КРУЛЕ́ЎШЧЫНА,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.; чыг. станцыя на лініях Маладзечна—Полацк і Крулеўшчына—Варапаева. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на Пн ад г. Докшыцы, 205 км ад Віцебска. 3348 ж., 1421 двор (1998). Торфабрыкетны з-д, лакаматыўнае дэпо. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Царква, касцёл. Каля вёскі Крулеўшчынскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу.
т. 8, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФ’Я́НАВА,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Мядзел—Докшыцы; чыг. ст. на лініі Полацк—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на З ад г. Докшыцы, 197 км ад Віцебска. 1236 ж., 486 двароў (2000). Збожжапрыёмнае прадпрыемства, райпалівазбыт, база райсельгасхіміі, склады аптова-рознічнага гандл. аб’яднання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (1908).
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ТАМКА,
пасёлак у Ждановіцкім с/с Мінскага р-на, на аўтадарозе Мінск—Заслаўе; чыг. ст. на лініі Мінск—Маладзечна. За 17 км на З ад Мінска. 3965 ж., 1565 двароў (2001). Рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі «Ратамка», база Белтэлекама. Сярэдняя і дапаможная школы, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікалаеўская царква (1997). Брацкая магіла сав. воінаў. У 1941—42 у Р. дзейнічала Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле.
т. 13, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ХАЎ (Віктар Цімафеевіч) (19.1.1900, с. Нікольскае Арэнбургскага р-на — 26.11.1975),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. танкавых войскаў (1954). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). На фронце з чэрв. 1941, камандзір 26-й танк. дывізіі, якая дыслацыравалася на Беларусі. Механізаваны корпус пад камандаваннем ген.-маёра Абухава вызначыўся ў чэрв.—ліп. 1944 пры фарсіраванні Бярэзіны, акружэнні мінскай групоўкі праціўніка, вызваленні Вілейкі, Маладзечна, Смаргоні і Вільні.
т. 1, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯГІ́НІН, Княгініна,
вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., чыг. станцыя на лініі Маладзечна—Полацк. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 100 км ад Мінска. 1056 ж., 456 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла рас. салдат, што загінулі ў час Нарачанскай аперацыі 1916. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.).
т. 8, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1947 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як ліцейна-механічны, з 1959 станкабудаўнічы з-д. У 1957 здадзены ў эксплуатацыю механазборачны цэх, у 1964 — корпус з адм. памяшканнямі, мех. і зборачным цэхамі, тэрмічным і малярным участкамі, вымяральнай лабараторыяй, у 1977 — ліцейны цэх. Асн. прадукцыя (1999): станкі вертыкальна-свідравальныя, настольна-свідравальныя, разьбанаразныя, для аўтасервісу (шынамантаж, балансіроўка, вулканізацыя), мэблевая фурнітура, скабяныя вырабы, плоскія каркасы для лёгкай прам-сці і інш.
т. 9, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ЎСКІ (Генадзь Аляксандравіч) (8.1.1936, в. Дамашы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 15.1.1994),
бел. гісторык, краязнавец, фалькларыст, літ.-знавец. Д-р гіст. навук (1992). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1963). Працаваў у Мінскім абл. краязнаўчым музеі ў г. Маладзечна, з 1982 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1991—94 — у Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны. Даследаваў развіццё археалогіі, краязнаўства, музейнай справы, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак выяўленыя ў архівах невядомыя раней дакументы і творы (грамату З.Даленгі-Хадакоўскага на права археал. раскопак, рукапісы Т.Нарбута, А.Кіркора, У.З.Завітневіча і інш.). Аўтар літ.-краязнаўчых нарысаў пра Я.Купалу, М.Багдановіча, Я.Баршчэўскага, А.Гурыновіча, Ф.Тапчэўскага, М.Чарота, кніг па гісторыі гарадоў Беларусі («Маладзечна», 1971, 1988; «Вілейка», 1974). Першы старшыня Бел. краязнаўчага т-ва (1989—94).
Тв.:
Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн.. 1984;
Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Повязь часоў. Мн., 1985;
Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989 (разам з Л.А.Малаш, К.А.Цвіркам);
Прадвесне навукі. Мн., 1990;
А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю...: З біягр. М.Багдановіча. Мн., 1991.
т. 8, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЛІ́НСКІ (Міхал) (1783, Мінск — 1856),
бел. гравёр, педагог. У 1802—08 вучыўся ў Пецярбургскай АМ (у 1806 атрымаў 2-і, у 1808 — 1-ы сярэбраныя медалі). Пасля сканчэння Віленскага ун-та (1825) выкладаў малюнак у гімназіях Вільні, Маладзечна, пазней працаваў настаўнікам малявання ў Мінску. Аўтар серыі партрэтаў прафесараў Віленскага ун-та (В.Герберскага, І.Франка і інш.), партрэта канцлера ВКЛ Л.Сапегі (паводле жывапіснага арыгінала 17 ст.), ілюстрацый да кнігі «Гісторыя царавання Жыгімонта III» і інш.
Л.Н.Дробаў.
т. 11, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана на тэр. б. Віленскага ваяв. Польшчы пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Цэнтр — г. Вілейка. Уключала 7 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Маладзечанскі, Пастаўскі, Свянцянскі. Пл. 20,7 тыс. км², нас. 938,3 тыс. Чал. (1941). 15.1.1940 паветы скасаваны, вобласць падзелена на 22 раёны [Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Відзскі, Гадуцішкаўскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Ільянскі, Крывіцкі, Куранецкі, Маладзечанскі, Міёрскі (Мёрскі), Мядзельскі, Пастаўскі, Пліскі, Радашковіцкі, Свірскі, Свянцянскі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі]; уключала 9 гарадоў (Ашмяны, Вілейка, Глыбокае, Дзісна, Докшыцы, Маладзечна, Паставы, Свянцяны, Смаргонь), 4 гар. пасёлкі (Браслаў, Відзы, Дунілавічы, Радашковічы). Абл. газ. «Сялянская газета». 20.9.1944 Вілейская вобласць перайменавана ў Маладзечанскую вобласць.
т. 4, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАЎ (Вальмен Мікалаевіч) (н. 12.2.1930, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Канд. архітэктуры (1972). Сын М.І.Аладава. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1953). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», у 1965—80 дырэктар ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1980 выкладае ў БПА. Асн. работы: абл. бібліятэка ў г. Маладзечна; Камароўскі крыты рынак у Мінску; рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (у сааўт.); афармленне выставак дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі ў Лейпцыгу, Плоўдзіве, Мінску, Маскве (усе ў аўтарскім калектыве). У 1966—70 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.
т. 1, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)