НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

найбуйнейшы на Беларусі збор твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засн. і адкрыты ў 1939 у Мінску як Дзярж. карцінная галерэя, з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 сучасная назва. Захоўвае творы бел., рас. і зах.еўрап. мастацтва і мастацтва Усходу 14—20 ст. Агульная пл. 3513 м². Меў 10 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 1749 м². У фондах музея (2000) 22,6 тыс. экспанатаў. Навук. аддзелы: навук.-асв. работы, уліку і захавання, стараж.-бел. мастацтва, бел. мастацтва 20 ст., рус. мастацтва, замежнага мастацтва, рэстаўрацыі і хім.-біял. даследаванняў, архіў.

Напачатку размяшчаўся ў будынку Вышэйшай камуніст. с.-г. школы, б. Мінскай жаночай гімназіі. Калекцыя склалася з экспанатаў з фондаў абласных краязнаўчых і гіст. музеяў, а таксама з нацыяналізаваных у Зах. Беларусі маёнткаў. Агульная пл. складала 1500 м². З 1200 экспанатаў, якія былі на момант адкрыцця, у 15 залах экспанавалася 400 твораў бел., рус. і зах.-еўрап. мастацтва 17—20 ст. На пач. 1941 фонды складалі 2711 адзінак. У час Вял. Айч. вайны самыя каштоўныя экспанаты не паспелі эвакуіраваць, іх лёс невядомы. Галерэя адноўлена ў 1944, размяшчалася ў будынку Дома прафсаюзаў. У 1957 музей адкрыўся ў спец. ўзведзеным будынку. Колькасць экспанатаў склала 2886 адзінак.

У музеі сабрана унікальная калекцыя бел. мастацтва: стараж. іканапіс і разьба па дрэве, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапіс 19 ст., у т.л. творы В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Гараўскага, С.Жукоўскага, І.Хруцкага; пасляваеннае і мастацтва 2-й пал. 20 ст. прадстаўлена творамі З.Азгура, А.Анікейчыка, І.Ахрэмчыка, А.Бембеля, Г.Вашчанкі, Н.Воранава, А.Глебава, В.Грамыкі, М.Данцыга, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Кішчанкі, А.Малішэўскага, Г.Мурамцава, У.Мурахвера, Г.Паплаўскага, А.Паслядовіч, І.Рэя, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва і інш.; рус. мастацтва 18—20 ст. — творамі К.Айвазоўскага, У.Баравікоўскага, К.Брулова, С.Канёнкава, К.Каровіна, Дз.Лявіцкага, В.Паленава, Ф.Рокатава, І.Рэпіна, В.Сярова, В.Трапініна, М.Урубеля, П.Фядотава, Ф.Шубіна, І.Шышкіна і інш. Калекцыя зах.-еўрап. мастацтва 15 — пач. 20 ст. склалася ў 1960—70-я г. з твораў мастакоў Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Францыі, Швецыі, якія адлюстроўваюць асаблівасці развіцця мастацтва ў гэтых краінах у розныя часы. Калекцыя музея папаўнялася па ўсіх раздзелах фондаў, асабліва творамі дэкар.-прыкладнога мастацтва Беларусі (шкло, габелен, нар. мастацтва), Расіі, Зах. Еўропы. Склалася і калекцыя ўсх. мастацтва: кераміка, ткацтва, лакі, метал, традыц. жывапіс, разьба па камені і косці 15—20 ст. Індыі, Ірана, Кітая, Сярэдняй Азіі, Японіі. Збор сучаснага бел. мастацтва папоўніўся творамі В.Альшэўскага, А.Задорына, Н.Залознай, С.Катковай, У.Кожуха, В.Крывашэевай, З.Літвінавай, А.Марачкіна, М.Селешчука, К.Селіханава, У.Тоўсціка, Л.Хобатава, І.Цішына, В. і Ф.Янушкевічаў і інш. Музей праводзіць н.-д., збіральніцкую і папулярызатарскую работу, наладжвае выстаўкі твораў айч. і замежных майстроў, ажыццяўляе навук. і творчую сувязь з замежнымі музеямі, арганізоўвае выставачны абмен, праводзіць лекцыі, экскурсіі, заняткі клубаў мастацтвазнаўцаў і аматараў мастацтва, дапамагае ствараць карцінныя галерэі, маст. аддзелы ў інш. гарадах рэспублікі. Выдае каталогі, альбомы, паштоўкі. Мае бібліятэку. У розныя часы музей узначальвалі М.Міхалап (у 1939—41), А.Аладава (з 1944), Ю.Карачун (у 1977—97), У.Пракапцоў (з 1998). Філіялы: Гурынская карцінная галерэя Мазырскага р-на (з 1978), Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на (з 1979), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (з 1982), архітэктурны комплекс 16—18 ст. у в. Гальшаны Ашмянскага р-на (з 1989), палацава-паркавы комплекс 16—20 ст. у г.п. Мір Карэліцкага р-на (з 1992), «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» (гл. Мінскі музей Ваньковічаў), Мемарыяльны музей Азгура З.І. (абодва з 2000), Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс (з 1986, у стане рэстаўрацыі) — усе ў Мінску.

Будынак музея пабудаваны ў 1957 (арх. М.Бакланаў). 2-павярховы, прамавугольны ў плане, завершаны зашклёным ліхтаром. Гал. фасад вырашаны на аснове класічнай ордэрнай сістэмы. Цэнтр. ўваход утварае неглыбокая лоджыя з каланадай, якую па баках фланкіруюць глухія аб’ёмы з глыбокімі дэкар. нішамі, дзе размешчаны скульпт. кампазіцыі «Скульптура» і «Жывапіс» (скульптары С.Адашкевіч, П.Белавусаў, Л. і М.Роберманы). Франтон увянчаны скульптурай жанчыны з вянком, якая сімвалізуе росквіт выяўл. мастацтва Беларусі (скульптар А.Бембель). Пры ўваходзе — парадны вестыбюль, адкрыты на 2 паверхі, з 3-маршавай лесвіцай і абходнай галерэяй на 2-м паверсе. Сувязь выставачных залаў на 2-м паверсе анфіладная. На 1-м і ў цокальным паверхах размешчаны службовыя і дапаможныя памяшканні. Іл. гл. таксама да арт. Музеі мастацкія.

Літ.:

Государственный художественный музей БССР: [Альбом]. М., 1958;

Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1979;

Государственный художественный музей БССР: Собр. живописи XV—XX вв.: [Альбом]. М., 1989;

Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1990;

Сообщения Государственного художественного музея БССР. Вып. 1. Мн., 1994;

Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып. 2. Мн., 1997.

А.А.Воінаў (архітэктура), І.М.Паньшына.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Вестыбюль музея.
Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й В.К.БЯЛЫ́НІЦКАГА-БІРУЛІ,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прысвечаны жыццю і творчасці бел. мастака-пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі. Адкрыты 24.12.1982 у Магілёве. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, помніку грамадзянскай архітэктуры 18 ст. Плошча выставачных залаў 350 м​2. У музеі прадстаўлена больш за 100 твораў Бялыніцкага-Бірулі, пачынаючы ад створанага ў вучылішчы пейзажа «Пахмурны дзень» (1892) да прац апошніх гадоў жыцця («Прыйшла вясна», 1951, і інш.). У іх адлюстраваны асноўныя творчыя этапы жыцця мастака: удзел у Т-ве перасоўных маст. выставак («Пачатак вясны», 1905; «Вясна ідзе», 1910, і інш.), перыяд 1920—30-х г. («Блакітныя цені вясны», «Возера» і інш.), работы, створаныя ў час знаходжання на Беларусі ў 1947 («Беларусь. Зноў зацвіла вясна», «Старая беларуская вёска» і інш). Сярод экспанатаў фотаздымкі сям’і Бялыніцкага-Бірулі, пісьмы І.Рэпіна, узнагароды, атрыманыя мастаком на выстаўках, дакументы, творы мастакоў яго кола, сяброў: партрэты Бялыніцкага-Бірулі (А.Мораваў, 1900-я г.) і маці мастака (М.Ульянаў, 1894), карціна «На паляванні» М.Багданава-Бельскага (1910-я г.) і інш., а таксама вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, створаная ў Абрамцаўскай майстэрні. У музеі перыядычна наладжваюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Карачун Ю.А. Музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі: [Альбом]. Мн., 1988.

І.Л.Чэбан.

Будынак Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Фрагмент экспазіцыі Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канфлі́кт,

мастацкі.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыван,

мастацкі тэкстыльны выраб.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Узвышша»,

літаратурна-мастацкі часопіс.

т. 16, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крыты́чны рэалі́зм,

літаратурна-мастацкі кірунак.

т. 8, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГРАВЫ́ ФІЛЬМ,

гл. Мастацкі фільм.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

школа,

мастацкі кірунак у мастацтве і архітэктуры.

т. 17, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перспектыва,

мастацкі метад адлюстравання на плоскасці аб’ёмных цел.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Міхеенка А. (мастацкі кіраўнік) 7/426

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)