ПРЭЛЮ́ДЫЯ, прэлюд (позналац. praeludium ад лац. praeludo раблю ўступ, іграю папярэдне),

невялікая муз. п’еса імправізацыйнага характару пераважна для аднаго інструмента.

Найб. раннія яе ўзоры ўзніклі ў 15 ст. Напачатку П. — кароткі ўступ да асн. інстр. п’есы ці харала. адметны свабодным стылем з фігурацыйным развіццём, элементамі поліфанічнага і акордавага складу; стварала танальны, вобразна-эмацыянальны настрой, палягчала ўступ галасоў. У 17 ст. П. называліся ўступы ў франц. оперы, сюіце ці сюітападобным цыкле побач з фугай і інш. п’есамі. З 18 ст. самаст. п’еса. З імем І.​С.​Баха звязана зацвярджэнне цыкла П. — фуга, у якім абедзве п’есы, аб’яднаныя танальна, дапаўняюць адна адну кантрастам характару, спосабу выкладання. Пазней падобныя цыклы стварылі Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын, П.​Хіндэміт і інш. У 20 ст. тэрмін «П.» трактуецца шматпланава: 2-часткавы цыкл П. — фуга пашырыўся да 3-часткавага («Прэлюдыя, харал і фуга» С.​Франка); уступы да оперы і яе асобных актаў (оперы Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера, Дж.​Пучыні); самастойны, пераважна фп. ці аркестравы, твор («Прэлюды» Ф.​Ліста); узнікае тып цыкла П. звычайна ва ўсіх танальнасцях (Ф.​Шапэн, С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, К.​Дэбюсі, Дз.​Шастаковіч, Дз.​Кабалеўскі).

У бел. музыцы жанр П. ўвасоблены ў разнастайных цыклах вобразна-канкрэтных мініяцюр для фп. (6 прэлюдый Г.​Вагнера, 2 — Р.​Суруса, прэлюдыі С.​Каргэса, І.​Лучанка, В.​Помазава, У.​Браілоўскага), у класічных цыклах («24 П.» для фп. П.​Падкавырава), у традыц. «парным» цыкле (П. і фуга для струн. аркестра з фп. В.​Іванова). Створаны П. для нар. інструментаў самаст. п’есы (П. для цымбалаў і фп. М.​Аладава, П. для аркестра нар. інструментаў А.​Мдывані), ці ч. «парнага» цыкла (П. і канцэрціна Л.​Свердэля). Своеасабліва пераўтвораны жанр П. ў буйных цыклічных формах (імправізацыйна-рэчытатыўная экспрэсіўная П. ў 3-й санаце -для скрыпкі і фп. Л.​Абеліёвіча, ролю П. выконваюць інтрады ў неакласіцысцкай 2-й сімфоніі Г.​Вагнера, у пераасэнсаванні будовы класічнай сюіты «Мемарыял» для камернага аркестра У.​Дарохіна) і інш. Пры стварэнні П. некат. бел. кампазітары выкарыстоўваюць сучасную тэхніку кампазіцыі (5 дадэкафонных прэлюдый Р.​Суруса).

Літ.:

Панкратова В. Малые инструментальные формы: (Прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962.

А.​У.​Валадковіч.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Я́МА»,

мемарыяльны комплекс у Мінску на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму — масавых пагромаў яўрэяў у 1941—43 у мінскім гета (гл. Гета). У даваенныя часы каля перакрыжавання вуліц Ратамская (зараз Мельнікайтэ) і Заслаўская знаходзілася яма (кар’ер), дзе жыхары бралі пясок для буд. работ. У гады акупацыі Мінска ням. фашысты выкарыстоўвалі яму для пахавання шматлікіх ахвяр мінскага гета. У час пагрому ў гета 2.3.1942 на Юбілейнай плошчы і вакол яе было забіта шмат яўрэяў, якіх пад прымусам юдэнрата жыхары гета скідвалі ў гэтую яму. Калі ў 1942 у Мінск з інспекцыяй прыехаў чыноўнік імперскага ўпраўлення бяспекі А.​Эйхман, мясц. фаш. ўлады арганізавалі паказальную акцыю. Паводле іх загаду дырэктар дзіцячага дома Флейшэр і ўрач Чэрнік прывялі ў юдэнрат больш як 40 дзяцей. Усе яны і работнікі дзіцячага дома пад наглядам гаўляйтэра В.​Кубэ, Эйхмана і нач. паліцыі Э.​Штраўха былі расстраляны. Частку дзяцей закапалі ў яме жывымі. У магіле пахавана прыблізна 500—600 чал. У 1947 на магіле ўстаноўлены абеліск з тэкстам на мове ідыш «Яўрэям — ахвярам нацызму». 10.7.2000 адкрыты мемарыял «Помнік ахвярам Халакоста. Мінскае гета» [арх. І.​Дзятлаў, А.​Капылоў, Л.​Левін (аўтар ідэі), М.​Самасюк, скульптары Э.​Полак, А.​Фінскі, інж. У.​Сусько]. Канцэпцыя мемарыяла — стварэнне сімвалічных зон, якія арх.-маст., ландшафтнымі і дакумент. сродкамі ўвасабляюць тэму трагедыі. Кампазіцыйная і эмацыянальная дамінанта ансамбля — бронзавая скульпт. група «Апошні шлях» уздоўж спуску ў яму: 27 пераплеценых паміж сабой фігур-ценяў, якія ідуць на расстрэл (вышыня 2 м). У кампазіцыі адсутнічаюць скульпт. партрэты, толькі абагульненыя твары, што адпавядае яўр. традыцыі. Трапяткая, вібрыруючая скульпт. пластыка, камерны маштаб кампазіцыі садзейнічаюць эмацыянальнасці ўздзеяння тэмы мемарыяла, перадаюць настрой адчаю і жаху ахвяр трагедыі. Перад спускам у «Я.» разбіты парк «Праведнікаў свету», дзе высаджваюць дрэвы ў гонар жыхароў Беларусі, якія ратавалі яўрэяў у гады Вял. Айч. вайны. На ўваходзе знак у выглядзе міноры — традыц. яўр. сямісвечніка з імёнамі тых, хто дапамагаў ва ўстаноўцы помніка-мемарыяла.

Літ.:

Ботвинник М Памятники геноцида евреев Беларуси. Мн., 2000;

Смоляр Г. Мінскае гета. Мн., 2002.

М.​Б.​Батвіннік, А.​С.​Шамрук.

«Яма». Помнік ахвярам Халакоста ў Мінску.

т. 18, кн. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ЛІН,

горад, цэнтр Столінскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. На аўтадарозе Пінск—Давыд-Гарадок, за 7 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна), за 245 км на У ад Брэста. 12,5 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 16 ст. як мястэчка ў Пінскім пав. Берасцейскага ваяв. Прыватнае ўладанне з драўляным замкам, належала Саламярэцкім, Вішнявецкім, Пацеям, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 С. узялі і спалілі казакі І.​Залатарэнкі. Пры вызваленні войскамі ВКЛ Пагарыння на подступах да С. адбылася няўдалая для іх бітва. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у заняпад У 1792—93 цэнтр Запінскага пав. Берасцейскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага пав. Мінскай губ. У 1897 у С. 3,3 тыс. ж., 250 двароў, пач. вучылішча, бровар, смалакурня. З 1921 у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны ў Лунінецкім пав. Палескага ваяв., 4763 ж.; з 1922 цэнтр Столінскага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Столінскага раёна Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 9309 чал. У студз. 1944 партызаны брыгады «Савецкая Беларусь» і атрадаў злучэння С.​А.​Каўпака разграмілі ў С. ням.-фаш. гарнізон. У 1970—7,1 тыс. жыхароў.

Працуюць: масласырзавод, хлебазавод, ф-ка кухоннай мэблі, 2 перасоўныя механіз. калоны, дарожная рамонтна-буд. калона, дарожна-буд. ўпраўленне, «Сельгасхімія», прадпрыемства меліярацыйных сетак і інш.; Столінскі аграрна-эканамічны каледж, ПТВ-164, гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, Дом рамёстваў, 2 б-кі, раённае тэр. мед. аб’яднанне, Столінскі краязнаўчы музей. Правасл. царква, царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму. Мемарыял памяці воінаў-вызваліцеляў і землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі: Вызвалення, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Узнясенская царква (1-я пал. 20 ст.), будынак сінагогі (1792). На паўд.-ўсх. ускраіне Столінская сядзіба «Манькавічы».

Комплекс будынкаў аграрна-эканамічнага каледжа ў г. Столін.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МНАЯ МУ́ЗЫКА,

род інструментальнай музыкі, якая ўвасабляе пэўную, абвешчаную кампазітарам тэму (сюжэт). Праграма выкладаецца ў выглядзе загалоўка твора ці яго частак, эпіграфа або ў разгорнутай літ. форме. Асн. віды праграмнасці: карцінная (развіццё аднаго ці некалькіх муз. вобразаў без істотных змен на працягу ўсяго ўспрыняцця) і сюжэтная, якая ўключае абагульнена-сюжэтную (у музыцы адлюстраваны асноўныя сюжэтныя вузлы літ. першакрыніцы) і паслядоўна-сюжэтную (музыка ідзе за ўсімі перыпетыямі сюжэта). Сродкамі вобразнай канкрэтызацыі музыкі выступаюць прыёмы гукапісу, муз. жанр, стыль, тып муз. драматургіі, характэрныя нац. рысы муз. мовы. Будову твораў вызначаюць агульныя прынцыпы муз. формаўтварэння (монатэматызм, варыяцыйнасць, свабодна трактаваная санатная форма).

Вядома са старажытнасці. Сярод твораў эпохі барока канцэрты «Поры года» А.​Вівальдзі, «Капрычыо на ад’езд любага брата» І.​С.​Баха, у творчасці венскіх класікаў «Развітальная сімфонія» І.​Гайдна, «Пастаральная», уверцюры «Эгмант» і «Карыялан» Л.​Бетховена. Росквіту дасягнула ў эпоху рамантызму, калі склаліся многія яе жанры, якія атрымалі развіццё ў 20 ст. Сярод твораў: «Фантастычная сімфонія» Г.​Берліёза, сімфоніі «Манфрэд» П.​Чайкоўскага, «1905 год» Дз.​Шастаковіча, сімф. паэмы «Прэлюды» Ф.​Ліста, «Тыль Уленшпігель» Р.​Штрауса, «Паэма экстазу» А.​Скрабіна, «Пасіфік-231» А.​Анегера, сімф. карціны «Ноч на Лысай гары» М.​Мусаргскага і «Кікімара» А.​Лядава, фп. «Эцюды-карціны» С.​Рахманінава, сімф. сюіты «Шахеразада» М.​Рымскага-Корсакава і «Скіфская сюіта» С.​Пракоф’ева, сімф. цыклы «Накцюрны» і «Мора» К.​Дэбюсі, цыклы фп. мініяцюр «Карнавал» Р.​Шумана і «Каталог птушак» А.​Месіяна.

У бел. музыцы ўвасоблены ўсе жанры і тыпы П.м. Трывалы кірунак яе развіцця — фальклорная лінія, дзе муз. праграма канкрэтызуецца праз змест тэкстаў бел. нар. песень, на напевах якіх грунтуецца інстр. тэматызм твору («Беларускае вяселле» А.​Абрамовіча, «Родныя напевы» П.​Падкавырава, «Забавы» В.​Войціка, «Батлейка» В.​Помазава). Поруч з карцінамі прыроды і нар. побыту асновай праграмы выступаюць рэальныя падзеі гісторыі і сучаснасці («У суровыя дні» М.​Аладава, «Вечна жывыя» Г.​Вагнера, «Фрэскі» Л.​Абеліёвіча, «Мемарыял» У.​Дарохіна, дзе ў розных жанрава-стылявых ракурсах адлюстравана тэма Вял. Айч. вайны). Невычарпальная крыніца П.м. — тэмы, сюжэты і вобразы літаратуры і выяўл. мастацтва («Альпійская сімфонія-балада» Я.​Глебава паводле В.​Быкава, 8-я сімфонія Дз.​Смольскага з вершамі І.​Бродскага, «Капрычас» С.​Картэса, «Снетагорскія фрэскі» Г.​Гарэлавай). У паэтыцы бел. П.м. канца 20 ст. ўзмацнілася роля сімвала, метафары, асацыятыўнага мыслення («Цэзій-137» В.​Кузняцова, «Вір» А.​Літвіноўскага, «Святло на шляху» Я.​Паплаўскага).

Літ.:

Хохлов Ю.Н. О музыкальной программности. М., 1963.

Р.​М.​Аладава.

т. 12, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАТЫ́НЬ,

мемарыяльны арх.-скульпт. комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў в. Хатынь Лагойскага р-на Мінскай вобл. і інш. бел. вёсак, знішчаных ням.-фаш. захопнікамі разам з насельніцтвам у Вял. Айч. вайну. На 54-м км ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск—Віцебск, на месцы б. в. Хатынь, спаленай карным батальёнам 22.3.1943 разам з жыхарамі (26 двароў, 149 чал., у т. л. 75 дзяцей). Комплекс адкрыты 5.7.1969. Аўтары: арх. Ю.​Градаў, В.​Занковіч, Л.​Левін, скульпт. С.​Селіханаў (Ленінская прэмія 1970). Мемарыял (пл. 32 га) захоўвае планіровачную структуру б. вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сцяну Жалобы, Дрэва жыцця. Ён пачынаецца паказальнікам ад павароту з Віцебскай шашы. Дарога Жалобы вядзе да сімвалічнага тыну на ўскраіне вёскі з інфарм. надпісам. У цэнтры комплексу ўзвышаецца бронз. скульптура няскоранага чалавека (выш. 6 м) з мёртвым хлопчыкам на руках. Побач, на месцы гумна, дзе фашысты спалілі дзяцей, чорная плітадах; сімвалізуе апошні дах тых, хто загінуў. На брацкай магіле Вянок памяці з надпісам-наказам мёртвых жывым і адказам жывых загінуўшым. Дарога скіроўвае да помнікаў-зрубаў (выш. да 6 м), пастаўленых на месцы кожнай спаленай хаты. Бетонныя брусы ўтвараюць вянок зруба. Абеліскі ў выглядзе комінаў са званамі, што вечна гудуць па ахвярах фашызму. На кожным абеліску дошка з прозвішчамі, імёнамі спаленых жыхароў дома. Вобраз спаленай вёскі дапаўняюць б. вуліцы, адзначаныя шэрымі плітамі, на месцы 4 калодзежаў — мемар. знакі ў выглядзе мармуровых зрубаў. За хатамі-помнікамі па гал. восі кампазіцыі мемарыяла Могілкі вёсак — 185 урнаў з зямлёй вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Сцяна Жалобы — манум. кампазіцыя з нішамі, якія асацыіруюцца з казематамі канцлагераў, са сценамі крэматорыяў лагераў смерці. У нішы ўмацаваны мемар. пліты з назвамі 66 лагераў смерці і месцаў масавай загубы мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэр. Беларусі і лічбамі, якія інфармуюць пра колькасць загубленых там людзей. Важны фрагмент Х. — пл. Памяці, у цэнтры якой 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай — Вечны агонь, сімвал кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, што загінуў у Вял. Айч. вайну. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адноўленых пасля вайны. У мемарыяле зліліся ў гарманічным сінтэзе скульптура, дойлідства, ландшафт, маст. слова, гучанне званоў, каляровае асвятленне.

Літ.:

Андрушчанка М.К. Хатынь. Мн., 1969;

Хатынь. Мн., 1973;

Казюля Я.К. Хатынь: [Альбом]. 4 выд. Мн., 2002.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Хатынь. Могілкі вёсак.

т. 16, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс. чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял. кн. ВКЛ Ягайлы і вял. кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс. чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал. рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы полк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — полк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы полк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т. л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял. кн. ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Куликовская битва. Л., 1980;

Куликовская битва: Сб. статей. М., 1980;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

В.​А.​Юшкевіч, М.​Г.​Нікіцін.

Кулікоўская бітва 1380. Мініяцюра канца 16 ст.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

від скульптуры, прызначаны для ўвекавечання значных. гіст. падзей або асоб. Звычайна ўвасабляе ідэі вял. грамадскай значнасці. Да М.с. адносяцца выявы ідалаў, помнікі, манументы, стэлы, памятныя статуі, бюсты, рэльефы і інш. У адрозненне ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры мае адносна самаст. маст. вобраз у структуры ансамбля, часткай якога з’яўляецца. Вызначаецца вял. памерамі, маштабнасцю, абагульненасцю пластыкі, героіка-эпічным ладам, з’яўляецца арганізуючым элементам арх. або прыроднага асяроддзя. Творы, разлічаныя на ўспрыняцце з вял. адлегласці і доўгачасовае існаванне, ставяцца пераважна на адкрытых прасторах (часта на натуральных узвышшах ці штучна створаных насыпах і курганах) і ствараюцца з трывалых матэрыялаў (мармур, граніт, бронза, медзь, сталь і інш.).

Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Праслаўляла багоў, уладароў і інш. (статуі фараонаў, сфінксы ў Стараж. Егіпце, багоў, герояў і атлетаў у Стараж. Грэцыі і Рыме і інш.). Развівалася ў эпоху сярэдневякоўя, найб. росквіту дасягнула ў мастацтве Адраджэння (статуя «Давід» у Фларэнцыі, 1501—04, скульпт. Мікеланджэла, і інш.). У эпоху барока стылістыка твораў адышла ад героіка-эпічнай манументальнасці і набыла рысы дэкар. скульптуры. З канца 18 ст. развіццё М.с. звязана пераважна са сцвярджэннем пафасу дзяржаўнасці і асветніцкіх грамадскіх ідэалаў: помнікі Пятру I у С.-Пецярбургу (1766—78, скульпт. Э.​Фальканэ), К.​Мініну і Дз.​Пажарскаму ў Маскве (1804—18, скульпт. І.​Мартас), «Грамадзяне Кале» ў г. Кале (Францыя; 1884—86) і А. дэ Бальзаку ў Парыжы (1893—97, абодва скульпт. А.​Радэн), «Рабочы і калгасніца» (1937, скульпт. В.​Мухіна) і інш. У 20 ст. М.с. таксама шырока выкарыстоўваецца пры стварэнні мемар. ансамбляў, звязаных з драм. падзеямі: скульптуры Ф.​Крэмера ў Бухенвальдзе (1952—58), Я.​Вучэціча на Мамаевым кургане (Валгаград, 1963—67) і інш.

На Беларусі вытокі М.с. ў выявах язычніцкіх ідалаў (Шклоўскі ідал і інш.). Да 20 ст. вял. пашырэння не атрымала. У 1920—30-я г. развівалася ў рэчышчы плана манум. прапаганды і мела пераважна часовы характар. З 1950-х г. пашырыліся помнікі і мемар. комплексы, якія ўвекавечваюць памяць герояў Вял. Айч. вайны: помнікі В.​І.​Талашу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл., С.​Грыцаўцу ў Мінску (абодва 1951, скульпт. З.​Азгур), К.​Заслонаву ў г. Орша Віцебскай вобл. (1955), М.​Казею ў Мінску (1959, абодва скульпт. С.​Селіханаў), экіпажу самалёта М.​Гастэлы каля г.п. Радашковічы Мінскага р-на (1964—75, скульпт. А.​Анікейчык, арх. В.​Занковіч, Л.​Левін), А.​Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. А.​Арцімовіч, М.​Інькоў, М.​Канцавы, арх. В.​Рыбакоў) і інш. Важнае месца М.с. займае ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой, Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.), «Праклён фашызму» (Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.), «Мінск — горад-герой» у Мінску, Хатынь (Мінскі р-н) і інш. Пастаўлены помнікі выдатным дзеячам нац. гісторыі і культуры: Я.​Купалу (скульпт. Анікейчык, А.​Заспіцкі, Л.​Гумілеўскі, арх. Ю.​Градаў, М.​Левін). Я.​Коласу (скульпт. З.​Азгур, арх. Градаў, Левін, абодва 1972), М.​Багдановічу (1982, скульпт. С.​Вакар, арх. Л.​Маскалевіч) у Мінску, Ф.​Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. (1974, скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, арх. В.​Марокін), С.​Буднаму ў г. Нясвіж Мінскай вобл. (скульпт. С.​Гарбунова), Я.​Купалу ў в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. (скульпт. Анікейчык, абодва 1982), Кірылу Тураўскаму ў г. Тураў Гомельскай вобл. (1992, скульпт. Інькоў), Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1993, скульпт. Арцімовіч), А.​Пушкіну ў Мінску (скульпт. Ю.​Арэхаў, арх. Ю.​Грыгор’еў) і г. Мазыр Гомельскай вобл. (скульпт. Вараб’ёў; абодва 1999) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Манументальная скульптура. В.​Мухіна. Рабочы і калгасніца. 1937.
Да арт. Манументальная скульптура. С.​Гарбунова. Помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы. 1982.

т. 10, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МНІК,

1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл. Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).

2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.

Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш.). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.​М.​Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б. пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.​А.​Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.​А.​Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.​К.​Клот; І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.​Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.​Саконі), празмерна грубымі формамі (О.​Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.​Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.​Цадкін; помнік Я.​Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.​Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.​Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял. Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.

На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст. найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.​Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.​Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.​Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.​Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.​Азгур), К.​Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.​Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.​Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), Я.​Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт. А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.​Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.​Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў, Л.​Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.​Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.​Арцімовіч, арх. І.​Марозаў), Я.​Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.​Голубеў), Ф.​Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.​Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.​Ягадніцкі), С.​Буднаму і В.​Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.​Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.​Інькоў, арх. М.​Лук’янчык), надмагільны помнік В.​Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.​Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.​Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.​Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.​Паўлаў, М.​Каралёў, Т.​Каралёва-Паўлава, В.​Лапцэвіч, Г.​Паўлава, А.​Паўлаў, Д.​Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.​Полак, А.​Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.​Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.​Канцавы, арх. В.​Рыбакоў) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.
Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.​Дранец, арх. Л.​Левін.
Надмагільны помнік В.​Тураву, 1999. Скульпт.

М.​Якавенка.

Помнік Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.​Бандарэнка і інш.
Помнік Ф.​Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, А.​Заспіцкі.

т. 12, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІНАХ 1939—41

Напярэдадні і ў пачатку 2-й сусв. вайны тэр. Беларусі (БССР і Зах. Беларусь, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы) стала аб’ектам актыўнай дыпламатычнай і ваенна-паліт. дзейнасці з боку найб. моцных дзяржаў усх.-еўрап. рэгіёна. 23.8.1939 нарком замежных спраў СССР В.​М.​Молатаў і міністр замежных спраў Германіі І.​Рыбентроп падпісалі ў Маскве сав.-герм. дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да дагавора быў прыкладзены «Дадатковы сакрэтны пратакол», які размяжоўваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і Германіі ва Усх. Еўропе. Бакі дамовіліся, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, што ўваходзілі ў склад Прыбалт. дзяржаў (Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы), паўн. граніца Літвы будзе адначасова граніцай сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызналі інтарэсы Літвы адносна Віленскай вобл., адзначалі, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы, граніца сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. Гэта азначала, што ў сферу інтарэсаў СССР пераходзілі Зах. Беларусь і Зах. Украіна. Пытанне аб захаванні незалежнасці Польшчы і яе граніцах бакі пакідалі для вырашэння ў будучым «у адпаведнасці з дружалюбнай узаемнай згодай». Пасля нападу Германіі на Польшчу і пачатку 2-й сусв. вайны ням. пасол у СССР Ф.​Шуленбург паставіў 3.9.1939 перад наркомам замежных спраў СССР Молатавым пытанне аб магчымасці для СССР «у зручны момант» заняць частку Польшчы, аднесеную да «рускай сферы ўплыву». Для націску на сав. кіраўніцтва герм. войскі 9.9.1939 перайшлі дэмаркацыйную лінію, устаноўленую сакрэтным пратаколам, занялі Брэст і сталі рухацца далей на У. 14 верасня газ. «Праўда» апублікавала арт. «Аб унутраных прычынах ваеннага паражэння Польшчы», у якім канстатавалася, што прыгнёт і нераўнапраўнае становішча нац. меншасцей сталі крыніцай слабасці польскай дзяржавы і ўнутр. прычынай яе паражэння. Асаблівая ўвага звярталася на бяспраўнае становішча 11 млн. украінцаў і беларусаў.

17.9.1939 войскі Чырв. Арміі перайшлі сав.-польскую граніцу і да 25 верасня цалкам вызвалілі тэр. Зах. Беларусі. У ноце ўрада СССР ад 17 верасня гаварылася, што, паколькі Польская дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне, сав. ўрад аддаў распараджэнне Чырв. Арміі перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Большасць бел. насельніцтва шчыра вітала «вызваленчы паход» Чырв. Арміі, звязваючы з ім надзеі на вызваленне ад польскага нац. ўціску і лепшае жыццё. Польская армія практычна не аказвала супраціўлення сав. войскам, атрымаўшы адпаведны загад ад вярх. галоўнакамандуючага. Сав. войскі спынілі прасоўванне прыкладна на «лініі Керзана».

28.9.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй. Ён усталяваў граніцу паміж абедзвюма дзяржавамі па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Паводле сакрэтнага пратакола Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы (Люблінскае і частку Варшаўскага ваяв.). Даверны пратакол урэгуляваў пытанне аб перасяленні немцаў, якія пражывалі на тэр. СССР, на З, а беларусаў і ўкраінцаў, што пражывалі на З ад усталяванай граніцы, у СССР. 16.11.1939 падпісана сав.-германскае пагадненне аб узаемным перасяленні з СССР асоб ням. нацыянальнасці, а з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы) — асоб укр., бел. і літ. нацыянальнасцей. Каля 25 тыс. немцаў выехала ў Германію з Зах. Беларусі, а з Польшчы ў Беларусь вярнулася каля 15 тыс. беларусаў. Праз слаба абсталяваную сав.-германскую граніцу ў 1939—40 уцяклі з Польшчы ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь каля 200 тыс. яўрэяў, у т. л. каля 120 тыс. апынулася ў Зах. Беларусі. Дагавор аб «сяброўскіх» адносінах паміж СССР і фаш. Германіяй меў негатыўныя наступствы. Але важнейшым вынікам сав.-германскага дагавора аб ненападзе і сакрэтнага пратакола да яго для Беларусі стала гістарычна справядлівая для бел. народа падзея — ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Аднак нац. ўз’яднанне было дасягнута экстрэмальнымі сродкамі ў надзвычай складаных міжнар. абставінах з парушэннем Рыжскага мірнага дагавора 1921 і ліквідацыяй Польскай дзяржавы.

10.10.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб перадачы г. Вільня і Віленскага краю і аб узаемадапамозе паміж Сав. Саюзам і Літвой. Горад Вільня і Віленская вобл. (тэр. 7129 км² з насельніцтвам 457 тыс. жыхароў) адлучаліся ад Зах. Беларусі і перадаваліся Сав. Саюзам Літ. Рэспубліцы. Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Літвы выступіў урад Польшчы, не падтрымалі дагавор Англія і Францыя. Германія яшчэ да пачатку ваен. кампаніі супраць Польшчы падбухторвала Літву на захоп Віленшчыны, аб чым літоўскі ўрад інфармаваў Лондан. Берлін абяцаў Літве ваен. дапамогу ў выпадку паходу на Вільню. Пасля ратыфікацыі дагавора (17.10.1939) Літва паставіла перад Масквой пытанне аб унясенні карэктываў у вызначэнне граніцы, каб далучыць да яе тэрыторыі, што былі «заселены літоўцамі» (гаворка ішла пра тэр. БССР). Сав. ўрад выказаў гатоўнасць да нязначных карэктываў граніцы паміж Літвой і БССР, не мяняючы яе асн. напрамку. У прыватнасці, ён пярэчыў супраць таго, каб літоўцы, што жадаюць выехаць з Зах. Беларусі ў Літву, маглі зрабіць гэта. Між тым літоўская грамадскасць распаўсюджвала думку, што, калі Сав. Саюз «дадаткова перадасць Літве некалькі літоўскіх воласцей, якія засталіся ў яго» (гаворка ішла пра памежныя тэр. БССР), сімпатыі да СССР яшчэ больш узрастуць. Пазіцыя літоўскага ўрада характарызавалася замоўчваннем факта добраахвотнай перадачы Сав. Саюзам Вільні. У снеж. 1939 прэм’ер-міністр Літвы нават заявіў, што «Вільня і Віленскі край, хоць ускосна, заваяваны нашай арміяй». На 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (жн. 1940) 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П.​К.​Панамарэнка ад імя ўрада і Прэзідыума Вярх. Савета БССР унёс прапанову «аб далучэнні да Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважным літоўскім насельніцтвам Відзскага, Гадуцішскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў». У той час яны знаходзіліся ў складзе Вілейскай і Баранавіцкай абл. БССР. Гэтыя тэрыторыі былі далучаны да Літвы паводле закона аб прыняцці Літ. ССР у склад СССР ад 3.8.1940. Старшыня Рады БНР В.​І.​Захарка 12.10.1939 накіраваў пратэст прэзідэнту Літвы А.​Сметане супраць падпісання дагавора «аб пераходзе да Літвы беларускага горада Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласці», у якой указаў на адказнасць Літвы перад бел. народам за гэты незаконны акт.

Бел. пытанне не набыло ў Германіі колькі-небудзь істотнага значэння пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933. Да 1940 тут не было распрацавана ніякіх праграм расчлянення СССР. Пасля заняцця Чэхіі ням. войскамі лідэры бел. дыяспары ў Празе І.​А.​Ермачэнка і Захарка накіравалі Гітлеру 20.4.1939 мемарыял з просьбай прыняць пад увагу бел. пытанне ў планаваным разгроме і расчляненні СССР. Бел. дзеячаў запэўнілі, што Германія супраць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расіі». Паліт. мэты адносна зах. сав. рэспублік Гітлер упершыню сфармуляваў 21.7.1940, калі паведаміў герм. генералітэту аб рашэнні напасці на СССР. На яго думку, на зах. абшарах СССР павінны былі ўтварыцца 3 асобныя дзярж. арганізмы — Украіна, Беларусь і федэрацыя Прыбалт. рэспублік. У наступных выказваннях Гітлер акрэсліваў іх ролю як залежных ад Германіі і «вольных ад Сталіна рэспублік», як буфераў Трэцяга Рэйха. У сак. 1941 ён гаварыў пра Украіну, Беларусь і балтыйскія краіны як дзяржавы-пратэктараты. Пазіцыя А.​Розенберга, прызначанага міністрам акупіраваных усх. земляў, адносна Беларусі была больш скептычная. Ён не планаваў прызнання незалежнага дзярж. статуса Беларусі, як, напр., Украіны. У маі 1941 Розенберг выказаўся за злучэнне Беларусі з прыбалт. краінамі ў адным Рэйхскамісарыяце Остланд, што потым і было рэалізавана ў час акупацыі. Паліт. планы рэйха ў сувязі з патэнцыяльным ваен. канфліктам з СССР выклаў Рэйхсляйтэр Розенберг у гутарцы з кіраўніком абвера В.​Канарысам 31.5.1941.

Прадугледжвалася расчляненне рус. прасторы на 4 дзяржавы: пашыраная на ўсход Фінляндыя; пашыраная за кошт бел. зямель Прыбалтыка (у якасці ням. пратэктарата, з перспектывай наступнай германізацыі); самастойная Украіна; Каўказ як федэратыўная дзяржава пад герм. кіраўніцтвам.

Літ.:

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы. Лёндан, 1960;

«Совершенно секретно! Только для командования!» Стратегия фашистской Германии в войне против СССР: Док. и материалы. М., 1967;

СССР—Германия 1939—1941: Док. и материалы о сов-герман. отношениях. Т. 1—2. Вильнюс, 1989;

Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии (1939—1941). М., 1992;

Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРУГВА́Й (Uruguay), Усходняя Рэспубліка Уругвай (República Oriental del Uruguay),

дзяржава на ПдУ Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Аргенцінай, на Пн і ПнУ з Бразіліяй, на Пд і ПдУ абмываецца Атлантычным акіянам. Пл. 177,4 тыс. км². Нас. 3334 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — іспанская. Сталіца — г. Мантэвідэо. Падзяляецца на 19 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 жн.).

Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Ген. асамблея, якая складаецца з сената (30 сенатараў) і палаты прадстаўнікоў (99 дэпутатаў), выбіраецца на 5 гадоў.

Прырода. У. размешчаны ў межах Паўд.-Амерыканскай платформы. Рэльеф пераважна раўнінна-градавы. На ПнЗ лававае плато Аэда, якое на З спадзіста спускаецца да р. Уругвай, на У абрываецца ўступам Кучылья-дэ-Аэда (выш. да 473 м). Унутр. ч. займае хвалістая раўніна бас. р. Рыо-Негра, абкружаная градамі і плато выш. да 420 м. На З — ч. Ла-Плацкай нізіны, на У — пясчаная берагавая нізіна Атлантычнага акіяна. На Пд найвыш. пункт У Пандэ-Асукар (501 м). Карысныя выкапні: жалезамарганцавыя руды, невял. паклады золата, серабра, свінцу, медзі, тальку, паўкаштоўных камянёў (агатаў, аметыстаў), буд. каменю (граніту, мармуру), торфу, бурага вугалю. Клімат субтрапічны, акіянічны. Сярэдняя т-ра ліп. 10—12 °C, студз. 22—24 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пд і ва ўнутр. раёнах да 1200 мм на Пн. Рачная сетка густая; гал. рэкі — Уругвай і Рыо-Негра. Лагунныя азёры, найб. — Лагоа-Мірын. Пераважаюць субтрапічныя травяністыя саванны (кампас) на чырванавата-чорных глебах прэрый. Уздоўж рэк галерэйныя вечназялёныя лясы, на Пд хмызняковая саванна, на У пальмавыя гаі. Пад лесам каля 6% тэрыторыі. Жывёльны свет моцна вынішчаны: трапляюцца браняносцы, апосум, нутрыя, дробныя алені, скунс, страус, шмат вадаплаўных птушак. Каля 10 нац. паркаў, у т.л Каба-Палоньё, Санта-Тэрэса.

Насельніцтва. Каля 90% — уругвайцы (нашчадкі еўрап., пераважна ісп. і італьян. эмігрантаў), невял. групы метысаў (3%), мулатаў і індзейцаў. Жывуць таксама італьянцы (2,6%), бразільцы, іспанцы, партугальцы, яўрэі і інш. Вернікі пераважна католікі (66%), ёсць пратэстанты (3,4%) і інш. Сярэднегадавы натуральны прырост 0,8%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. і паўд.-зах. раёны. Гар. насельніцтва 91%. Каля 37% насельніцтва жыве ў сталічнай агламерацыі Мантэвідэо (каля 1,33 млн. ж., 1998); асн. гарады: Сальта і Пайсанду (па 80 тыс. ж.), Лас-П’едрас і Рывера (па 60 тыс. ж.), Такуарэмбо і Мерседэс (па 50 тыс. ж.). У прам-сці занята 19% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 11%, у абслуговых галінах — 70%.

Гісторыя. У дакаланіяльную эпоху тэр. У. насялялі індзейцы чаруа. У 1515 тут з’явіліся іспанцы і назвалі краіну Усходні бераг ракі Уругвай. Барацьба паміж Іспаніяй і Партугаліяй за валоданне гэтай тэр. скончылася ў 1750 перамогай Іспаніі. З 1776 Усх. бераг у складзе віцэ-каралеўства Ла-Плата. Большасць насельніцтва У. да пач. 19 ст. складалі нашчадкі еўрапейцаў. У 1811—20 барацьбу за незалежнасць Усх. берага ўзначаліў Х.Х.Артыгас. 25.8.1825 абвешчана незалежнасць У. (з 1828 Усходняя Рэспубліка У.); у 1830 прынята канстытуцыя, якая дзейнічала да 1917. У. перажыў грамадз. войны і агрэсію арг. войск, толькі ў канцы 19 ст. ўсталявалася адносная паліт. стабільнасць. Пры прэзідэнце Х.​Батлье-і-Ардоньесе (1903—07, 1911—15) і яго пераемніках ажыццёўлены шэраг паліт. і сац. рэформ. У 1933 прэзідэнт Г.​Тэра здзейсніў дзярж. пераварот. Новая канстытуцыя, прынятая ў 1942, аднавіла грамадз. свабоды. У 1973 прэзідэнт Х.​М.​Бардаберы пры падтрымцы ваенных ажыццявіў дзярж. пераварот, распусціў парламент і скасаваў большасць палажэнняў канстытуцыі. Усеагульная забастоўка 1984 прымусіла ваенных правесці выбары і аднавіць цывільнае кіраванне; прэзідэнтам У. выбраны лідэр правага крыла партыі «Каларада» Х.​М.​Сангінеці.

У паліт. жыцці У. дамінуюць створаныя ў 1830-я г. партыя «Каларада» (Батльісцкая) і Нац. партыя «Бланка», прадстаўнікі якіх па чарзе змяняюць адзін аднаго ва ўладзе. Дзейнічае таксама паліт. партыя Рух «Прагрэсіўная сустрэча». У. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны У. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў ліп. 1992.

Гаспадарка. У. — індустр.-агр. краіна з развітой жывёлагадоўляй. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 28 млрд. дол. (8,5 тыс. дол. на 1 чал., адзін з найвыш. паказчыкаў у Лац. Амерыцы). У структуры ВУП 27% прыпадае на прам-сць, 9% — на сельскую гаспадарку, 64% — на сферу паслуг. Дзяржава кантралюе вытв-сць электраэнергіі, нафтапрадуктаў, цэменту, мясапрадуктаў, чыг., паветраны і гар. транспарт, у яе ўласнасці нетры краіны. Замежныя манаполіі дамінуюць у металургічнай, эл.-тэхн., хім., харч. і тэкст. прам-сці, ім належаць 30% с.-г. зямель, большасць банкаў. Прамысловасць прадстаўлена ў асн. прадпрыемствамі па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Пераважаюць харч. (больш за 30% прамысл. прадукцыі), нафтаперапр., хім., тэкст. галіны прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд. кВт∙гадз (1998), у т. л. 96% на ГЭС, найб. — уругвайска-аргенцінская Сальта-Грандэ (магутнасць 1,8 млн. кВт) і уругвайска-браз. Пальмар (300 тыс. кВт). Каля 50% электраэнергіі экспартуецца. Асн. галіна харч. прам-сці — мясахаладабойная (Мантэвідэо, Фрай-Бентас, Канелонес, Пайсанду, Сальта), працуе пераважна на экспарт. Ёсць алейныя, мукамольныя, сыраварныя, цукр., вінаробныя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкст. (у т. л. шарсцяная), гарбарна-абутковая, швейная прам-сць. Суднаверфі (Пайсанду, Сальта, Мерседэс). Нафтаперапр., хім., металургічныя, металаапр., аўтазборачныя, эл.-тэхн. прадпрыемствы. Гал. прамысл. цэнтр — Мантэвідэо (каля ​3/4 прамысл. прадукцыі У.). Здабыча буд. матэрыялаў, невял. колькасці золата, медных і марганцавых руд. Сельская гаспадарка забяспечвае краіну асн. прадуктамі харчавання і з’яўляецца гал. крыніцай даходаў ад экспарту. С.-г. ўгоддзі складаюць 84% тэр., у т. л. пад пашай 77%, ворывам 7%. Адзначаецца высокая канцэнтрацыя зямельнай уласнасці — на долю 6,5% гаспадарак пл. больш за 1 тыс. га прыпадае 55,4% с.-г. угоддзяў. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — пашавая жывёлагадоўля мяса-воўнавага кірунку, пераважна экстэнсіўная. У. — адзін з найб. у свеце вытворцаў і экспарцёраў воўны, мяса, скуры. Гадуюць буйн раг. жывёлу (10,8 млн. галоў, 2000), авечак (13 млн.), коз (14,8 тыс.), свіней (380 тыс.), птушак (13 млн.). Вытв-сць воўны 74 тыс. т (1997, 5-е месца ў свеце). Малочная гаспадарка развіта слаба.

Улоў рыбы ў 2000—137 тыс. т. Земляробства развіта пераважна ў паўд. раёнах. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс., алейны лён, сланечнік, авёс, ячмень, сорга, бульбу, цукр. буракі, агародніну, арахіс. На Пд развіта вінаградарства, на Пн — вырошчванне цытрусавых. Транспарт аўтамаб. (​3/4 грузавых перавозак), чыг., водны. 415 тыс. легкавых і 50 тыс. грузавых аўтамабіляў. Даўж. аўтадарог больш за 50 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 10 тыс. км. Панамерыканская шаша звязвае У. з Аргенцінай і Бразіліяй. Чыг. сетка (3 тыс. км) мае веерную канфігурацыю з цэнтрам у Мантэвідэо. Даўж. суднаходных рэк 1250 км. Гал. парты: Пайсанду і Фрай-Бентас. Найб. марскі порт — Мантэвідэо (​9/10 знешнегандл. абароту). Танаж марскога флоту каля 150 тыс. бр.-рэг. т. Міжнар. аэрапорт Караска ў Мантэвідэо. Знешнегандл. абарот 5,5 млрд. дол. (1999), у т. л. экспарт 2,1 млрд. дол. (мяса, воўна, скуры, тэкстыль, электраэнергія, рыс, рыба); імпарт 3,4 млрд. дол. (машыны і абсталяванне, нафта і інш.). Асн. гандл. партнёры: Бразілія, Аргенціна, краіны ЕС, ЗША, Кітай, Японія. Даход ад турызму 653 млн. дол. Грашовая адзінка — уругвайскае песа.

Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Першы рукапісны помнік — «Мемарыял» Перэса Кастэльяна (1779). Пачатак маст. л-ры паклала класіцыстычная паэзія Х.​Прэга дэ Алівера, К.​Вільядэмораса і п’еса Х.​П.​Мартынеса. У пач. 19 ст. на аснове вуснай нар. творчасці ўзнікла л-ра гаўча (жыхароў стэпаў; паэзія Б.​Ідальга), развівалася т.зв. акад. л-ра, якая асвойвала традыцыі еўрап. класіцызму (паэзія Ф.​Акунья дэ Фігероа). У 1830—40-я г. ў л-ры панаваў рамантызм (творчасць А.​Бера, А.​Магарыньёса Сервантэса, Х.​Сарыльі дэ Сан-Марціна). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў прозе ўсталяваўся рэалізм (раманы Э.​Асеведа Дыяса, К.​Рэйлеса, апавяданні Х. дэ Віяны), у паэзіі адчувальны ўплыў мадэрнізму (Х.​Эрэра-і-Рэйсіг). Вылучалася творчасць драматурга Ф.​Санчэса, навеліста А.​Кірогі. У 1930—40-я г. ўзмацніўся сац.-крытычны кірунак (паэзія С.​Х.​Гарсіі, П.​Л.​Іпучэ). У прозе рэаліст. традыцыі развівалі Э.Амарым, А.​Гравіна. У 1960—70-я г. асвойваліся і новыя літ.маст. формы. Наватарскімі пошукамі адзначана творчасць Х.К.Анеці, М.Бенедэці, Х.​Куньі. У 1980—90-я г. ў л-ры плённа працавалі празаікі і публіцысты Э.​Галеана, Хесуальда, паэты А.​Берэнгер, І.​Вітале, М.​Біянчы, Х.​Медына Відаль, У.​Хіярдана і інш.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад культуры індзейцаў чаруа захаваліся антрапаморфныя і зааморфныя камяні, звонападобныя керамічныя пасудзіны. У пастухоў-гауча бытавалі своеасаблівыя скураныя і сярэбраныя вырабы. У пач. 16—пач. 19 ст. тут узводзілі магутныя ваен. фарпосты, умацаваныя храмы з барочным і класіцыстычным дэкорам. З 18 ст. развіваліся гарады з рэгулярнай забудовай і дамамі з унутр. дворыкамі-патыо. У 19 ст. пераважалі аднастайныя невысокія дамы еўрап. тыпу, часцей у духу эклектыкі, у пач. 20 ст. — у стылі мадэрн. У 1930-я г. арх. Х.​Віламаха паклаў пачатак сучаснай архітэктуры, заснаванай на кантрасце прысадзістых і верт. аб’ёмаў, вял. гладкіх плоскасцей з дробнымі формамі сонцаахоўных прыстасаванняў, на спалучэнні арх. форм з навакольным пейзажам. У 2-й пал. 20 ст. будавалі пасёлкі з комплексамі грамадска-быт. абслугоўвання, малапавярховыя індывід. жытлы, адметныя сінтэзам мастацтваў, і шматпавярховыя дамы з лёгкімі і выразнымі сілуэтамі. Фарміраванне нац. школы жывапісу звязана з творчасцю Х.​М.​Бланеса (2-я пал. 19 ст.), які ў гіст. карцінах і сцэнах з нар. жыцця ствараў паэт. нар. вобразы. У канцы 19 — пач. 20 ст. рэаліст. жывапіс У. ўзбагачаўся вопытам еўрап. школ (пейзажы П.​Бланеса Віяле, П.​Фігары, партрэты К.​Ф.​Саэса, гіст. карціны К.​М.​Эрэры). Пачатак скульпт. школе паклаў Х.​М.​Ферары, які спалучаў рамант. пафас з рэаліст. вобразамі. У манум. скульптуры і партрэтах А.​Пены, Х.​Бельёні, Б.​Мічэлены выкарыстаны вопыт еўрап. скульптуры пач. 20 ст. Жывапісцы Р.​Перэс Барадас і Х.​Кунео Перынеці прыўнеслі ў мастацтва прынцыпы кубізму, футурызму, экспрэсіянізму; прадстаўнік абстрактнага мастацтва — Х.​Торэс Гарсія і інш. Сярод жывапісцаў і графікаў 1930-х г. Л.​Масей, Н.​Бердыя і інш. У 1950-я г. прагрэс. мастакі аб’яднаны ў Клубе гравюры (Л.​Гансалес і інш.). Вылучаецца творчасць скульпт. А.​Гансалеса. Сучаснае мастацтва канцэнтруецца ў Мантэвідэо, набывае ўсё большую самасвядомасць (маст. Г.​Ласарыні, С.​Пінтаса, Э.​Фернандэс і інш.). У 1914 створана т-ва архітэктараў У. У 1957 засн. Нац. школа прыгожых мастацтваў пры ун-це.

Літ.:

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. 2 изд. М., 1983;

Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Уругвая.
Да арт. Уругвай. Панарама Мантэвідэо.
Да арт. Уругвай. У цэнтры Мантэвідэо.

т. 16, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)