Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГРАФІ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
1) У сацыялогіі — спосаб даследавання, дыягностыкі, карэкцыі і прагназавання жыццёвага шляху асобы. Тэарэтычна распрацаваны на пач. 20 ст. сацыёлагамі амерыканцам У.Томасам і палякам Ф.Знанецкім. Біяграфічным метадам называлі вывучэнне асабістых дакументаў (перапіска, дзённікі, аўтабіяграфіі).
2) У псіхалогіі біяграфічны метад — крыніца разумення і рэканструкцыі жыццёвага свету асобы і яе самасвядомасці; у псіхіятрыі — вывучэнне прычын хваробы, першапачатковай «псіхічнай траўмы».
3) У літаратуразнаўстве — кірунак у вывучэнні л-ры, дзе асоба аўтара і яго біяграфія разглядаюцца як асноўны, вызначальны момант маст. творчасці. Найб. пашырэнне гэты метад набыў у гісторыі культуры, дзе ён цесна звязаны з герменеўтыкай. У далейшым яго сталі ўключаць у аналіз актуальных і будучых з’яў (будучая аўтабіяграфія, кіраваная фантазія, графікі жыцця, каўзаметрыя). У сучасным грамадазнаўстве біяграфічны метад набыў новыя рысы дзякуючы ўсведамленню адзінства ўнутранага свету асобы і гіст. сітуацыі яе развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎЭ МЕ́ТАД,
метад даследавання монакрышталёў з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Выкарыстоўваецца для вызначэння прасторавай арыентацыі і рэальнай структуры монакрышталёў, іх пунктавай групы сіметрыі, змен крышталічнай структуры пад уздзеяннем т-ры, ціску, апрамянення і інш.
У Л.м. тонкі пучок рэнтгенаўскіх прамянёў неперарыўнага спектра падае на нерухомы монакрышталь. Рассеянае выпрамяненне ў напрамках, вызначаных паводле Брэга—Вульфа ўмоў, рэгіструецца на фотаплёнцы, размешчанай за крышталём, перпендыкулярна праменю; атрыманы відарыс наз. лаўэграмай (у выпадку вял. крышталёў плёнка размяшчаецца перад імі і лаўэграма наз. эпіграмай). Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз.
М.М.Аляхновіч.
Да арт.Лаўэ метад: лаўэграма крышталю меднага купарвасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРСІ́ЙНЫ МЕ́ТАД,
метад вызначэння паказчыкаў пераламлення (ПП) святла дробных зярнят (каля 1—2 мкм) цвёрдых празрыстых рэчываў пад мікраскопам. Зярняты рэчыва апускаюць у нанесеныя на прадметнае шкло мікраскопа кроплі розных вадкасцей з вядомымі ПП. Разглядаючы зярняты ў мікраскоп, падбіраюць вадкасць, найб. блізкую па ПП ад дадзенага рэчыва. У І.м. выкарыстоўваюць імерсійны набор з 98 вадкасцей (з ПП ад 1,408 да 1,780), а таксама наборы высокапераламляльных вадкасцей (з ПП да 2,15) і празрыстых сплаваў (да 2,7). Метад выкарыстоўваюць для вызначэння чыстаты злучэнняў і суадносін кампанентаў у сумесях, пры вывучэнні мінералаў, горных парод і тэхн. камянёў, у хім. тэхналогіях.