СТУ́РДЗА-БУЛА́НДРА (Sturdza-Bulandra) Лючыя (25.8.1873, Бухарэст — 19.9.1961),

румынская актрыса, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Румыніі (1951). Дэбютавала ў 1898 на сцэне Нац. т-ра ў Бухарэсце. У 1914—41 арганізатар (сумесна з Т.​Буландрам), актрыса, рэжысёр і дырэктар трупы, якая ў далейшым стала значным т-рам. З 1941 у Муніцыпальным т-ры Бухарэста (з 1961 т-р яе імя). У 1930—61 праф. Бухарэсцкай кансерваторыі. Сярод роляў: Дынеску («Зруйнаваная цытадэль» Х.​Лавінеску), лэдзі Чылтэрн («Ідэальны муж» О.​Уайльда), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Васа Жалязнова («Васа Жалязнова» М.​Горкага) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1952.

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ БАЛЕ́Т ПІЁНА,

трупа, якая працавала ў 1844—47 у Віцебску пад кіраўніцтвам польск. балетмайстра М.​Піёна. У рэпертуары пастаўленыя ім балеты-дывертысменты «Вяселле ў Айцове» К.​Курпінскага і Ю.​Дамсе, «Дзве статуі» Ю.​Эльснера, «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца і інш. Ставіліся таксама жывыя карціны, камедыі і вадэвілі на рус., польск, і франц. мовах. У асн. складзе трупы былі браты Адольф, Морыс і Уладзіслаў Піёны, муж і жонка Кос, Царова, Я.​Чаховіч, а таксама кардэбалет з прыгонных сялян, адпушчаных у горад, і некалькіх запрошаных артыстаў. Суправаджаў спектаклі мясц. аркестр пад кіраўніцтвам скрыпача-віртуоза Г.​П.​Ягемана (Ягнова).

Г.​І.​Барышаў.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЎС,

у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т. л. Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.

Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ Мікалай Піліпавіч (19.9.1803, Масква — 10.4.1864),

рускі пісьменнік. Муж К.К.Паўлавай. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1821), Маскоўскі ун-т (1825). Заснавальнік і рэдактар газ. «Русские ведомости» (1863—64). Друкаваўся з 1822. У 1831 апубл. першыя ў Расіі пераклады з А.​Бальзака. Адзін з пачынальнікаў рус. сацыяльна-псіхал. аповесці: зб-кі «Тры аповесці» (1835; забаронены), «Новыя аповесці» (1839). Аўтар вершаў, апавяданняў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку М.​Глінкам, А.​Даргамыжскім і інш.

Тв.:

Соч.: Три повести. Новые повести. Стихотворения. Статьи. М., 1985;

Избр.: Повести, стихотворения. Статьи. М., 1988;

Избр. соч. М., 1989.

Літ.:

Вильчинский В.П. Н.​Ф.​Павлов. Л., 1970.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́ДКІ Уладзімір Іванавіч (н. 1.9.1956, чыг. ст. Галынец Магілёўскага р-на),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1990). Муж С.​А.​Салодкай. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1985). З 1979 артыст Дзярж. нар. хору Беларусі, з 1984 — ансамбля нар. музыкі «Свята». З 1985 спявае ў дуэце з Салодкай. З 1994 адзін са стваральнікаў і саліст ансамбля нар. песні «Вяселле», з 1996 саліст Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону. У рэпертуары бел., рус., укр. нар. песні, а таксама аўтарскія творы, у т. л. «А дзе ж ты, бурлак, валачыўся» (балада), «Чапурушачка», «У лузе каліна стаяла», «Кірыла Тураўскі» (У.​Будніка).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРДЫНА́НД II АРАГО́НСКІ (10.3.1452, Сос, Іспанія — 23.1.1516),

кароль Арагона з 1479, Сіцыліі (Фердынанд II) з 1468, Кастыліі (Фердынанд V) у 1479—1504 (як муж каралевы Кастыліі Ізабелы, пасля яе смерці ў 1504 — рэгент Кастыліі пры дачцэ Хуане Вар’ятцы), неапалітанскі (Фердынанд III) з 1504. Дынастычная унія Арагона і Кастыліі праз яго шлюб з Ізабелай фактычна паклала пачатак адзінаму Ісп. каралеўству. Завяршыў Рэканкісту (1492), далучыў да Іспаніі Русільён і Сердань (1493), Неапалітанскае каралеўства (1504), Верхнюю Навару (1512). Ф. II і Ізабела ўвялі ў Кастыліі інквізіцыю (1480), выгналі яўрэяў, жорстка праследавалі ісп. арабаў. Пры ім Х.Калумб адкрыў Амерыку і пачалося яе заваяванне іспанцамі.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУХА́ЦКІ Аляксандр Леанідавіч (н. 25.8.1945, с. Панова Шаткоўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Расіі (1984). Скончыў Горкаўскае тэатр. вучылішча (1966). У 1966—87 працаваў у Горкаўскім акад. драм. т-ры імя М.​Горкага: Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.​Растана), Курчаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Мальер («Кабала святош» М.​Булгакава), Алёшка, Сацін («На дне» М.​Горкага), Чарнявы («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Мікалай («Парог» А.​Дударава) і інш. З 1988 у Рус. драм. т-ры Беларусі. Сярод роляў: Крысабой («Майстры» паводле Булгакава), Журналіст, Фізік («Звалка» Дударава), Рычард («Усё ў садзе» Э.​Олбі), Муж («Свабодны шлюб» Д.​Фо і Ф.​Рамэ).

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІТЭМНЕ́СТРА, Клітэместра,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара Спарты Ціндарэя, жонка Агамемнана. За грахі яе бацькі К. асуджана Афрадытай тройчы быць замужам. Яе першы муж лідзійскі цар Тантал і іх малы сын былі забіты Агамемнанам, у вымушаным шлюбе з якім К. нарадзіла трох дачок і сына Арэста. У адсутнасць мужа, які кіраваў аблогай Троі, К. пакахала яго саперніка Эгісфа. Апошні забіў Агамемнана пры яго вяртанні з-пад Троі. Паводле літ. паслягамераўскай традыцыі, К., прыкрываючы ўласную здраду помстай за прынесеную мужам у ахвяру Артэмідзе дачку Іфігенію, сама забіла Агамемнана і прывезеную ім Касандру. Пасля царавала з Эгісфам у Мікенах. Забіта сынам Арэстам, які помсціў за бацьку. Вобраз К. адлюстраваны ў трагедыях Эсхіла і Эўрыпіда.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРТЫ́ЗМ,

палітычная кампанія праследавання Камуніст. партыі ЗША, блізкіх да яе прафсаюзаў, дзярж. служачых, дзеячаў культуры і інш. у час «халоднай вайны». Ініцыіраваны і разгорнуты старшынёй (з 1953) пастаяннай сенацкай падкамісіі па расследаваннях Дж.​Макарці (адсюль назва). У ходзе М. ў ЗША узмацніліся антыкамуністычныя, нацыяналіст. і антысеміцкія погляды, абвінавачанні ў «падрыўной дзейнасці» і шпіянажы на карысць СССР; з дзярж. службы звольнены каля 8,8 тыс. «ненадзейных элементаў». Ад паклёпу пацярпелі многія амерыканцы (пазбавіліся працы, незаконна асуджаны, у т. л. пакараны смерцю муж і жонка Розенбергі), што прывяло да значнай дыскрэдытацыі ўлад краіны. 2.12.1954 сенат вынес ганьбаванне Макарці за перавышэнне ім улады, пасля чаго ён страціў паліт. ўплыў, а М. паступова згас.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІ́ЦЫН (сапр. Гёзе) Віктар Якаўлевіч

(2.5.1897, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.12.1976),

расійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў 2-й Студыі Маскоўскага маст. т-ра (1918—24). З 1924 артыст Маскоўскага Маст. акад. т-ра. Мяккі лірычны акцёр. Сярод роляў: Андрэй Прозараў («Тры сястры» А.​Чэхава), Кураслепаў («Гарачае сэрца» А.​Астроўскага), Рапяцілаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), губернатар («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Сціва Аблонскі («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога) і інш. Паставіў спектаклі: «Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса (1934), «Ідэальны муж» О.​Уайльда (1946), «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера (1957) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949, 1951, 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1974.

т. 15, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)