КО́БАЛЬТАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, сыравіна для атрымання кобальту. Вядома больш за 130 кобальтазмяшчальных мінералаў, у т. л. больш за 40 уласна кобальтавых. Гал. мінералы: кабальцін, лінеіт, скутэрудыт, кобальтпірыт, кобальтпентландыт, шмальцынхлаантыт. Паводле мінер. і хім. складу вылучаюць мыш’яковыя, сярністыя, акісленыя руды. Сярэдняя колькасць кобальту ў прамысл. рудах 0,5—1,5%. Гал. прамысл. радовішчы К.р. — сярністыя медна-нікелевыя, акісленыя кобальта-медныя і сілікатна-аксідныя нікелевыя. Сусв. запасы каля 3 млн. т кобальту. Гал. здабыўныя краіны: Конга, Замбія, Аўстралія, Канада, Філіпіны, Інданезія.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛРУ́НІ ((Mulroney) Браян) (н. 20.3. 1939, г. Бе-Камо, Канада),

канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. Ганаровы д-р юрыд. н. Адвакат. З 1955 чл., у 1983—93 старшыня Прагрэс.-кансерватыўнай партыі. З 1983 дэп. парламента. У 1984—93 прэм’ер-міністр Канады. Выступаў за цеснае эканам. супрацоўніцтва з ЗША, у 1988 падпісаў кан.-амер. пагадненне аб свабодным гандлі. Пасля рэферэндуму 26.10.1992, які не падтрымаў яго папраўкі да канстытуцыі з мэтай вырашэння пытання аб статусе прав. Квебек, пайшоў у адстаўку.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта,

грамадска-культурная арг-цыя бел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́ТНЫ ГОД,

заканадаўча ўстаноўлены гадавы тэрмін складання, зацвярджэння і выканання бюджэту. У большасці краін бюджэтны год адпавядае каляндарнаму (Беларусь, Канада, Расія, Украіна, Францыя, ФРГ і інш.), у некаторых ахоплівае перыяд з 1 ліп. да 30 чэрв. (ЗША, Швецыя, Нарвегія і інш.), а ў іншых — з 1 крас. да 31 сак. (Вялікабрытанія, Данія, Індыя, Японія і інш.). Існуюць і інш. тэрміны бюджэтнага году. Але ў многіх краінах намячаецца пераход тэрміну бюджэтнага году да каляндарнага, што спрошчвае эканам. прагназаванне даходаў і расходаў дзярж. бюджэтаў.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (Asian Development Bank; АзБР),

рэгіянальны міжнар. банк для фінансавання праграм развіцця. Створаны ў 1966. Члены больш як 40 краін Азіі, Еўропы, Акіяніі, у т. л. 14 развітых краін, якія не ўваходзяць у гэты рэгіён (ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Канада і інш.). Штаб-кватэра ў Маніле (Філіпіны). Афіц. мэты: спрыяць развіццю эканомікі і знешняга гандлю краін Азіі, што сталі на шлях незалежнага развіцця; стымуляваць рэгіянальнае супрацоўніцтва, аказваць тэхн. дапамогу і дапамогу ў каардынацыі іх эканам. палітыкі. Вышэйшы орган — савет кіраўнікоў.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІЁН (англ. dominion ад лац. dominium уладанне),

аўтаномнае ўладанне ў складзе Брытанскай імперыі. Дзяржава-Д. прызнавала сваім кіраўніком брыт. манарха, якога прадстаўляў генерал-губернатар, мела ўнутр. самакіраванне (уласныя парламент і ўрад). Суверэнітэт Д. канчаткова замацаваны паводле Вестмінстэрскага статута 1931. Статус Д. атрымалі Канада (1867), Аўстрал. Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афр. Саюз (1910), Ньюфаўндленд (1917), Ірландыя (1921, без Ольстэра), Індыя, Пакістан (абое ў 1947). У 1947—52 у сувязі са станаўленнем брыт. Садружнасці паняцце Д. заменена на «член Садружнасці».

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕ́НЗІ ((Mackenzie) Уільям Лаян) (12.3.1795, г. Данды, Вялікабрытанія — 29.8.1861),

канадскі паліт. дзеяч, публіцыст. З 1820 у Канадзе. З 1824 выдаваў тут газ. «Colonial Advocate» («Каланіяльны абаронца»), у якой крытыкаваў брыт. калан. рэжым, выступаў за правядзенне дэмакр. рэформ. У 1828—36 чл. парламента, з 1834 мэр г. Таронта. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў «Канадскага саюза» (засн. ў 1834). Узначальваў антыбрыт. паўстанне 1837—38 у Верхняй Канадзе; пасля яго паражэння жыў у ЗША (да 1850). У 1851—58 чл. Заканад. асамблеі прав. (калоніі) Канада.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́КАМ, Ньюкамб (Newcomb) Сайман (Сімон; 12.3.1835, г. Уоліс, Канада — 11.7.1909), амерыканскі астраном. Чл. Нац. АН ЗША (1869), Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Гарвардскі ун-т (1858). У 1861—77 праф. Марской акадэміі ў Вашынгтоне. Навук. працы па нябеснай механіцы, астраметрыі і навігацыйнай астраноміі. Даследаваў рух Месяца, планет і іх спадарожнікаў, праблемы паходжання астэроідаў. Папулярызатар астр. ведаў.

Тв.:

Рус. пер. — Астрономия для всех. Одесса, 1905.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 400—402.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛД, Гульд (Gould) Глен Херберт (25.9.1932, г. Таронта, Канада — 4.10.1982), канадскі піяніст, арганіст, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў 20 ст. Скончыў кансерваторыю ў Таронта (1952). З 1952 выступаў як піяніст у многіх краінах свету. Вядомы арыгінальнымі інтэрпрэтацыямі твораў І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, В.​А.​Моцарта, І.​Брамса, а таксама кампазітараў 20 ст. П.​Хіндэміта, А.​Берга і інш., якія спалучалі інтэлектуалізм і абвостраную экспрэсію. У 2-й пал. 1960-х г. спыніў канцэртную дзейнасць, запісваўся на грампласцінкі, выступаў як дырыжор і кампазітар. Аўтар камерна-інстр. твораў.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫЁК ((Giauque) Уільям Фрэнсіс) (12.5.1895, г. Ніягара-Фолс, Канада — 29.3.1982),

амерыканскі фізікахімік. Чл.

Нац. АН ЗША (1936) і Амер. акадэміі мастацтва і навук (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Берклі (1920), дзе і працаваў (з 1934 праф.). Навук. працы па вывучэнні тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў (кандэнсаваных газаў) пры звышнізкіх т-рах. Распрацаваў метад адыябатычнага размагнічвання для атрымання тэмператур ніжэй за 1 К (1927, метад магнітнага ахаладжэння) і дасягнуў т-ры 0,25 К (1933). Даказаў існаванне цяжкіх ізатопаў кіслароду​17O і ​18O (1929). Нобелеўская прэмія 1949.

У.Ф.Джыёк.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)