РУ́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г.п. Рудзенск і раёне пад кіраўніцтвам Рудзенскага падп. райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 12 груп (75 чал., кіраўнік М.​П.​Пакроўскі); 1-я Рудзенская (кіраўнікі В.​І.​Шкурдзюк, М.​В.​Данільчык), 2-я Рудзенская (С.​М.​Малашонак, С.​І.​Шэлег), у вёсках Азярычына (М.​Т.​Шайбак), Голацк (А.​А.​Сачак), Дудзічы (В.​П.​Адамовіч), Дукарка (В.​В.​Мешчаракоў, К.​В.​Людчык, А.​Р.​Гарбацэвіч), Караваева (С.​З.​Саранча), Каробавічы (В.​Д.​Рагатка), Крыстамполле (Н.​Г.​Андрэеў, І.​Г.​Шэлег), Сяргеевічы (Ф.​Н.​Макарэвіч), Цітва (С.​К.​Доўнар, В.​К.​Мароз), на торфазаводзе «Дукора» (П.​С.​Рак, Ф.​А.​Стуканаў). Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, трымалі сувязь з партызанамі, рыхтавалі для іх кадры, збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання і медыкаменты, разведданыя, зрывалі эканам. мерапрыемствы акупантаў, выводзілі са строю тэлегр. лінію, абсталяванне торфазавода, узрывалі склады, масты, чыг. збудаванні і інш. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

А.​Б.​Рогаў.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЬБА́ З ЛУ́КА,

спаборніцтвы па стральбе стрэламі па мішэнях; адзін з найб. стараж. відаў спорту. Мэта — трапіць у мішэнь найбліжэй да яе цэнтра. Страляюць са спарт. лука, які складаецца з дрэўка (драўлянае, метал., з сінт. матэрыялаў або камбінаванае) і цецівы (сінт. валокны). Маса лука ў мужчын 22 кг, у жанчын каля 15 кг. Страла — драўляны, метал. ці пластмасавы стрыжань з наканечнікам і апярэннем. Спаборніцтвы праводзяцца на дыстанцыях 30, 50, 70 і 90 м для мужчын і 30, 50, 60 і 70 м для жанчын. Дыяметр мішэні 80 і 122 см.

Спаборніцтвы па С. з л. вядомы з 15 ст. (Швейцарыя). Міжнар. федэрацыя заснавана ў 1931. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1931 (штогод, з 1960 праз год), Еўропы — з 1968, у асабістым і камандным заліках. У праграме Алімп. гульняў — з 1904. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, ЗША, Канадзе, Карэі, краінах Скандынавіі.

На Беларусі развіваецца з 1960; 1-ы чэмпіянат рэспублікі праведзены ў 1961. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся Б.​Ісачанка, В.​Мароз, Г.​Карасёва, А.​Марфель і інш.

т. 15, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯНСКАЕ ПРАВА

Як навука грамадз. права на Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г., хаця нормы грамадз. права, якія дзейнічалі на тэр. Беларусі, былі ўжо ў Статутах ВКЛ, у Зводзе законаў Рас. імперыі. Асн. навук. цэнтрам была і застаецца кафедра грамадз. права юрыд. ф-та БДУ, якую ўзначальвалі Г.​А.​Павецьеў, Ф.​І.​Гаўзе і з пач. 1970-х г. — на працягу 10 гадоў В.​Ф.​Чыгір — заснавальнік нац. школы жыллёвага права. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны і выдадзены навук.-практычныя каментарыі да Грамадз. кодэкса БССР (1972, 1991), Грамадз. кодэкса Рэспублікі Беларусь (т. 1—2, 1999; т. 1—3, 2003), падручнікі «Грамадзянскае права» (т. 1—3, 1975—78), «Грамадзянскае права» (т. 1—2, 2000—02). Супрацоўнікі кафедры даследуюць праблемы ўласнасці і права ўласнасці (В.​Ф.​Чыгір), дагаворнае права (В.​М.​Гадуноў, А.​В.​Каравай, У.​П.​Мароз, А.​М.​Рамановіч, В.​Ф.​Чыгір), банкаўскае права (А.​А.​Салей, І.​М.​Шчамялёва), пытанні інтэлектуальнай уласнасці (І.​В.​Папова, В.​Ф.​Чыгір), спадчыннага права (У.​А.​Раманенка), прадпрымальніцкага права (В.​М.​Гадуноў, В.​К.​Сідарчук), міжнар. прыватнага права (У.​П.​Мароз, А.​М.​Рамановіч) і інш.

У Бел. эканам. ун-це даследаванні па праблемах грамадз.-прававога цыкла пачаліся з 1950-х г. у выніку стварэння кафедры прававых дысцыплін. Вывучаюцца пытанні асабістай уласнасці грамадзян і іх аховы (Дз.​Ф.​Ерамееў, В.​С.​Юрчанка), дагаворныя абавязацельствы (М.​Г.​Проніна), прававое рэгуляванне гасп. дзейнасці (Я.​А.​Ціханенка, М.​Г.​Проніна), метадалагічныя аспекты зместу грамадз. права (У.​А.​Вітушка) і інш. Выдадзены навуч. дапаможнікі «Курс грамадзянскага права: Агульная частка» (т. 1, У.​А.​Вітушкі, 2001), «Прававое рэгуляванне гаспадарчай дзейнасці» (2004). Вучоныя кафедры грамадз. права і працэсу Гродзенскага ун-та, якая функцыянуе з пач. 1980-х г., аналізуюць праблемы прававога рэгулявання адносін уласнасці (І.​І.​Вялента), прававой аховы культ. спадчыны (І.​Э.​Мартыненка), рэчавых правоў на зямлю, здзелак з нерухомасцю (Н.​Г.​Станкевіч), прадпрымальніцкага права (В.​С.​Елісееў) і інш. У аддзеле прац. і грамадз. права Ін-та дзяржавы і права Нац. АН Беларусі распрацоўваюцца пытанні дагаворнага права, прававога рэгулявання эканам. неплацежаздольнасці (банкруцтва), інтэлектуальнай уласнасці (А.​А.​Ванін, А.​А.​Папова) і інш.

Літ.:

Брагинский М.М. Общее учение о хозяйственных договорах. Мн., 1967;

Гавзе Ф.И. Обязательственное право: Общие положения. Мн., 1968;

Яго ж. Социалистический гражданско-прававой договор. М., 1972;

Чигир В.Ф. Советское жилищное право. Мн., 1968;

Яго ж. Жыллёва-будаўнічыя кааператывы ў Беларускай ССР. Мн., 1973;

Пронина М.Г. Обеспечение исполнения норм гражданского права. Мн., 1974;

Годунов В.Н. Правовое регулирование реализации товаров для государственных нужд. Мн., 2002;

Веленто И.И. Проблема макроправового регулирования отношений собственности в Республике Беларусь и Российской Федерации. Гродно, 2003.

А.​А.​Папова.

т. 18, кн. 2, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,

верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.

От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.​Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)

Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.​Танка, «Мысль і слова» С.​Дзяргая і інш.).

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́СТАЎ Аркадзь Аляксандравіч (31.1.1893, с. Прысланіха Ульянаўскай вобл., Расія — 12.5.1972),

расійскі мастак. Нар. маст. СССР (1962). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Строганаўскім цэнтр. мастацка-прамысл. вучылішчы (1912—14), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1914—17). Жыў на радзіме. У 1920 — пач. 1930-х г. працаваў пераважна ў галіне плаката і кніжнай графікі. З 1935 пісаў партрэты і жанравыя карціны, прасякнутыя паэт. успрыняццем рус. прыроды, жыцця вёскі, апяваннем працы і духоўнай прыгажосці сваіх землякоў. У сваёй творчасці П. прадаўжаў і развіваў традыцыі рус. пленэрна-жанравага жывапісу канца 19 — пач. 20 ст. Творам уласцівы разняволеная прастата кампазіцыі з размяшчэннем буйных дакладна перададзеных фігур на першым плане, стрыманая мажорнасць цёплых фарбаў: «Калгасны статак» (1937), «Фашыст праляцеў» (1942), «Сенакос», «Жатва» (абодва 1945), цыкл «Людзі калгаснай вёскі» (1951—65; у т. л. «Віця-падпасак», 1951; «Вясна», 1954; «Дзяўчына з веласіпедам», 1956; «Мама», 1964, і інш.), «Вогнішча ў полі» (1968—69), «З мінулага» (1969). Сярод графічных работ іл. да апавяданняў А.​Чэхава (1920—27), аповесці Л.​Талстога «Халстамер» (1952—54), да паэмы М.​Някрасава «Мароз, Чырвоны нос» (1949). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Я.​Рэпіна 1972.

Літ.:

Пластов Н.А., Сысоев В.П. А.​А.​Пластов: [Альбом]. Л., 1979.

А.Пластаў. Вясна. 1954.

т. 12, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАРО́БЫ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ РАСЛІ́Н.

Пашкоджваюць асобныя органы або прыводзяць да гібелі раслін, зніжаюць ураджай і якасць расл. прадукцыі. Шкаданоснасць залежыць ад устойлівасці сартоў да хваробы, агратэхн. догляду, надвор’я і інш. На Беларусі ў выніку Х.с.р. залежна ад ступені іх развіцця страты ўраджаю бываюць ад 5 да 15%, у гады эпіфітоцый да 30%.

Найб. пашыраныя і шкаданосныя на збожжавых культурах снежная плесня, каранёвыя гнілі, пыльная галаўня, сеткавая, цёмна-бурая і чырвона-бурая плямістасці (гл. Гельмінтаспарыёзы), рынхаспарыёз, мучністая раса; на зернебабовых культурах — фузарыёз, шэрая гніль, вузкалістасць і пабурэнне лубіну, аскахітоз гароху і бобу; на бульбе — фітафтароз, макраспарыёз, рызактаніёз, бактэрыяльныя і грыбныя гнілі клубняў; на лёне — фузарыёзнае завяданне, антракноз, поліспароз лёну, фамоз, пасма; на цукровых бураках — цэркаспароз, караняед буракоў, перонаспароз, фамоз; на капусце — сасудзісты і слізісты бактэрыёзы, чорная плямістасць; на агурках — белая і каранёвыя гнілі, антракноз, аскахітоз, мучністая раса; на пладова-ягадных культурах — парша (гл. Парша раслін), пладовая гніль, рак (гл. Рак раслін), мучністая раса, іржа (гл. Іржа раслін) і інш.

Меры барацьбы з Х.с.р. накіраваны на прадухіленне хвароб: падбор устойлівых сартоў, здаровага пасадачнага матэрыялу, высокі ўзровень агратэхнікі. знішчэнне заражаных расл. рэшткаў, выкарыстанне агратэхн., біял. і хім. метадаў аховы раслін, выкананне каранцінных мерапрыемстваў (гл. Каранцін).

Літ.:

Справочник по защите сельскохозяйственных растений от вредителей, болезней и сорняков. 2 изд. Мн., 1983;

Буга С.Ф., Протасов Н.И., Самерсов В.Ф. Защита растений. Мн., 1983.

В.​Л.​Мароз.

т. 16, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКІ БЕЛАРУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны 1.1.1990 у г. Слонім Гродзенскай вобл. на базе Слонімскага нар. тэатра. Заснавальнік і першы кіраўнік М.​Варвашэвіч. У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру, пастаўленыя ў традыцыях бел. нар. тэатра: «Прымакі» Я.​Купалы, «Не забыцца і паспець на сябе хамут адзець» Л.​Родзевіча, «Лекі ад кахання» і «Каханне з падманам» У.​Галубка. Ставяцца п’есы сучасных бел. драматургаў: «Сабака з залатым зубам» У.​Сауліча, «Жаніх па перапісцы» А.​Федарэнкі, «Чужыя грошы» У.​Бутрамеева, «Камедыя» У.​Рудава паводле твораў К.​Марашэўскага і Ф.​Аляхновіча, «Чарнакніжнік» С.​Кавалёва паводле твораў Я.​Баршчэўскага. Значнае месца ў рэпертуары тэатра займаюць п’есы класічнай і сучаснай рус. і замежнай драматургіі: «Жаніцьба Бальзамінава» і «На бойкім месцы» А.​Астроўскага, «Сямейны партрэт з чужым» С.​Лабазёрава, «Пакуль яна памірала» Н.​Птушкінай, «Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.​Данілава, «Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні, «Непаразуменне» А.​Камю, «Жарты Парыжа» К.​Манье. Сярод пастановак для дзяцей: «Чарадзейныя суніцы», «Хітрыкі бабы Ягі», «Апошні дыназаўрык», «Добры змей», «Маўглі» А.​Якімовіча, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Прынцэса і салдат» У.​Ягоўдзіка, «Дзед Мароз і Лясун» Л.​Рублеўскай, «Зайка-зазнайка» С Міхалкова, «Папялушка» Т.​Габэ, «Кот у ботах» С.​Пракоф’ева і Г.​Сапгіра.

С.​М.​Чыгрын.

Слонімскі беларускі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Непаразуменне» А.​Камю.
Слонімскі беларускі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Пакуль яна памірала» Н.​Птушкінай.

т. 15, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАРНАЕ, ЗЯМЕЛЬНАЕ І ЭКАЛАГІЧНАЕ ПРАВА

Даследаванні па пытаннях зямельнага права, прававых праблемах землекарыстання, землеўладкавання і арганізац. форм мясц. гаспадаркі на Беларусі пачалі праводзіцца з 1921 у Ін-це бел. культуры, з 1935 — у Ін-це філасофіі створаны Ін-т філасофіі і права АН Беларусі. У 1978 у гэтым ін-це створаны сектар, у 1986 — аддзел прававых праблем сельскай гаспадаркі і аховы навакольнага асяроддзя (заг. аддзела М.​В.​Сторажаў), дзе рыхтавалі навук. кадры, даследаваліся прававыя пытанні арганізацыі с.-г. вытв-сці, землекарыстання і аховы прыроды. Пытанні прававога становішча калгасаў, правоў і абавязкаў калгасных органаў кіравання і спецыялістаў с.-г. прадпрыемстваў па кіраванні вытв-сцю даследавалі В.​С.​Карпік, Л.​М.​Малчадская, В.​М.​Сторажаў; прававыя пытанні сац. аховы і забеспячэння калгаснікаў — І.​В.​Гушчын; землекарыстання, насенняводства і здабычы торфу — Л.​М.​Мароз, М.​У.​Пухонта, А.​А.​Шынгель; кантрактацыі с.-г. прадукцыі — Карпік, Н.​Г.​Станкевіч і інш.

З набыццём Рэспублікай Беларусь суверэнітэту праблемы аграрнага, зямельнага і экалагічнага права даследавалі ў аддзеле с.-г. і экалагічнага права (з 2000 аддзел прыродарэсурснага, аграрнага і экалагічнага права) Ін-та дзяржавы і права Нац. АН Беларусі; на кафедры экалагічнага і агр. права юрыд. ф-та БДУ (з 1991 заг. А.​І.​Бабылёў, з 1993 — Сторажаў); на кафедры дзярж., працоўнага і с.-г. права юрыд. ф-та Гродзенскага ун-та і інш. З пач. 1990-х г. праводзіліся даследаванні ў галіне прыродарэсурснага, аграрнага і экалагічнага права: арганізацыйна-прававым забеспячэнні аховы лясоў (Е.​У.​Лаеўская), прававым рэгуляванні дзейнасці сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак (С.​П.​Кацуба), с.-г. вытв. кааператываў (І.​П.​Кузьміч), прававым рэгуляванні агр. адносін у дзярж. сектары эканомікі (В.​С.​Елісееў), прававой ахове навакольнага асяроддзя гарадоў (Н.​А.​Шынгель, Г.​І.​Ушкевіч), прававым рэжыме асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў (В.​Я.​Лізгаро), прававых праблемах платнага прыродакарыстання (Л.​М.​Мароз), рэалізацыі экалаг. функцыі дзяржавы ў заканад. дзейнасці Парламента Рэспублікі Беларусь (Н.​А.​Карповіч), прававым рэгуляванні аховы і карыстання жывёльнага свету (Г.​І.​Зайчук), праве спец. лесакарыстання (І.​С.​Шахрай).

Створаны падручнікі і навуч. дапаможнікі, выдаюцца манаграфічныя даследаванні, праводзяцца міжнар. канферэнцыі па праблемах агр., зямельнага і эканамічнага права. У кастр. 1998 у Мінску на базе Бел. эканам. ун-та праведзена міжнар. канферэнцыя «Аграпрамысловае, гаспадарчае і экалагічнае права ва ўмовах пераходнай эканомікі»; у 1999 — міжнар. кангрэс «Прававыя праблемы зямельнай і аграрнай рэформы ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Расіі, Беларусі, Украіны і інш. краінах СНД, дзяржавах Балтыі». У 2004 Гомельскім тэхн. ун-там імя П.​В.​Сухога арганізавана міжнар. навук.-практычная канферэнцыя «Аграрная галіна: сацыяльна-эканамічныя і прававыя праблемы станаўлення і перспектывы развіцця».

Літ.:

Карпик В.С., Сторожев Н.В. Права и обязанности внутриколхозных органов управления. Мн., 1969;

Яго ж. Правовой режим мелиорированых земель. Мн., 1986;

Ядевич Н.И. Производственная деятельность межхозяйственных предприятий в сельском хозяйстве. Мн., 1981;

Яе ж. Договорные отношения сельскохозяйственных предприятий Мн., 1991;

Сторожев Н.В., Молчадская Л.Н. Права и обязанности специалистов сельскохозяйственных предприятий по управлению производством. Мн., 1982;

Станкевич Н.Г. Правовое обеспечение Продовольственной программы. Мн., 1986;

Яе ж. Земельное право Республики Беларусь. Мн., 2000;

Мороз Л.Н. Улучшение природных ресурсов: договорные отношения Мн., 1994;

Яго ж. Недра в Республике Беларусь: Проблемы правового регулирования, использования и охраны. Мн., 1995;

Бобылев А.И., Балашенко С.А. Вопросы общей теории экологического права. Мн., 1991;

Бобылев А.И., Демичев Д.М., Шингель Н.А. Правовой режим использования и охраны природных объектов и природных ресурсов. Мн., 1992;

Балашенко С.А., Демичев Д.М. Экологическое право. Мн., 1999;

Балашенко С.А., Макарова Т.И. Международно-правовая охрана окружающей среды и права человека. Мн., 1999;

Зайчук Г.И. Животный мир: правовые проблемы использования и охраны Мн., 2003;

Сторожев Н.В., Кузьмич И.П. Аграрное право Республики Беларусь: Курс лекций: Общая часть. Мн., 2003.

І.​С.​Шахрай, І.​П.​Кузьміч.

т. 18, кн. 2, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ Уладзімір Мікалаевіч (1.11.1895, в. Крыловічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.10.1937),

бел. акцёр; адзін з заснавальнікаў бел. т-ра. Засл. арт. Беларусі (1931). Скончыў Мінскае гар. вучылішча (1914). З 1915 выступаў на аматарскай сцэне. З 1921 у БДТ-1 (цяпер Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы). Акцёр шырокага творчага дыяпазону: выконваў ролі сац. і рамант. герояў, характарныя і камедыйныя. Валодаў яркімі сцэнічнымі данымі, высокай культурай мовы, дасканаласцю грыму, мімікі і жэстаў, майстэрствам поўнага пераўвасаблення, узбуйненай тыпізацыі характараў, імправізацыі пры тонкім адчуванні акцёрскага ансамбля. Яго ранняй творчасці ўласціва яскравая рамант. афарбоўка (Машэка, Кастусь Каліноўскі ў аднайм. п’есах Е.​Міровіча). Па-майстэрску непераўзыдзена ствараў вобразы нац. драматургіі: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Ваявода, Граковіч і Вагін («Каваль-ваявода», «Перамога» і «Запяюць верацёны» Міровіча), Жрэц, Чужакоў («Вір» і «Мост» Я.​Рамановіча), Шчураў («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Карнейчык («Канец дружбы» К.​Крапівы) і інш. Сярод інш. роляў: Мароз («Гута» Р.​Кобеца), Шагабутдзінаў («Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.​Іванова), Малько («Далёкае» А.​Афінагенава), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Чадаў («Жыццё кліча» У.​Біль-Белацаркоўскага). У характарных і камедыйных ролях вынаходзіў трапныя дэталі, непаўторныя нюансы: Тарквіній («Жрэц Тарквіній» С.​Паліванава), Муфці («Мешчанін у дваранах» Мальера), Крэспа («Вясковы суддзя» П.​Кальдэрона) і інш. Здымаўся ў кіно: «Двойчы народжаны», «Дняпро ў агні». На магіле К. на Вайсковых могілках у Мінску ўстаноўлены яго бюст.

Літ.:

Есакоў А. Уладзімір Крыловіч. Мн., 1956;

Рамановіч Я. Уладзімір Крыловіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Ажыццёўленае і няздзейсненае // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

У.​І.​Няфёд.

У.М.Крыловіч.
У.Крыловіч у ролі Кастуся Каліноўскага.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІКА ПАЛЁЎ І ЭЛЕМЕНТАРНЫХ ЧАСЦІЦ

Даследаванні па фізіцы палёў і элементарных часціц на Беларусі пачаліся пад кіраўніцтвам Ф.​І.​Фёдарава з 1936 на кафедры тэарэтычнай фізікі БДУ і з 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Распрацаваны агульны метад праектыўных аператараў у тэорыі элементарных часціц, створана комплексна-вектарная параметрызацыя групы Лорэнца, уведзены універсальныя нелінейныя ўраўненні для ўзаемадзейных палёў (Ф.​І.​Фёдараў). На гэтай падставе пабудавана паслядоўна каварыянтная (у т. л. класічная, без другаснага квантавання) квантавая электрадынаміка нуклонаў, тэорыя часціц са спінам 0, 1/2, 1, 3/2, 2, іх электрамагнітных і слабых узаемадзеянняў; дадзена уніфікаванае апісанне ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў з выкарыстаннем універсальных ураўненняў Фёдарава, вырашаны важныя пытанні калібровачнай палявой тэорыі. Распрацаваны эфектыўныя метады апісання і разліку канкрэтных працэсаў узаемадзеяння палярызаваных лептонаў і адронаў, што дало магчымасць даследаваць іх у больш шырокім, чым звычайна, плане (А.​А.​Богуш, Ю.​А.​Курачкін, В.​І.​Куўшынаў, Л.​Р.​Мароз, І.​С.​Сацункевіч, Ф.​І.​Фёдараў). Выкананы прыярытэтныя даследаванні па праблеме ізаляванага магнітнага зараду, паслядоўна развіта тэорыя такіх тапалагічна нетрывіяльных аб’ектаў, як абелевы і няабелевы манаполі, салітоны, інстантоны і інш. (Я.​У.​Доктараў, Ю.​А.​Курачкін, В.​І.​Куўшынаў, В.​І.​Стражаў, Л.​М.​Тамільчык, Я.​А.​Талкачоў). Распрацаваны і дастасаваны да патрэб агульнай тэорыі адноснасці (АТА) т.зв. тэтрадны фармалізм у спалучэнні з метадам распластаваных прастор (В.​С.​Іваніцкая, А.​Я.​Левашоў і інш.). Пабудавана тэорыя рэлятывісцкага руху сістэмы цел і разгледжана праблема яго ўстойлівасці (А.​П.​Рабушка). Распрацаваны пытанні ўзаемаадносін АТА з інш. канкурыруючымі тэорыямі (А.​К.​Гарбацэвіч, А.​В.​Мінкевіч). У даследаваннях па тэорыі адноснасці ўдзельнічаюць і бел. матэматыкі: вывучаны лакальна-дыферэнцыяльныя ўласцівасці прасторы СТА (А.​А.​Бурдун, А.​К.​Лапкоўскі, Л.​К.​Тутаеў і інш.), даследаваны падгрупы груп Пуанкарэ і Галілея (А.​М.​Фядэнка). Распрацаваны і шырока выкарыстаны эфектыўны аператарны метад разліку разнастайных квантавых сістэм і працэсаў (Л.​І.​Камароў, І.​Д.​Феранчук). Супрацоўнікамі Ін-та фізікі Нац. АН Беларусі (з 1974), Гомельскага ун-та (з 1976), НДІ ядзерных праблем (з 1987) і Нац. цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій (з 1993) БДУ праведзены сумесна з замежнымі вучонымі шырокія эксперыментальныя даследаванні на паскаральніках г. Дубна і г. Серпухаў (Расія), г. Жэнева (Швейцарыя). У банк сусветных даных па фізіцы часціц унесены атрыманыя эксперыментальныя вынікі па выяўленні новых мезонных станаў, вывучэнні працэсаў множнага нараджэння часціц і гіперзарадаваабменных рэакцый, рэдкіх распадаў (А.​М.​Дворнік, Ф.​Я.​Зязюля, Ю.​А.​Кульчыцкі, А.​С.​Курылін, М.​В.​Максіменка, В.​С.​Румянцаў). Упершыню эксперыментальна вызначаны (М.​І.​Ляўчук) велічыні палярызавальнасцей нейтрона і прадказанай (М.​В.​Максіменка, Л.​Р.​Мароз, А.​М.​Сердзюкоў) спінавай палярызавальнасці (гірацыі) нуклонаў. У эксперыментальную практыку ўкаранёны эфектыўныя метады і камп’ютэрныя праграмы разліку радыяцыйных эфектаў (М.​М.​Шумейка). Бел. фізікі пад кіраўніцтвам У.​Р.​Барышэўскага, А.​А.​Богуша, М.​В.​Максіменкі, М.​М.​Шумейкі зрабілі значны ўклад у стварэнне буйнейшага ў свеце паскаральніка пратонаў — Вялікага адроннага калайдара (г. Жэнева). Даследаванні па фізіцы элементарных часціц паспяхова праводзяцца таксама ў Гомельскім тэхн. (А.​А.​Панкоў, І.​Л.​Салаўцоў, С.​І.​Цімошын), Бел. пед. (А.​М.​Баяркін), Брэсцкім (У.​А.​Плецюхоў) і інш. ун-тах Беларусі.

Літ.:

Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987;

Березин А.В., Курочкин Ю.А., Толкачев Е.А. Кватернионы в релятивистской физике. М., 2003;

Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1970;

Kiselev V.G., Shir Ya.M., Tregubovich A.Ya. Introduction in Quantum Theory. New York, 2000;

Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;

Федоров Ф.И. Уравнения первого порядка для гравитационного поля // Докл. АН СССР. 1968. Т. 179, №4;

Рябушко А.П. Движение тел в общей теории относительности. Мн., 1979;

Яго ж. Проблема устойчивости движения тел в общей теории относительности. Мн., 1987;

Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории относительности. Мн., 1979;

Лапковский А.К. Релятивистская кинематика, неевклидовы пространства и экспоненциальное отображение. Мн., 1985;

Горбацевич А.К. Квантовая механика в общей теории относительности. Мн., 1985.

А.​А.​Богуш, А.​П.​Рабушка, Я.​А.​Талкачоў.

т. 18, кн. 2, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)