АФІЦЫЁЗ (ад лац. officiosus паслужлівы),

1) друкаваны орган, які фармальна не звязаны з урадам, але на справе праводзіць яго палітыку.

2) Тэрмін, які выкарыстоўваецца пры вызначэнні людзей афіц. колаў.

т. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТЫ́ЗМ (ад грэч. autos сам),

крайняя форма псіхал. адчужэння, якая праяўляецца ў адыходзе чалавека ад кантакту з навакольным светам і паглыбленні ва ўласныя перажыванні. Тэрмін уведзены швейц. псіхолагам і псіхіятрам Э.​Блейлерам (1857—1939) для абазначэння псіхічных парушэнняў, звязаных з паніжанай магчымасцю хворага чалавека кіраваць сваім мысленнем, адключацца ад пакутлівых думак, якія праяўляюцца ў пазбяганні ад любых кантактаў з людзьмі. Абазначае таксама пераважную арыентацыю індывіда на сваю ўнутраную карціну і ўнутраныя крытэрыі ў ацэнцы з’яў (гл. Эгацэнтрызм), гэтаму спадарожнічае страта інтуітыўнага разумення людзей, неадэкватнае эмацыянальнае рэагаванне на іх паводзіны. Аўтызм праяўляецца ў псіхічных хваробах, асабліва шызафрэніі. У некаторых псіхічна здаровых людзей мысленне можа мець пэўныя рысы аўтызму.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАПАДЫМА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына або прыстасаванне для перамяшчэння грузаў, людзей у вертыкальнай або нахіленай плоскасці. Да грузападымальных машын адносяцца: грузавыя і пасаж. ліфты; пад’ёмныя краны; шахтавыя, скіпавыя, будаўнічыя і інш. пад’ёмнікі, аўтапагрузчыкі, дамкраты, талі, блокі, паліспасты, калаўроты і інш. Для пад’ёму і апускання людзей выкарыстоўваюць клеці і кабіны, для штучных грузаў — розныя крукі і захопы, для сыпкіх — бодні, каўшы і інш.

Грузападымальныя машыны бываюць стацыянарныя і перасоўныя, з прыводам электрычным, гідраўлічным, ад рухавіка ўнутр. згарання і інш. Звычайна складаюцца з каркаса, механізма пад’ёму, грузанясучай канструкцыі. Многія грузападымальныя машыны забяспечваюцца грузазахопнымі прыстасаваннямі, самаходныя — механізмам перасоўвання, паваротныя — механізмам павароту. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да некалькіх сотняў тон.

т. 5, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПА́ТЫ,

урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СНЫ ПРЫКА́З,

адзін з цэнтр. дзярж. органаў Расіі ў сярэдзіне 16 — пач. 18 ст. Першапачаткова наз. Памеснай ізбой. Узначальваўся баярынам або акольнічым. Функцыі П.п. пашыраліся на цэнтр. і паўд. паветы з развітым феад. землеўладаннем. Ён надзяляў служылых людзей (дваран) памесцямі паводле акладаў, якія вызначаў Разрадны прыказ, загадваў фондам «пустых» памесных зямель, рэгістраваў і кантраляваў змены ў феад. землеўладанні (памесным, вотчынным, царкоўным), праводзіў агульныя і прыватныя апісанні зямель і перапісы насельніцтва, у 17 ст. загадваў і вышукам збеглых сялян. Быў гал. суд. інстанцыяй па зямельных справах, а ў пач. 18 ст. займаўся зборам датачных людзей у войска і на буд. работы па ўсёй тэр. дзяржавы. Скасаваны ў 1720.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАШНАСЦЬ,

своеасаблівае цяжкае адчуванне набліжэння рвоты. Часцей бывае пры хваробах страўніка, нырак, таксікозе цяжарных, парушэнні мазгавога кровазвароту, атручэннях алкаголем, чадным газам і інш.; зрэдку ў здаровых людзей пры непрыемных эмоцыях. Гл. таксама Ірвота.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТУ́МН, Вартумн,

у рымскай міфалогіі бог розных перамен (у порах года, цячэнні рэк, настроях людзей і інш.). Паводле адной версіі, першапачаткова сабінскі бог, паводле другой — бог г.Вальсінія, гал. бажаство этрускаў. У Рыме Вертумну быў прысвечаны храм.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСЫ́, абаасы,

у якуцкай міфалогіі злыя духі; маюць аблічча чалавека ростам з лістоўніцу або аднаногай, аднарукай, аднавокай пачвары. Усё шкоднае і агіднае створана абасамі. Яны спакушаюць і падбухторваюць людзей на злачынствы, насылаюць на іх бедствы і хваробы.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШЧЫ,

астанкі людзей, якія падвергліся натуральнай муміфікацыі і аб’яўлены духавенствам цудатворнымі, нятленнымі. Шанаванне М. — элемент культу святых, аб’ект рэліг. пакланення ў праваслаўных і католікаў. М. захоўваюцца і выстаўляюцца ў храмах у т. зв. раках — грабніцах або каўчэгах.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́Д,

1) перамяшчэнне якога-н. арганізаванага атрада людзей з пэўнымі мэтамі, заданнем, напр., турысцкі паход.

2) Ваенныя дзеянні, аперацыі супраць каго-, чаго-н.

3) У перан. сэнсе — арганізаваныя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з кім-, чым-н.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)