мова, якая выйшла з ужытку і вядомая толькі па пісьмовых помніках ці запісах, што дайшлі з часу, калі яна была жывой. Часта захоўваецца ў жывым ужыванні ў якасці мовы культу (копцкая мова як мова богаслужэння ў хрысціян-егіпцян, лацінская мова ў каталіцкай царкве, царкоўнаславянская мова ў праваслаўнай царкве, класічная тыбецкая мова ў ламаісцкай царкве ў манг. народнасцей). Больш рэдкім з’яўляецца адначасовае выкарыстанне М.м. ў якасці саслоўнай (каставай жрэцкай, што звязана з яе культавай роляй) і літаратурнай, напр., санскрыт у стараж. і сярэдневяковай Індыі. М.м. можа выкарыстоўвацца ў навуцы (лац. мова). Лексіка М.м. характарызуецца колькаснай абмежаванасцю, лексемамі, значэнне якіх застаецца невядомым, і лексемамі, якія трапляюцца ў тэкстах толькі адзін раз. У выключных сац. умовах магчыма пераўтварэнне М.м. культу ў размоўную (напр., іўрыт). Многія з М.м. сталі набыткам навукі ў выніку дэшыфроўкі іх пісьмовых помнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДЫ́ГМАў мовазнаўстве,
узор тыпу скланення або спражэння, а таксама сукупнасць канчаткаў, уласцівая слову як прадстаўніку пэўнага класа лексіка-граматычных адзінак, кожная з якіх валодае аднолькавай сістэмай марфал. форм. Напр., назоўнікі ж.р. адзіночнага ліку «хата», «варона», «бяроза» і інш. аб’ядноўваюцца марфал. П. (склонавымі канчаткамі) «-а», «-ы», «-е», «-у», «-ай (-аю)», «-е». Марфал. П. можа служыць словаўтваральным сродкам пры адсутнасці інш. паказчыкаў словаўтварэння (т.зв. канверсія). Напр., склонавыя канчаткі з асновай «сол’-» утвараюць назоўнік («соль», «солі», «соллю» і г.д.), з асабовымі канчаткамі — дзеяслоў («салю», «соліш», «соліць», «солім» і г.д.). У шырокім значэнні П. — любы клас моўных адзінак, аб’яднаных пэўнай агульнай прыкметай. На гэтай падставе вылучаюць, акрамя марфал., П. лексічныя, сінтакс., словаўтваральныя. Гл. таксама Парадыгматыка.
Літ.:
Кубрякова Е.С., Соболева П.А. О понятии парадигмы в формообразовании и словообразовании // Лингвистика и поэтика. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЦЫ́ЗМ,
слова, запазычанае з грэчаскай мовывізант. перыяду, а таксама тэрмін, утвораны з грэч. кораня і афіксаў. Сустракаюцца ў помніках бел. пісьменства 14—16 ст., куды трапілі са стараж.-рус. мовы, а таксама праз пераклады з грэч. мовы рэліг. і навук. л-ры (напр., «адъ», «аксамитъ», «ангелъ», «антихристъ», «канон», «мира» і інш.). Вял. колькасць грэцызмаў пранікла ў бел. мову на працягу 17—20 ст. праз рус. або польск. мовы-пасрэдніцы.
Лексікагрэч. паходжання ў сучаснай бел. мове характарызуецца: зычным «ф» у пач. слова («фаза», «філасофія»); спалучэннямі «-кс-», «-пс-», «-мв-», «-мп-» у сярэдзіне слова («сінтаксіс», «элепсіс», «сімвал», «сімптом»); спалучэннямі «-ос (-ас)», «-іка (-ыка)» у канцы слова («пафас», «батаніка»). Прадуктыўныя штучныя ўтварэнні слоў на аснове грэч. каранёў і афіксаў (напр., «антонім» < anti — супраць і onyma — імя, назва). Большасць грэцызмаў у бел. мове папаўняюць навук. тэрміналогію.
Літ.:
Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАВІДЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ, дравідскія мовы,
сям’я моў на тэр.Паўд.-Азіяцкага (Індыйскага) субкантынента. Пашыраны пераважна ў Індыі. Падзяляюцца на групы: паўд. (тамільская, малаялам, кота, тода, кодагу, каннара і канада), паўд.-зах. (тулу), паўд.-ўсх. (тэлугу), цэнтр. (коламі, найкі, парджы, гадаба), гандванскую (гондзі, конда, куі, куві, пенга, манда), паўн.-ўсх. (курух, малто) і паўн.-зах. (брагуі). Аднак генетычная класіфікацыя Д.м. канчаткова не распрацавана. Чатыры Д.м. (тамільская, малаялам, канада і тэлугу) маюць стараж. л-ру і лічацца афіц. мовамі інд. штатаў Тамілна Тамілнад, Керала, Майсур і Андхра-Прадэш. На тулу пісьменства з’явілася ў канцы 19 ст. Астатнія Д.м. беспісьменныя.
У фаналогіі Д.м. адрозніваюцца кароткія і доўгія галосныя, фанематычны націск адсутнічае. У марфалогіі пераважае суфіксальная аглюцінацыя. Назоўнік і інш. імёны маюць 2 лікі і да 11 склонаў; род мае лексіка-грамат. характар; прыметнікі нязменныя, ступень прыкметы перадаецца сінтаксічна. Колькасць формаў часу дзеяслова вагаецца ад 2 да 6. Сінтаксіс мае шмат агульных рыс з сінтаксісам цюркскіх, мангольскіх моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
адлюстраванне ў слове той ці іншай з’явы рэчаіснасці (прадмета, якасці, дзеяння, стану, адносін). Адрозніваюць грамат. і лексічнае З.с. Граматычнае значэнне (гл.Граматыка) абумоўлівае прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы. У бел. мове граматычнымі з’яўляюцца значэнні роду, ліку, склону, асобы, ладу, часу, стану, трывання і інш., якія выражаюцца пераважна формамі слова, што ўтвараюцца афіксацыяй (гл.Афікс), чаргаваннем гукаў, націскам, суплетывізмам, спалучэннем паўназначнага слова са службовым. Слова можа мець адно або некалькі грамат. значэнняў. Грамат. З.с. выступаюць як абстрактныя, уласцівыя цэлым групам і класам слоў («дом» — назоўнік мужчынскага роду, адз. л., назоўнага склону; гэтыя значэнні агульныя для назоўнікаў «сад», «лес», «мост» і інш.). Лексічнае значэнне (гл.Лексіка) ствараецца суаднесенасцю слова з адпаведным паняццем (што складае ядро лексічнага З.с.). Носьбітам яго з’яўляецца аснова слова (гл.Аснова ў мовазнаўстве). Лексічнае З.с. — індывід., уласцівае толькі дадзенай лексічнай адзінцы. Словы могуць мець і некалькі лексічных значэнняў (полісемія), тады адрозніваюць прамыя і пераносныя З.с. Лексічныя значэнні слоў фіксуюцца ў тлумачальных слоўніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМЫ, інтэрнацыянальная лексіка,
словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, запазычаныя з якой-н. адной мовы і пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах (напр., у бел., англ. і франц). У большасці сучасных моў складаюць грамадска-паліт., навук. і тэхн. тэрміны, запазычаныя з англ. («джаз», «імпарт»), франц. («балет», «наркоз»), італьян. («арыя», «бензін») моў. У бел. мове значная колькасць І. пашырылася ў 16—17 ст. у выніку запазычання непасрэдна або праз польск. пасрэдніцтва з грэч. («атам», «акадэмія», «дыялект», «фантазія») і лац. («аўтар», «доктар») моў. У сувязі з заняпадам старабел. літ.-пісьмовай мовы ў канцы 17 ст. многія старабел. І. былі забыты. Адноўлены ў бел. мове ў 20 ст. пад уплывам рус. мовы. І. выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях літ. мовы, найб. у навук.-тэхн. л-ры, літаратуразнаўчай, мовазнаўчай і інш. тэрміналогіі («алегорыя», «драма», «перфект», «сінтаксіс»).
Літ.:
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Акуленко В.В. Вопросы интернационализации словарного состава языка. Харьков, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНІ́ЗМ,
слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.
Літ.:
Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ».
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.А.Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.П.Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.
Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСТАВЕ́ЛІ Шата, грузінскі паэт 12 ст. Служыў пры двары царыцы Тамары. Трапіў у выгнанне і да смерці жыў у Іерусаліме, дзе ў груз. кляштары знойдзены (1960) яго партрэт і памінальны запіс. Аўтар паэмы «Віцязь у тыгравай шкуры». Паэма пазбаўлена рэліг.-містычнай асновы, характэрнай для л-ры сярэдневякоўя. Апярэдзіўшы гуманіст. ідэалы Рэнесансу, Р. славіць чалавека як носьбіта дабра, справядлівасці, мужнасці, любові да сваёй радзімы. Абвяшчаў свабоду думак і пачуццяў, услаўляў каханне і паэзію, прадэманстраваў глыбокае пранікненне ва ўнутр. сутнасць з’яў і псіхалогію чалавека. Паэма напісана 16-стопным памерам шаіры. Багатая лексіка, метафарычнасць, афарыстычнасць, трапнасць апісанняў і параўнанняў, народнасць паэт. мовы зрабілі Р. заснавальнікам новай груз.літ. мовы. На бел. мову паэму пераклалі А.Звонак і М.Хведаровіч.
Тв.:
Бел.пер. — Віцязь у тыгравай шкуры. Мн., 1996;
Рус.пер. — Витязь в тигровой шкуре. М., 1969.
Літ.:
Марр Н.Я. Об истоках творчества Руставели и его поэме. Тбилиси, 1964;
Нуцубидзе Ш.И. Творчество Руставели. Тбилиси, 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Іспаніі, большасці краін Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, Рэспублікі Экватарыяльная Гвінея. Пашырана таксама ў Марока, на Філіпінах. Адна з 6 афіц. моў ААН. І.м. стала развівацца з нар. латыні, якая замацавалася на Пірэнеях у 3—2-м ст. да н.э. ў выніку рым. каланізацыі. Мае 2 асн. групы дыялектаў: паўн. (кастыльскі, арагонскі, леонскі) і паўд. (андалузскі дыялект з некалькімі разнавіднасцямі). Асн.фанет. рысы: у націскным і ненаціскным становішчы ўсе 5 галосных вымаўляюцца выразна, шматлікія дыфтонгі і трыфтонгі ўтвараюцца шляхам спалучэння моцных галосных са слабымі, націск звычайна на апошнім або перадапошнім складзе. Назоўнікі і прыметнікі не скланяюцца, вял. колькасць марфал. і аналіт. форм дзеяслова. Лексіка І.м. пераважна з нар. латыні. У слоўнікавым складзе шмат германізмаў, галіцызмаў, арабізмаў. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 12 ст.Літ. мова на аснове кастыльскага дыялекту. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Васильева-Шведе О.К., Степанов Г.В. Теоретическая грамматика испанского языка: Морфология и синтаксис частей речи. 2 изд. М., 1980;
Іх жа. Теоретическая грамматика испанского языка: Синтаксис предложения. М., 1981.