князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр.ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ IIIІванавіч
(25.2.1479, Масква — 4.12.1533),
вялікі князь маскоўскі [1505—33]. Сын Івана III і Соф’і Палеалог. Завяршыў аб’яднанне рус. зямель вакол Масквы. Пасля смерці вял. князя літ.Аляксандра (1506), які быў жанаты з сястрою Васіля III Аленай, дамагаўся, каб яго выбралі вял.князем у ВКЛ. У 1507—08 і 1512—22 ваяваў з ВКЛ. 1.8.1514 з дапамогай М.Глінскага ўзяў Смаленск, але 8 вер. ў Аршанскай бітве 1514 маск. войска было разбіта. Мірныя перагаворы 1517 не далі вынікаў, бо Васіль III патрабаваў далучэння да Маскоўскага княства Кіева, Віцебска, Полацка і інш. Паводле перамір’я 1522 Смаленск застаўся за Масквою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЦКІЯ,
наўгародская баярская сям’я. У 15 ст. ім належала 714 вёсак з 1458 сял. дварамі. Марфа (гл.Марфа Пасадніца), удава пасадніка Ісака Андрэевіча Барэцкага, і яе сын Дзмітрый Ісакавіч у 1471 узначалілі варожую Маскве партыю наўгародскіх баяраў, якая вяла перагаворы з літ.вял.князем Казімірам IV аб пераходзе ў яго падданства. У бітве на р. Шалонь (1471) паміж маскоўскай раццю і наўгародскім апалчэннем на чале з Дзмітрыем Барэцкім наўгародцы пацярпелі паражэнне. Дзмітрый трапіў у палон, яму, як і інш. баярам — прыхільнікам саюзу з ВКЛ, Іван III загадаў адсекчы галаву. Марфа і яе сын Фёдар працягвалі варожую Маскве дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЖ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял.князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-й пал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л (ад лац. generalis агульны, галоўны),
1) воінскае званне (чын) вышэйшага каманднага саставу ва ўзбр. сілах многіх краін свету. У Рэспубліцы Беларусь існуюць наступныя званні: генерал-маёр, генерал-лейтэнант, генерал-палкоўнік.
2) Службовая асоба земскіх судоў у ВКЛ, галоўны возны. Выбіраўся ваяводамі, старостамі і павятовай шляхтай з асоб, якія мелі нерухомую маёмасць у дадзеным ваяводстве або павеце. Зацвярджаўся на пасаду вял.князем. На першай сесіі земскага суда прымаў адпаведную прысягу. Мог выконваць абавязкі і за межамі свайго павета або ваяводства па ўсёй тэр.ВКЛ.
3) Тытул кіраўніка ордэна езуітаў, а таксама некат. інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯ́Т (у хрышчэнні Міхаіл; каля 1306 — паміж 1358 і 1366),
князь у ВКЛ. Сын вял.кн.ВКЛГедзіміна і княгіні Еўны, дачкі полацкага кн. Івана Усеваладавіча. Ад бацькі атрымаў г. Новагародак і Новагародскую зямлю. У прыпісцы 1329 у Лаўрышаўскім евангеллі названы вял.князем. У 1345 прысягнуў Альгерду як вял. князю ВКЛ. У 1349 пасланы ў Арду з мэтай арганізаваць кааліцыю супраць Маскоўскага княства. Пасольства было няўдалым, К. быў выдадзены вял. князю маскоўскаму, у 1350 адпушчаны на радзіму. Пры К. ў г. Новагародак актыўна вялося буд-ва, горад стаў цэнтрам правасл. Літоўскай мітраполіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ГВЕН, Лугвень, Лінгвен,
Лангвен (у праваслаўі Сямён; каля 1355—1431),
князь, сын Альгерда. Разам з інш. князямі падпісаў Крэўскую унію 1385. У 1389—92 і 1407—12 князь у Вял. Ноўгарадзе, з 1392 валодаў Мсціслаўскім княствам. Удзельнічаў у войнах ВКЛ з рус. княствамі, у Мсціслаўскай бітве 1386 з вял.князем смаленскім Святаславам, захапіў Вязьму, Смаленск, Варатынск. На чале мсціслаўскай, аршанскай і смаленскай харугваў вызначыўся ў Грунвальдскай бітве 1410. У 1430—31 у барацьбе Свідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам за трон падтрымліваў першага. Заснаваў каля Мсціслава Ануфрыеўскі манастыр. Родапачынальнік князёў Мсціслаўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЛЮ́БАВА,
гарадскі пасёлак у Расіі, ва Уладзімірскай вобл., каля вусця р. Нерль. Былая рэзідэнцыя Андрэя Багалюбскага. Пабудавана ў 1158—65. У 1177 рэзідэнцыя разрабавана разанскім князем Глебам, у 1230-я г. разбурана татарамі. Часткова захаваліся земляныя валы, равы, ніжнія часткі сцен і слупоў белакаменных умацаванняў, рэшткі замка, цокальная частка храма Раства Багародзіцы (1158—65), на якой пастаўлена барочная ярусная царква (1751). Гал. сабор, надбрамная званіца і келлі пабудаваны ў 19 ст. Цяпер Багалюбава ў складзе Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 1,5 км ад Багалюбава — Пакроваў на Нерлі царква.
Літ.:
Воронин Н. Владимир. Боголюбово. Суздаль. Юрьев-Польской. 5 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,
дзяржаўны і паліт, саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛВітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,
перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял.княземВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.