ПЛАЦЭ́НТА (лац. placenta ад грэч. placus аладка),
1) дзіцячае месца, орган сувязі зародка з целам маці ў перыяд унутрычэраўнага развіцця. Ёсць у чалавека, плацэнтарных млекакормячых жывёл, у некат. хордавых і беспазваночных. Выконвае трафічную, дыхальную, выдзяляльную, бар’ерную, эндакрынную, імунапратэктыўную функцыі. П. млекакормячых утворана вырастамі вонкавай абалонкі зародка (харыёнам) і слізістай сценкі маткі. У даношанага плода чалавека П. мае форму плоскага дыска дыяметрам 17—20 см, таўшчынёй 2—4 см, масай 500—600 г. Парушэнні функцыі П. выклікаюць невыношванне цяжарнасці, таксікозы цяжарнасці.
2) У кветкавых раслін П., ці семяноід — месца закладкі і прымацавання семязавязі.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАСЦЯ́К»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. У кампазіцыйнай аснове танца 2 рады выканаўцаў мяшанага складу адзін супраць аднаго сыходзяцца да сярэдзіны танц. пляцоўкі, потым вяртаюцца на месца, выконваючы двайны прытуп з падскокамі на абедзвюх нагах папераменна, у заключэнні фігуры — двайны прытуп без падскокаў. Выконваецца пад гармонік ці інш. муз. інструмент і калект. выкананне прыпевак удзельнікамі абодвух радоў папераменна. Часам выконваецца варыянт асн. фігуры: адзін рад танцуе на месцы, 2-і на яго наступае, потым вяртаецца на месца, і наадварот. Пашыраны на Брэстчыне, Гомельшчыне. Існуе сцэнічны варыянт танца.
В.З.Савін.
т. 13, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МАНАВА ПРАСТО́РА,
прастора, у малых абласцях якой набліжана (з дакладнасцю да малых вышэйшых парадкаў параўнальна з памерамі абласцей) мае месца эўклідава геаметрыя, аднак у цэлым гэтая прастора можа не быць эўклідавай. Кожны элемент такой прасторы вызначаецца з дапамогай упарадкаванай сукупнасці лікаў, а адлегласць паміж бясконца блізкімі элементамі — з дапамогай пэўнай квадратычнай формы, у залежнасці ад выбару каэфіцыентаў якой Р.п. пераўтвараецца ў эўклідаву прастору ці прастору Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі ці інш. неэўклідавай геаметрыі. Прасцейшыя Р.п. — эўклідава прастора, да якой прымыкаюць прасторы пастаяннай крывізны, дзе мае месца геаметрыя Лабачэўскага і геаметрыя Рымана. Гл. таксама Дыферэнцыяльная геаметрыя.
т. 13, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУА́ТР (франц. cloître ад лац. claustrum закрытае месца, пазней — манастыр),
крытая аркадная галерэя-абход вакол прамавугольнага двара манастыра ці царк. комплексу, тыповая для раманскай і гатычнай архітэктуры.
т. 8, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),
перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн. чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.
т. 10, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІКІ́НІ (Bikini),
атол у Ціхім ак., у архіпелагу Маршалавых астравоў. Апека ЗША. Пл. каля 5 км². Месца правядзення ядзерных выпрабаванняў ЗША у 1946—58. Жыхары эвакуіраваны ў 1946.
т. 3, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́СТАНЬ,
спецыяльна абсталяванае каля берага месца стаянкі рачных суднаў. Прызначана для пасадкі ці высадкі пасажыраў, грузавых і інш. аперацый. Бываюць стацыянарныя (натуральныя ці штучныя берагавыя) і плывучыя (дэбаркадэры).
т. 13, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРТА́Ж (франц. reportage ад англ. report паведамляць),
аператыўнае паведамленне пра з’яву, падзею, здарэнне, сведкам ці ўдзельнікам якіх быў рэпарцёр; адзін з інфарм. жанраў журналістыкі. У залежнасці ад сродкаў масавай інфармацыі (друк, радыё, тэлебачанне) Р. мае асаблівасці. У прэсе адрозніваюцца Р. падзейны (падрабязнае апісанне падзеі), тэматычны (апісваюцца падзеі, што адбываліся ў розныя часы, але аб’яднаны адной тэмай), фотарэпартаж (здымкі са сціслай тэкставай інфармацыяй). Радыёрэпартаж вызначаецца паслядоўнасцю ў выкладанні падзей. Тэлерэпартаж часта перарастае ў каменціраванне падзей (гл. Каментарый). Кінарэпартаж — фіксацыя на кінаплёнку інфармацыі з месца падзей (гл. Дакументальнае кіно). Рэпартажныя кіназдымкі падзяляюцца на падзейныя, тэматычныя, праблематычныя.
Р. ўласцівы элементы аналізу, абагульненняў, разважання і ацэнкі фактаў. У Р. няма месца вымыслу, таму што гал. крыніцы збору інфармацыі — запісы, дакументы, інтэрв’ю, асабістыя назіранні аўтара. У Р. асвятляюцца аб’ектыўныя з’явы праз непасрэднае аўтарскае адлюстраванне (што ўбачыў, пачуў, якія вывады зрабіў), таму ён мае суб’ектыўнае адценне. Адметнасць Р. ў тым, што дасягаецца эфект прысутнасці чытача ці гледача на месцы дзеяння. Словы «Р.» і «з месца падзеі» з’яўляюцца сінонімамі ў сэнсавых адносінах.
Т.У.Люковіч.
т. 14, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІВА́К, бівуак (ням. Biwak),
1) (устар.), стаянка войска па-за населеным пунктам для начлегу ці адпачынку.
2) У пераносным значэнні — месца начлегу па-за домам або ў часовым памяшканні.
т. 3, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРА́ЙСЛЕР («Chrysler»),
аўтамабільная кампанія ЗША. Засн. ў 1925. Займае 3-е месца (пасля «Джэнерал Мотарс» і «Форд мотар») па выпуску аўтамабіляў і запчастак. Аб’ём продажу 61,4 млрд. дол. (1996).
т. 8, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)