ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў фізіцы,

раздзел тэарэт. фізікі, які вывучае палі фізічныя. Функцыі поля выкарыстоўваюцца для апісання ўласцівасцей і паводзін неперарыўных фіз. сістэм. Ураўненні фіз. поля вызначаюць асн. закон руху (закон змены станаў) фіз. сістэмы. Рашэнні гэтых ураўненняў — функцыі фіз. поля — апісваюць магчымыя станы сістэмы.

Квантава-рэлятывісцкая П.т. грунтуецца на аб’яднанні спец. адноснасці тэорыі і квантавай механікі і складае аснову тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў. Падзяляецца на класічную тэорыю поля (першасна квантаваную) і квантавую тэорыю поля (другасна квантаваную). Кожнаму тыпу элементарных часціц (як першасных крыніц і як пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў) ставіцца ў адпаведнасць класічнае або квантавае поле. Функцыі класічнай П.т. апісваюць 1 элементарную часціцу ў квантавамех. сэнсе, функцыі квантавай П.т. становяцца аператарамі і выкарыстоўваюцца для апісання сістэм з пераменнай колькасцю часціц (квантаў дадзенага поля). Класіфікацыя і ідэнтыфікацыя элементарных часціц у межах класічнай П.т. ажыццяўляецца на аснове ўліку трансфармацыйных уласцівасцей функцый поля адносна пераўтварэнняў прасторава-часавай і інш. тыпаў сіметрыі. На падставе Нётэр тэарэмы ўстанаўліваюцца універсальныя і спецыфічныя захавання законы і вызначаюцца выразы (у тэрмінах функцый фіз. поля) для велічынь, якія захоўваюцца і вымяраюцца эксперыментальна. У калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў пераход ад лінейных ураўненняў свабодных палёў да нелінейных ураўненняў узаемадзейных палёў (элементарных часціц) ажыццяўляецца на аснове калібровачнай інварыянтнасці П.т. адносна лакальных пераўтварэнняў дынамічнай сіметрыі кожнага тыпу ўзаемадзеянняў. У выніку атрымліваюцца калібровачныя палі, адказныя за адпаведныя ўзаемадзеянні. Кванты такіх палёў (фатон, слабыя базоны, глюоны) выконваюць функцыі першасных пераносчыкаў эл.-магн., слабага (электраслабага) і моцнага ўзаемадзеянняў адпаведна, першаснымі крыніцамі якіх з’яўляюцца лептоны, кваркі і іх антычасціцы.

На Беларусі даследаванні па П.т. пачаліся ў 1940—50-я г. пад кіраўніцтвам Ф.Л.Фёдарава; праводзяцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.

Літ.:

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.А.Богуш.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ЭЛЕКТРАДЫНА́МІКА,

рэлятывісцкая квантавапалявая тэорыя электрамагнітных узаемадзеянняў элементарных часціц; састаўная частка адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў. Дала пачатак агульнай квантавай тэорыі поля і стала найб. распрацаваным і эксперыментальна абгрунтаваным раздзелам гэтай тэорыі.

Пачала афармляцца як самаст. тэорыя (незалежная ад квантавай механікі) на аснове прац П.Дзірака. Грунтуецца на квантава-рэлятывісцкім хвалевым Дзірака ўраўненні для электрона (пазітрона) у эл.-магн. полі і ўраўненні тыпу Максвела—Лорэнца для эл.-магн. поля з крыніцамі. Ураўненні рашаюцца метадам паслядоўных набліжэнняў па канстанце эл.-магн. сувязі a = e​2/4 πε0c ≈ 1/137. Атрыманыя рашэнні (хвалевыя функцыі дзіракаўскага і эл.-магн. палёў) раскладаюцца ў Фур’е шэрагі па вядомых наборах функцый свабодных станаў электрона (пазітрона) са значэннямі імпульсу, энергіі і праекцыі спіна. Каэфіцыенты такіх шэрагаў пры пэўных умовах вызначаюць амплітуды імавернасці пераходу элементарнай часціцы з аднаго стану ў другі ў выніку ўзаемадзеяння. Пасля працэдуры другаснага квантавання эл.-магн. і дзіракаўскае палі становяцца сістэмамі з пераменным лікам часціц і каэфіцыенты Фур’е-разлажэнняў функцый стану квантаваных палёў набываюць сэнс аператараў нараджэння і знікнення квантаў гэтых палёў (электронаў, пазітронаў, фатонаў). Паводле К.э. эл.-магн. ўзаемадзеянне электронаў адбываецца за кошт абмену паміж імі віртуальнымі фатонамі, якія неперарыўна выпрамяняюцца і паглынаюцца эл. зараджанымі часціцамі. Фундаментальнае значэнне ў К.э. мае матрыца рассеяння (S-матрыца), якая звязвае ў агульнай форме станы квантаваных палёў да і пасля эл.-магн. ўзаемадзеяння. На яе аснове ў межах тэорыі малых узбурэнняў вызначаюцца амплітуды рассеяння для любых магчымых эл.-дынамічных працэсаў. Кожнаму працэсу адпавядае графічная карціна (дыяграма Р.Фейнмана) Канстанта a дазваляе праводзіць разлікі эл.-магн. працэсаў (напр., эфекту Комптана, пераўтварэння электронна-пазітронных пар у фатоны і наадварот) з зададзенай дакладнасцю. Пры гэтым улічваецца працэдура перанарміровак, якая дазваляе пазбавіцца ад бясконцых значэнняў фіз. велічынь, выкліканых узаемадзеяннем квантаў поля (напр., электронаў) з палярызаваным вакуумам. Такое ўзаемадзеянне выявіла шэраг спецыфічных эфектаў (анамальны магн. момант электрона, лэмбаўскі зрух энергет. узроўняў электронаў у атамах, рассеянне святла на святле).

Літ.:

Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968.

А.​А.​Богуш, Ф.​І.​Фёдараў.

т. 8, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

галіна хіміі, якая вывучае злучэнні вугляроду з інш. элементамі (арганічныя злучэнні) і іх ператварэнні. Займаецца сінтэзам і вызначэннем структуры арган. злучэнняў, вывучэннем сувязі хім. будовы рэчываў з рэакц. здольнасцю і фіз. ўласцівасцямі, практ. выкарыстаннем. Падзяляецца на стэрэахімію, хімію высокамалекулярных злучэнняў, прыродных рэчываў (антыбіётыкаў, вітамінаў, гармонаў і інш.), металаарган., фторарган., комплексных злучэнняў, фарбавальнікаў. Цесна звязана з біяхіміяй, медыцынай, біялогіяй, арган. геахіміяй, малекулярнай біялогіяй і інш. галінамі навук.

З’явілася ў пач. 19 ст. ў выніку абагульнення ведаў пра ўласцівасці рэчываў жывёльнага і расліннага паходжання і ўяўленняў таго часу аб жыццёвай сіле (vis vitalis), якая быццам бы стварае арган. рэчывы толькі ў жывых арганізмах. Тэрмін «арганічная хімія» ўведзены Ё.​Берцэліусам (1827). Сінтэз мачавіны (Ф.​Вёлер; 1828), аніліну (М.​М.​Зінін; 1842), воцатнай кіслаты (А.​Кольбе; 1845), рэчываў тыпу тлушчаў (П.​Бертло; 1854), цукрыстага рэчыва (А.​М.​Бутлераў; 1861) паказаў магчымасць штучнага атрымання арган. рэчываў. З 2-й чвэрці 19 ст. пачалі развівацца тэарэт. ўяўленні арганічнай хіміі, у т. л. тэорыя радыкалаў (Ю.​Лібіх, Вёлер, Э.​Франкленд, Р.​Бунзен), тэорыя тыпаў (Ж.​Дзюма, Ш.​Жэрар і О.​Ларан), паняцце пра валентнасць хім. элементаў, чатырохвалентнасць вугляроду і здольнасць яго атамаў ствараць складаныя малекулы. Абгрунтаваная ў 1861 Бутлеравым хімічнай будовы тэорыя прапанавала існаванне сувязі паміж будовай і ўласцівасцямі арган. злучэнняў, растлумачыла з’яву прасторавай ізамерыі арган. злучэнняў. А.​Кекуле ў 1865 створана тэорыя будовы араматычных злучэнняў (на прыкладзе бензолу); у 1874 Я.​Вант-Гоф і Ж.​Ле Бель заклалі асновы стэрэахіміі, вылучылі аптычную ізамерыю і геаметрычную ізамерыю арган. рэчываў. Развіццё арганічнай хіміі ў пач. 20 ст. звязана з дасягненнямі квантавай фізікі і электронных тэорый хім. сувязі. Вызначаны тыпы хім. сувязі; Г.​Льюіс, В.​Косель, К.​Інгалд, Л.​Полінг распрацавалі і дапоўнілі ўяўленнямі квантавай хіміі і квантава-хімічнымі разлікамі электронную тэорыю будовы арган. злучэнняў, прадказалі і растлумачылі арганічнай хіміі рэакцыйную здольнасць. У 2-й пал. 20 ст. пачалося станаўленне фізічнай арганічнай хіміі, у якой абагульнены ўяўленні па механізмах рэакцый і сувязі паміж структурай арган. злучэнняў і іх рэакц. здольнасцю; шырокае выкарыстанне ў даследаваннях храматаграфіі, рэнтгенаскапіі, масспектраскапіі, метадаў ЭПР, ЯМР, ІЧ- і УФ-спектраскапіі. Сінтэзаваны новыя класы крэмнійарган. злучэнняў (полісілаксаны), поліаміды (нейлон), фторпалімеры (тэфлон), цэнавыя злучэнні пераходных металаў (ферацэн), фізіялагічна актыўныя злучэнні, лекавыя прэпараты, атрутныя рэчывы, сродкі аховы раслін, антыпірэны. Метады арганічнай хіміі разам з фіз. метадамі даследавання выкарыстоўваюцца ў вызначэнні будовы нуклеінавых кіслотаў, бялкоў, складаных прыродных злучэнняў, з дапамогай матэм. мадэлявання ажыццяўляецца мэтанакіраваны сінтэз арган. рэчываў з зададзенымі ўласцівасцямі. Магчымасці арганічнай хіміі дазволілі сінтэзаваць хларафіл, вітамін B12 (Р.​Вудварт), полінуклеатыды (А.​Тод), распрацаваць аўтаматызаваны сінтэз ферментаў. Сучаснае дасягненне арганічнай хіміі ў геннай інжынерыі — сінтэз актыўнага гена (Х.​Каран; 1976). Выкарыстанне дасягненняў арганічнай хіміі прывяло да стварэння тэхналогій вытв-сці сінт. каўчукаў, пластычных масаў, сінт. валокнаў, фарбавальнікаў, кінафотаматэрыялаў, атрутных рэчываў, сродкаў аховы раслін, духмяных рэчываў, лек. прэпаратаў.

На Беларусі даследаванні па арганічнай хіміі пачаліся ў 1924 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фізіка-арган. і біяарган. хіміі АН, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, с.-г., мед. і інш. НДІ. Сінтэзаваны і вывучаны ператварэнні металаарган., поліхлорарган., пераксідных злучэнняў, ацыклічных і гетэрацыклічных злучэнняў, стэроідаў, гетэрастэроідаў, простагландзінаў, нуклеатыдаў, тэрпеноідаў. Буйнейшыя прадпрыемствы: ВА «Палімір» (г. Наваполацк), ВА «Азот» (г. Гродна), Магілёўскі камбінат сінт. валокнаў.

Літ.:

Несмеянов А.Н., Несмеянов Н.А. Начала органической химии. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1974;

Нейланд О.Я. Органическая химия. М., 1990.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЧНАЯ ХІМІЯ

Пачатак сістэматычных даследаванняў у галіне фізічнай хіміі на Беларусі звязаны з адкрыццём кафедры фізічнай хіміі ў БДУ (1933) і лабараторыі фізічнай хіміі ў Ін-це хіміі АН Беларусі (1935); іх першы кіраўнік В.​К.​Нікіфараў. Ён эксперыментальна даследаваў фізіка-хім. параметры перыядычных рэакцый з утварэннем асадкаў, прапанаваў хвалевую тэорыю гэтых працэсаў, вызначыў залежнасць параметраў перыядычнасці ад тэмпературы, канцэнтрацыі, вязкасці асяроддзя, апрамянення. Распрацаваны карэляцыйныя метады прагназіравання фізіка-хім. уласцівасцей індывідуальных фракцый вадкасці. Важны ўплыў на развіццё фізіка-хім. даследаванняў на Беларусі зрабілі працы па кінетыцы тапахімічных і гетэрагенных рэакцый Б.​В.​Ерафеева, У.​С.​Камарова, М.​М.​Паўлючэнкі, Я.​А.​Продана; па тэрмадынаміцы іоннага абмену У.​С.​Салдатава і Р.​Л.​Старобінца; па тэрмадынаміцы цвёрдых электралітаў А.​А.​Вечара, па фотахіміі В.​В.​Свірыдава і Г.​А.​Браніцкага. У наш час даследаванні вядуцца на кафедрах і ў НДІ фізіка-хім. праблем БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, ін-тах фізіка-арганічнай і агульнай і неарганічнай хіміі Нац. АН Беларусі па асноўных кірунках фізічнай хіміі: будове малекул і рэчываў, хім. тэрмадынаміцы, хім. кінетыцы і каталізе, электрахіміі, фотахіміі, фізічнай хіміі тэхнічных працэсаў і матэрыялаў.

У галіне будовы малекул і рэчываў праведзены даследаванні геаметрыі, канфармацыйнага саставу вугляводаў і роднасных злучэнняў (Р.​Г.​Жбанкоў, В.​П.​Паноў); квантава-хім. і спектральныя даследаванні вытворных тэтразолу (П.​М.​Гапонік, А.​А.​Івашкевіч); неэмпірычныя разлікі геаметрыі і энергетычных узроўняў кластэраў паўправаднікоў — сульфідаў кадмію і медзі (В.​С.​Гурын), а таксама серабра (А.​А.​Івашкевіч, В.​Э.​Матуліс); даследаванні мікра- і нанарэльефу паверхні монакрышталёў крэмнію (А.​В.​Юхневіч). Распрацаваны фізіка-хім. асновы метадаў сінтэзу цвёрдых цел з сітаватай структурай (У.​С.​Камароў); метадамі рэнтгенаструктурнага аналізу вызначаны параметры крышталічных структур шматлікіх фасфатаў металаў (Л.​С.​Івашкевіч, А.​С.​Ляхаў). Вывучана ўзаемасувязь паміж будовай і фізіка-хім. ўласцівасцямі неарганічных гідратаў (В.​Н.​Макатун); сістэматызаваны карэляцыйныя метады прагназіравання фізіка-хім. уласцівасцей рэчываў (А.​І.​Лесніковіч). Распрацаваны адытыўныя метады разліку фізіка-хім. уласцівасцей рэчываў на аснове класічнай тэорыі будовы малекул (Г.​Я.​Каба, Г.​М.​Роганаў).

У галіне хімічнай тэрмадынамікі даследаваны з выкарыстаннем арыгінальнай тэнзаметрычнай тэхнікі фазавыя і хім. раўнавагі ў газавай фазе адна- і шматкампанентных неарганічных і металаарганічных сістэм (А.​К.​Баеў, Г.​І.​Новікаў, А.​Г.​Палячэнак). На аснове даследавання раўнавагі ізамерызацыі і вымярэння тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў распрацавана тэрмадынамічнае апісанне ізамерыі, па малекулярных і спектральных даных выкананы шматлікія разлікі тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў; абгрунтаваны мадэлі энергетычных станаў малекул у пластычных крышталях (А.​В.​Блахін, Г.​Я.​Каба, Г.​М.​Роганаў, М.​Л.​Фрэнкель). Вызначаны тэрмадынамічныя характарыстыкі ўтварэння сплаваў In-Ga-Bi-Te (А.​А.​Вечар, Л.​А.​Мячкоўскі); з выкарыстаннем метадаў тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў выкананы аналіз гальванічных элементаў іоннай і змешанай праводнасці (С.​А.​Сударыкаў). Дэталёва даследавалася тэрмадынаміка водных раствораў неэлектралітаў (У.​П.​Белавусаў), фізіка-хім. заканамернасці гідроксакомплексаў метал-іонаў (Ю.​П.​Давыдаў). Пры дапамозе тэрмадынамічных даследаванняў абгрунтавана магчымасць выкарыстання хімічна рэагавальных сістэм як цепланосьбітаў ядзерных рэактараў (А.​К.​Красін, В.​Б.​Несцярэнка і інш.), цыклаў вадароднай энергетыкі (Г.​І.​Новікаў), генератараў газаў (Г.​Я.​Каба, І.​А.​Кантаровіч, М.​Л.​Фрэнкель), штучнай глебы (У.​С.​Салдатаў).

У хімічнай кінетыцы атрыманы фундаментальныя вынікі: створана хвалевая тэорыя перыядычных рэакцый (В.​К.​Нікіфараў); абгрунтавана абагульненае ўраўненне тапахімічнай кінетыкі (Б.​В.​Ерафееў); устаноўлена залежнасць паміж будовай цвёрдых цел і скарасцямі гетэрагенных хім. рэакцый (М.​М.​Паўлючэнка, Я.​А.​Продан); выяўлены групы хім. рэакцый, якія працякаюць з анамальна высокімі скарасцямі пры нізкіх тэмпературах (У.​А.​Лішнеўскі); прапанаваны механізм ланцуговага самазагарання сумесі серавугляроду з паветрам (А.​С.​Баркан). Праведзены важныя для развіцця тэхналогіі і стварэння новых матэрыялаў кінетычныя даследаванні працэсаў каталітычнага акіслення арганічных рэчываў (У.​Я.​Агабекаў, М.​І.​Міцкевіч), ізамерызацыі вугляродаў (Ю.​Р.​Егіязараў), кінетыкі ўтварэння ферытаў (Л.​А.​Башкіраў, У.​В.​Панькоў). З выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў даследавана дыфузія ў рэакцыях цвердафазнага сінтэзу (І.​Ф.​Кананюк, І.​І.​Пакроўскі, М.​М.​Паўлючэнка). Тэарэтычна апісаны і створаны ўстаноўкі для рэалізацыі каталітычных працэсаў, якія працякаюць у нестацыянарных рэжымах, што дае унікальныя магчымасці для атрымання экстрэмальных тэхн. характарыстык (С.​А.​Жданок). Прапанаваны карэляцыйныя кінетычныя ўраўненні для разліку скарасцей гарэння паліва (А.​І.​Лесніковіч) і механізмы тэрмолізу вытворных тэтразолу (А.​А.​Івашкевіч).

У электрахіміі распрацаваны метады эксперыментальнага даследавання і фізіка-хім. апісання высокатэмпературных электрахімічных матэрыялаў са спалучаным пераносам іонаў і электронаў (А.​А.​Вечар, Я.​М.​Навумовіч), вывучаны нелінейныя з’явы ў нанаструктураваных электрахімічных сістэмах і абгрунтаваны прынцыпы патэнцыядынамічнай імпеданснай спектраскапіі (Г.​А.​Рагойша), створаны фізіка-хім. мадэлі сістэм для рэалізацыі H​+-селектыўных электродаў (У.​У.​Ягораў), устаноўлены заканамернасці зруху патэнцыялу металаў, што асаджаюцца ў выглядзе монаслаёў на халькагенідных паўправадніках (Я.​А.​Стральчоў).

У фотахіміі ўстаноўлены заканамернасці ўтварэння і росту часцінак металаў у працэсах фатолізу злучэнняў серабра, фотакаталітычнага асаджэння металаў (Г.​А.​Браніцкі, С.​К.​Рахманаў, В.​В.​Свірыдаў). Даследаваны фотаэлектрахімічныя сістэмы канверсіі светлавога выпрамянення акумулятарнага і рэгенератыўнага тыпаў на полікрышталічных паўправадніковых плёнках, слаістых гетэраструктурах з сенсібілізатарамі (А.​І.​Кулак, Дз.​В.​Свірыдаў).

Літ.:

Ермоленко Н.Ф., Тищенко И.Г., Баркан А.С. Химия в Белорусском государственном университете // Уч. зап. БГУ. 1958. Вып. 42;

Химические проблемы создания новых материалов и технологий. Вып. 2—3. Мн., 1998—2003;

Комаров В.С. Адсорбенты. Мн., 1986;

Продан Е.А. Неорганическая топохимия. Мн., 1986;

Солдатов В.С., Бычкова В.А. Ионообменные равновесия в многокомпонентных системах. Мн., 1988;

Паньков В.В., Башкиров Л.А. Механизм и кинетика образования ферритов Мн., 1988;

Макатун В.Н. Химия неорганических гидратов. Мн., 1985;

Давыдов Ю.П. Состояние радионуклидов в растворах. Мн., 1978;

Кабо Г.Я., Роганов Г.Н., Френкель М.Л. Термодинамика и равновесие изомеров. Мн., 1986;

Лесникович А.И., Левчик С.В. Корреляции в современной химии. Мн., 1989;

Баев А.К. Химия газо-гетерогенных систем элементо-органических соединений. Мн., 1987;

Гилевич М.П., Покровский И.И. Химия твердого тела. Мн., 1985;

Frenkel M., Kabo G., Roganov G. Thermodynamic of organic compounds in the gas state. Vol. 1—2. Texas, 1994;

Судариков С.А. Введение в электрохимическую термодинамику гальванических элементов. Мн., 1973;

Красин А.К., Нестеренко В.Б. Термодинамические и переносные свойства химически реагирующих газовых систем. Мн., 1985;

Вечер А.А., Вечер Д.В. Твердые электролиты. Мн., 1988;

Панов В.П., Жбанков Р.Г. Конформации сахаров. Мн., 1975.

Г.​Я.​Каба.

т. 18, кн. 2, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)