МЯ́ДЗЕЛЬСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкар. кераміка сярэдзіны — 2-й пал. 16 ст. з г. Мядзел Мінскай вобл. Мясц. майстры выраблялі тэракотавую і паліваную кафлю (найчасцей ужывалі карычневую, зялёную, празрыстую паліву і белую эмаль). Найб. раннія — каробчатыя кафлі, якія адціскалі ў драўляных або гліняных формах, мелі заглыбленую вонкавую пласціну з квадратнай высокай рамкай па краі і высокую румпу. Выраблялі таксама паліхромныя паясныя, карнізныя кафлі, «каронкі», «гарадкі», дэкараваныя рэльефным геам. арнаментам, сюжэтнымі кампазіцыямі на рэліг. тэматыку, з выявамі чалавека, міфалагічных істот і інш.

М.​А.​Ткачоў, У.​В.​Угрыновіч.

Да арт. Мядзельская кафля. Тэракотавая кафля з сюжэтнай выявай. Сярэдзіна 16 ст.

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎДА (Іван Сямёнавіч) (н. 13.6.1953, г. Мядзел Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1996), праф. (2000). Скончыў БДУ (1975), з 1975 працуе ў ім (з 1996 нам. дэкана філал. ф-та, з 1999 заг. кафедры). Даследаванні па супастаўляльным мовазнаўстве, лексікалогіі, словаўтварэнні. Аўтар кн. «Рознаўзроўневая намінатыўная адпаведнасць беларускай і рускай моў» (1999), сааўтар кн. «Сучасная руская мова: Практыкум па арфаэпіі, арфаграфіі, пунктуацыі» (1989), «Слоўніка беларускай мовы» (2001), падручнікаў па бел. мове для пачатковай школы, падручнікаў і дапаможнікаў па рус. мове для сярэдняй школы і ВНУ і інш.

Тв.:

К вопросу об имплицитном аналитизме. Мн., 1994.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́ВА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 28,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы на У і Пн выш. 18—20 м (на Пн і З да 8 м), параслі хмызняком, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, месцамі нізкія. Пойма шыр. да 100 м, участкамі забалочаная. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Уваходзіць у заказнік Рудакова.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛДУ́К,

возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 33 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел. Уваходзіць у Балдуцкую групу азёраў, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,78 км², даўж. 2,05 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 39,7 м. Пл. вадазбору 1,6 км².

Схілы катлавіны выш. 25—30 м. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае. 2 упадзіны глыб. 38,1 м і 39,7 м, раздзеленыя 7-метровым падняццем. Расліннасць утварае паласу шыр. да 200 м і дасягае глыб. 6—8 м, займае да 30% пл. возера. Ручаямі злучана з воз. Балдучыца і р. Страча.

т. 2, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́ДНАЕ ВО́ЗЕРА, Бляда,

у Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, у межах гідралагічнага заказніка Чарэмшыца. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёраў. Пл. 1,95 км², даўж. 2,02 км, найб. шыр. 1,44 км, найб. глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 6,02 км. Пл. вадазбору 4,72 км².

Схілы катлавіны выш. да 2 м, паўд.-зах. — да 5 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, у паўд.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Дно глыбей за 3 м сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2 м, шыр. паласы надводнай расліннасці да 180 м. Адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТО́РЫНА, Баторын,

возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 1,5 км на Пд ад г.п. Мядзел. Пл. 6,25 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 2,4 км, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 92,4 км².

Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, асабліва заходні, які зліваецца з забалочанай поймай і пераходзіць у балота. Мелкаводдзе пясчана-глеістае. Асн. частка ложа выслана сапрапелямі магутнасцю да 8 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 150 да 300 м. На ПдУ невял. ўчасткі сплавіны. Водапрыёмнік балотных водаў (упадаюць 10 меліярац. канаў); злучана пратокай з воз. Мястра. Месца адпачынку і турызму.

Возера Баторына.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУБЕ́ЛЬКА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,09 км², даўж. 520 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 17 м., даўж. берагавой лініі каля 1,7 км. Пл. вадазбору 0,41 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на У да 35 м, пясчаныя і супясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, на У і ПнЗ зліваюцца са схіламі. У цэнтры возера востраў пл. 0,1 га. Дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. У возеры расце меч-трава (занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь). Упадае ручай з воз. Ячмянец, выцякае ручай у воз. Глубля.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРУ́ГА (Яраслаў Генрыхавіч) (н. 4.9.1928, г.п. Мядзел Мінскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1971). Скончыў БДУ (1953). У 1947—64 працаваў ва ўстановах нар. асветы, з 1966 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследаваў стараж. гарады Ваўкавыск, Гродна, Здзітаў, Ліду, Слонім, Турыйск, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі Беларусі. Вывучае славяна-балцкія кантакты ў раннім сярэдневякоўі. Аўтар прац «Старажытны Ваўкавыск X—XIV стст.» (1975), «Верхняе Панямонне ў IX—XIII стст.» (1989), укладальнік і навук. рэдактар кнігі «Памяць». Гіст.-дакумент. хроніка Мядзельскага раёна» (1998). Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987) і інш.

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Арсенавіч) (20.5. 1936, в. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.3.1972),

бел. літаратуразнавец, краязнавец, педагог. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, нам. дырэктара Сваткаўскай СШ Мядзельскага р-на. Узначальваў літаб’яднанне пры газ. «Нарачанская зара» (г. Мядзел). Пісаў вершы, літ.-знаўчыя артыкулы. Выдаў кн. «З вопыту работы літаратурнага гуртка...» (1968) пра работу школьнага гуртка бел. л-ры, у пасяджэннях якога прымалі ўдзел бел. пісьменнікі (Я.​Брыль, В.​Быкаў, У.​Караткевіч, І.​Навуменка, М.​Танк і інш.). Памяці П. прысвечаны аповесць Быкава «Абеліск», верш А.​Лойкі «Каліны», карціна А.​Пупко «Памяць», раздзел экспазіцыі ў Мядзельскім музеі народнай славы.

Літ.:

Жук В. Сцежка застаецца людзям // Маладосць. 1981. № 9.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛАВЫ.

Засн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г. Мядзел Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 412 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў калекцыі знаходак з археал. помнікаў раёна, планы маёнткаў, выданні Зах. Беларусі, у т. л. КПЗБ і КСМЗБ, матэрыялы пра нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935, дзейнасць Бел. сял.-работніцкай грамады, Т-ва бел. школы, стварэнне калгасаў, дзейнасць партызан і падпольшчыкаў у Вял. Айч. вайну, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час, пра славутых землякоў нар. паэта М.Танка, мастака В.П.Шаранговіча, актрысу М.Г.Захарэвіч і інш. У экспазіцыі драўляныя разныя, карункавыя, вязаныя вырабы мясц. майстроў. З 1991 дзейнічае аддзел музея ў школе № 1, прысвечаны бел. паэту У.М.Дубоўку і гісторыі школы.

Н.​М.​Мацюшонак.

т. 11, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)