ГО́ЧАР ((Gočár) Іосеф) (14.3.1880, Семін, каля Пршэлавуча, Чэхія — 10.9.1945),
чэшскі архітэктар. Вучыўся ў Празе ў Вышэйшай прамысл. (1898—1902) і Мастацка-прамысл. (1902—05) школах у Я.Котэры. З 1923 выкладаў у Пражскай АМ. Эвалюцыяніраваў ад стылю мадэрн да функцыяналізму. Відны прадстаўнік т.зв. чэшскага арх. кубізму з характэрнымі для яго гранёнымі геам. формамі ў афармленні карнізаў, балконаў, завяршэнняў акон і інш. Яго пабудовы (дом «Каля Чорнай Божай маці» ў Празе, 1911—12; яслі, 1924; гімназія, 1924—26; царк. комплекс, 1926—29; усе ў Градзец-Кралаве) вылучаюцца свабодай і мэтазгоднасцю прасторавай кампазіцыі, строгай адточанасцю формаў і прапорцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖАСНЯ́НСКАЙ ЗЕМЛЯРО́БЧАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры мадэрн у в. Лужасна Віцебскага р-на. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст., у 1905—09 рэканструяваны. Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі вылучаецца 3-павярховая вуглавая частка з уваходам, сіметрычнай групоўкай праёмаў, складанымі шчытамі. Паміж імі высокі спічасты шацёр, які надае выразнасць сілуэту будынка. Фасады вырашаны ў 2 колерах. Аконныя праёмы на 2-м паверсе з лучковым завяршэннем, на 1-м — прамавугольныя. У 1909 у будынку адкрыта земляробчая школа. З 1965 — Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ДВАРА́НСКАГА СХО́ДУ БУДЫ́НАК,
помнік грамадз. архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны з элементамі стылю мадэрн. Напачатку існавалі 2 мураваныя будынкі: 3-павярховы і 2-павярховы, якія пазней аб’яднаны ў адзін Г-падобны корпус, да 2-павярховага будынка дабудаваны 3-і паверх. Гал. фасад вылучаны 2 рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. 1-ы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. 2-і і 3-і паверхі ўпрыгожаны пілястрамі, паўкалонкамі, дэкар. ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Аконныя праёмы 2 верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА КРЭДЫ́ТНАГА ТАВАРЫ́СТВА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў стылі мадэрн. Мураваны Г-падобны ў плане 2-павярховы будынак са зрэзаным вуглом, дзе размешчаны гал. ўваход. Фасады рытмічна расчлянёны неглыбокімі рызалітамі, завершанымі атыкамі з сандрыкамі, люнетамі, арачнымі аконнымі праёмамі, пілястрамі і лапаткамі. У дэкар. аздабленні вылучаюцца паўкруглы балкон над гал. уваходам, аформлены балюстрадай, з кансолямі ў выглядзе паўфігур атлантаў, разныя дзверы ўваходаў, гермы на пілястрах, эмблемы ў выглядзе жазла, іанічныя фрызы, нішы і інш., выкарыстаны элементы стылю ампір. Пачатковая планіроўка зменена.
славенскі архітэктар; заснавальнік славенскай арх. школы 20 ст. Вучыўся ў Вене ў АМ і ў майстэрні О.Вагнера. З 1911 выкладаў у маст.-прамысл. школе, АМ у Празе, з 1920 ва ун-це ў Любляне. Эвалюцыяніраваў ад стылю мадэрн да нац. рамантызму і функцыяналізму. Асн. работы: «Захерлаў дом» (1903—05) і царква св. Духа (1911) у Вене, універсітэцкая б-ка ў Любляне (1936—40); рэканструкцыя раёна Градчаны ў Празе (1920—39), пл. Рэвалюцыі, набярэжных рэк Градашчыца і Любляніца (з 1920) у Любляне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́Н-КА́ЛЕЛА ((Gallén-Kallela) Акселі Валдэмар) (26.5.1865, г. Поры, Фінляндыя — 7.3.1931),
фінскі жывапісец, графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1881—84) у Хельсінкі і акадэміі Жуліяна (1884—89) у Парыжы. Захапляўся сімволікай і стылізацыяй у духу «мадэрн». Асн. творы: размалёўка фін. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900), цыкл размалёвак у пахавальнай капэле Юселіуса (1901—03) у Поры; карціны «Старая і котка» (1885), «Першы ўрок» (1889), «Пастух з Панаярві» (1892), «Іматра ўзімку» (1893); партрэты маці (1896), М.Горкага (1906); афорты, іл. на тэму гераічнага нар. эпасу «Калевала» (трыпціх «Легенда пра Айна», 1891, «Маці Лемінкяйнена», 1897) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМЕ́ЛІШКАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭ́ННЯ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1900 у в. Кемелішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. на месцы драўлянага касцёла, узведзенага ў 1781. Спалучае рысы стыляў мадэрн, неакласіцызму і несапраўднай готыкі. Храм крыжовы ў плане, 6-слуповы, зальнага тыпу з 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пн прымыкае сакрысція. Гал. фасад завершаны дзвюма 2-яруснымі вежамі (васьмярык на чацверыку), накрытымі спічастымі шатрамі (кожны мае 4 дэкар. франтончыкі са шпілем). Гал. ўваход вылучаны 4-слуповым ганкам. Франтоны тарцоў трансепта завершаны невял. чацверыковымі шатровымі вежачкамі. Побач з касцёлам 3-ярусная чацверыковая званіца з шатровым дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОЗ, Лоас (Loos) Адольф (10.12.1870, г. Брно, Чэхія — 22.8.1933), аўстрыйскі архітэктар. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Дрэздэне (Германія, 1893). Працаваў пераважна ў Вене (у 1920—22 гал. архітэктар), а таксама ў ЗША (1893—96), Парыжы (1923—28). Зазнаў уплыў Л.Салівена. З канца 1890-х г. выступаў супраць стылю мадэрн. У пабудовах (інтэр’ер бара Кернтнера, 1907; дом Штайнера, 1910; праект квартала Хойберг, 1922, усе ў Вене) рысы рацыяналізму, аскетызм форм, выяўленне спецыфікі буд. матэрыялаў. З сярэдзіны 1920-х г. у яго работах з’явіліся тэндэнцыі класіцызму, уплыў кубізму, элементы традыц.нар. дойлідства (дамы Трыстана Тцара ў Парыжы, 1926; Кунера ў Паербаху, Аўстрыя, 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛДЭ ((Velde) Хенры) (Анры) Клеменс ван дэ (3.4.1863, г. Антверпен, Бельгія — 25.10.1957),
бельгійскі архітэктар і майстар дэкар. мастацтва. Вучыўся ў АМ у Антверпене (1881—83) і ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў ням.Веркбунда (1907). Кіраваў маст.-прамысл. школай у Веймары (1902—14), Нац. вышэйшай школай дэкар. мастацтваў у Бруселі (з 1926). Ініцыятар стылю мадэрн, пазней тэарэтык і лідэр функцыяналізму. Сярод яго твораў інтэр’еры Фолькванг-музея ў Хагене (1901—02), дом Эшэ ў Хемніцы (1902—03), тэатр Веркбунда ў Кёльне (1914; усе ў Германіі); музей Кролер-Мюлер у Отэрла (Галандыя, 1926—37), бібліятэка ун-та ў Генце (Бельгія, 1935—40).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРО́КА (ад неа... + барока),
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. Паяўленне Н. як праграмнага звароту да мастацтва мінулага звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гіст. форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. На Беларусі Н. не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры (касцёл Маці Божай у в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.).