КАЛЯ́ДЫ (ад лац. Calendae календы — назва першага дня кожнага месяца ў рымлян),
народнае зімовае свята дахрысц. паходжання, звязана з першым павелічэннем самага кароткага дня. У гадавым крузенар.агр. абрадаў і святкаванняў займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства прымеркаваны да рэліг. свят Раства Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі хрысц. рытуал святкавання К. цесна пераплецены з народнай святочнай традыцыяй. К. працягваюцца з 24 снеж. да 6 студз. (ст.ст.) Для К. характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці); посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём; багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у вечар перад Новым годам; посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжвалася калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ЙРА»,
«Войра», «Какетка», гарадскі бытавы (бальны) танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. На Беларусі вядомы з канца 19 ст. напачатку ў гарадах, потым і ў вёсках, дзе зазнаў прыкметны ўплыў нар. харэаграфіі. Выконваецца па крузе любой колькасцю пар. Складаецца з блока рухаў, які паўтараецца некалькі разоў: простыя і пераменныя крокі з прытупам, сінхроннае выцягванне нагі на «насок-абцас», плясканне ў далоні, заглядванне ў твар партнёру і інш. Часта выканаўцы падахвочваюць сябе воклічамі «Ой-ра!» (адсюль назва). Суправаджаецца прыпеўкамі тыпу: «Што за танец ойра, ойра! // Да чаго ж ты стройна, стройна...». Існуюць парныя і сольныя варыянты танца.
Падобны танец вядомы ў цэнтр. Расіі і Сібіры, у Башкортастане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАДКІ,
вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст. Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.
Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮСТЭ́РКА»,
«Люстра», бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4, тэмп жвавы. Мае істотныя рэгіянальныя адрозненні. На Гродзеншчыне ўдзельнікі, узяўшыся за рукі, рытмізаваным крокам бягуць па крузе ў адзін, потым у другі бок, спыняюцца, каб саліст, які стаіць у цэнтры карагода, выбраў сабе замену. Потым павольна сыходзяцца да цэнтра круга, вяртаюцца і ўздымаюць угару злучаныя рукі. У аснове інш. варыянта 2 процілеглыя рады, якія па чарзе выконваюць танц. фігуры, а потым заканчваюць агульным танцам. На Магілёўшчыне «Л.» — карагод, які паступова пераходзіць у танец з пацалункамі і рознымі жартамі, а таксама разнавіднасць кадрылі (вядома пад назвай «Зеркала»). У Лельчыцкім р-не — адно з кален кадрылі. Сцэнічны варыянт «Л.» створаны балетмайстрам Л.Ляшэнка ў Гродзенскім нар. ансамблі песні і танца «Нёман».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧЭ́ННЕ ПЛО́СКАСЦІ ПАЛЯРЫЗА́ЦЫІсвятла,
паварот плоскасці палярызацыі лінейна палярызаванага святла пры праходжанні яго праз некаторыя рэчывы; від падвойнага праменепраламлення. Адбываецца ў аптычна актыўных ізатопах асяроддзя і ў актыўных крышталях (гл.Аптычная актыўнасць), а таксама ў неактыўных рэчывах пры дзеянні на іх знешняга магнітнага поля (гл.Фарадэя эфект).
Пры вярчэнні плоскасці палярызацыі ў асяроддзі ўзнікаюць 2 эл.-магн. хвалі, палярызаваныя па крузе ў процілеглых напрамках вярчэння, з аднолькавымі амплітудамі і рознымі скарасцямі. У выніку гэтага плоскасць палярызацыі сумарнай хвалі паступова паварочваецца. Вугал павароту залежыць ад таўшчыні, канцэнтрацыі, т-ры рэчыва і даўж. хвалі святла. Вярчэнне плоскасці палярызацыі выкарыстоўваецца для даследавання будовы рэчыва, пры вызначэнні канцэнтрацыі аптычна-актыўных рэчываў, а таксама ў некат. аптычных прыладах (аптычныя мадулятары, квантавыя гіраскопы і інш.). Гл. таксама Палярызацыя святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),
адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН (Анатоль Веньямінавіч) (н. 22.8.1916, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. У 1941 апублікаваў аповесць «Курганы», на аснове якой і аповесцей «На поўдні» (1944) і «Таварышы» (1945) створаны раман «Чырвоны сцяг» (1951). У раманах «Суровае поле» (1958), «Забароненая зона» (1962), «Грукаціце, званы!» (1966—67), «Цыган» (кн. 1—2, 1960—83; паводле аднайм. аповесці маст. фільм 1967), аповесцях «Рэха вайны» (1963), «Вяртання няма» (1971) тэмы барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі, пасляваен. жыцця вёскі, важныя пытанні сучаснасці. Аўтар паэт.зб. «Па крузе сумлення і абавязку» (1983), кніг пра М.Шолахава, зб-каў нарысаў, літ.крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1982—83.
Літ.:
Карпова В. Анатолий Калинин. 2 изд. М., 1976;
Шишкина Н.А. От имени сердца: Размышления над страницами книг АВ.Калинина. Ростов н/Д, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы 15—20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з 15 ст. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая ў канцы 15 ст. трансфармавалася ў місачную (гл.Мірская кафля). Адначасова развівалася вытв-сцьбыт. керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з 17 ст. існаваў ганчарны цэх). Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі чарнаглянцавы, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-маст. вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам у выглядзе рамбічнай сеткі. З 1980-х г. промысел не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),
польскі нар. танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер 2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес.муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.Шапэн, К.Шыманоўскі, К.Пендарэцкі (Польшча), М.Глінка, Б.Асаф’еў (Расія), Г.Вагнер (Беларусь).