Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Замошша (в., Лельчыцкір-н) 4/490; 5/383; 6/300 (к.); 8/425 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЬЧЫЦЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл., на р. Убарць. За 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы—Оўруч. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. 9,4 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 16 ст. як сяло Мазырскага пав. Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Мазырскім пав. З 1863 мястэчка, прыватнае ўладанне. У 1874 было 6 вадзяных млыноў, карчма. У 1886—425 ж., 67 двароў, валасное праўленне, царква, школа, сінагога, яўр. малітоўная школа. У 1897—890 ж., у 1909—1216 ж., 170 двароў. У 1919—20 у Гомельскай губ., з 1921 у Мазырскай акрузе. З 17.7.1924 цэнтр Лельчыцкага раёна. З 27.9.1938 — гар. пасёлак Палескай вобласці. З 23.9.1941 да 23.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 2148 чал. У ноч на 26.11.1942 партыз. злучэнне С.А.Каўпака пры ўдзеле Ельскага партыз. атрада разграміла ў Л. варожы гарнізон. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1962—65 у Мазырскім р-не. У 1972—5,4 тыс. ж.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, 5 дашкольных устаноў, 2 б-кі, Лельчыцкі краязнаўчы музей. Дом культуры, кінатэатр, бальніца. Касцёл прасвятога сэрца Ісуса і Дзевы Марыі з Фацімы (1999). Брацкая магіла членаў аператыўнай групы ЦКВЛКСМ, лётчыкаў і партызана; магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МУЗЫКА́НТЫ,
народныя выканаўцы-інструменталісты. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі маюць розныя назвы: збіральныя — музыкі, скамарохі (на Магілёўшчыне), «вясёлыя людзі» (вясельныя музыканты на Гродзеншчыне), у якіх адлюстравана грамадская функцыя Н.м., і канкрэтныя — скрыпач, дудар, цымбаліст, гарманіст, барабаншчык і інш. ад назвы муз. інструмента. Вылучаюцца прафесіяналы і аматары. Н.м.-прафесіяналы абслугоўваюць звычайна вяселлі, хрэсьбіны, бяседы, танцы, ігрышчы; раней суправаджалі і паказы нар.т-ра батлейка, ігралі на кірмашах (лірнікі). Н.м.-аматары музіцыруюць для ўласнай забавы. Асобную групу складаюць пастухі, паляўнічыя (у мінулым і вартаўнікі, званары), дзейнасць якіх мае прыкладное значэнне (у народзе музыкантамі іх не лічаць, а іх інструменты — трубу, рог, дудку, трашчотку, звон — да ўласна муз. інструментаў не адносяць). Мастацтва ігры Н.м. пераймаюць па традыцыі ў сям’і (на Беларусі шмат патомных музыкантаў), спасцігаюць самавукам (нар. вызначэнне — «прыродныя музыкі») або ў славутых нар. музыкантаў-«майстроў» (некат. з іх, напр. А.Свірыдовіч з в. Малая Ганута Чэрвеньскага р-на, стварылі свае мясц. выканальніцкія нар. школы). Часта Н.м. валодаюць некалькімі муз. інструментамі, спалучаюць выканальніцтва з іх вырабам. На Беларусі Н.м. ў асн. мужчыны, але ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца колькасць музыкантаў-жанчын. Дзейнасць Н.м. спрадвеку звязана з рознымі праявамі жыцця бел. вёскі, пра што сведчаць многія нар. песні, казкі, паданні.
Сярод сучасных Н.м. шмат таленавітых салістаў і ансамблістаў, у т. л. гарманісты К.Зяброў (в. Краснае, Мсціслаўскі р-н), М.Рабіза (г.п. Варапаева, Пастаўскі р-н), А.Свірыдовіч (в. Аляксандраўка, Чэрвеньскі р-н), дудачнікі М.Глушань (пас. Карчаватка, Жыткавіцкі р-н), В.Пратасевіч (г. Узда), В.Швед (в. Глушкавічы, Лельчыцкір-н), скрыпачы А.Высоцкі і А.Лось (в. Пярэбнавічы, Смаргонскі р-н), М.Ляшчынскі (г.п. Лельчыцы), С.Маленчык (г. Шчучын), М.Тысевіч (в. Аброва, Івацэвіцкі р-н), скрыпач і кларнетыст М.Семянчук (в. Гарадзец, Столінскі р-н), цымбалісты М.Мірон (в. Дзягільна, Дзяржынскі р-н), Л.Мелец (в. Пожарцы, Пастаўскі р-н), І.Шульга (в. Пярэбнавічы), барабаншчыца К.Шэкун (в. Усполле, Мсціслаўскі р-н), выканаўцы на пішчыку І.Піцуха (в. Сіманавічы, Драгічынскі р-н) і парных дудках І.Мураўёў (в. Ластрыгіна, Мсціслаўскі р-н). Іх мастацтва вывучаецца, прапагандуецца ў тэле- і радыёперадачах, этнагр. кіна- і тэлефільмах.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этногр. обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Назіна І.Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Народныя музыканты. Майстар і выканаўца на дудцы В.С.Пратасевіч (злева); выканаўца на акардэоне і язычковай дудцы А.А.Высоцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ СПЕВАКІ́,
творчыя носьбіты мясц. традыцый нар. спеву. Вядомы ўсім народам свету. На Беларусі наз. «спявухі», «пеюны», «пяюллі», «пяўчыцы», «песнахоры» і «песнахоркі». У вясковым побыце традыцыі спеву з даўніх часоў суправаджалі ўсе бакі жыцця (працу, адпачынак, звычаі і абрады, урачыстыя падзеі і святкаванні), і ва ўсіх выпадках роля Н.с. вызначальная. Яны «вядуць парадак» спявання строга прымеркаваных да пэўнага часу ці абставін каляндарных песень, выступаюць своеасаблівымі цырымоніймайстрамі пэўных этапаў сямейна-абрадавых дзеянняў (вяселля, радзін, пахавання), завадатарамі (закапёршчыкамі) нар. святкаванняў (на ігрышчах, карагодах, бяседах). У адрозненне ад прафес. спевакоў або ўдзельнікаў арганізаваных самадз. калектываў гал. асаблівасць майстэрства Н.с. — творчая імправізацыя: песня не проста выконваецца ў пэўным зафіксаваным выглядзе, а кожны раз нібыта нараджаецца нанава. Імправізацыйны пачатак у аднолькавай ступені выяўляецца ў адзіночным і хар.нар. спяванні: у свабодным распеве аднаго голасу, гетэрафонных адхіленнях (пералівах) пры выкананні аднагалосых песень хорам, у вар’іраванні меладычнай лініі падгалоска пры выкананні шматгалосых песень. Шматвяковая маст. практыка спявання на адкрытым паветры («на волі») спарадзіла свайго роду школу тэмбрава маляўнічага галаснога спеву з выдатнымі яго майстрамі, якія заўсёды вылучаліся ў працэсе стыхійнага спаборніцтва нар. самародкаў. Сярод Н.с. яны — карыфеі, якія вядуць за сабой увесь хор або ансамбль (гурт). Найчасцей гэта запявала («запявайла», «пачынальнік», «зачынальнік»), які «заводзіць песню», а таксама верхні падгалосак («падгалоснік», «падводка», «гаравік»), што «падымаіць песню». Майстроў галаснога спеву найчасцей можна сустрэць сярод пастухоў, леснікоў, працаўнікоў палёў, раней і сярод плытагонаў. Ад бел. Н.с. спецыялістамі запісана шмат узораў нар.-песеннага мастацтва. Дзякуючы фалькл. зборнікам і даследаванням, муз.-этнагр. канцэртам, дакумент. кінастужкам, грамзапісу аўтэнтычнага фальклору многія знаўцы песень і майстры нар. спеву вядомы на Беларусі і за яе межамі. Сярод іх: у зах. рэгіёне — Захвея Хвораст (в. Шакуны), Мікола Смаль (в. Росахі, абедзве Пружанскі р-н), Таццяна Місевіч (в. Доўгая, Шчучынскі р-н), Кацярына Пышка (в. Зачэпічы), Надзея Бурак (в. Ахонава, абедзве Дзятлаўскі р-н); у Паазер’і — Еўдакея Зуева (в. Цясты, Верхнядзвінскі р-н), Зося і Тоня Прускія (в. Аношкі, Лепельскі р-н); на Палессі — Алесь Каранчук, Адам Масальскі, Юзік Русак (в. Клятная, Пінскі р-н); Сцяпан і Марыя Дубейкі, Ганна Вянгура (в. Тонеж), Феня Алесіч, Наля Андрэйкавец (в. Букча), Ілья Зенькавец, Іван Прыбора (в. Глушкавічы, усе Лельчыцкір-н); ва ўсх. рэгіёне — Домна Чачуга, Таццяна Лапаціна (в. Азершчына), Есіп Сілко (в. Лазараўка, абедзве Рэчыцкі р-н); Прося Гарэцкая (в. Багацькаўка, Мсціслаўскі р-н), Кацярына Манжэрава (в. Беразоўка, Быхаўскі р-н), Міхась Басякоў (в. Антонаўка, Чавускі р-н).
Літ.:
Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962;
Ширма Г. Двести белорусских народных песен. М., 1958;
Можейко З. Песенная культура белорусского Полесья. Мн., 1971;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. М., 1984. Вып. 2. С. 11—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕС,
прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геагр. асяроддзем; адзін з асн. тыпаў расліннага покрыва Зямлі. Узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геагр. ландшафтаў. Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе гал. роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27% сушы. Біямаса Л. — 90% наземнай біямасы. Л. вывучае лесазнаўства, лесаводства і інш.
Структура Л. залежыць ад фіз.-геагр. умоў асяроддзя, відавога складу і біял. асаблівасцей раслін (гл.Біягеацэноз). Для Л. характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, пазаярусныя расліны (ліяны, эпіфітныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя лясы (вільготныя трапічныя, мангравыя, хвойныя; гл. адпаведныя арт.), лістападныя лясы (дробна- і шыракалістыя, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучнаствораныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя. Л. уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з’яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і інш. функцыі. Выключная роля Л. ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генет. разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразеядзенні.
На Беларусі агульная пл. Л. 8,68 млн.га (1997), лесаўкрытая (без прагалін, высечак, гараў) 7 млн.га, або 35,4% тэр. краіны. Лясістасць асобных раёнаў ад 10 (Нясвіжскі) да 60% (Лельчыцкі). Найб. лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. Растуць 28 абарыгенных відаў дрэў і каля 80 відаў кустоў, паўкустоў і кусцікаў. Асн. лесаўтваральныя пароды — хвоя, елка, дуб чарэшчаты, бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая, ясень, граб, клён вастралісты і ліпа драбналістая. У поймах рэк і на забалочаных глебах участкі таполі белай і чорнай, зараснікі вярбы, бярозы нізкай. Тыповыя Л.: хвойныя (хваёвыя лясы, яловыя лясы), шыракалістыя (грабавыя лясы, дубовыя лясы, ясянёвыя лясы), драбналістыя вытворныя (асінавыя лясы, бярозавыя лясы, шэраальховыя лясы), карэнныя лісцевыя балотныя (пушыстабярозавыя лясы, чорнаальховыя лясы). Пераважаюць хваёвыя Л., яловых менш па Пд (на Палессі трапляюцца рэдка), дубовых — на Пн. У паўн.ч. рэспублікі ўсх.-еўрап. Л. паўднёватаежнага тыпу, у асн. яловыя цемнахвойныя, у паўд.ч. пашыраны шыракалістыя Л. зах.-еўрап. тыпу, у цэнтр.ч. — тыя і другія. Занальнае змяненне Л. пакладзена ў аснову геабатанічнага раянавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.
Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.
На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст.бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл.Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш.дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн.арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.
І.П.Хіцько.
Да арт.Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.Да арт.Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.Да арт.Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.