ПАСТУПА́ЛЬНЫ РУХ,

рух цвёрдага цела, пры якім прамая, што злучае любыя 2 пункты, перамяшчаецца паралельна самой сабе. Пры П.р. ўсе пункты цвёрдага цела апісваюць аднолькавыя траекторыі і маюць у кожны момант часу аднолькавыя па модулі і напрамку скорасці і паскарэнні. Вывучэнне П.р. цела зводзіцца да задачы кінематыкі пункта.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯМАГНЕ́ТЫК,

рэчыва, якое намагнічваецца ў напрамку, процілеглым знешняму магн. полю. Пад уздзеяннем поля кожны атам Д. набывае магн. момант, прапарцыянальны полю і накіраваны насустрач яму (гл. Дыямагнетызм; пры адсутнасці знешняга поля Д. немагнітны). Д. з’яўляюцца інертныя газы, азот, вадарод, вісмут, цынк, медзь, золата і інш. элементы, многія арган. і неарган. злучэнні.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СЫ ЧЫСЦІНІ́, класы шурпатасці,

характарыстыка якасці (чысціні) апрацаванай паверхні. У СССР існавала 14 К.ч., класы 6—14-ы дадаткова разбіваліся на 3 разрады кожны (а, б, в). К.ч. абазначаліся роўнастароннім трохвугольнікам, напр., ∇ 14 в азначае 14-ы К.Ч., разрад в. У 1980 дзярж. стандартам К.ч. заменены інш. параметрамі шурпатасці паверхні.

т. 8, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЦЫ́КЛ (ад бія... + цыкл),

1) самы вял. экалагічны падраздзел біясферы. Вылучаюць біяцыклы: суша, акіян і кантынентальныя вадаёмы. Кожны біяцыкл падзяляецца на біяхоры (сукупнасць падобных біятопаў); напр., біятопы пясчаных, гліністых, камяністых пустыняў аб’ядноўваюцца ў біяхор пустыняў, які разам з біяхорамі лясоў, стэпаў і інш. складае біяцыкл сушы.

2) Заканамерная змена фазаў або стадый развіцця арганізма.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКО́СНЫ ГОД,

каляндарны год, які мае 366 сутак (на адны суткі больш за звычайны). Ёсць у юліянскім (стары стыль) і грыгарыянскім (новы стыль) календарах. Паводле новага стылю высакосным з’яўляецца кожны год, лічба якога дзеліцца на 4 без рэшты (акрамя гадоў, лічба якіх заканчваецца на 2 нулі, але не дзеліцца на 400, напр., 1700, 1800, 1900).

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́ДКАВЫЯ ЛІСТКІ́, зародкавыя пласты,

слаі клетак зародка шматклетачных жывёл і чалавека, што ўтвараюцца ў працэсе гаструляцыі. Адрозніваюць тры З.л.: вонкавы — эктадэрма, сярэдні — мезадэрма, унутраны — энтадэрма. Кожны З.л. складаецца з маладыферэнцыраваных клетак з вял. магчымасцямі развіцця і дае пачатак пэўнай групе тканак і органаў. Тканкавая спецыфічнасць вытворных З.л. захоўваецца і ва ўмовах росту пухлін.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУЦІ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

органы некаторых павукападобных, якія выдзяляюць павуціну. Размешчаны ў галавагрудзях (несапраўдныя скарпіёны), педыпальпах (павуцінныя кляшчы), брушку (павукі). Кожны тып П.з. выпрацоўвае асобы сорт павуціны (для яйцавых коканаў, лоўчай сеткі і інш.). Прадукцыйнасць П.з. павукоў адносна высокая, напр., ад крыжавіка можна атрымаць адразу да 500 м ніткі, за некалькі дзён — да 1000 м.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕПРАВО́Д,

мост, па якім сухапутныя дарогі прапускаюць адна над адной, ствараючы перасячэнні на розных узроўнях з незалежным рухам транспарту. Найчасцей будуюць са зборнага жалезабетону на скрыжаваннях аўтадарог і чыгунак, гар. вуліц і інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў. Звычайна маюць 2—4 пралёты даўж. да 30 м кожны. П. з 4 і больш пралётамі наз. эстакадай.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСТ (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны),

спосаб апрацоўкі каменю або імітаванага пад камень абліцовачнага матэрыялу, пры якім кожны камень ці яго імітацыя вылучаюцца перыметральным кантам рознай формы. У залежнасці ад спосабу апрацоўкі выпуклай паверхні каменнага блока, абліцовачнай пліты або іх імітацыі ў тынкоўцы Р. бывае гладкі або фактурны. Выкарыстоўваецца для рустыкі сцен будынкаў.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЙТ (ад англ. site месцазнаходжанне) у генетыцы, участак нуклеатыднай паслядоўнасці ў малекуле ДНК, здольны да мутацыі. Кожны С. адпавядае пэўнай пары нуклеатыдаў у двухланцужковай малекуле ДНК ці аднаму нуклеатыду ў вірусаў, якія ўтрымліваюць генет. матэрыял у адной нітцы ДНК або РНК. У біяхіміі С. — участак амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)