МО́ДА (франц. mode ад лац. modus мера, узор, спосаб),
1) непрацяглае панаванне пэўнага густу ў якой-н. сферы жыцця або культуры; у вузкім сэнсе — змена ўзораў адзення на працягу адносна кароткага прамежку часу.
2) Нетрывалая папулярнасць, якая хутка праходзіць.
т. 10, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРШЫ́Н (цюрк.),
старажытная мера (адзінка) даўжыні. Карысталіся ў Афганістане, Балгарыі, Іране, Расіі (з 16 ст.), Турцыі («аршым»). Значэнне аршына ў 16—18 ст. мянялася. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. карысталіся рускім аршынам = 28 цалям = 16 вяршкам = 0,7112 м.
т. 1, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКНО́,
старажытная мера (адзінка) масы мёду. Упамінаецца ў бел. пісьмовых помніках да 17 ст. У розных крыніцах прыводзяцца розныя лікавыя значэнні Л.: 10 пудоў або 50 фунтаў, якія адрозніваюцца прыкладна ў 10 разоў. Л. было таксама адзінкай штогадовай мядовай даніны.
т. 9, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
...МЕТР (ад грэч. metron мера, metreō вымяраю), другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае прыладу, прыбор для вымярэння таго, што паказана ў першай частцы слова (напр., барометр, тэрмометр), а таксама долевую ці кратную адзінку даўжыні ў метрычнай сістэме (напр., кіламетр, мікраметр).
т. 10, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,
мера вонкавага ўздзеяння, якое змяняе вуглавую скорасць вярчальнага руху цела. Вярчальны момант роўны суме ўсіх момантаў сіл адносна восі вярчэння, што ўздзейнічаюць на цела. Звязаны з вуглавым паскарэннем ε роўнасцю , дзе I — момант інерцыі цела адносна восі вярчэння.
т. 4, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРГ (ад ням. Morgen раніца),
даўняя мера (адзінка) зямельнай плошчы. У сярэдневяковай Германіі М. — плошча зямлі, якую мог апрацаваць адзін чалавек з ранку да поўдня. У ВКЛ, у т.л. на Беларусі, М. стаў пашыраным з сярэдзіны 16 ст. 1 М. = 0,71 га.
т. 10, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДУС (ад лац. modus мера, узор, спосаб),
1)у філасофіі — уласцівасць прадмета, характэрная для яго толькі ў некаторых выпадках (у адрозненне ад атрыбута — неад’емнай уласцівасці прадмета).
2) У логіцы — разнавіднасць сілагізмаў, што вызначаюцца формай (колькасцю і якасцю) пасылак і заключэнняў (гл. Сілагістыка).
т. 10, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУ́ДЖАНЫ,
асоба, у адносінах да якой судом вынесены прыгавор аб прызнанні яе вінаватай у злачынстве і назначана мера пакарання. У адпаведнасці з заканадаўствам асуджаны нясе абавязкі і карыстаецца правамі грамадзяніна з некаторымі абмежаваннямі, ступень якіх вызначаецца прыгаворам і залежыць ад рэжыму і ўмоў адбывання пакарання.
т. 2, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НІ,
гон, старажытная нар. мера (адзінка) даўжыні. Лічыліся роўнымі адлегласці, пройдзенай запрэжаным у саху канём, або даўжыні поля, апрацаванага (узаранага ці скошанага) за адзін прыём. Мелі ўмоўнае, не заўсёды аднолькавае лікавае значэнне, залежнае ад фіз. магчымасцей чалавека і жывёлы. Раўняліся прыблізна 80—100 м і болей.
т. 5, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТНІ́К,
старажытная мера (адзінка) масы. Назва паходзіць ад златніка — стараж. рус. залатой манеты масай 4,2 г. Лікавае значэнне З. ў 16—19 ст. мянялася: у ВКЛ З. = 3,9 г (прыблізна), у Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. З. = 1/96 фунта = 4,266 г. З. карысталіся пры вызначэнні пробы каштоўных металаў.
т. 6, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)