КІСЯЛЕ́ЎСКІ Анатоль Іванавіч (28.12.1925, Мінск — 27.9.1986),

бел. мовазнавец. Брат Л.І.Кісялеўскага. Д-р філал. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1957). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1963 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў (у 1968—75 прарэктар). Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, лексікаграфіі і тэрміналогіі. Аўтар працы «Мовы і метамовы энцыклапедый і тлумачальных слоўнікаў» (1977), «Лацінска-руска-беларускага батанічнага слоўніка» (1967), вучэбных дапаможнікаў па агульным мовазнаўстве. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79).

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ДНІК Міхаіл Раманавіч (21.11.1910, в. Пяцюлёва Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1995),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1970), канд. філал. н. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). У 1930—36. 1938—43 настаўнічаў, у 1943—44 нач. упраўлення кадраў Наркамасветы БССР. У 1944—52 навук. супрацоўнік Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. З 1952 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (заг. сектара, у 1957—83 дырэктар). Даследаванні па бел. лексікалогіі і лексікаграфіі, арфаграфіі, тэрміналогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовазнаўства. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970), 14-моўнага «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, Прага, 1977—79), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.​М.​Лобанам; 6-е выд., 1990), «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (1996). Старшыня Бел. (1959—85), чл. Міжнар. (1973) камітэтаў славістаў.

Тв.:

Гісторыя ўзнікнення і этапы развіцця беларускай лексікаграфіі старажытнай пары // Працы Ін-та мовазнаўства АН БССР 1957. Вып. 4;

Слоўнік асабовых уласных імён. Мн., 1965.

М.​Н.​Крыўко.

М.Р.Суднік.

т. 15, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАДЗЕ́Д Іван Канстанцінавіч (29.8.1906, с. Успенка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.9.1981),

украінскі мовазнавец. Акад. АН УССР (1957) і АН СССР (1972). Засл. дз. нав. Украіны (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1932). З 1961 дырэктар Ін-та мовазнаўства імя А.​А.​Патабні АН УССР, адначасова ў 1962—78 віцэ-прэзідэнт АН УССР. Даследаваў праблемы ўсх.-слав. моў, у т. л. бел. моўны матэрыял («Кантакты ўкраінскай мовы з іншымі славянскімі і уніфікацыя яе вуснай літаратурнай формы», 1968; «Лінгвастылістычная характарыстыка перакладу твораў К.​Крапівы на ўкраінскую мову», 1972), агульнае мовазнаўства і сацыялінгвістыку. Дзярж. прэміі УССР 1971 і СССР 1983.

І.​К.​Германовіч.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫДО́ВІЧ Марыя Андрэеўна (19.10.1906, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.11.1977),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1938). Працавала ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (1946—59), БДУ (1943—46, 1959—77). Даследавала гісторыю бел. мовы і бел. гаворак. Аўтар працы «Назоўнік у беларускай мове» (ч. 1, 1969), адзін з аўтараў кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), бібліягр. паказальніка «Беларускае мовазнаўства (1825—1965)» (1967), рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1—3, 1970—77).

Н.​С.​Мажэйка.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСК (Rask) Расмус Крысціян (22.11.1787, каля г. Одэнсе, Данія — 14.11.1832),

дацкі мовазнавец; адзін са стваральнікаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства; заснавальнік навук. мовазнаўства ў Скандынавіі. З 1825 праф. Капенгагенскага ун-та. Упершыню ў мовазнаўстве выкарыстаў параўн.-гіст. метад пры вырашэнні пытання аб паходжанні ісландскай мовы і даказаў роднасць герм. моў з балта-слав., грэч. і лац. («Даследаванні ў галіне старажытнапаўночнай мовы, або паходжанне ісландскай мовы», нап. 1814). У 1818 адкрыў рэгулярную адпаведнасць паміж індаеўрап. і герм. шумнымі зычнымі, якая пазней была сістэматызавана Я.​Грымам (т.зв. закон Грыма). Вывучаў таксама параўн.-гіст. граматыку балта-слав., фіна-угорскіх і індаіранскіх моў.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯЦКО́ Павел Уладзіміравіч (н. 5.3.1930, в. Грабава Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1980), праф. (1983). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1953), працаваў у ім, потым у Мінскім пед. ін-це. З 1981 заг. кафедры Гомельскага, з 1990 — Гродзенскага ун-таў. Даследуе праблемы лексікалогіі, фаналогіі словаўтварэння, этымалогіі, граматыкі бел. літ. мовы, дыялекталогіі. Аўтар «Дыялектнага слоўніка: (З гаворак Зэльвеншчыны)» (1970), кн. «Народная лексіка» (1970), «Народная лексіка і словаўтварэнне» (1972), «Беларускае народнае словаўтварэнне: Афіксальныя назоўнікі» (1977); сааўтар «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985), «Руска-беларускага слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (1988), «Слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (з М.​Ф.​Гуліцкім, Л.​А.​Антанюк, 1990), «Руска-беларускага фізічнага слоўніка» (з А.​М.​Каладзінскім, Д.​М.​Карацінскай, 1999), кн. «Слоўнік тэрміналогіі лінгвістычнай: беларуска-расійска-польскі і польска-расійска-беларускі» (на польскай мове, 1994), навучальных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Пачатковы курс мовазнаўства. Гродна, 1993;

Праблемы нормы, культуры мовы. Гродна, 1998;

Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы. Гродна, 1999;

Уводзіны ў мовазнаўства. Гродна, 2001;

Культура мовы. Мн., 2002.

Літ.:

Прафесар П.​У.​Сцяпко: Бібліягр. агляд навук.-пед. дзейнасці ў галіне бел. і слав. мовазнаўства. Гродна, 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЧЭ́НКА Уладзімір Васілевіч (н. 20.7.1924, в. Янаўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952). У 1955—70 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1970 у Гомельскім ун-це (у 1970—91 заг. кафедры). Даследуе пытанні бел. і слав. мовазнаўства. Аўтар манаграфіі «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі» (1969), «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (1970; у сааўт.), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па марфалогіі, гіст. лексікалогіі і фанетыцы ўсх.-слав. моў, «Слоўніка мовы Скарыны» (т. 1—3, 1977—94), кніг «Беларускі казачны эпас» (1976) і «Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА Алена Мікалаеўна (н. 6.10.1961, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2000). Скончыла БДУ (1985). З 1985 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1989 у Мінскім лінгвістычным ун-це, з 1995 — у БДУ. Даследуе пытанні сучаснай бел. літ. мовы, яе гісторыю, этымалогію лексікі, слав. мовы, агульнае мовазнаўства. Аўтар кн. «Інтэлектуальныя абазначэнні: функцыянаванне і матывацыя» (1994, з А.​А.​Кожынавай), «Сістэмны рух і гуманітарныя навукі» (1996, з М.​А.​Сакаловай), «Дзеясловы з семантыкай разумовых працэсаў у беларускай мове» (2000), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па бел. мове для школы і інш.

Тв.:

Белорусский язык для русскоязычных. Мн., 1994 (разам з А.​А.​Кожынавай, А.​Г.​Тарасевіч).

М.​Н.​Крыўко.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАЎ Віктар Уладзіміравіч (12.1.1895, г. Зарайск, Расія — 4.10.1969),

рускі мовазнавец. Акад. АН СССР (1946). Д-р філал. н. (1940). Скончыў гіст.-філал. і археал. ін-ты ў Петраградзе (1918). Дырэктар Ін-та мовазнаўства (1950—54) і Ін-та рус. мовы (1958—68), адначасова акад.-сакратар Аддз. л-ры і мовы (1950—63) АН СССР. Даследчык агульнай тэорыі і метадалогіі мовазнаўства, найважнейшых галін навукі пра рус. мову. З яго імем звязана ўзнікненне і абгрунтаванне шэрагу новых галін філал. навукі: гісторыі літ. мовы, агульнамоўнай і індывідуальнай стылістыкі, тэорыі паэт. мовы, фразеалогіі як філал. дысцыпліны і інш. Аўтар працы «Руская мова (граматычнае вучэнне пра слова)» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1951). Рэдактар час. «Вопросы языкознания» (1952—69).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Библиогр. словарь. Мн., 1977. Т. 2. С. 89—129.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРЫЕ́С (Vendryes) Жазеф (13.1.1875, Парыж — 30.1.1960),

французскі мовазнавец. Праф. Сарбоны (1907). Чл. Акадэміі надпісаў і л-ры (у Парыжы), 7 еўрап. акадэмій. Распрацоўваў праблемы агульнага і індаеўрап. мовазнаўства; прыхільнік т.зв. сацыялагічнай школы ў мовазнаўстве («Мова», 1921). Даследаваў класічныя і кельцкія мовы.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)