ПЯЧО́РСКАЯ ГУБА́,

заліў Баранцава м., каля берагоў Расіі. Даўж. каля 100 км, шыр. ад 40 да 120 км, глыб. да 6 м. Каля ўваходу ланцуг дробных астравоў. Упадае р. Пячора. Ад кастр. да чэрв. ўкрыта лёдам. Рыбалоўства (траска і інш.).

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕНГА́ЛІЯ,

штат на У Індыі, каля берагоў Бенгальскага зал., у зах. ч. дэльты Ганга. Пл. 88 тыс. км². Нас. каля 75 млн. чал. (1995), каля 85% — бенгальцы. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Калькута. Паверхня — нізінная алювіяльная раўніна (каля 90% пл.), на З — участкі ўзвышшаў, на крайняй Пн — адгор’і Гімалаяў (да 4 тыс. м). Клімат трапічны вільготны (ападкаў 1400—1800 мм за год). Перыяд дажджоў у чэрв.—кастрычніку. Развіта здабыча каменнага вугалю (бас. Ранігандж), чорная металургія, джутавая, металаапр., маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, электрапрылады, судны, чыг. цягнікі і вагоны, аўтамабілі, матацыклы), хім. (пластмасавыя і гумавыя вырабы, хім.-фармацэўтычныя прэпараты, лакі і фарбы), баваўняная, трыкат., шкляная, гарбарна-абутковая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Пад пасяўнымі плошчамі больш за 60% тэр., каля ⅓ з іх арашаецца. Вырошчваюць рыс (каля 80—90% усёй пасяўной плошчы). Агародніцтва, бульбаводства, пладаводства; пасевы гарчыцы, рапсу, бабовых, тытуню, кукурузы, з тэхн. культур — джут (каля палавіны вытв-сці ў Індыі), кенаф, чай (на Пн). Рыбалоўства ў сажалках, рэках, моры. Транспарт чыг. і ўнутр. водны.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЯ́ДЫ (грэч. Pleiades),

Стажары, рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цяльца. Каля 300—500 зорак блакітнага колеру знаходзяцца ўнутры сферы дыяметрам каля 30 св. гадоў; простым вокам відаць 6 зорак, самая яркая — Альцыёна. Зоркі знаходзяцца ў блакітнаватай газава-пылавой адбівальнай туманнасці, у якой яны ўтварыліся (узрост П. каля 50 млн. гадоў). На небе П. маюць вуглавы памер каля 1,8°. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 407 св. гадоў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЫДА́НСКІ ЗАЛІ́Ў, Гыданская губа,

заліў на Пд Карскага м., каля паўн. берага Гыданскага п-ва, паміж п-вамі Явай і Маманта. Даўж. каля 200 км, шыр. 62 км, глыб. 5—8 м. Большую частку года ўкрыты лёдам. Прылівы паўсутачныя, каля 1 м.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДЗІ́НІЯ (Sardegna),

адм. вобласць Італіі на в-ве Сардзінія і суседніх невял. астравах. Адміністрацыйна падзелена на правінцыі Кальяры, Нуора, Сасары, Арыстана. Пл. 24,1 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (2000). Гал. горад Кальяры. Асн. галіны эканомікі — сельская гаспадарка і горназдабыўная прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1,7 млн. га, у т. л. каля 74% займаюць пашы і лугі, каля 19% — ворыва, каля 6% — сады і вінаграднікі. Пасевы збожжавых, бабовых, бульбы, артышокаў; агародніцтва, вінаградарства, культура слівы, цытрусавых і інш. Пераважнае значэнне мае жывёлагадоўля (каля 1/3 пагалоўя авечак у Італіі, буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства. Здабыча свінцу і цынку, кам. вугалю, флюарыту, баксітаў. Прам-сць: каляровая металургія, нафтаперапрацоўка і нафтахімія, харч., тэкст., гарбарная, дрэваапр., эл.-тэхн., суднарамонт. Ручное дыванаткацтва. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Прыроду гл. ў арт. Сардзінія (востраў).

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯВІ́СТ (Ariovistus; 1 стагоддзе да нашай эры),

правадыр германскага племя свеваў. Каля 71 да нашай эры перайшоў з атрадам раку Рэйн і каля 61 да нашай эры перамог гальскае племя эдуяў. Пасяліўшыся на тэрыторыі Галіі, сабраў вакол сябе каля 120 тысяч германцаў. Незадаволеныя гальскія плямёны папрасілі дапамогі ў Ю.​Цэзара, які каля 58 да нашай эры пры Везонцыо разграміў армію Арыявіста. Паранены Арыявіст з рэшткамі войска вярнуўся ў Германію, дзе неўзабаве памёр.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (Orkney Islands, архіпелаг у Атлантычным ак. каля паўн. ўзбярэжжа Шатландыі; тэр. Вялікабрытаніі. Каля 70 а-воў, самы вялікі — в-аў Мэйнлэнд. Пл. каля 1000 км². Выш. да 477 м. Фіёрды, азёры. Лугі, верасоўнікі. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Ткацтва. Нафтавы тэрмінал Паўночнага мора. Гал. парты Керкуол, Флота.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ПАД ЛЯСНО́Й 1708.

Адбылася ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж рас. і шведскімі войскамі 9-10.1708 каля в.Лясная (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Рас. войска (каля 11 тыс. чал.) пад камандаваннем Пятра I і А.​Д.​Меншыкава сустрэла каля Лясной шведскі корпус (каля 16 тыс. чал.) ген. А.​Левенгаўпта, які з Рыгі ішоў на злучэнне з асн. сіламі арміі Карла XII. Бітва цягнулася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам з Крычава рас. атрада ген.-л. Р.​Х.​Баўра ход бітвы вырашыўся на карысць расіян. Шведы страцілі каля 9 тыс. чал. забітымі і параненымі, артылерыю і абоз. Бой пад Лясной Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі». У гонар 200-годдзя перамогі каля Лясной пастаўлены помнік і мемар. капліца, у якой створаны музей гісторыі бітвы. На брацкай магіле рас. воінаў — абеліск.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЛІ́НІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак» у ВКЛ. Паходзілі, магчыма, з правасл. баярства Северскай зямлі. У сярэдзіне 15 ст. вядомы Яцка І., які атрымаў ад вял. князя Казіміра пацвярджэнне «отчины и дедины» ў Старадубскім і Радагошчанскім пав., с. Пожанка ў Клецкім княстве. Верагодна, яго братам быў Іван I. (? — каля 1490), намеснік драгічынскі (каля 1475), віцебскі (1482), смаленскі (1487). У канцы жыцця набыў Мір. Меў сыноў Мікалая і Юрыя, ад якіх пайшлі дзве галіны роду. Мікалай (? — каля 1500) быў намеснікам мінскім (1494), маршалкам гаспадарскім (1495), намеснікам смаленскім (1499). Юрый (? — 1527) быў маршалкам гаспадарскім і намеснікам лідскім (1500, паўторна прызначаны ў 1510), брэсцкім (1510), ковенскім (1514), маршалкам дворным (1519). Каля 1510 пабудаваў Мірскі замак. Яго ўнук Юрый (каля 1535 — каля 1565), апошні прадстаўнік роду І., з 1555 карыстаўся тытулам графа на Міры. Асн. маёнткі роду перайшлі да Радзівілаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́ПА (Марк Віпсаній) (Marcus Vipsanius Agrippa; каля 63, Далмацыя — 12 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч, паплечнік Аўгуста. Консул у 37, 28 і 27. Атрымаў перамогі каля Перузіі ў 40 да н.э., у марскіх бітвах каля Мілаў у 36 над Секстам Пампеем, каля мыса Акцый 2.9.31 над Клеапатрай і Антоніем. Фінансаваў буд-ва ў Рыме Пантэона, водаправода, тэрмаў і інш. Пад яго кіраўніцтвам праведзена геад. здымка ўсёй Рым. імперыі, на аснове якой складзена карта свету.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)