«ЖАЛЕЗНЯКО́Ў»,

пласкадонны рачны манітор, экіпаж якога вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Уваходзіў у склад Дняпроўскай (ліст. 1936 — жн. 1940), Дунайскай (жн. 1940—ліст. 1941, крас. 1944—45) і Азоўскай (ліст. 1941—кастр. 1942, люты 1943—крас. 1944) ваен. флатылій, Чарнаморскага флоту (кастр. 1942 — люты 1943). Меў 6—7 гармат (у гады вайны і некалькі зенітных гармат), 3—4 кулямёты, экіпаж 70—72 чал. Удзельнічаў у абароне Адэсы, Нікалаева, Ачакава, Херсона, Севастопаля (1941), Бярдзянска, Цемрука (1942) і інш., у Будапешцкай аперацыі 1944—45; прайшоў 40 тыс. км, знішчыў 13 артыл. батарэй, 4 батальёны ням.-фаш. пяхоты і інш., адбіў 127 паветр. атак. У 1967 устаноўлены як карабель-помнік на набярэжнай у Кіеве.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЛЁСТАК,

ліст расліны, які эвалюцыйна трансфармаваўся; частка вяночка кветкі. Мае пераважна яркую афарбоўку.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКАЕ ВЕ́ЧА НАРО́ДНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ЮГАСЛА́ВІІ Заснавана ў 1942 як вышэйшы палітычны прадстаўнічы орган, які аб’ядноўваў усе патрыят. сілы Югаславіі для барацьбы супраць фаш. акупантаў. У ліст. 1943 пераўтворана ў вярх. заканад. орган краіны; выбраны Прэзідыум веча і створаны Нац. к-т вызвалення Югаславіі — часовы рэв. ўрад на чале з І.​Броз-Ціта. У жн. 1945 перайменавана ў Часовую нар. скупшчыну, якая дзейнічала да выбараў ва Устаноўчую скупшчыну ў ліст. 1945.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,

працэс паглынання і засваення пажыўных рэчываў раслінамі; састаўная частка абмену рэчываў. Паводле тыпу жыўлення іх падзяляюць на аўтатрофы (самі сінтэзуюць арган. рэчывы) і гетэратрофы (выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы). Некат. расліны з розным тыпам жыўлення існуюць у сімбіёзе. Неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў пажыўныя рэчывы расліны, як правіла, паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл. Фотасінтэз), вады (гл. Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей. Корань як орган жыўлення прыстасаваны да паглынання солей і вады з глебы, ліст засвойвае вуглякіслы газ з паветра. Мех. і функцыян. сувязь паміж імі ажыццяўляецца сцяблом. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводзячых пучкоў, па якіх транспартуюцца прадукты фотасінтэзу з ліста ў корань, а вады і іонаў пажыўных солей з кораня ў ліст. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатныя, пераважна азоцістыя, арган. рэчывы шляхам ператраўлівання насякомых.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛТЫ́ЙСКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫ ў Вялікую Айчынную вайну.

Утвораны 20.10.1943 у выніку перайменавання Калінінскага фронту. Дзейнічаў на паўн.-зах. і зах. напрамках. Камандуючыя: ген. арміі А.І.Яроменка (кастр.—ліст. 1943), ген. арміі І.Х.Баграмян (ліст. 1943 — люты 1945); чл. ваен. савета ген.-лейт. Дз.​С.​Лявонаў (кастр. 1943 — ліст. 1944), ген.-лейт. М.​В.​Рудакоў (ліст. 1944 — люты 1945); нач. штаба ген.-лейт., з 28.6.1944 ген.палк. У.​В.​Курасаў (кастр. 1943 — люты 1945). У розны час уваходзілі арміі: 2-я гв., 4-я ўдарная, 6-я гв., 11-я гв., 39-я, 43-я, 51-я, 61-я, 5-я гв. танк., 3-я паветраная. З 1 да 21 ліст. 1943 войскі фронту вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку, у снеж. правялі Гарадоцкую аперацыю 1943. У лют.—сак. 1944 войскі П.ф.п. ва ўзаемадзеянні з войскамі Зах. фронту пачалі наступленне пад Віцебскам. Летам 1944 разам з войскамі 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў ажыццявілі Беларускую аперацыю 1944: удзельнічалі ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, правялі Полацкую аперацыю 1944 і Шаўляйскую аперацыю 1944. З 14.9.1944 з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. і Ленінградскага франтоў пры падтрымцы Балт. флоту ўдзельнічаў у Прыбалтыйскай аперацыі 1944; з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў ажыццявіў Рыжскую, з войскамі 3-га Бел. фронту — Мемельскую (Клайпедскую) аперацыі. Са студз. 1945 войскі фронту ўдзельнічалі ва Усх.-Прускай аперацыі. 24.2.1945 П.ф.п. скасаваны, яго войскі пад назвай Земландская група (камандуючы І.​Х.​Баграмян) уключаны ў склад 3-га Бел. фронту.

М.​І.​Камінскі.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЭКТО́РЫЯ, Выканаўчая Дырэкторыя (Directoire exécutif),

урад Франц. рэспублікі ў ліст. 1795—ліст. 1799. Складалася з 5 чл. (дырэктараў), якіх выбіраў Савет пяцісот і Савет старэйшын. Выражала інтарэсы буйной буржуазіі. Унутр. палітыка была скіравана на барацьбу з рэв. рухам, знешняя мела захопніцкі характар. Пасля некалькіх «хістанняў» Д. то ўправа (рашэнне пра ануляванне выбараў дэпутатаў-дэмакратаў), то ўлева (са складу Д. выведзены адкрытыя рэакцыянеры) яе дзеянні сучаснікі назвалі «палітыкай арэляў». Спыніла сваё існаванне пасля дзярж. перавароту Напалеона Банапарта.

т. 6, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т ВЫРАТАВА́ННЯ РАДЗІ́МЫ І РЭВАЛЮ́ЦЫІ,

антыбальшавіцкая арг-цыя ў Петраградзе ў кастр.—ліст. 1917. Створаны з прадстаўнікоў гар. думы, партый эсэраў, меншавікоў і інш. для барацьбы супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. Кіраўнік — эсэр М.​Дз.​Аўксенцьеў. Камітэт быў звязаны з А.Ф.Керанскім, які рыхтаваў паход часцей ген. П.М.Краснова на Петраград, і антыбальшавіцкімі арг-цыямі ў губернях, распаўсюджваў лістоўкі, падтрымліваў чыноўніцкі сабатаж мерапрыемстваў сав. улады, падрыхтаваў і ўзначаліў паўстанне юнкераў у Петраградзе 29.10(11.11).1917. У ліст. 1917 ператвораны ў «Саюз абароны Устаноўчага сходу».

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМО́НАЎ (Эмамалі Шарыпавіч) (н. 5.10.1952, г.п. Дангара Хатлонскай вобл., Таджыкістан),

дзяржаўны дзеяч Таджыкістана. Скончыў Тадж. ун-т (1982). З 1971 рабочы, з 1976 на адказных пасадах у аграпрамысл. комплексе, дырэктар саўгаса ў Дангарынскім р-не. З ліст. 1992 старшыня Кулябскага абл. савета нар. дэпутатаў. З 19.11.1992 старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Таджыкістан. 6.11.1994 абраны Прэзідэнтам Рэспублікі Таджыкістан (у ліст. 1999 пераабраны). У 1997 дамогся спынення грамадз. вайны ў Таджыкістане шляхам паліт. ўрэгулявання.

Літ.:

Президент Эмомали Рахмонов=President Emomali Rahmonov: [Альбом]. London, 1998.

Э.Ш.Рахмонаў.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЦА, расянка (Drosera),

род кветкавых раслін сям. расіцавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных і ўмераных паясах, пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 4 віды Р.: адваротнаяйцападобная (D. obovata), англійская, ці даўгалістая (D. anglica), круглалістая (D. rotundifolia) і прамежкавая (D. intermedia), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах, асабліва сфагнавых.

Шматгадовыя насякомаедныя травы выш. да 25 см з паўзучым або клубнепадобным карэнішчам. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, доўгачаранковае, распасцёртае па зямлі. На верхнім баку і па краі пакрытае адчувальнымі валаскамі з чырв. залозістай галоўкай, якая ўтрымлівае кроплю ліпкай вадкасці (здаецца, што на лісці раса, — адсюль назва). Калі насякомае трапляе на ліст, валаскі накрываюць яго і абвалакваюць сліззю. Адначасова ліст складваецца па цэнтры (стрымлівае насякомае) і выдзяляе стрававальныя ферменты. Пасля ператраўлівання насякомага ліст зноў раскрываецца. Кветкі дробныя, белыя, у негустых гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і фарбавальныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Расіца прамежкавая.

т. 13, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЛІ́Я (ад а... + грэч. phyllon ліст),

бязлістасць, адсутнасць лісця ў раслін, звычайна з прычыны рэдукцыі, напрыклад у псамафітаў (кактусаў, чорнага саксаула, джузгуна).

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)