парашкападобны грубы корм, які атрымліваюць шляхам размолу высакаякаснага сена. Лепшая сыравіна для С.м. — бабовыя травы, скошаныя ў фазе бутанізацыі ці ў пач. цвіцення, таксама бабова-злакавыя і бабова-злакава-разнатраўныя сумесі; вільготнасць сыравіны не перавышае 12%. У 100 кг С.м. з канюшыны ўтрымліваецца 70,2 кармавой адзінкі і 8,3 кг засваяльнага пратэіну; з віка-аўсянай сумесі адпаведна 65,7 і 9,7. Выкарыстоўваецца як дабаўка да рацыёну свіней, птушкі ў якасці крыніцы паўнацэннага пратэіну і вітамінаў (асабліва багатая карацінам, мае 100—150 мг y 1 кг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАСФАРЫ́ТНАЯ МУКА́,
фосфарнае ўгнаенне. Парашкападобнае рэчыва, не раствараецца ў вадзе. Мае 19—30% фосфарнага ангідрыду (P2O5) у выглядзе маладаступнага для раслін ортафасфату кальцыю [Ca3(PO4)2] з дамешкам карбанату і фтарыду кальцыю (CaCO3, CaF2). У кіслым асяроддзі фосфар Ф.м. пераходзіць у больш даступную раслінам форму — монагідрат гідрафасфату кальцыю Ca(H2PO4)2∙H2O. Атрымліваюць здрабненнем жаўлаковых, зярністых і некат. карставых фасфарытаў. Выкарыстоўваюць на кіслых падзолістых, шэрых лясных, балотных глебах, вышчалачаных чарназёмах, асабліва на суглінках і глінах пад лубін, гарох, азімыя збожжавыя і інш. культуры як асн. ўгнаенне (дзейнічае некалькі гадоў), таксама для прыгатавання кампосту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛІ́Н (ад грэч. cholē жоўць),
азоцістае арган. рэчыва, якое змяшчаецца ў тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах і неабходна для нармальнага абмену тлушчаў. Найб. багатыя Х. мяса, рыба, соевая мука. Уваходзіць у састаў ацэтылхаліну, фосфаліпідаў. Атрыманы з жоўці. Валодае ліпатропным дзеяннем, папярэджвае развіццё тлушчавай інфільтрацыі печані. Адносяць да вітамінаў групы В.
Пластычны матэрыял для пабудовы структур жывой тканкі, можа сінтэзавацца ў арганізме з серыну. Недахоп Х. ў спалучэнні з бялковай недастатковасцю выклікае тлушчавую дэгенерацыю печані, садзейнічае развіццю цырозу печані. У суткі чалавеку неабходна 250—600 мг Х. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мясная мука 1/132, 169; 5/401, 446; 7/342
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Рыбная мука 1/132, 169; 5/401, 446; 9/205
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЙРО́НАВЫЯ ЗЯРНЯ́ТЫ (ад грэч. aleuron мука), пратэінавыя зярняты,
бясколерныя невял. круглаватыя адкладанні запасных бялкоў у клетках тканак раслін, пераважна ў насенні. Пажыўнымі рэчывамі алейронавых зярнят жывіцца зародак пры прарастанні насення. Утвараюцца пры выспяванні насення з высыхаючых вакуолей. Адрозніваюць алейронавыя зярняты простыя (дробныя зярняткі аднароднай структуры) і складаныя, у якіх знаходзяцца бялковыя крышталі і мінер. ўключэнні — глабоіды. Простыя алейронавыя зярняты ёсць у клетках мучністых (пшаніцы, жыта, кукурузы і інш.), складаныя — у алеістым насенні (клешчавіны, тунгу, крыжакветных і інш.) раслін.
Да арт.Алейронавыя зярняты. Алейронавы слой: 1 — просты ў жытнёвым зярняці; 2 — просты ў семядолях гароху; 3 — складаны ў эндасперме клешчавіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВЯНА́Я МУКА́,
вітамінна-бялковы корм з высушанай і размолатай травяністай масы. Захоўвае 90—95% пажыўных рэчываў сыравіны, мае 16—24% страўнага пратэіну, 35—45% безазоцістых экстрактыўных рэчываў, тлушчы, мінер. рэчывы, 200—300 мг/кг караціну, вітаміны C, E, K, групы B. У 1 кг Т.м. 0,7—0,9 кармавых адзінак. Прыгатаванне Т.м.: скошванне траў на ранніх фазах вегетацыі, здрабненне, высушванне, грануляванне. На Беларусі для Т.м. выкарыстоўваюць бабовыя (люцэрну, канюшыну, кармавы лубін, гарох, віку, сырадэлю), іх сумесі са злакавымі (цімафееўкай, аўсом, купкоўкай зборнай), таксама атаву траў і бацвінне караняплодаў. Дабаўляюць да рацыёну жывёл, уключаюць у склад камбікармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУМІ́ЗА, мяшэй італьянскі,
проса італьянскае (Setaria italica convar. maxima),
кветкавая расліна сям. метлюжковых (злакавых). Шматлікія культ. разнавіднасці мяшэюітальян. падзяляюць на 2 групы: Ч. (крупяныя сарты) і магар (пераважна кармавыя сарты). Вядомы з 3 ст. да н.э. Культывуюцца ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам. Як заносная Ч. трапляецца ў пасевах пшаніцы, люцэрны, лёну, асабліва проса.
Аднагадовая травяністая расліна выш. ад 25 см да 2 м. Лісце шырокаланцэтнае, завостранае, даўж. 25—65 см. Суквецце — коласападобная мяцёлка. Плод — зярняўка. Харч. (крупы, мука) і кармавая (фуражнае зерне, сена, зялёная маса) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРАВА́НЫЯ КАРМЫ́, канцэнтраты,
кармы, якія маюць высокую колькасць пажыўных рэчываў. Да іх належаць зерне злакавых і бабовых культур, прадукты перапрацоўкі збожжавых і алейных культур, сушаныя адходы крухмальнай, цукр. і брадзільнай прам-сці, камбікармы, сухія жывёльныя кармы і інш. К.к. выкарыстоўваюць пры кармленні ўсіх відаў с.-г. жывёл, асабліва свіней і птушак. Паводле складу пажыўных рэчываў яны падзяляюцца на вугляводзістыя (багатыя крухмалам і цукрамі зерне злакаў, сушаныя коранеклубняплоды, кармавая патака, сухія жамерыны, мязга і інш.) і бялковыя (зерне бабовых, макуха, шрот, вотруб’е, мясная, мяса-касцявая, крывяная, рыбная мука і інш.). Колькасць ператраўнага пратэіну ў 1 кг вугляводзістых К.к. складае 70—80 г, бялковых — 180—350 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я ДАБА́ЎКІ,
пажыўныя рэчывы, якія ўводзяць у рацыёны жывёл, каб забяспечыць найвышэйшую іх прадукцыйнасць і эфектыўнае выкарыстанне кармоў. Вядома больш за 100 К.д.: энергетычныя — сушаныя коранеклубняплоды, крухмал, мелес, кармавыя жывёльныя тлушчы, алеі, фасфатыды; небялковыя азоцістыя — карбамід, аманійныя солі, аміяк і аміячная вада, сінт. амінакіслоты; мінеральныя — даламітавы вапняк, вапняковы туф, сапрапель, азёрны глей, касцявая мука, фасфарын, касцявы попел, кармавы прэцыпітат і інш., у якіх ёсць макра- і мікраэлементы. З інш. дабавак выкарыстоўваюць вітамінныя, ферментныя прэпараты, гарманальныя рэчывы, кармавыя антыбіётыкі, транквілізатары, араматычныя, смакавыя і інш. рэчывы. К.д. ўключаюць у склад камбікармоў і кармавых сумесей паасобку або ў выглядзе бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў.