МАБУ́ТУ-СЕ́СЕ-СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; да 1973 Альберт; Albert),

возера ва Угандзе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, у бас. р. Ніл. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне на выш. 619 м, у сістэме Зах.-Афр. грабена. Пл. 5,6 тыс. км², даўж. 160 км, шыр. каля 40 км, глыб. да 58 м. Берагі расчлянёныя, б.ч. стромкія, дно плоскае. Упадаюць рэкі Семлікі і Вікторыя-Ніл, выцякае р. Альберт-Ніл. Рыбалоўства. Суднаходства. Парты: Бутыяба (Уганда), Касеньі (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Адкрыта ў 1864 С.У.Бейкерам. Названа ў гонар Мабуту Сесе Сека.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́Я НІ́ЖНЯЯ,

прыродная вобласць у Цэнтр. Афрыцы, уздоўж узбярэжжа Гвінейскага зал. і Атлантычнага ак., паміж зал. Біяфра на Пн і нізоўямі р. Кванза на Пд. Уключае вузкую (50 — 100 км) прыморскую нізіну і стромка ўзнятае над ёю Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Пераважныя выш. ад 700 да 2000 м, найб. — 4070 м (дзеючы вулкан Камерун). Клімат пераходны ад экватарыяльнага на Пн да трапічнага пасатнага на Пд. Вільготнасць памяншаецца з Пн на Пд пад уплывам халоднага Бенгальскага цячэння. Ападкаў на б. ч. тэр. 1000—1500 мм за год, на наветраных схілах гор 3000—4000 мм (на зах. схілах г. Камерун больш за 10 000 мм — самае вільготнае месца Афрыкі). На тэр. Гвінеі Ніжняй у акіян упадае р. Конга (Заір). На Пн — вечназялёныя экватарыяльныя лясы, на Пд ад вусця р. Конга пераважаюць саванны. На крайнім Пд знаходзяцца прыморскія нізіны — паўпустыні і пустыні. У межах Гвінеі Ніжняй поўнасцю або часткова размешчаны Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Конга, Заір, Ангола.

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЁМА (Boyoma),

Стэнлі, вадаспады (парогі) на р. Конга, у Заіры. 7 вял. парогаў агульным падзеннем больш за 40 м на працягу каля 150 км. Перашкаджаюць суднаходству; у абход парогаў пракладзена чыгунка.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МБУ́ЖЫ-МАЙІ (Mbuji-Mayi),

горад на Пд Дэмакр. Рэспублікі Конга. Да 1966 наз. Бакванга. Адм. ц. вобласці Усх. Касаі. Каля 550 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Цэнтр здабычы алмазаў (пераважна тэхнічных). Харчасмакавая прам-сць.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБУ́ТУ СЕ́СЕ СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; поўнае Мабуту Сесе Сека Куку Нгбенду Ва За Банга; да 1972 Мабуту Жазеф Дэзірэ; 14.10.1930, г. Лісала, Дэмакр. Рэспубліка Конга —7.9.1997),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Дэмакр. Рэспублікі Конга (ДРК). Маршал (1982). Скончыў ваен. школу ў г. Лулуабург. З 1949 у бельг. калан. войсках, з 1956 рэдактар газет «L’Avenir» («Будучыня») і «Actualité africaine» («Афрыканская рэчаіснасць»); дзярж. сакратар ва ўрадзе П.Лумумбы, з ліп. 1960 нач. Генштаба. У вер. 1960 скінуў Лумумбу. З 1961 галоўнакамандуючы Кангалезскай нац. арміяй. Пасля перавароту ў ліст. 1965 прэзідэнт ДРК. Адзінай дзярж. ідэалогіяй абвясціў канцэпцыю «сапраўднага заірскага нацыяналізму»; усталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым, які арыентаваўся на зах. краіны. У маі 1997 пад націскам узбр. паўстання пакінуў краіну.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗА́ЛА (Odzala),

нацыянальны парк у Конга. Засн. ў 1935 (да 1940 запаведнік) у вярхоўях р. Мамбілі (прыток р. Ліквала). Пл. 110 тыс. га. Біясферны рэзерват. Захоўваюцца вільготны трапічны лес і саванна. У фауне звычайныя афрыканскі слон, буйвал, карлікавы буйвал, бонга, кустовая свіння, леапард, залаты кот і інш.

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НТУ,

група народаў у Цэнтр. і Паўд. Афрыцы (буйнейшыя — руанда, макуа, шона, конга, малаві, рундзі, зулу і інш.). Больш за 150 млн. чал. (1987). Гавораць на мовах групы банту. Шырока рассяліліся (з 1-га тыс. да нашай эры да 19 ст.), асімілюючы карэннае насельніцтва (пігмеяў і інш.).

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВУ (Kivu),

возера ва Усх. Афрыцы, на мяжы Дэмакр. Рэспублікі Конга і Руанды. Пл. 2,7 тыс. км² (з астравамі). Даўж. каля 100 км. Глыб. да 496 м. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне, на выш. 1460 м. Берагі стромкія, моцна парэзаныя, больш за 150 астравоў. Паходжанне возера звязана з выліваннем лавы (з групы вулканаў Вірунга), якая перакрыла сцёк старажытнай рачной сістэмы. У паўн. ч. возера назіраюцца падводныя вывяржэнні. На глыб. ніжэй за 270 м у раствораным стане шмат вуглякіслага газу і метану, якія ўтвараюць радовішчы прамысл. значэння. Сцёк у воз. Танганьіка па р. Рузізі. Раён возера ўваходзіць у склад нац. парку Вірунга, уключанага ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Суднаходства. Турызм. Гал. парты і прыстані: Букаву і Гома (Дэмакр. Рэспубліка Конга), Кібуе і Ч’янгугу (Руанда). Адкрыта ням. падарожнікам А. фон Гётцэнам у 1894.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАВЕ́, Агаўэ (Ogowe, Ogooué),

рака ў Цэнтральнай Афрыцы (Конга, Габон). Даўж. каля 1200 км, пл. вадазбору 216 тыс. км². Пачынаецца на Паўд.-Гвінейскім узв., упадае ў Атлантычны ак. Парожыстая, у вярхоўі ўтварае вадаспад Пубра. Сярэдні расход вады каля 5 тыс. м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні ад вусця да г. Нджоле.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФУ́Э (Kafue),

рака ў Замбіі, левы прыток р. Замбезі. Даўж. каля 1000 км, пл. басейна каля 140 тыс. км². Пачынаецца на водападзельным плато Конга-Замбезі, цячэ пераважна ў нізкіх забалочаных берагах, у сярэднім цячэнні ўтварае цясніну даўж. 26 км. ГЭС, вадасховішча. Суднаходная на 240 км ад вусця. У сярэдняй ч. басейна К. — нац. парк Кафуэ.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)