КАРАКА́Л (Felis caracai),

млекакормячае роду кашэчых. Пашыраны ў пустынях Азіі і Афрыкі. Жыве ў расколінах скал, пячорах, густых зарасніках, норах інш. жывёл. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўжыня цела да 82 см, хваста да 30 см, маса да 13 кг. Знешне падобны на рысь, але цела больш тонкае, зграбнае, на высокіх тонкіх нагах. На канцах вушэй чорныя доўгія кутасікі. Поўсць кароткая, рудавата-пясочная, аднатонная. Нараджае 2—4 кацяняці. Корміцца зайцамі-талаямі, дробнымі грызунамі, птушкамі, паўзунамі.

Э.​Р.​Самусенка.

Каракал.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́ГА (Equus quagga), стэпавая зебра,

млекакормячае роду коней. Была пашырана на ПдЗ Паўд. Афрыкі. Жыла на стэпавых раўнінах і ў саванне вял. статкамі. Знішчана каля 1880; апошняя К. загінула ў заапарку Амстэрдама ў 1883.

Дасягала даўж. больш за 2 м. Выш. ў карку 1,3 м, даўж. хваста 0,6 м. Поўсць кароткая, на галаве цёмнага зямліста-пясчанага колеру, спіна і бакі больш светлыя, знізу і на нагах белая. На галаве, шыі і плячах вузкія светлыя палоскі.

Э.​Р.​Самусенка.

Квага.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́У-ЧА́У,

парода дэкаратыўных сабак з групы шпіцаў. Выведзена ў старажытнасці ў Кітаі для палявання на буйных звяроў, таксама дзеля мяса і футра. Гадуюць сабакаводы-аматары ва ўсім свеце.

Масіўныя, моцнага целаскладу, квадратнага фармату. Выш. ў карку 46 см і больш. Галава вялікая, морда кароткая, грудзі шырокія. Язык чорны. Хвост загнуты кольцам на спіне. Шэрсць прамая, з моцна развітай поўсцю, асабліва доўгая на шыі, лапах, хвасце. Масць аднародная рыжая розных адценняў, чорная, шэрая, белая.

Чау-чау.

т. 17, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКАЎСКАЯ ПАРО́ДА коз малочнага кірунку. Выведзена ў Ніжагародскай вобл. працяглым адборам мясц. коз па малочнай прадукцыйнасці. Гадуюць у Расіі, на Беларусі — аматары.

Паводле целаскладу падобныя да коз зааненскай пароды. Жывая маса казлоў 50—60 (да 75 кг), матак 38—42 (да 50 кг). Масць пераважна белая. Воўна кароткая, восцевая, з пуховым падшэрсткам. Настрыг воўны 250 г. Сярэдняя малочнасць 500—600 кг, найб. 1200 кг. Лактацыя да 11 месяцаў. Тлустасць малака 4,5—5%. Пладавітасць 150—170%. Шкуру выкарыстоўваюць на скураныя вырабы.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНА, сарна (Rupicapra rupicapra),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Адзіны від роду; 8—9 падвідаў. Пашыраны ў гарах Еўропы і М. Азіі.

Даўж. цела да 140 см, выш. да 85 см, маса да 50 кг. Маюць кручкападобныя рогі даўж. 7—10 см. Шэрсць зімой доўгая, густая, чорна-бурая; летам кароткая, рыжая. Корміцца горнай травяністай расліннасцю, галінкамі кустоў, дрэў і лішайнікамі. Нараджае 1, зрэдку 2—3 дзіцянят. Аб’ект палявання і развядзення у некат. месцах здабыча забаронена.

Серна: 1 — самец; 2 — самка.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАБЛІО́, фабльё (франц. fabliau ад старафранц. fablel баечка),

кароткая вершаваная камічная або сатыр. аповесць у франц. л-ры 12 — пач. 14 ст. Збераглося каля 150 Ф., большасць з іх ананімныя. У Ф. маральныя павучанні насычаны грубаватым гумарам, блізкім да фарсу. Гал. камічныя персанажы: сладастрасныя папы і манахі, мужы-раганосцы, сяляне. Паўплываў на фарміраванне рэнесансавай навелы (Дж.​Бакачыо); сюжэты і стылістычныя асаблівасці Ф. выкарыстоўвалі Ж.​Лафантэн, Мальер, А. дэ Бальзак, А.​Франс і інш.

Публ.: Фаблио: Старофр. новеллы: Пер. со старофр. М., 1971.

т. 16, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖГІР БАЛО́НА, ёрш Балона (Gymnocephalus baloni),

рыба сям. акунёвых атр. акунепадобных. Выяўлены ў 1970 у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Дунай і некат. яго прытоках. На Беларусі ёсць у р. Прыпяць ніжэй г. Пінск (1984).

Даўж. да 13 см, маса да 41 г. Цела кароткае, высокае. Афарбоўка жаўтавата-карычневая. На нізе галавы, шчэлепных накрыўках і брушку дробныя карычневыя плямкі. На баках цела 4—6 цёмных папярочных палос. На спінным, хваставым і анальных плаўніках цёмныя плямы. Галава кароткая, тупая, крута пераходзіць у цела. У большых асобін ёсць характэрны горб.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ПЕЛЬ (Gallinago media),

птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і Паўн. Азіі на балотах і заліўных лугах. Пералётны. На Беларусі звычайны, нар. назва дубельт.

Даўж. цела да 35 см, маса да 230 г. Апярэнне стракатае, рыжавата-бурае. Падобны на бакаса, але на баках грудзей і брушка папярочныя стракаціны, больш кароткая дзюба (да 7,4 см). Самцы такуюць вял. групамі ўначы. Гнёзды на купінах. Нясе 4 яйцы. Птушаняты вывадкавыя. Корміцца глебавымі беспазваночнымі, насякомымі і іх лічынкамі, карэньчыкамі балотных раслін. Зімуе ў Паўд.-Зах. і Паўд. Афрыцы. Аб’ект палявання.

Дупель.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЫЛАЗА́ЎРЫ (Cotylosauria),

падклас вымерлых найб. стараж. і прымітыўных паўзуноў. 2 атр., 4 падатр., каля 10 сям., 80 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з сярэдзіны карбону да трыясу (440—230 млн. гадоў назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Антарктыдзе, Афрыцы.

Даўж. ад 20 см да 3,5 м. Цела прысадзістае, галава невял., хвост кароткі. Чэрап з суцэльнай покрыўкай, зубы паднябенныя, шыя кароткая (звычайна з 2 пазванкоў), канечнасці кароткія, масіўныя. Большасць насякомаедныя, былі расліннаедныя і драпежныя. Па рэштках К. вызначаюць узрост выкапнёвых адкладаў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СКА (Mustela nivalis),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі падвід Л. сярэдняруская (M.n. nivalis), трапляецца на Палессі. Жыве на ўзлесках, у зарасніках па берагах вадаёмаў, каля жылля.

Даўж. цела да 28 см, хваста да 9 см, маса да 250 г. Цела тонкае, гнуткае, галава невял., вушы кароткія, шырокія. Поўсць кароткая, густая, пушыстая, зімой белая, летам на спіне светла-бурая, знізу жаўтавата-белая. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, радзей земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі і іх яйцамі. Гнёзды ў норах. У прыплодзе 3—10 дзіцянят.

Ласка.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)