МАСЛЕНАКІ́СЛАЕ БРАДЖЭ́ННЕ,

зброджванне вугляводаў (напр., крухмалу), спіртоў і арганічных кіслот з утварэннем масленай, воцатнай к-т, вуглякіслага газу і інш.; адзін з асн. відаў браджэння. Ажыццяўляецца бактэрыямі роду Кластрыдыум. Выкарыстоўваецца ў кандытарскай і парфумернай прам-сці для атрымання масленай к-ты, эфіры якой маюць прыемны пах (напр., грушавы, ананасны). Выклікае таксама псаванне прадуктаў (напр., сыру, квашанай агародніны, сіласаваных кармоў).

т. 10, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНОЙ,

1) у сельскай гаспадарцы арганічнае ўгнаенне з цвёрдых і вадкіх выдзяленняў жывёл з подсцілам або без яго. Мае азот, фосфар, калій, мікраэлементы, якія павышаюць біял. актыўнасць глебы. Выкарыстоўваюць гной цвёрды (на саламяным і тарфяным подсціле), паўвадкі і вадкі. Асабліва эфектыўны на дзярнова-падзолістых пясчаных і супясчаных глебах, дзе з’яўляецца крыніцай пажыўных рэчываў і меліяравальным сродкам, паляпшае аграхім. і фіз. ўласцівасці глеб на некалькі гадоў.

Хім. састаў і ўласцівасці гною залежаць ад віду жывёл, якасці кармоў і подсцілу, спосабаў яго прыгатавання і захоўвання. У сярэднім ад спажываных кармоў у гной пераходзяць каля 40% арган. рэчыва, 50—70% азоту, 80% фосфару, да 90% калію. Конскі і авечы гной мае больш пажыўных рэчываў, чым свіны і буйн. раг. жывёлы. Гной зберагаюць у гнаясховішчах. Выкарыстоўваюць ў чыстым выглядзе, як тарфагнойныя кампосты разам з мінер. ўгнаеннямі.

2) У медыцыне адзін з відаў запаленчага выпату (эксудату), непрыемная на пах густая вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры іх запаленні.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ЗАВО́Д ПА ВЫ́ПУСКУ МАШЫ́Н ДЛЯ АГРАКО́МПЛЕКСУ,

«Бабруйскаграмаш». Засн. ў 1971 у г. Бабруйск як з-д раскідвальнікаў угнаенняў. У вытв. аб’яднаннях «Бабруйсксельмаш» (з 1974), «Бабруйскферммаш» (з 1977), «Бабруйскаграмаш» (1993—95, галаўное прадпрыемства). З 1995 самастойны з-д з сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (1995): машыны для перавозкі і ўнясення арган. і мінер. угнаенняў, для механізаванай нарыхтоўкі, перавозкі і раздачы кармоў.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАФА́ГІ [ад аліга... + ...фаг(і)],

жывёлы, якія спажываюць вельмі абмежаваны набор кармоў. Да іх належаць многія членістаногія, чэрві, малюскі, рыбы, птушкі, млекакормячыя. Найб. пашыраны ў трапічных лясах. У фауне Беларусі алігафагі ёсць сярод насякомых (клубеньчыкавыя даўганосікі, каларадскі жук), павукоў, кляшчоў, чарвей, рыб, птушак (насякомаедныя — асаед звычайны, драпежнікі-рыбаеды — скапа, драпежнікі-арнітафагі — ястраб-перапёлачнік, ястраб-цецяроўнік), млекакормячых (траваедныя, пладаедныя і інш.). Гл. таксама Манафагі, Паліфагі.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІЯ́ЧНАЯ ВАДА́,

раствор аміяку (18—25%) у вадзе. Празрыстая, з жаўтаватым адценнем вадкасць з рэзкім пахам. Шчыльн. 18—25%-нага раствору (0,930—0,910)∙103 кг/м³. Атрымліваюць растварэннем сінт. аміяку ў вадзе ці паглынаннем яго вадой з адыходных газаў коксахім. вытв-сці. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў, соды, марганцу, ферасплаваў, як азотнае ўгнаенне і для аманізацыі кармоў у сельскай гаспадарцы.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАШЭ́ВІЧ (Ніна Пятроўна) (н. 21.6. 1951, в. Пятрова-Гута Бранскай вобл., Расія),

бел.вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н. (1995). Скончыла БСГА (1972). З 1972 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па селекцыі і тэхналогіі вырошчвання збожжавых і зернебабовых культур.

Тв.:

Зернобобовые культуры. Мн., 1992 (разам з Л.​В.​Кукрашам);

Горох: Биология, агротехника, использование. Мн., 1997 (з ім жа).

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАВО́ДСТВА,

1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч. кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна ​1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн. га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн. га (14%), паша — 1,7 млн. га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн. га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс. га сенажацяў і 780,5 тыс. га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.

2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел. НДІ земляробства і кормавытворчасці.

Н.​І.​Жураўская.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФО́НІН (Міхаіл Іванавіч) (11.11.1908, Масква — 7.11.1990),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н.(1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1932). З 1945 дырэктар Усесаюзнага НДІ лёну, з 1952 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па біялогіі, селекцыі і агратэхніцы лёну-даўгунцу (пад яго кіраўніцтвам выведзена 11 сартоў). Распрацаваў новыя спосабы вырошчвання лёну, тэхналогію яго камбайнавай уборкі.

т. 2, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЧАЯ ФЕ́РМА,

сельскагаспадарчае прадпрыемства або яго падраздзяленне, прызначанае для гадоўлі (у т. л. племянной) статкаў с.-г. жывёл і вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Адрозніваюць фермы па гадоўлі буйн. раг. жывёлы, свінагадоўчыя, конегадоўчыя, птушкагадоўчыя і інш. Падзяляюцца на племянныя (узнаўленне племяннога маладняку) і таварныя (вытворчасць ялавічыны, свініны, малака, воўны і інш.). Уключаюць асн. памяшканні для ўтрымання жывёлы і дапаможныя — для захоўвання і апрацоўкі кармоў, прадукцыі і гною, для персаналу. інвентару і інш.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫ́РАЎ (Міхаіл Анатолевіч) (н. 28.1.1951, г. Ельск Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і насенняводства. Д-р с.-г. н. (1991). Скончыў БСГА (1976). З 1976 ў Бел. НДІ земляробства і кармоў (з 1995 нам. дырэктара). Навук. працы па аптымізацыі селекцыйнага працэсу самаапыляльных культур і сістэмы насенняводства ў сучасных умовах, метадах стварэння рэсурсаэканомных, экалагічна бяспечных сартоў ячменю і жыта, селекцыйных, генетыка-фітапаталаг. аспектах канцэпцыі адаптыўнага раслінаводства. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)