкольнікаў, распрацоўка зместу фіз., інтэлектуальна-пазнаваўчага, маральнага, працоўнага, эстэт. выхавання, пошук аптымальных метадаў арг-цыі работы дашкольных устаноў, формаў работы з бацькамі, вывучэнне і кіраванне рознабаковай дзейнасцю дашкольнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕРА ПЛАН,
сістэма індывідуалізаванага навучання ў ВНУ. Стваральнік — амер. псіхолаг і педагог Ф.С.Келер. Спачатку К.п. распрацоўваўся (1963—64) як сістэма выкладання псіхалогіі ў Бразільскім ун-це; у 1968 прапанаваны як агульнадыдактычная сістэма навучання ў ВНУ. Асн. рысы К.П.: арыентацыя на поўнае засваенне зместу навуч. матэрыялу; індывід. работа студэнтаў ва ўласным тэмпе; выкарыстанне лекцый (каля 6 за семестр) толькі з мэтай матывацыі і агульнай арыентацыі навучэнцаў; бягучая ацэнка засваення матэрыялу па раздзелах курса проктарамі (асістэнты выкладчыка) і інш. Паводле К.п. навучэнцы могуць свабодна выбіраць від навуч. дзейнасці і рэжым працы. Найбольшае пашырэнне атрымаў у вышэйшых навуч. ўстановах ЗША.