ЛОСЬ (Еўдакія Якаўлеўна) (1.3.1929, в. Старына Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 3.7.1977),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед.ін-т (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1960). Працавала ў Вучэбна-пед. выдавецтве Беларусі, у рэдакцыях газет і часопісаў. Друкавалася з 1948. Першы зб. паэзіі «Сакавік» (1958). Выдала кнігі паэзіі «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка ліпеня» (1977). Тонкі лірызм, шчырасць і непасрэднасць, арыентацыя на перажытае — рысы яе творчасці. Аўтар паэм «Гавораць несмяротныя» (1961), «Мой свет» (1962), «Мая Хатынь» (1971), «Высакосны год» (1973), «Мінчанка» (1974), «Матчына трывога» (1975) і інш.
У зб-ках прозы «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1970) актуальныя маральна-этычныя праблемы жыцця сучаснікаў. Пісала для дзяцей (кн. «Абутая ёлачка», 1961; «Казка пра Ласку», 1963; «Вяселікі», 1964; «Зайчык-выхваляйчык», 1970; «Дванаццаць загадак», 1974). Творы для дзяцей вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу. Яе імем названа Ушацкая раённая б-ка, у Віцебску ёй пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г. нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.Да арт.Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБІ́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1959 Выклікана незадаволенасцю кубінцаў дыктатурай прэзідэнта ген. Ф.Батыстыі-Сальдывара, які забараніў амаль усе паліт. партыі, у знешняй палітыцы арыентаваўся на ЗША, а таксама засіллем іншаземцаў (пераважна грамадзян ЗША, якім на Кубе належала большасць прадпрыемстваў і аб’ектаў турызму). Падрыхтавана дзейнасцю Ф.Хастра Рус і інш. З мэтай узняць нар. паўстанне і скінуць Батысту 26.7.1953 група радыкальна настроеных апазіцыянераў на чале з Кастра (165 чал.) арганізавала штурм вайск. казарм Манкада (г. Сант’яга-дэ-Куба), аднак пацярпела паражэнне; Кастра і яго паплечнікі былі зняволены. Пасля амністыі Кастра ў 1955 эмігрыраваў у Мексіку, дзе заснаваў «Рух 26 ліпеня» і разам з братам Раулем і аргенцінцам Э.Геварам дэ ла Сернам стварыў узбр. групу. 2.12.1956 гэтая група высадзілася з яхты «Гранма» на У Кубы і з боем прарвалася ў горы Сьера-Маэстра, дзе пачалося фарміраванне паўстанцкай арміі, 13.3.1957 узбр. атрад студэнтаў намагаўся захапіць прэзідэнцкі палац у Гаване. У кастр. 1958 створаны «Аб’яднаны нацыянальны рабочы фронт», у ліст. паўстанцкая армія спусцілася з гор і пачала рух на сталіцу. 1.1.1959 яна заняла гарады Санта-Клара і Сант’яга. Батыста пакінуў краіну. 2.1.1959 паўстанцы ўступілі ў сталіцу. Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканад. улады (замест распушчанага парламента), прыпынена дзейнасць канстытуцыі 1940. 16.2.1959 створаны ўрад на чале з Кастра, які пачаў агр. рэформу, нацыяналізацыю замежнай маёмасці і інш. пераўтварэнні.
Літ.:
Зуйков Г.Н. Социально-экономические предпосылки Кубинской революции. М., 1980;
Гриневич Э.А. Куба: путь к победе революции. М., 1975;
Монтанер К.А. Накануне краха: Фидель Кастро и Кубинская революция: Пер. с исп. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 3-га (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі), 2-га (ген.-палк. Г.Ф.Захараў), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) Бел. франтоў пры садзеянні 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі: 5, 11, 31, 5-я гвардз.танк., 1-я паветр. арміі, конна-механізаваная група, 2-і гвардз.танк. корпус 3-га Бел. фронту; 33, 49, 50, 4-я паветр. арміі 2-га Бел. фронту; 3, 48, 16-я паветр. арміі, конна-механізаваная група 1-га Бел. фронту.
У выніку ажыццяўлення Віцебска-Аршанскай, Магілёўскай і Бабруйскай аперацый 1944 (гл. адпаведныя арт.) ням. 4-я і частка сіл 9-й армій групы армій «Цэнтр» апынуліся ў паўкальцы сав. войск. Рухомыя злучэнні франтоў, якія дзейнічалі ў раёнах Барысава і Асіповіч, знаходзіліся за 100 км ад Мінска, у той час як гал. сілы праціўніка, што адыходзілі да Мінска, за 130—150 км ад яго. Задача М.а.: імклівымі ўдарамі войск левага крыла 3-га Бел. фронту і часткі сіл правага крыла 1-га Бел. фронту па збежных напрамках на Мінск ва ўзаемадзеянні з 2-м Бел. фронтам завяршыць акружэнне групоўкі войск праціўніка і вызваліць Мінск. Адначасова войскі 1-га Прыбалт. фронту і правага крыла 3-га Бел. фронту і частка сіл 1-га Бел. фронту павінны былі працягваць імклівае наступленне на З, знішчыць падыходзячыя рэзервы праціўніка і стварыць умовы для развіцця наступлення на шаўляйскім, каўнаскім і варшаўскім напрамках. Франты без паўзы пачалі выкананне пастаўленых задач. Войскі 3-га Бел. фронту 30 чэрв.гал. сіламі фарсіравалі Бярэзіну, разбілі барысаўскую групоўку гітлераўцаў, 1 ліп. вызвалілі Барысаў, Бягомль, 2 ліп. — Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае, перарэзалі чыгунку Мінск—Вільнюс. Войскі 1-га Бел. фронту 30 чэрв. вызвалілі Любань, Слуцк, 2 ліп. Стоўбцы, Гарадзею, перарэзалі чыгунку Мінск—Баранавічы. Адначасова ў напрамку Мінска наступалі войскі 2-га Бел. фронту, якія 29 чэрв. вызвалілі Бялынічы, 2 ліп. — Чэрвень, 3 ліп. — Беразіно. Перадавыя злучэнні 1-га Бел. фронту ў ноч на 3 ліп. абышлі Мінск з Пд і выйшлі да паўд.-ўсх. ускраіны горада, дзе злучыліся з войскамі 3-га Бел. фронту. Вырашальны ўдар па варожым гарнізоне ў Мінску, які складаўся з 3 пях. і 1 танк. дывізій, 3 палкоў СС і розных спец. падраздзяленняў быў нанесены на досвітку 3 ліпеня. З У і ПнУ у горад уварваўся 2-і гвардз.танк. корпус. З Пн увайшлі часці 5-й гвардз.танк. арміі, падраздзяленні 11-й гвардз. і 31-й армій 3-га Бел. фронту, з ПдУ — 1-ы гвардз.танк. корпус і часці 3-й арміі 1-га Бел. фронту. У 2-й пал. дня 3.7.1944 Мінск быў поўнасцю вызвалены. На У ад горада былі акружаны гал. сілы 4-й і асобныя злучэнні 9-й ням. армій. Утварыўся мінскі «кацёл», у які трапілі 105 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Да 11 ліп. гэтая групоўка праціўніка была разгромлена. У час М.а. сав. авіяцыя наносіла па ворагу ўдары, перашкаджала падыходу яго рэзерваў, дэзарганізоўвала планамернае адступленне яго войск. 4 ліп. войскі 3-га і 1-га Бел. франтоў дасягнулі рубяжа воз. Нарач—Маладзечна, вызвалілі Нясвіж. Войскі 1-га Прыбалт. фронту надзейна ізалявалі групу армій «Поўнач» і не далі ёй магчымасці прыйсці на дапамогу групе армій «Цэнтр», 4 ліп. выйшлі на З ад лініі Варапаева — воз. Мядзел. У ажыццяўленні аперацыі вял. дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны. 53 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх», 13 — «Барысаўскіх», 8 — «Слуцкіх».
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Мінская аперацыя 1944. Мінск 3 ліпеня 1944 года. Мастак В.Волкаў. 1946—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,
месца значных гіст. падзей каля в.Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс.чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.
У Вял.Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з ПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.Ц.Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.Ф.Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.С.Мазалаў) і батальён нар. апалчэння (камісар П.Е.Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп.сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭНБУ́РГСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у Расійскай Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. Плошча 124 тысяч км². Насельніцтва 2230,9 тысяч чалавек (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — горад Арэнбург, найбольшыя гарады Бугуруслан, Бузулук, Меднагорск, Наватроіцк, Орск.
Прырода. Размешчана ў перадгор’ях Паўднёвага Урала. Паверхня раўнінная. На З увалы Агульнага Сырта і Арэнбургскі стэп, у цэнтральнай частцы грады Губерлінскіх гор (вышыня да 667 м), на У Заўральская раўніна і заходняя ўскраіна Тургайскага плато. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, буры вугаль, жалеза, медныя і нікелевыя руды, кухонная соль, азбест, мармур і інш. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -14 да -18 °C, ліпеня ад 19 да 22 °C; ападкаў 300—450 мм за год. Асноўныя рэкі Урал, Сакмара і Самара. На ПдУ бяссцёкавыя азёры. Ірыклінскае вадасховішча. Глебы пераважна чарназёмныя, на Пд і ПдУ каштанавыя. Пашырана разнатраўна-ціпчаковая стэпавая расліннасць, лясы займаюць 4% тэрыторыі, трапляюцца бярозавыя гаі і дубровы, астраўныя хваёвыя лясы (у т. л. Вялікі Бузулукскі бор). Арэнбургскі запаведнік.
Гаспадарка. Асноўныя галіны прамысловасці: чорная і каляровая (вытворчасць нікелю, медзі і хромавых злучэнняў) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (горнае, металургічнае, халадзільнае абсталяванне, станка- і прыладабудаванне, гідраўлічныя прэсы, электрарухавікі, трактарныя прычэпы, вузлы і дэталі, сельскагаспадарчыя машыны і інш.), газа- і нафтаперапрацоўчая, хімічная і нафтахімічная (азотныя ўгнаенні, сера, гумава-тэхнічныя вырабы і інш.); лёгкая (трыкатажная, швейная, гарбарна-абутковая прамысловасць; вытворчасць пуховых хустак і інш.), харчовая (мукамольна-крупяная, мяса-малочная і інш.); вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (у т. л. цэменту). Здабыча газу (гл.Арэнбургскае радовішча), нафты, бурага вугалю, жалезных і нікелевых руд, азбесту, кухоннай солі і інш. Ірыклінская ДРЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень) і кармавых культур. Вырошчваюць грэчку, сланечнік, бульбу, агародніну, садавіну. Мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля; пуховая козагадоўля. Праходзяць чыгункі Самара—Арэнбург—Ташкент (з адгалінаваннем на Уфу), Арэнбург—Орск—Чэлябінск; аўтамабільныя дарогі Уфа—Арэнбург, Самара—Уральск і інш.; нафтаправоды Эмба—Орск, Ішымбай—Орск, участак газаправода Бухара—Урал, пачынаецца газаправод «Саюз».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
наступальная аперацыя войск Зах. фронту Сав. Расіі 4—23 ліп. ў савецка-польскую вайну 1920. Задача аперацыі — разгром сіл Паўн.-Усх. фронту Польшчы і вызваленне Беларусі. У пач.ліпеня войскі Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) у складзе 3-й, 4, 15, 16-й армій і Мазырскай групы войск мелі 81 тыс. штыкоў, 10,5 тыс. шабляў, 722 гарматы, 2913 кулямётаў. Паўн.-Усх. фронт Польшчы (каманд.ген. С.Шаптыцкі) складаўся з 1-й, 4-й армій і Палескай групы, налічваў каля 72 тыс. штыкоў і шабляў.
Гал. ўдар наносілі 4, 15 і 3-я арміі з Полацка-Лепельскага р-на на Свянцяны з тым, каб акружыць і знішчыць гал. сілы праціўніка ў раёне Глыбокае—Докшыцы. 4 ліп. ўдарная групоўка перайшла ў наступленне; 4-я армія прарвала фронт праціўніка, 5 ліп. заняла Германавічы. Часці і злучэнні 15-й арміі наступалі ўздоўж чыг. Полацк—Маладзечна, 4 ліп. яны прасунуліся на 15—20 км, 5 ліп. вызвалілі Глыбокае; 3-я армія фарсіравала р. Бярэзіна і заняла Докшыцы, 6-га ліп. — Параф’янава. У ноч на 7 ліп. ў наступленне перайшла 16-я армія, якая пасля фарсіравання р. Бярэзіна дзейнічала ў напрамку Ігумен—Мінск. Мазырская група вяла баявыя дзеянні з 19 чэрв.; 29 чэрв. яна вызваліла Рэчыцу і Мазыр, 10 ліп. — Бабруйск, 9 ліп. 3-і конны корпус — Свянцяны, 11 ліп. 16-я армія — Мінск, 15-я армія — Маладзечна.
12 ліп. Антанта прад’явіла сав. ўраду ультыматум (т.зв. ноту Керзана) з патрабаваннем спыніць наступленне войск Зах. фронту. Але паколькі польскі ўрад не звярнуўся з прапановай мірных перагавораў, сав. бок адхіліў ультыматум і прыняў рашэнне працягваць наступленне. 17 ліп. 15-я армія вызваліла Ліду, 19 ліп. 4-я армія — Гродна, 16-я армія — Баранавічы. Завяршылася аперацыя 23 ліп. вызваленнем Пінска часцямі Мазырскай групы. За 20 дзён войскі Зах. фронту прасунуліся больш чым на 300 КМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЭ́НАС-А́ЙРЭС (Buenos Aires),
горад, сталіца Аргенціны. Размешчаны на раўніне, на паўд. беразе эстуарыя Ла-Платы, за 275 км ад Атлантычнага ак. Утварае самаст.адм. адзінку — федэральную акругу. Каля 3 млн.ж.; разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю пл. каля 3,9 тыс.км² з нас. каля 12 млн.ж. (1993). Гал.трансп. вузел краіны: экспарт мяса, шэрсці, збожжа, імпарт прамысл. абсталявання, руд, вугалю, нафты. Марскі порт, пач. пункт рачнога суднаходства на Паране і Уругваі; адыходзяць 18 чыгунак, шматлікія аўтадарогі. Міжнар. аэрапорт Эсейса, 2 аэрадромы. Буйнейшы эканам. цэнтр краіны: дае каля 60% прамысл. прадукцыі, забяспечвае каля 75% абароту знешняга гандлю. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (асабліва аўтамаб.), эл.-тэхн., электронная, нафтаперапр., суднабуд., харч. (мясахаладабойная, піваварная, мясакансервавая), шкловая, тэкст., гарбарна-абутковая, швейная. Метрапалітэн.
Засн. ў 1536 ісп. канкістадорамі, якія пад націскам індзейцаў у 1541 спалілі і пакінулі горад. У 1580 адноўлены. З 1617 сталіца губернатарства, з 1776 віцэ-каралеўства Ла-Плата. Адзін з цэнтраў Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. У 1816—26 сталіца Аб’яднаных правінцый Ла-Плата, з 1829 — правінцыі Буэнас-Айрэс, з 1862 часовая, з 1880 афіц. сталіца Аргенціны.
Побач з сучаснымі шматпавярховымі будынкамі, у т. л. небаскробамі, некаторыя вуліцы і агульная забудова горада захавалі рысы архітэктуры калан. перыяду з гал. плошчай, адкрытай у бок мора, і прамавугольнай сеткай вуліц. Помнікі калан. перыяду: ратуша (кабільда, 1725—65, арх. А.Бланкі, Х.Б.Прымалі), царква Сан-Ігнасіо (1710—34, арх. Х.Краўс, Бланкі). Сярод пабудоў 20 ст. будынак кангрэса і т-р «Калон» (пач. 20 ст., арх. В.Маэна), т-р «Сан-Марцін» (1953—60), «Банк оф Лондан энд Саўт Амерыка» (1960—66)
У Буэнас-Айрэсе 9 ун-таў (старэйшы з 1821), кансерваторыя і інш. Акадэмія навук. Музеі: Нац. гістарычны, Этнаграфічны, Нац. прыгожых мастацтваў і інш.Нац.б-ка, Б-ка кангрэса. Оперны тэатр «Калон».
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Да арт.Буэнас-Айрэс. Оперны тэатр «Калон». Арх. В.Маэна. 1908.У цэнтры Буэнас-Айрэса.Да арт.Буэнас-Айрэс. Авеніда 9 Ліпеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́Д,
горад, сталіца Ірака. Адм. ц. мухафазы Багдад. Размешчаны на берагах р. Тыгр. 3,9 млн.ж. (1990). Трансп. вузел на перакрыжаванні шляхоў, якія звязваюць краіны Міжземнамор’я, Сярэдняга Усходу і Паўд. Азіі. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Багдад — эканам. і культ. цэнтр краіны. У горадзе каля чвэрці прамысл. прадпрыемстваў краіны: тэкст., гарбарныя, швейныя, цэм., хім., харчовыя, электратэхн. і фармацэўтычныя; у прыгарадзе — буйны нафтаперапр.з-д. Саматужная вытв-сць абутку, ювелірных вырабаў, харч. прадуктаў. 3 ун-ты. Акадэмія навук, Акадэмія прыгожых мастацтваў. Музеі: Іракскі; сучаснага мастацтва; этнаграфічны.
Засн. ў 762 халіфам Мансурам пад назвай Мадзінат ас-Салам (горад міру) і стаў сталіцай Абасідаў халіфата. У 9 ст. значны цэнтр араб. культуры, рамяства і транзітнага гандлю. У 10 ст. паступова страціў паліт. значэнне, але доўгі час заставаўся навук. цэнтрам; на пач. 13 ст. ў Багдадзе было больш за 30 бібліятэк. З 945 пад уладай Буідаў дзяржавы, з 1055 — Сельджукскай дзяржавы, у 1258 заваяваны манголамі, якія разбурылі і разрабавалі горад. У канцы 14 — пач. 15 ст. двойчы ўзяты Цімурам і разбураны. У 16—17 ст. Багдадам валодалі туркі, персы, зноў туркі. У 1638—1917 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 заняты англ. войскамі, з 1920 адм. ц. брытанскай падмандатнай тэрыторыі. З 1921 сталіца Ірака.
Зберагліся помнікі архітэктуры: т.зв. палац Абасідаў (канец 12 — пач. 13 ст., рэстаўраваны ў 20 ст., з 1923 музей), маўзалей Зубайды (13 ст.), ансамбль медрэсэ Мустансірыя (1227—33, перабудаваны ў 1823, рэстаўраваны ў 20 ст.), мінарэт Сук аль-Газаль (1279), караван-сарай хан Марджан (1358—59, з 1937 Музей араб. старажытнасцяў), брама Баб аль-Вастані (1221, цяпер Музей зброі), маўзалей Мусы аль-Кадзіма (т.зв. «Залатая мячэць», 1515). Сучасны Багдад рэканструяваны. Гал. магістраль — вул. ар-Рашыд з сучаснымі будынкамі банкаў, магазінаў, атэляў; цэнтр. плошча — ат-Тахрыр з манументам «Рэвалюцыя 14 ліпеня» (1962). На праспекце Саадун — помнік Невядомаму салдату (1959), на Пд — Універсітэцкі гарадок, на зах. беразе Тыгра — парламент, палац ар-Рыхаб, будынкі ўрадавых устаноў, аэрапорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ АЛЬГЕ́РДА НА МАСКВУ́ 1368—72,
шэраг войнаў ВКЛ супраць Маскоўскага вял. княства, выкліканых саперніцтвам паміж гэтымі дзяржавамі за паліт. гегемонію ў рэгіёне, у т. л. за ўплыў на Цвярское княства. У жн. 1368 вял.кн. маскоўскі Дзмітрый не прызнаў пераход велікакняжацкай улады да цвярскога кн.Міхаіла Аляксандравіча (брата жонкі Альгерда Ульяны), прыхільніка ўмацавання дзярж. самастойнасці Цверы і збліжэння яго з ВКЛ, што вымусіла яго ўцячы ў ВКЛ. Увосень 1368 войскі Альгерда пры падтрымцы Смаленска разбілі маск. войскі ў Тросненскай бітве 1368 і падступілі да Масквы. Аблога была беспаспяховай, але ўлада Міхаіла над Цвярскім княствам была адноўлена, а ў склад ВКЛ уключаны г. Ржэў. У жн. 1370 маск. войскі зноў напалі на Цвер, і Міхаіл Аляксандравіч у чарговы раз уцёк у ВКЛ, потым у Арду. Каб захаваць Цвер як процівагу Маскве, Альгерд у ліст. 1370 пачаў 2-і паход. I на гэты раз аблога Масквы (8—16 снежня) была няўдалай. У выніку заключана перамір’е да 29.6.1371. Для заключэння трывалага міру ў чэрв. 1371 Альгерд накіраваў у Маскву пасольства, якое дамовілася падоўжыць перамір’е да 26.10.1371. Аднак вясной 1372 Масква пачала падрыхтоўку да паходу на Цвер. Каб прадухіліць яго, 7.4.1372 войскі ВКЛ на чале з Кейстутам і Андрэем Альгердавічам напалі на г. Пераяслаўль-Залескі, разам з цвярскім войскам учынілі паход на спрэчныя паміж Цвер’ю і Масквой г. Кашын і Таржок. Войскі ВКЛ на чале з Альгердам 12.7.1372 злучыліся каля г. Любуцка з цвярскім войскам для 3-га паходу на Маскву. Туды ж падышлі асн. сілы маск. войска. Не маючы дастаткова сіл, каб схіліць ваенны поспех на свой бок, у сярэдзіне ліпеняВКЛ, Цвер і Масква падпісалі Любуцкі дагавор 1372. У выніку паходаў Альгерда было праведзена размежаванне сфер уплыву паміж ВКЛ і Масквой; ваенныя дзеянні паміж якімі не вяліся да 1406.
Літ.:
Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;
Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.