вёска ў Лышчыцкім с/с Брэсцкага р-на. За 35 км ад Брэста, 4 км ад чыг. станцыі Лышчыцы. 548 ж., 210 двароў (1999). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры: сядзіба (1875). За 2,5 км на ПдУ — курганны могільнік (11—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я НЯМКІ́,
вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Беседзь. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПнУ ад г. Ветка, 64 км ад Гомеля. 469 ж., 176 двароў (1999). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. На паўн.-ўсх. ўскраіне вёскі паселішча эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ГАРАДЗЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл., каля р. Арэса. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПдУ ад г. Любань, 194 км ад Мінска, 67 км ад чыг. ст. Урэчча. 798 ж., 321 двор (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я АЎЦЮКІ́,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля вадасх. Аўцюкі, на аўтадарозе Калінкавічы — Гомель. Цэнтр сельсавета. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, 110 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Галявіцы. 978 ж., 458 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У вёсцы праводзіцца Усебел. фестываль нар. гумару (1 раз у 2 гады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я СУРВІ́ЛІШКІ,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р.Камайка (цячэ праз возера, злучае яго з воз.Вялікае Сурвілішскае), за 20 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,29 км², даўж. больш за 1 км, найб.шыр. 460 м, найб. глыбіня 2,6 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 135 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на У 1—2 м), разараныя. Берагі сплавінныя, на У пясчаныя. Дно плоскае, ілістае. Зарастае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ШВА́КШТЫ, Малая Швакшта,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р.Страча (выцякае з возера), за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 1,91 км², даўж. 2,3 км, найб.шыр. 1,3 км, найб.глыб. 3,2 м, даўж. берагавой лініі каля 6,8 км. Пл. вадазбору 105 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, параслі хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае, прыбярэжная ч. пясчана-галечная. 2 астравы. Зарастае. Упадаюць 3 ручаі. Злучана пратокай з воз.Вялікія Швакшты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я РЭ́КІ,
невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс.км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.
Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.
І.Я.Афнагель.
Да арт.Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ГІМАЛА́І,
сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс.м на У і 5 тыс.м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На З — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс.м — плантацыі цытрусавых, чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Малыя народныя вучылішчы 3/312; 6/591; 8/357; 11/334
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ПЛАНЕ́ТЫ,
астэроіды, невялікія нябесныя целы, якія рухаюцца вакол Сонца па эліптычных арбітах, размешчаных пераважна паміж арбітамі Марса і Юпітэра, т. зв. пояс астэроідаў. Агульная колькасць М.п., што назіраюцца ў сучасныя тэлескопы, каля 100 тыс. (занумараваны і ўключаны ў каталог каля 6 тыс.), буйнейшыя з іх: Цэрэра, Палада, Веста, Гігея.
У поясе М.п. адбываюцца сутыкненні астэроідаў, што прыводзіць да іх драблення. Колькасць М.п. значна павялічваецца ад буйных да дробных. Сумарная маса М.п. меней за 1/700 масы Зямлі, дыям. ад 1025 км (у Цэрэры) і меней. Арбіты ў сярэднім больш выцягнутыя і больш нахіленыя да экліптыкі, чым арбіты вял. планет. Вядома каля 300 М.п., якія перыядычна збліжаюцца з Зямлёй і ўяўляюць для яе патэнцыяльную небяспеку. Калі дробныя асколкі рухаюцца па арбітах, якія перасякаюць арбіту Зямлі, яны могуць выпадаць на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Няправільная абломкавая форма і плямістасць паверхні некат. М.п. выяўляюцца ў перыяд. зменах бляску; ваганні бляску паказваюць і на іх восевае вярчэнне. Па аналогіі з большасцю метэарытаў М.п. лічацца камяністымі целамі, шчыльн. 3000—3500 кг/м³. Раней М.п лічылі абломкамі планеты, якая быццам бы існавала паміж Марсам і Юпітэрам, аднак малая сумарная маса М.п. і адсутнасць прычын для распаду планеты прывялі да адмаўлення ад гэтай гіпотэзы. Відаць, М.п. ўтварыліся ў выніку паслядоўнага драблення пры сутыкненнях больш буйных першасных цел, якія ўзніклі ў працэсе эвалюцыі т. зв. пратапланетнага рэчыва адначасова з вял. планетамі. Вывучэнне руху М.п. праводзіцца для вырашэння шэрагу задач астраметрыі (вызначэнне астр. пастаянных, сістэм. памылак зорных каталогаў і інш.). Аналіз узбурэнняў у руху М.П. дае магчымасць вызначыць масу вял. планет.
Літ.:
Малые планеты. М., 1973;
Коротцев О.Н., Дахие М.Ю. Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Великой Отеч. войны. СПб., 1995.
А.М.Коратцаў.
Арбіты некаторых малых планет (Адоніс, Апалон, Гермес, Ікар, Эрот).