РЭ́НТА (ням. Rente, франц. rente ад лац. reddita вернутая),

даход, які рэгулярна атрымліваюць з зямлі, капіталу, маёмасці (не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю). Можа быць атрымана ад здачы зямлі ці памяшканняў у арэнду, прадастаўлення крэдыту і інш. У адпаведнасці з Грамадз. кодэксам Рэспублікі Беларусь паводле дагавору атрымальнік Р. перадае плацельшчыку Р. пэўную маёмасць на ўмовах перыядычных выплат ім у выглядзе грашовых адлічэнняў ці сродкаў у інш. формах. У выпадку адчужэння плацельшчыкам Р. маёмасці, перададзенай пад выплату Р., яго абавязацельствы пераходзяць да набытчыка гэтай маёмасці. Адрозніваюць Р. бестэрміновую (пастаянную) і пажыццёвую (на тэрмін жыцця атрымальніка). Пры бестэрміновай Р. атрымальнікамі яе могуць быць грамадзяне ці некамерцыйныя арг-цыі, якія выплачваюць Р. ў выглядзе грашовых адлічэнняў, устаноўленых дагаворам, ці рэчаў, выканання работ (паслуг), якія па вартасці адпавядаюць грашовай суме. Пажыццёвая Р. ўстанаўліваецца на перыяд жыцця грамадзяніна, які перадае маёмасць плацельшчыку Р. Яе памер устанаўліваецца ў дагаворы, разлічваецца на месяц і павінен быць не меншы за мінімальную заработную плату (у асобных выпадках прадугледжваецца павелічэнне памеру Р.). Да Р. адносяць таксама зямельную рэнту; даход, які ўладальнік атрымлівае па аблігацыях дзярж. пазыкі (гл. Рэнтавая пазыка); грашовыя сумы, якія штогод выплачваюцца асобе па страхавым полісе з боку страхавога таварыства.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ДРУКА́РСКІХ МЕР, тыпаметрыя,

сістэма вымярэння памераў, прынятая ў паліграфіі і выдавецкай справе. Створана ў 1737 франц. друкаром і словалітчыкам П.​С.​Фурнье, удасканалена Ф.​А.​Дзідо. З дапамогай Сд.м. вымяраюцца кеглі шрыфтоў, наборных лінеек, прагальных матэрыялаў, фарматы паласы набору; адбіўкі, водступы, палі, аборкі, міжлітарныя і міжрадковыя разрадкі, памеры калонак, ілюстрацый.

У аснову С.д.м. пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 франц. цалі, якая складае 27,06 мм. Для практычных вымярэнняў і большасці разлікаў 1 пункт прымаецца роўным 0,376 мм. 12 пунктаў складаюць 1 цыцэра, 4 цыцэра роўныя 1 квадрату, або 48 пунктам. Паміж адзінкамі С.д.м. і метрычнай існуюць суадносіны: 1 цыцэра = 4,51 мм, I квадрат = 18,04 мм, 1 мм = 2,66 пункта. Гэтая С.д.м. выкарыстоўваецца ў большасці еўрап. краін, у т. л. на Беларусі, Расіі і інш. краінах СНД. У ЗША, Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах выкарыстоўваецца англа-амер. варыянт С.д.м., у аснову якога пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 т.зв. каралеўскай цалі (0,3514 мм); у іх фотанаборных машынах кегль шрыфту амаль на 7% меншы, чым у сістэме Дзідо.

Літ.:

Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации. М., 1989.

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ КАРАБЕ́ЛЬ, лінкор,

1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст. вял. драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс. т, экіпаж да 800 чал. (гл. іл. да арт. Карабель ваенны).

2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст. вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.

З’явіўся пасля рус.-яп. вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл. Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс. т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв. вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л.к. пабудовы 1940-х г. тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).

Літ.:

Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;

Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙСЕР (галанд. kruiser ад kruisen плаваць морам),

баявы карабель для пошуку і знішчэння падводных лодак, надводных караблёў (суднаў), берагавых аб’ектаў праціўніка, вядзення бою ў складзе злучэнняў, забеспячэння высадкі марскіх дэсантаў, устаноўкі мінных загарод і інш. Быстраходны і добра ўзброены, большы за эскадраны мінаносец, але меншы за авіяносец. Водазмяшчэнне сучасных К. да 28 тыс. т.

Развіўся з ветразевых фрэгатаў і карветаў. Як клас караблёў ваенных упершыню з’явіўся ў 1860-я г. ў Вялікабрытаніі (з 1870-х г. у Расіі і інш. марскіх дзяржавах). У канцы 19 — пач. 20 ст. быў падобны на браняносец. У 2-ю сусв. вайну падзяляліся на лёгкія (водазмяшчэнне да 10—12 тыс. т, калібр гармат да 180 мм) і цяжкія (10—28 тыс. т, да 203 мм). У ВМФ Вялікабрытаніі і ЗША існавалі і лінейныя К., падобныя на лінкоры. Цяпер існуюць К. процілодачныя, авіянясучыя, ракетныя (з 1960-х г., у т. л. ўведзены ў строй у 1998 на рас. Паўночным флоце цяжкі атамны ракетны К. «Пётр Вялікі» з экіпажам 600 чал.) з атамнымі, газатурбіннымі і інш. энергет. ўстаноўкамі. Некат. К. могуць несці карабельныя верталёты і самалёты. Сярод найб. вядомых К. — «Алабама», «Аўрора», «Ачакаў», «Вараг».

Літ.:

Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994;

Энциклопедия кораблей. СПб., М., 1997.

У.​Я.​Калаткоў.

Авіянясучы процілодачны крэйсер «Мінск» (у складзе Ціхаакіянскага флоту ВМФ СССР у 2-й пал. 1970 — пач. 1990-х г.).

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТУ́РН,

планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд. км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙10​26кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр. магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».

Літ.:

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Система Сатурна: Пер. с англ. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Сатурн.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.

Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл. Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл. Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.

У.​Л.​Драгун.

Схема геатэрмальнай электрастанцыі: 1 — свідравіна; 2 — кандэнсацыйная турбіна; 3 — электрычны генератар; 4 — градзірня; 5 — кандэнсатар; 6 і 7 — цыркуляцыйная і вакуумная помпы.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНЫ́, слановыя (Elephantidae),

сямейства млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з верхняга міяцэну — ніжняга пліяцэну. 2 роды, у кожным па 1 відзе: афрыканскі С. (Loxodonta africana) з 2 падвідамі (зрэдку даюць як самастойныя віды) — саваннавы, або кустовы, С. (L.a. africana), які жыве пераважна ў аблесенай саванне Усх. і Паўд. Афрыкі; лясны С. (L.a. cyctolis) — пераважна ў дажджавых трапічных лясах Зах. Афрыкі. Індыйскі С. (Elephas maximus) жыве ў лясных абласцях Паўд.-Усх. Азіі. Абодва віды ў Чырв. кнізе МСАП. Да сям. С. належыць мамант. На Беларусі знойдзены рэшткі С. паўднёвага (Archidiskodon meridionalis), які быў пашыраны ў раннім антрапагене і выцесніў трацічных мастадонтаў. Выш. яго ў плячах больш за 3,7 м. Лічыцца продкам афрыканскіх С. і маманта. Знойдзены рэшткі С. трагантэрыевага (A. trogontherii), які быў пашыраны ў раннім антрапагене. Самы буйны з еўрап. С., у плячах выш. да 4,5 м, біўні даўж. да 5 м. Цела, магчыма, было пакрыта поўсцю. Пераходным відам паміж трагантэрыевым С. і мамантам быў хазарскі мамант, ці С., (Mammuthus chosaricus), рэшткі якога таксама знойдзены на Беларусі. Меў густую поўсць і доўгія біўні, па памерах значна большы за маманта.

Даўж. афрыканскага С. ад канца хобата да канца хваста да 7 м (хобат да 2 м, хвост да 1,5 м). Выш. ў карку да 4,5 м, маса да 7,5 т. Індыйскі С. меншы (выш. цела да 3.2 м. маса да 5 т). Самкі драбнейшыя. Орган дотыку, нюху і хапання — рухомы хобат (зрослыя верхняя губа і нос). Развітыя другія разцы, што ў верхняй сківіцы ўтвараюць біўні і растуць усё жыццё. Скура тоўстая (да 3 см), амаль голая, укрытая рэдкімі шорсткімі валасамі. Расліннаедныя Жывуць С. 70—80 гадоў, палаваспеласці дасягаюць у 10—20 гадоў, цяжарнасць да 2 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня масай да 100 кг раз у 4 гады.

Сланы: 1 — афрыканскі; 2 — індыйскі.

т. 14, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,

носьбіт інфармацыі ў выглядзе дыска, прызначаны для высакаякаснага запісу і ўзнаўлення гуку, відарыса, тэксту і інш. з дапамогай лазернага выпрамянення. Аснова аптычнага дыска — празрысты матэрыял (шкло, пластмаса і інш.), на які наносіцца рабочы слой, дзе пры лічбавым аптычным запісе ўтвараюцца мікраскапічныя паглыбленні (піты), што ў сукупнасці складаюць кальцавыя або спіральныя дарожкі. У параўнанні з традыц. спосабамі запісу і ўзнаўлення інфармацыі (мех., магн.) аптычныя дыскі маюць больш высокую шчыльнасць запісу (да 10​8 9> біт/см²), большую даўгавечнасць носьбіта з-за адсутнасці мех. кантакту паміж ім і счытвальным прыстасаваннем, меншы час доступу да інфармацыі (да 0,1 с).

Рабочы слой аптычнага дыска для аднаразовага запісу і шматразовага ўзнаўлення — лёгкаплаўкая плёнка таўшч. да 0,03 мкм. Пад уздзеяннем лазернага выпрамянення ў працэсе запісу адбываецца лакальнае расплаўленне або выпарэнне рабочага слоя. З такіх дыскаў з больш тоўстай плёнкай (да 0,15 мкм) робяць метал. матрыцу для стварэння дыскаў-копій (уласна аптычны дыск) метадам прасавання або ліцця пад ціскам. Напр., на дыск дыяметрам 356 мм можна запісаць ТВ-праграму працягласцю да 2 гадз. або стварыць пастаянную вонкавую памяць для ЭВМ аб’ёмам да 4 Гбайт, лічбавыя аптычныя грампласцінкі дыяметрам 120 мм (кампакт-дыскі) маюць працягласць гучання да 1 гадз. Кампакт-дыскі для пастаяннай вонкавай памяці ЭВМ змяшчаюць да 500 Мбайт інфармацыі. У рэверсіўных аптычных дысках, дзе шматразова (да 10​7 цыклаў) ажыццяўляецца запіс — узнаўленне — сціранне інфармацыі, рабочы слой з паўправадніковых або магнітааптычных матэрыялаў. Маюць дыяметр да 305 мм, аб’ём памяці да 2 Гбайт. Могуць замяняць стацыянарныя накапляльнікі ЭВМ вінчэстэрскага тыпу.

Асноўныя стадыі вырабу аптычнага дыска (арыгінала) і копіі з пастаяннай (несціральнай) сігналаграмай: а — зыходная дыскавая падложка; б — пасля нанясення на падложку слоя фотарэзісту 1; в — экспанаванне вярчальнага дыска факусіраваным лазерным выпрамяненнем 2; г — пасля праяўлення экспанаванага фотарэзісту; д — пасля металізацыі слоем серабра 3; е — пасля вырабу першага арыгінала металічнага дыска (звычайна нікелевага); ж — зыходная падложка дыска-копіі са штампам 4, вырабленым з металічнага дыска-арыгінала; з — пасля штампоўкі і наступнага пакрыцця падложкі дыска-копіі слоем металу 5 (звычайна алюмінію); і — пасля нанясення ахоўнага слоя 6 на металічны слой (гатовы дыск-копія).

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦЬМЕ́ННІ,

астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.

Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.

Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.

Літ.:

Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.

Н.​А.​Ушакова.

Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.
Схема зацьмення Месяца.
Да арт. Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,

лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.

Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.​Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.​Х.​Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.

Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт. Осмарэгуляцыя).

Літ.:

Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;

Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;

Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ. М., 1973.

Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PА−PБ асматычнага ціску.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)